Беларусы і маскалі: ці адзіны народ?

Гэты артыкул Віктар Сцяфанавіч напісаў для "НЧ" у студзені 2017 року. Але з таго часу тэма, здаецца, менш актуальнаю ня стала.



Як уяўлялі сабе беларусаў-ліцьвінаў маскалёўскія аўтары ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя? З большага, ад моманту захопу беларускіх земляў Расейскаю імпэрыяю пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае зь нас намагаліся зрабіць людзей другога гатунку.

Маскалёўская палітычная вярхушка ўспрымае ўкраінцаў, беларусаў ды маскалёў як адзіны народ. Асабліва адметна, гэтыя палітыкі ды культурныя дзеячы — не імпэрыялісты, не рэакцыянэры, не цемрашалы, гэта зусім цывільныя людзі, некаторыя атрымалі адукацыю ў прэстыжных заходніх унівэрсітэтах. Яны ўпэўненыя, што Масковія, Украіна ды Беларусь — гэта адна тэрыторыя, “але так гістарычна склалася, што дзьве вобласьці (Украіна ды Беларусь) выдзеліліся ў асобныя дзяржавы. Так бывае. Былі ж дзьве нямецкія дзяржавы. Зараз — тры маскалёўскіх дзяржавы: Маларосія, Беларосія ды Вялікаросія. Калі-небудзь і гэта пройдзе…” — перакананы галоўны рэдактар “Эха Масквы” Аляксей Венедыктаў.

Тэксты ды думкі падобнага зьместу апошнім часам часта блукаюць у маскалёўскіх СМІ ды палітычнае літаратуры ў сувязі зь падзеямі на Украіне. Зьвяртае на сябе ўвагу тая самаўпэўненасьць і публіцыстычная лёгкасьць, з якою аўтар праводзіць аналёгіі ды гістарычныя паралелі паміж нямецкімі ды “маскалёўскімі” дзяржавамі: “Так бывае… Калі-небудзь і гэта пройдзе”. Беларусь і Украіна як дзяржавы дзеля Венедыктава, як і наогул дзеля Крамля ды маскалёўскае палітычнае эліты, — гэта гістарычнае непаразуменьне.

Заўважым, што Адольф Гітлер у свой час лічыў і Аўстрыю часткаю Германіі, і гэта было дастатковаю падставаю, каб далучыць яе да Германскага Рэйху.

Такога кшталту непаразуменьні і парадоксы з’явіліся не сёньня. Яны сустракаліся ў маскалёўскім друку і сотню рокаў таму. Сітуацыя ва Украіне і пасьпешнае далучэньне Крыма агалілі старыя праблемы і паказалі цану імперскіх ідэалагем аб Вялікае Русі ды “трох брацкіх народах”, якія тая нібыта “з’яднала навекі”.


Адначасна тут узнікае мноства пытаньняў. Адно з іх — што гэта за народы-этнасы — беларусы, украінцы ды маскалі, аб паходжаньні ды ментальнасьці якіх спрачаюцца навукоўцы ды палітыкі вось ужо на працягу болей за два стагодзьдзі з часоў падзелу Рэчы Паспалітае ды далучэньня тагачаснае Літвы (ВКЛ) да Расейскае імпэрыі?

 

Рэлігія і мова

 

Асноўным крытэрам этнічнай ідэнтыфікацыі мясцовага насельніцтва пасьля далучэньня беларускіх земляў да Масковіі была рэлігія: усе каталікі ды грэка-каталікі (уніяты) лічыліся палякамі, а праваслаўныя — рускімі. У той час гэта быў свайго роду кампраміс паміж заходняю ды ўсходняю (маскалёўскаю) цывілізацыйнымі плынямі — хаця ён і не адпавядаў эўрапейскім стандартам, навуковым крытэрам нацыянальнае ідэнтыфікацыі.

Да грэка-каталікоў (уніятаў) адразу пасьля падзелаў яшчэ не было адкрытае ды трывала вызначанае афіцыйнай пазіцыі. Лагічна было называць іх, па старой памяці, ліцьвінамі. Але ж гэта супярэчыла імпэрскае ідэалёгіі заходнерусізму, якая не прызнавала беларусаў-ліцьвінаў за самастойны народ.

Пасьля скасаваньня ўніяцкае царквы ды пераводу масы сялянства, а частковай дробнае шляхты ў “рускую веру”, большасьць насельніцтва Беларусі была гвалтоўна аднесеная да маскалёўскае народнасьці.

Пасьля паўстаньня 1863 року разам з узмацненьнем русіфікацыі ды зьмены этнасацыяльнае палітыкі ў бок саступак сялянству асноўным крытэрам этнічнае ідэнтыфікацыі станавілася не рэлігія, а мова.

Менавіта ў гэты час польская мова, паводле царскага ўказа, была забароненая ў афіцыйным ужытку ды сістэме адукацыі, адзінаю дзяржаўнаю моваю прызнавалася маскалёўская. Такім чынам русіфікацыя распаўсюджвалася на сялян-каталікоў ды дробную шляхту — усіх, хто размаўляў на мясцовым беларускім “наречии”.


Мова як ідэалёгія


Выхадзец з мясцовага ўніяцкага асяродзьдзя Павел Баброўскі звяртаў асаблівую ўвагу на мясцовы фальклор і родную мову, якую лічыў асноўным паказчыкам, “які адрознівае адзін народ ад другога, бо мова — нібы родавы герб, што перадаецца народу ў спадчыну ад яго продкаў, яна з’яўляецца люстэркам, у якім выразна адбіваецца ягоны характар, мараль і нават цэлая гісторыя краю; мова жыве з народам, разам з ім развіваецца ды памірае”.

Аднак ідэалагічны падтэкст разважаньняў аўтара не дазволіў яму быць паслядоўным. Ігнаруючы іншыя характэрныя адзнакі этнічнае прыналежнасьці, у прыватнасьці, нацыянальную самасвядомасьць, радавод і сямейнае паходжаньне, аўтар залічыў да маскалёўскага народа ўсіх тутэйшых сялян (у тым ліку й каталікоў), якія размаўлялі па-беларуску, а каталіцкую шляхту ды невялікую частку мяшчанаў, што размаўлялі па-польску, аднёс да палякаў.

Гэта якраз і было ўвасабленьнем ідэалягічнае канцэпцыі заходнерусізму на практыцы. Такога кшталту метадалягічныя (дакладней, ідэалягічныя) падыходы шырока ўжываліся ў гістарычных і этнаграфічных працах другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. З-за гэтага нярэдка стваралася сітуацыя абсурду: сваякі, чальцы адной сям’і (родныя браты, адзін — каталік, другі — праваслаўны) афіцыйна станавіліся прадстаўнікамі розных нацыяў!

У шматлікіх публікацыях, якія знаёмілі маскалёўскую грамадскасьць з Беларусьсю, стала фігуруе зыходны пастулат аб адзінае зямлі Рускае, што складаецца з трох частак: Вялікае Русі (або Вялікаросіі), Малае Русі (Маларосіі) ды Белае Русі (Беларусіі).

У папулярнае кнізе “Сярод балот і лясоў”, выдадзенае ў пачатку ХХ стагодзьдзя (аўтар М. Гуленка) чытаем: “Рускі народ падзяляюць на тры сям’і — вялікарусаў, маларосаў ды беларусаў… Размаўляюць яны ўсе па-руску, але на трох розных дыялектах (літаральна — “наречиях”)”. “І далей: “Больш за сто рокаў таму ўся Беларусь зноў была вернутая Расеі”.


“По наружности…”


Зыходзячы з ідэалягічнае канцэпцыі заходнерусізму, маскалёўскія аўтары падкрэслівалі адзінства Русі ды яе славянскага народу — вялікарусаў, беларусаў, маларосаў. Аднак, калі гаворка заходзіла пра канкрэтны вобраз (тыпаж) беларуса і ягоны духоўны склад, дык тыя ж аўтары малявалі тып беларуса, які прыкметна адрозніваўся ад “велікаруса”.

Каб захаваць дакументальнасць падачы, некаторыя тэксты маскалёўскіх аўтараў прывядзём у арыгінале.

Р. Папоў у “Чытаннях для войск і народа” (1879 р.) піша: “Даже по самой наружности своей белорусы во многом отличаются от великорусов и малороссов. Белорусы по большей части среднего роста, часто и того менее, приземисты, одутловаты с лица, которое всегда круглое, часто без бороды, вообще жидкобороды и имеют обыкновенно глаза серые и волосы русые. В 40, много 50 лет белорус выглядит совершенным стариком, особенно женщины, которые стареют весьма рано, хотя в молодости многие из них отличаются и свежестью и красотою”.

Папоў паўтарае тое, што пісаў А.М. Семянтоўскі ў кнізе “Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні” (1872 р.). Такое ж вызначэньне этнаграфічнага тыпу беларуса праходзіць і праз шэраг афіцыйных выданьняў з грыфам “Разрешено цензурой”. Паўтараецца яно і ў артыкуле “Беларусы” вядомага энцыкляпэдычнага слоўніка Бракгаўза ды Ефрона: “По наружности белорус резко отличается от великоруса. Он редко бывает более среднего роста, а часто менее; скорее приземист, чем строен; одутловат; волоса русые; глаза малооткрытые, как бы вдавленные, чаще всего серые; лицо круглое. В 40, много в 50 лет белорус выглядывает совершенным стариком…”

Падобны ці блізкі да яго антрапалягічны тып беларуса з “мастацкім ухілам” і суб’ектыўнымі (асабістымі) эмацыйнымі ацэнкамі, малюе аўтар брашуры Е.Э. Сно “У балотах Палесься”. “Белорус, — піша ён, — нисколько не похож на своего родного брата — великоруса. Перед нами — маленький человечек с белокурыми волосами, светлыми глазами, с бледным маловыразительным лицом, оттенённым жиденькой бородкой. Этот тщедушный человек представляет полную противоположность сильной, коренастой фигуре великоросса; также и лицо его, добродушное, с робким взглядом, не похоже на лицо великоросса, выражающее большей частью степенное достоинство”.

Далей аўтар са спагадаю апісвае бедную хату селяніна, яго сціплы побыт і харчаваньне. Аднак яго аповед пра незайздросную долю беларуса нярэдка набывае характар гратэску: “Стены (в доме) окружены лавками, сделанными очень неумело, часто кривоногими… У белорусов нет никаких способностей к ремёслам, и это отзывается на всём его хозяйстве. В этом отношении белорус также не похож на великоросса, который, как говорится, — “на все руки мастер”.

Гаротны стан мясцовых сялян, галеча, забітасьць, абыякавасьць да жыцьцёвых абставінаў прыхільнікі афіцыйнае школы заходнерусізму вытлумачвалі цяжкім гістарычным мінулым беларускага народу, які доўга трываў пад гнётам Літвы ды панскае Польшчы.

Тут варта нагадаць, што пасьля падзелаў Рэчы Паспалітае ды далучэньня Беларусі да Расейскае імперыі прайшло больш за стагодзьдзе. А эканамічнае становішча мясцовага працоўнага люду, яго паўсядзённы ўклад (калі зыходзіць з гэтых натуралістычных апісаньняў) нібы засталіся на першабытным узроўні.


Пан сахі ды касы


Экстрапаляцыя ідэалёгіі заходнерусізму, як і іншых вялікадзяржаўных канцэпцыяў, на гуманітарныя навукі была жорсткім цэнзурным патрабаваньнем для даследчыкаў гісторыі, мясцовае этнаграфіі, вусна-паэтычнае творчасьці. Як ні дзіўна, падобная формула захоўвалася на працягу многіх дзесяціроччаў, у тым ліку і ў савецкую эпоху.

Але ад “афіцыйна-цэнзурнага” вобразу беларуса адрозніваюцца краязнаўчыя нататкі тых, хто жыў сярод народу ды меў магчымасьць непасрэдна назіраць паўсядзённы побыт жыхароў, працоўны ды сьвяточны рытм жыцьця, паводзіны ў розных жыцьцёвых сітуацыях, духоўныя памкненьні, інтарэсы, звычаі. Іван Эрэміч бачыў у экзатычных абразках Палесся, у немудрагелістым і практычна вывераным ладзе жыцця беларуса-палешука, як і ў спосабах уладкаваньня культурнага асяродку, манэры апранацца і інш., рацыянальны кансэрватызм і мэтазгоднасьць, адвечную гармонію мясцовых жыхароў ды прыроды. “Стагодзьдзі праляцелі над імі, амаль не закрануўшы іх сваім разбуральным крылом. І ў вядзеньні дамашняе гаспадаркі, і ў будаўніцтве хаты, і ў мове, і нават у правах і звычаях — усё ідзе так, як гэта было ў часы дахрысціянскія”.

Аўтар з цеплынёю узнаўляе духоўны склад палешука, надзяляе яго лепшымі маральнымі якасьцямі. “Паляшук, — піша ён, — істота даволі добрая, адкрытая, паслухмяная, удзячная, цнатлівая, цярплівая, працалюбівая. Паляшук вельмі рэдка наносіць крыўду, яшчэ радзей помніць яе… Ён падзеліцца з бедным апошнім кавалкам свайго чорнага хлеба… У выпадку цяжкасьці жыцьцёвае ношы, вы не пачуеце ад палешука ні папрокаў, ні стогнаў. Цярплівасць, з якою ён нясе крыж свой, унікальная… Працавітасьці палескага прасталюдзіна нельга не надзівіцца. Ён працуе ня толькі з ранку да вечара, але і раніцай, і вечарам, і нават уначы”.

Нават дзіўна, што праца І. Эрэміча была надрукаваная ў часопісе “Вестник Западной России” (1867 р.), які зусім не славіўся дэмакратычнымі традыцыямі.

Ня менш пераканаўча і праўдзіва, хоць і з прыязным гумарам, падае замалёўкі этнаграфічнага тыпу беларусаў-ліцьвінаў, карэнных жыхароў міжрэчча Сожа ды Дзясны, Марына Косіч. Яна звяртае ўвагу на багацьце ды непаўторную архаіку вусна-паэтычнае творчасьці, народны характар і этнічную псіхалёгію, пластычнасць і вобразнасьць мысленьня, адаптацыю да існуючае этнасацыяльнае рэчаіснасьці. “Ліцьвін, — піша яна, — з выгляду непаваротлівы, рухі яго замаруджаны, ходзіць, “як пень праз калоду”, непрадпрымальны, бестурботны, аднак пры неабходнасьці працуе шмат дзеля свайго пражытку. А як толькі міне крайняя патрэба, заўсёды лічыць за лепшае пагуляць, чым шукаць заробкаў”. Аднак жа на падзёншчыне, заўважае Косіч, ліцьвін робіць “бы як, цяп-ляп”, “робе і паглядае, як вол з-пад ярма; цюкне разоў паўдзісятка, ды барджэй люльку ў зубы”.

Шмат увагі яна надае звычаям і абрадам, дапасаваным да каляндарных сьвятаў, народным песьням і аўтэнтычным мясцовым гаворкам. “Змусьце беларускую жанчыну, — піша яна, — расказаць што-небудзь, услухайцеся ў гэтую мову, і вы знойдзеце ў ёй своеасаблівую мяккасьць і лёгкасьць гукавых спалучэньняў”.

Аналагічныя характарыстыкі беларусаў мы сустракаем у П. Баброўскага, М. Без-Карніловіча, М. Дамантовіча, Р. Эркерта і іншых маскалёўскіх аўтараў. М. Дамантовіч вылучаў чарнігаўскага ліцьвіна ў асобы этнаграфічны тып, што складае “супрацьлегласьць стэпавіку”, жыхару паўднёвае часткі губэрні. Ён адзначае незвычайную выносьлівасць мясцовага ліцьвіна ў экстрэмальных сітуацыях, кемлівасьць, хітрасьць, мудрагелістасьць у адказах, суворасьць і “апатычную бестурботнасьць”.


***


Мінула паўтара стагодзьдзя — час немалы нават па гістарычных мерках, аднак цяпер з вуснаў маскалёўскіх палітычных і культурных дзеячаў зноў гучаць словы пра ўкраінцаў, беларусаў ды маскалёў як адзіны народ, нібыта гістарычна з’яднаны навекі — тэзы, што не адпавядала навуковым крытэрам нацыянальнае ідэнтыфікацыі яшчэ стагодзьдзі таму.


Віктар Цітоў


“Новы Час”, 18 лістападу 2018 р.




Создан 18 ноя 2018



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter