Як партызаны змагаліся за Беларусь супраць Сталіна

Першыя атрады антыкамуністычнага супраціву з'явіліся яшчэ ў 20-х роках.



Збройны супраціў камуністычнаму рэжыму не спыняўся ў Беларусі з 1918 року, калі ўспыхнула на прасторах пераможанае Масковіі грамадзянская вайна. Прадаўжалася барацьба і ў 30-х роках, і ў 40-х, пасля адступлення апошніх частак вермахта ў 1944 роке, піша litvin.pl.

 

Раздзел беларускіх зямель паміж Польшчаю і Савецкаю імперыяй прывёў да стварэння бальшавіцкіх органаў улады ў новастворанай Беларускай ССР. Многім беларусам парадкі камісараў (рэквізіцыі прадуктаў, расстрэлы паводле класавай прыкметы, дэпартацыі) прыйшліся, мякка кажучы, не па душы.

 

Ужо ў 20-х роках ва ўсіх паветах Беларусі кампактна арганізаваныя і нядрэнна ўзброеныя аддзелы паўстанцаў грамілі не толькі бальшавіцкія камітэты, але і захоплівалі вагоны, паравозы, станцыі, склады, адбівалі абозы, сыходзячы потым з захопленай маёмасцю і боепрыпасамі ў глухія лясы ды балоты.

 

Жах на камуністаў у сельскай мясцовасці наводзілі хлопцы, якія клікалі сябе “лешакамі”. Іх камандзірам быў Якуб Харэўскі. Змагары з камуністычнымі парадкамі высочвалі агентуру чэкістаў і зводзілі рахункі з партыйнымі актывістамі. Рукамі “лешакоў” было перабіта амаль дзве сотні партыйцаў толькі да пачатку вайны Германіі і СССР летам 1941 року.

 

Нянавісць беларускага антыкамуністычнага падполля ў часы акупацыі вызначылі выкарыстаць на сваю карысць стратэгі нямецкіх нацыстаў.

 

Выведвальна-дыверсійныя органы Нямеччыны да 1944 року падрыхтавалі ў Беларусі базу для разгортвання сеткі невялікіх атрадаў, якія маглі б знішчаць камунікацыі ў тыле надыходзячых частак РККА.

 

Немцы распрацавалі маштабны план з гулліваю назваю “Любімая котка”, згодна з якім у лясах ад Берасця да Бранска пачыналі змагацца з Чырвонай Арміяй і часткамі НКУС на месцах падраздзяленні, якія атрымалі ўзбраенне з вайсковых складоў вермахта.

 

Міхаіл Вітушка, які служыў у батальёне “Дальвіц”, узначаліў аддзел, названы “Чорная котка”. Баявыя звёны атрада дыслакаваліся ў сельскай мясцовасці ва ўсіх стратэгічна важных рэгіёнах Беларусі. Кіраваў Вітушка сваімі часткамі з адзінага цэнтра пад Варшавай. “Чорная котка” усяго аб'ядноўваў у 1944 роке да трох тысяч жаўнераў і афіцэраў, рашуча настроеных на ўпартую барацьбу з камуністамі.

 

Абвер падаў для сувязі ўсіх звёнаў партатыўныя радыёстанцыі, батарэі для іх, а таксама дакументы і грошы з запаснікаў выведшкол ва Усходняе Прусіі.

 

У канцы вайны “Чорная котка” з пераменным поспехам арганізоўвала напады на турмы савецкае дзяржбяспекі ў беларускіх райцэнтрах, вызваляючы ўсіх палітычных. Паказальных расстрэлаў пры мясцовым насельніцтве ўдзельнікі гэтага фармавання пазбягалі, каб не даваць падставы камуністам падняць супраць сябе жыхароў глыбінкі.

 

Вясной 1948 року баевікі Вітушкі распачалі атаку на райцэнтар Наваградак (Гарадзеншчына). Затым перанеслі баявыя дзеянні ў раён Кобрына на Берасцейшчыне. У самым Кобрыне быў нанесены ўдар па савецкіх жаўнернях. У дзвюх абласцях на захадзе БССР толькі ў 1948 роке, са сведчанняў эмігранцкае прэсы, адбіта ў чэкістаў да тысячы палітычных вязняў. У верасні 1949 року буйны аддзел беларускіх партызанаў уварваўся на тэрыторыю Савецкага канцлагеру пад Менскам, каб вызваліць зняволеных.

 

Прадаўжала “Чорная котка” і традыцыі савецкіх партызан, не баючыся выходзіць з выбухоўкай на чыгункі і масты. Дыверсіі на чыгуначных перагонах ладзілі для знішчэння саставаў не толькі з грузамі прамысловага прызначэння. Палявалі і за пасажырскімі цягнікамі, выяўляючы сярод пасажыраў партыйную эліту.

 

Баявыя акцыі “Чорнае коткі” праводзіліся аж да 1955 року, пакуль супрацоўнікі МГБ не разбілі асноўны ўдарны касцяк баявых фармаванняў антыкамуністычнага супраціву. Чальцы ўзброеных аддзелаў неслі вялікія страты. Толькі ў 1948 роке чэкісты перабілі да 40 партызан на поўначы БССР. У палон трапіў іх кіраўнік Пятро Гаевіч.

 

Да 1949 року супрацоўнікі сталінскае дзяржбяспекі дабраліся і да камандзіра партызан у лясах на Меншчыне Мікалая Хвезько. Яго забілі, а вялікая частка ягоных лясных мсціўцаў рассеялася.

 

Спрабавалі супрацоўнікі дзяржбяспекі высачыць і галоўны штаб партызан-антыкамуністаў. Але ўзяць Вітушку так і не змаглі. Нарэшце яму ўдалося са зброяй прабіцца праз Польшчу ў Нямеччыну, а адтуль ён перабраўся за акіян.

 

Гераічна змагаўся з чэкістамі няўлоўны Яўген Жыхар, які пасля разгрому галоўных сіл “Чорнае коткі” спрабаваў адрадзіць яе былую сілу, але прыцягнуць папаўненне не змог. У яго не выстарчала зброі і боепрыпасаў. Да таго МГБ усё звужвала кола, руйнуючы агентуру партызан на месцах.

 

Загінуў Жыхар у 1955 роке ў перастрэлцы з чэкістамі. Гэтым боем і скончылася гісторыя антыкамуністычнага супраціву ў Беларусі ў пасляваенныя часы.

 

Баявыя групы антыкамуністычнага падполля былі асуджаныя. У іх не было магутнай матэрыяльнай базы. Ініцыятыва ў многіх выпадках (асабліва пасля 1948 року) паступова перайшла да МГБ. Падтрымка партызан насельніцтвам не магла развязаць надзённыя праблемы забеспячэння баявых груп сродкамі для прадаўжэння акцый.

 

Пасля шэрагу правалаў і няўдач партызаны змагаліся з лютасцю асуджаных, але выразнага ўзаемадзеяння з падраздзяленнямі Арміі Краёвай і ўкраінскімі баявымі групамі так і не было выбудавана.

 

“Хартыя’97”, 1 лістаду 2018 р.



Создан 01 ноя 2018



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter