Як беларусы змагаліся супраць маскалёўскага панавання?

Існуе думка пра нібыта адвечную санлівую пакорлівасць нашага народа.



Аднак не хто-небудзь іншы, а якраз нашыя продкі на працягу няпоўных ста рокаў пасля захопу Беларусі Масковіяй тройчы браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў імперыі.

 

Увесну 1794 року беларусы разам з палякамі ды жамойтамі падняліся на паўстанне, якое ўзначаліў наш зямляк Тадэвуш Касцюшка. На беларускіх землях барацьбой кіраваў палкоўнік Якуб Ясінскі. Ён хацеў знішчыць прыгон, пісаў па-беларуску звернутыя да сялян вершаваныя пракламацыі. Змагары спявалі “Песню беларускіх жаўнераў”:

 

Помнім добра, што рабілі,

Як нас дзёрлі, як нас білі.

Докуль будзем так маўчаці?

Годзе нам сядзець у хаце!

Нашто землю нам забралі?

Пашто ў путы закавалі?

Дочкі, жонкі нам гвалцілі.

Трэ, каб мы ім заплацілі!

Коней нам пазаязджалі,

Што хацелі, то і бралі.

Пойдзем жыва да Касцюшкі,

Рубаць будзем маскалюшкі!

 

Паўстанцы ўзялі ўладу ў Вільні, Горадні, Наваградку, Берасці, Слоніме, Пінску, Ваўкавыску, Кобрыні, Ашмяне, Лідзе, Браславе. Але сілы былі няроўныя. Загартаваная ў захопніцкіх паходах царская армія, на чале якой стаяў А. Сувораў, задушыла паўстанне.

 

Барацьба з царскай уладаю, што зрабіла Беларусь калоніяй, не спынялася. Віленская студэнцкая моладзь стварыла таемнае таварыства філаматаў, моцная філія якога дзейнічала ў Полацкай піярскай вучэльні. Беларускі паэт і рэвалюцыянер Францішак Савіч у 1836 роке арганізаваў у Віленскай медычна-хірургічнай акадэміі нелегальнае “Дэмакратычнае таварыства”, якое працягвала традыцыі разгромленых царызмам у 1823 роке філаматаў.

 

У 1831 роке Беларусь падтрымала антырасейскае паўстанне ў Польшчы. Найбольш чынная барацьба разгарнулася ў Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Віленскім паветах, а таксама ў ваколіцах Белавежскае пушчы. Трохтысячны шляхоцка-сялянскі аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў горад Дзісну. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў паспяхова дзейнічаў палявы аддзел, створаны 25-рочнаю графіняю Эміліяй Плятэр, вядомай беларускаю фалькларысткаю. Пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне, яна і сама ўдзельнічала ў баях з маскалёўскімі акупантамі.

 

Царызм задушыў паўстанне і ўзмацніў каланіяльны ўціск. Былі зачыненыя Віленскі ўніверсітэт ды іншыя навучальныя ўстановы, а таксама шэраг вуніяцкіх кляштароў, бо беларускае грэцка-каталіцкае духавенства падтрымлівала паўстанцаў.

 

Але рэпрэсіі не паставілі народ на калені. У студзені 1863 року беларусы, як і іх браты па няволі ў Жамойці ды Польшчы, зноў узяліся за зброю. У Беларусі паўстаннем кіраваў Кастусь Каліноўскі. Разам з паплечнікамі ён выдаваў па-беларуску газету “Мужыцкая праўда”, якая выкрывала маскалёўскую палітыку на паняволенай зямлі і клікала народ на змаганне. “Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна за нашу вольнасць! Нас цар ніц не падмане, — не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя — нічога не бачылі і не чулі”, — пісаў ён у адным з нумароў газеты пад псеўданімам “Яська-гаспадар з-пад Вільні”.

 

Напачатку паўстанцы здолелі атрымаць некалькі значных перамогаў. Аддзел начальніка Магілеўскае губерні Людвіка Звяждоўскага заняў места Горкі. Паўстанцы авалодалі мястэчкам Свіслач і напалі на Ружаны.

 

Расейскім уладам удалося падмануць значную частку беларускага сялянства (асабліва на ўсходзе Беларусі), якое паверыла, што “паны змагаюцца за вяртанне прыгону”, а таму не падтрымала паўстанцаў. Ва ўсходнебеларускіх губернях паўстанне было задушана ў траўні, але на захадзе асобныя аддзелы змагаліся з карнікамі да канца 1863 рока.

 

Царызм жорстка расправіўся з барацьбітамі за свабоду Бацькаўшчыны. Пакараных ваенна-палявымі судамі і без судоў у “Паўночна-Заходнім краі” налічвалася 18,5 тысяч. 128 паўстанцаў былі расстраляныя або павешаныя, 853 пайшлі на катаргу, 11 502 — у ссылку.

 

Нягледзячы на рэпрэсіі, жорсткі прыгнёт і русіфікацыю, ідэя нацыянальнага вызвалення, за якую змагаліся беларусы, працягвала жыць. У 1884 роке ў Пецярбурзе пачаў выходзіць часопіс “Гомон”, які быў органам беларускай фракцыі рэвалюцыйнай арганізацыі “Народная воля”. “Гоманаўцы” вялі гаворку пра існаванне беларускай нацыі і патрабавалі яе самастойнасці пасля знішчэння царызму. Заснавальнікам сваёй фракцыі яны лічылі нашага земляка шляхціча Ігната Грынявіцкага, які ў 1881 роке, выконваючы прысуд “Народнай волі”, забіў маскалёўскага цара Аляксандра ІІ.

 

Іван Саверчанка

“150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”



Создан 14 дек 2018



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter