Вялікае княства Літоўскае: гісторыя ўзыходжання

Ведай сваю гісторыю!



Грунвальдская бітва — падзея, якая пачала абрастаць міфамі ды здагадкамі яшчэ ў канцы XV стагодзьдзя. Лічбы й даты, імёны й назвы сталі супярэчыць адзін аднаму ў творах розных аўтараў ўжо тады! Праз 50 рокаў пасьля бітвы польскі канонік Ян Длугаш у сваёе “Гісторыі Польшчы” аддаў усе лаўры пераможцаў крыжакоў сваім суайчыннікам, напісаўшы, што практычна ўсе харугвы, выстаўленыя Вялікім княствам Літоўскім (ВКЛ), беглі з поля бою. А пасьля таго як у 1863-1864 роках хроніка Длугаша была перавыдадзеная, гэта зацвярджэньне падхапілі пісьменнікі ды гісторыкі, надоўга выкрасліўшы нашых продкаў са спісу пераможцаў. А між тым плячом да пляча зь польскімі харугвамі змагаліся палкі гарадзенскі ды лідскі, полацкі ды віцебскі, наваградскі ды ваўкавыскі, берасьцейскі, пінскі, драгічынскі, мсьціслаўскі ...

 

У пісьмовых крыніцах “Літва” упершыню ўзгадваецца пад 1009 рокам у аналах нямецкага мястэчка Кведлінбург у запісе аб гібелі каталіцкага місіянэра Брунона на мяжы Літвы ды Русі. Мяркуюць, што назва гэтая вядзецца ад невялікае рачулкі Лятоўкі, што ўпадае ў Вільлю. Землі ж гэтыя знаходзіліся паміж рэкамі Нёманам і Вільлёю ды належалі аднаму з плямёнаў усходніх балтаў. Па ўзроўні сацыяльнага развіцьця яны адставалі ад суседніх славянскіх плямёнаў ды некаторы час знаходзіліся ў залежнасьці ад даволі ўплывовага ў тыя часы Полацкага княства. Балты былі добрымі ваярамі, і ў XII стагодзьдзі іх не раз заклікалі на службу падчас вайсковых паходаў полацкія, віцебскія ды менскія князі. Але да сярэдзіны XIII стагодзьдзя некалі моцныя княства рассыпаліся на цэлых шэраг невялікіх. Цяжкія былі часы тады: з поўначы наступалі нямецкія рыцары, ахопленыя прагаю новых земляў, з поўдні пастаянна пагражалі татара-манголы. Забясьпечыць сваю бясьпеку ў адзіночку княства не маглі. Неабходны быў адзіны цэнтр, здольны аб'яднаць вакол сябе большасьць земляў. Сярод прэтэндэнтаў на гэтую ролю былі й полацкія князі, і галіцка-валынскія. Але гісторыя распарадзілася інакш.

 

Яшчэ ў сярэдзіне XIII стагодзьдзя стала набіраць сілу некалі зусім непрыкметнае, практычна адрэзанае ад гандлёвых шляхоў места — Навагародак (сучасны Наваградак). Размешчаны на ўзвышшы, удалечыні ад крывавых межаў з крыжакамі ды мангола-татарамі, Навагародак стаў адным з самых бясьпечных местаў свайго часу. І пацягнуліся сюды багацьця, якія ў сваю чаргу давалі сілу ды ўладу. Менавіта тут разгортываліся падзеі, што ў будучыні паклалі пачатак новае дзяржаве — Вялікаму княству Літоўскаму, Рускаму ды Жамойцкаму. А першым князем — яе стваральнікам — стаў князь Міндоўг. Яму ўдалося аб'яднаць некалькі земляў, утварыўшы тым самым княства Літоўскае ды Наваградскае. Не варта забываць, што летапісная “Літва”, ўключала ў сябе ўсходнія землі сучаснае Літвы ды паўночна-заходнюю частку Беларусі.

 

Сёньня даволі сур'ёзнаю праблемаю стала блытаніна з геаграфічнымі ды этнаграфічнымі назвамі, а таксама неадпаведнасьць іх сучаснага значэньня ды гістарычнага. Так, назва “рускі” або “русін” ў Сярэднявеччы мела на ўвазе галоўным чынам людзей праваслаўнага веравызнаньня, якія пражывалі ва Ўсходняе Эўропе. Пасьля ўзвышэньня Маскоўскага княства, якое абвясьціла сябе цэнтрам Русі ды “зьбіральнікам зямель рускіх”, у процівагу ёй жыхары Вялікага княства Літоўскага сталі падкрэсьліваць існаваньне Русі Літоўскае. Сваіх суседзяў яны пачалі называць “маскоўцамі”, “маскалямі”, “Масквой”, а сябе адпаведна “літьвінамі”, “літвінамі”, “літвой”. “Рускімі людзьмі” па-ранейшаму называлі сябе толькі жыхары сучаснае ўсходняе Беларусі ды Смаленшчыны. І гэта не мела нічога агульнага з сучасным сэнсам слова “рускі”. Яшчэ вялікая блытаніна пачалася, калі ў канцы ХIХ стагодзьдзі жыхары балцкіх земляў, вядомыя ў гісторыі пад назваю жамойтаў ды аўкштайтаў, пачалі выкарыстоўваць назву “Літва” для пазначэньня сваёй супольнасьці. Таму учорашнім “ліцвінам” неабходна была новая назва, каб аддзяліць сябе і ад новых “літоўцаў” і ад “рускіх”. Так на гістарычнае сцэне з'явілася назва “беларусы”, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

 

Такім чынам, у XIII стагодзьдзі склаліся самыя спрыяльныя ўмовы дзеля ўзнікненьня новага палітычнага цэнтру ва Усходняе Эўропе — аслабеў уплыў Галіцка-Валынскага княства, а нямецкі Тэўтонскі ордэн, які імкнуўся каланізаваць гэтыя землі, яшчэ не набраў палітычнае магутнасьці. З часам да княства Літоўскага ды Наваградскага сталі далучацца й іншыя княствы. Сучасныя гісторыкі цалкам абвяргаюць тэорыю, якая ўзьнікла яшчэ ў XIX стагодзьдзі (дзякуючы маскалёўскім гісторыкам) ды панавалі ў савецкі час, пра тое, што беларускія землі былі заваяваны літоўскімі князямі. Няма ніякіх падставаў сьцвярджаць, што балты ды славяне ў дадзеным рэгіёне ваявалі. Княства, якія размяшчаліся на тэрыторыі сучаснае Беларусі, далучаліся да Вялікага княства Літоўскага праз шлюбныя саюзы, заключэньне дмоваў, захоўваючы сваю аўтаномію. Такім чынам у канцы XIII — пачатку XIV стагодзьдзя да Літоўскага далучыліся Полацкае, Віцебскае ды Менскае княства, дадаўшы да назвы маладое дзяржавы слова “рускае”. Сваю поўную назву “Вялікае княства Літоўскае, Рускае ды Жамойцкае” яно атрымае толькі ў XV стагодзьдзі, калі Жамойцкага шляхта пачне патрабаваць прызнаньня сваёй аўтаноміі. Але гэта здарыцца ўжо пасьля Вялікае вайны 1409-1411 рокаў. Сваю федэратыўную пабудову княства захавае практычна да XVI стагодзьдзя, калі паводле рэформы 1565 року ўся тэрыторыя дзяржавы будзе падзеленая на ваяводствы. Першапачатковаю рэзідэнцыяю вялікіх князёў быў Навагародак. З 1323 року новаю сталіцаю па ініцыятыве вялікага князя Гедыміна стала Вільня. Афіцыйным дзяржаўным сымбалям ў 1384 роке быў прызнаны герб “Пагоня”, а дзяржаўнаю на доўгія стагодзьдзі стла старабеларуская мова.

 

Так, на працягу некалькіх стагодзьдзяў фармавалася тэрыторыя адное з самых вялікіх дзяржаваў ва Ўсходняе Эўропе — Вялікага княства Літоўскага. Да моманту сьмерці вялікага князя Альгерда княства займала тэрыторыю ад Балтыйскага да Чорнага мораў з поўначы на ​​поўдзень (“ад мора да мора”) і ад Берасьцейшчыны да Смаленшчыны з захаду на ўсход. Такім чынам, у склад ВКЛ уваходзілі ўсе сучасныя беларускія землі, якія з'яўляліся самым сэрцам княства. На чале княства стаяў вялікі князь — “гаспадар”. Яго ўлада абмяжоўвалася радаю, што складалася з прадстаўнікоў найбольш уплывовых ды заможных родаў. Пачаўшы аб'яднаньне земляў вакол Навагародка, яшчэ першы князь Міндоўг імкнуўся супрацьстаяць пагрозе што ішла з поўначы ды захаду — нямецкім рыцарска-манаскім ордэнам, якія на працягу некалькіх стагодзьдзяў заставаліся галоўным ворагам Вялікага княства Літоўскага.

 

У 1377 роке памёр вялікі князь літоўскі Альгерд. Яго сьмерць парушыла палітычную раўнавагу ў княстве. У свой час Альгерд быў жанаты двойчы: яго першаю жонкаю была князёўна Марыя Віцебская, а другою — князёўна Ульяна Цвярская. Ад гэтых двух шлюбаў у Альгерда нарадзілася 12 сыноў. Яшчэ пры жыцьці князя яго сыны атрымалі надзелы ў розных частках краіны. Згодна з традыцыяй спадчыннікам вялікакняскага пасаду павінен быў стаць старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй, які да гэтага часу княжыў у Полацку. Аднак вялікім князем быў абвешчаны старэйшы сын ад другой жонкі — Ягайла. Гісторыкі мяркуюць, што гэтая падзея з'явілася вынікам інтрыг другой жонкі Альгерда Ульяны. Браты Ягайлы былі не згодныя з такім рашэньнем бацькі. Пачалася барацьба за ўладу.

 

Тэўтонскі ордэн ўважліва сачыў за тым, што адбывалася ў княстве. Разгарэўшаяся барацьба адкрывала вялізныя магчымасці дзеля інтрыг. Міжусобіцы саслаблялі моц дзяржавы ды рабілі яго лёгкай здабычаю дзеля ордэну.

 

Сітуацыя ўскладнялася тым, што малодшы брат Альгерда Кейстут, які карыстаўся вялікаю папулярнасьцю ў княстве, асабліва ў берасьцейскае, гарадзенскае землях ды ў Жамойці, меў свае віды на княскі пасад. Яму ўдалося ўзяць у палон Ягайлу ды абвясьціць сябе вялікім князем. Аднак Ягайла арганізаваў пераварот і хітрасьцю прывабіў Кейстута ды ягнага сына Вітаўта ў Крэва.

 

Там яны былі схопленыя ды заточаныя ў вежы замку, дзе Кейстута задушылі падасланыя забойцы. Вітаўту ж удалося ўцячы. Каб адпомсьціць за сьмерць бацькі, ён пачаў шукаць заступніцтва ў нядаўняга ворага — Тэўтонскага ордэну. Ордэну такое становішча спраў было вельмі на руку, таму крыжакі з ахвотаю пайшлі на заключэньне хаўрусу з Вітаўтам. Паводле дамовы Вітаўт абяцаў прыняць каталіцтва, стаць васалам ордэну ды нават аддаць крыжакам жамойтаў. Зноў запалалі месты ды вёскі ў Вялікім княстве Літоўскім. Аднак Вітаўт хутка зразумеў, якая яна высокая цана дапамогі ордэну дв пайшоў на прымірэньне з Ягайлам. У выніку Вітаўт вярнуў сабе Бярэсьце, Горадню ды Падляшшэ.

 

Барацьба за ўладу працягвалася. Андрэй Полацкі па-ранейшаму прад'яўляў свае прэтэнзіі на трон. А становішча Ягайлы заставалася даволі хісткім: прэтэнзіі братоў, набегі татараў, войны з крыжакамі ды маскоўскімі князямі, што прадстаўлялі сур'ёзную пагрозу. Тады Ягайла звярнуў свой позірк у пошуках падтрымкі за межы княства. І тут лёс падкінуў яму незвычайна ўдалую карту. У 1382 роке памёр польскі кароль Людовік, пакінуўшы пасьля сябе толькі 10-рочную дачку Ядвігу. А 35-рочны на той момант Ягайла быў усё яшчэ не жанаты. Саюз дзьвюх буйных дзяржаў Усходняе Эўропы здаваўся выгадным дзеля абодвух бакоў. Таму спрыяла наяўнасьць агульнага ворага — Тэўтонскага ордэну, што закрываў доступ да Балтыйскага мора, а адпаведна, да марскіх гандлёвых шляхах. Раней польскія купцы бралі актыўны ўдзел у транзітным гандлі. Тавары, дастаўлялі ў Кракаў з Вугоршчыны, іх везьлі па Вісьле ў Гданьск, а адтуль морам ў Фляндрыю (гістарычная вобласьць, якая размяшчалася на поўначы Францыі, паўднёвым-захадзе Нідэрландаў ды часткі Бельгіі) ды іншыя заморскія краіны. Назад польскія купцы прывозілі сукно, віна, паўднёвую садавіну ды перапраўлялі іх у Вугоршчыну. З захопам ордэнам польскага Памор'я гандляры пазбавіліся ўсіх гэтых магчымасьцяў. Ягайла абяцаў Польскае кароне дапамогу ВКЛ. Польская шляхта таксама спадзявалася атрымаць новыя ўладаньні ў Вялікім княстве Літоўскім. Каталіцкае духавенства марыла пашырыць свой уплыў на зямлі княства. А Ягайлу было неабходна канчаткова ды беспаваротна зламаць сваіх палітычных супернікаў ды ўмацаваць сваё права на пасад. Польскі бок вельмі добра разумеў, наколькі Ягайла мае патрэбу ў іх кароне і таму стаў дыктаваць свае ўмовы. Гаворка ўжо ішла не аб аб'яднаньні дзьвюх раўнапраўных дзяржаваў, а аб фактычным паглынаньні Польскім каралеўствам Вялікага княства Літоўскага. Ягайла, мабыць, думаў, што галоўнае — атрымаць карону, а з усім астатнім можна будзе разабрацца пазьнее. Таму ён прыняў усе ўмовы ды ў 1385 роке ў Крэўскім замку быў падпісаны акт уніі паміж Польскім Каралеўствам ды Вялікім княствам Літоўскім, якая больш чым на 400 рокаў аб'яднала гістарычныя лёсы гэтых дзьвюх дзяржаваў.

 

Заключэньне Крэўскае уніі стала нечаканым ударам дзеля Тэўтонскага ордэну. Ён па-ранейшаму прэтэндаваў на жамойтаў і таму асноўныя намаганьні крыжакі накіравалі на разбурэньне уніі якая перашкаджала іхнім плянам. У 1389 роке яны з вялікаю гатоўнасцю зноў прынялі ды падтрымалі Вітаўта, аказаўшы вайсковую дапамогу ў яго барацьбе з Ягайлам у 1390-1391 роках. А пасьля таго, як у 1392 роке Ягайла пайшоў на саступкі ды заключыў з Вітаўтам пагадненьне, зрабіўшы яго сваім намесьнікам у Вялікім княстве Літоўскім, Ордэн ўзяў пад сваю апеку брата Ягайлы Сьвірдрыгайлу — гатовага працягнуць барацьбу за трон.

 

Яшчэ каля 20 рокаў крыжакі тэрарызавалі насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, даходзячы часам нават да Бярэсьця. Варта заўважыць, што Бярэсьце ужо тады было даволі буйным і квітнеючым местам. Тут пражывала каля 2 тыс. чалавек. Шырокую вядомасьць мелі берасьцейскія кірмашы. У гэты час тут існавалі гасьціны двор ды катэдральная Мікалаеўская царква.

 

У сьнежні 1409 року ў берасьцейскім замку праходзіла таемная нарада тады ўжо польскага караля Ягайлы ды вялікага князя Вітаўта, якая тычылася пытаньняў падрыхтоўкі да вайны супраць Тэўтонскага ордэну. Прыняла ўдзел у Грунвальдскае бітве і берасьцейская харугва.

 

Ня менш квітнеючым местам была ў пачатку XV стагодзьдзя й Горадня, якая таксама была яшчэ й важным цэнтрам палітычнага жыцьця ВКЛ. У гэты час места складалася з замку на стромкім беразе Нёману ды яго прытоку Гараднічанкі, вакольнага места ды цэлага шэрагу пасадаў (каля Барысаглебскае на Каложы, Малое, Прачысьценскае цэркваў на Падоле). Усяго да пачатку XV стагодзьдзя ў Гародні існавала 5 каменных цэркваў, што сьведчыць аб важнасьці места. Акрамя пералічаных вышэй былі таксама Васкрасенская на вакольным месьце ды Верхняя на месцкім дзядзінце. З 1280-х рокаў і аж да Вялікае вайны 1409-1411 рокаў на Горадню ды яе ваколіцы рыцары Тэўтонскага ордэну зьдзейсьнілі больш за 20 нападаў. У пачатку XIV стагодзьдзя галоўным абаронцам места быў каштэлян замку Давыд Гарадзенскі, што прыходзіўся зяцем вялікаму князю Гедыміну. Дзеля абароны ад нападаў крыжакоў былі ўзьведзеныя дзьве лініі месцкіх умацаваньняў. Гарадзенская харугва таксама прыняла ўдзел у бітве на Грунвальдскім полі. Але фактычна ні адно беларускае места не магло развівацца ў нармальных умовах з-за пастаянных набегаў крыжакоў, якія рабавалі, забівалі ды вялі ў палон мясцовых жыхароў. Таму неабходна было вырашыць гэтую праблему раз і назаўжды.

 

Наколькі гісторыя Тэўтонскага ордэна пасьля Грунвальдскае бітвы — гэта гісторыя заходу рыцарскае дзяржавы, настолькі гісторыя Вялікага княства Літоўскага ў XV-XVI стагодзьдзях — гэта перыяд росквіту. Перамогшы свайго даўняга ды вельмі грознага ворага, княства, нарэшце, атрымала магчымасьць некаторы час спакойна развівацца. Вядома, з поўдня па-ранейшаму пагражалі татары, а з усходу ўсё больш і больш дастаўляла неспакой набірўшая моц Маскоўская дзяржава. Але саюз з Польскім каралеўствам даказаў пад Грунвальдам сваю моц ды на доўгія стагодзьдзі вызначыў напрамак развіцьця Вялікага княства Літоўскага. Наперадзе ў іх была яшчэ ні адна слаўная перамога!

 

Сьвятлана Кірпа (пераклад — Ю.Б.)

Источник: http://www.tio.by/info/newspaper/1690/

© www.tio.by



Создан 28 дек 2018



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter