Сьвятары, сяляне, афіцэры

Як праваслаўныя людзі Польшчы ды Літвы адстойвалі волю ды зямлю?



Вар'яцкія фанатыкі-ксяндзы ды апантаныя маніяю велічы шляхцічы. Такімі, калі верыць вернападданае маскалёўскае прэсе, былі галоўныя ўдзельнікі паўстаньня 1863 року ў Польшчы ды Літве. У кожнае групы паўстанцаў нібыта былі свае інтарэсы. Каталіцкія патэры хацелі папоўніць свае парадзелыя прыходы нованабытаю пастваю. А шляхцічы проста рабавалі на вялікіх дарогах, таму што ні гандляваць, ні працаваць яны не ўмелі, а шырока пажыць прывыклі.

Затое змагаліся супраць гэтых супастатаў, што надумалі прагнаць хрысталюбчыя царскі войскі з заходніх губерняў, выключна харызматычныя бацькі-камандзіры ды прыстойныя і рахманыя пастыры праваслаўных прыходаў. Апошніх злая шляхта зьнішчала неміласэрна, спальваючы на вогнішчах ды топячы ў балотах.

Гістарычныя факты, аднак, паставілі б вернападданых “публіцыстаў” у тупік. Таму як царскія карнікі, як аказваецца, старанна забівалі ня толькі мяцежных каталікоў ды шляхціцаў, але й гэтых самых праваслаўных бацечкаў, якіх след было весьці ў бой з малітваю казачыя палкі.

Сялянства Паўночна-Заходняга краю панура назірала за баявымі дзеяньнямі 1863 року. І часам не толькі заставалася пасіўным гледачом, але і бралася за косы ды за вілы. Асабліва, калі карнікі дзеля застрашваньня спальвалі цэлыя хутары ды вёскі разам з быдлам і нярэдка часткаю жыхароў. Тады ліцьвіны ішлі на смяротны бой.

У сваіх лістах у Пецярбург чыноўнікі ды афіцэры нярэдка пісалі з нямалым зьдзіўленьнем, што знаходзяць вёскі кінутымі. Выяўлялася, што жыхары пры набліжэньні воінскіх аддзелаў сыходзілі ў балоты ды нетры, кідаючы хаты. А нярэдка ў такіх пустых селішчах студні бывалі атручаныя. Усё гэта нагадвала сітуацыю, якую апісвалі напалеонаўскія афіцэры, што ваявалі ў Гішпаніі зь мясцовымі гэрільясамі (партызанамі).

Карнікі пры масавых расстрэлах ды павешаньнях захопленых са зброяю “бунтаўнікоў” не пераймаліся веравызнаньнем. Куля ды пяньковая вяроўка праводзілі ў брацкія магілы каталікоў, праваслаўных, юдэяў, мусульманаў. Вялікае княства Літоўскае было шматканфэсійнаю краінаю.

Масамі папаўнялі аддзелы паўстанцаў сяляне Беластоцкае акругі. Яны захапілі цэлае места Сураж. 

Гісторыя захавала імёны праваслаўных байцоў з паўстанцкіх аддзелаў, што люта біліся за зямлю ды волю, якія абяцала ім “Мужыцкая праўда” Кастуся Каліноўскага. Зьдзіўляў таварышаў сваёю мужнасьцю касінэр з аддзелу Сьвятлінскага (“Перуна”) 25-рочны Талочка Саверіл Аўгустынаў зь вёскі Чэхі. У аддзеле Старжынскіх змагаўся адважны 18-рочны юнак Казлоўскі Шымон Якубаў зь вёскі Жаўткі (Беластоцкага павету).

Аддзел Аляксандра Лянкевіча налічваў некалькі сотняў сялянаў ды бедных шляхціцаў. Большая частка іх спавядала праваслаўную рэлігію. Узяты карнікамі ў палон 17-рочны панскі парабак Кучынскі Міхаіл Аляксееў зь вёскі Талочкі (праваслаўнага веравызнаньня) прызнаваўся ваенна-палявому суду, што ваяваць пайшоў за волю.

Нейкі праваслаўны парабак Антон Бартанчук зь вёскі Гутіца распавядаў суду пра тое, што страляў у царскіх жаўнераў са старое стрэльбы пакуль тая не разарвалася. Потым яго паранілі. Толькі з-за параненьня ён трапіў у рукі карнікаў. 

Але многія праваслаўныя паўстанцы наогул не здаваліся ні пры якіх абставінах. Праваслаўны 21-рочны садоўнік Сямёнаўскі Іван Міхайлаў з маёнтку Вілянаў пасьля разгрому аддзелу палкоўніка Лянкевіча сышоў да іншых партыханаў ды біўся з карнікамі ў шэрагах паўстанцаў Аўгустоўскіх лясоў.

Нямала знайшлося сярод праваслаўнага духавенства Паўночна-Заходняга краю сьвятароў, якія былі ў небясьпецы разам са сваёю сялянскаю пастваю. Да прыкладу, у паўстанцкім аддзеле спавядаў параненых манах Супрасльскага кляштару Феадосій Дымінскі. Ён павінен быў жыць і маліцца ў Жыровіцкае абіцелі, але замест спакойнага кляштарнага жыцця абраў паходы разам з партызанамі.

Актыўна заклікаў да барацьбы з царызмам і 43-рочны Мікалай Мароз — праваслаўны святар, які прапаведаваў слова Пана ў Лапаціна пад Пінскам. Ён чытаў шляхце маніфэсты паўстанцаў, распавядаў пра задачы паўстанцаў ды заклікаў хутчэй браць у рукі зброю, каб выгнаць з родных земляў царскіх чыноўнікаў. Айцец Мікалай паспрабаваў пераканаць у вернасьці сваіх поглядаў дыякана, але той збаяўся ды адмовіўся звязвацца з “бунтаўнікамі”. На святара-баламута напісаў данос нейкі Стаховіч, з-за чаго потым Мароза выгналі зь парафіі ды пазьбавілі сану. Ён трапіў на катаргу на цэлых 10 рокаў. 

У бітве пад Мілавідама вадзіў у атаку касінэраў 21-рочны праваслаўны шляхціц Іпаліт Карэтынскі зь аддзелу Францыска Юндыла. Вялікая частка ўдзельнікаў Мілавідскае бітвы былі праваслаўныя. Жыхары праваслаўных Жыровічаў былі ўцягнутыя мясцовымі праваслаўнымі сьвятарамі ў шэрагі ўдзельнікаў паўстаньня, папоўніўшы аддзел Валерыя Урублеўскага.

Асобы духоўнага званьня былі не адзінымі прадстаўнікамі прывілеяваных саслоўяў Расейскае імпэрыі, што перайшлі на бок паўстанцаў.

Вядома, што на баку патрыётаў Польшчы ды Літвы ваявалі і афіцэры Новаінгерманландскага палка Ельчанінаў ды Ремішеўскі. Гэтыя праваслаўныя ваяры не пажадалі выконваць прысягу беламу цару ды сумленна зьмагаліся ў аддзеле Трусава (пад Менскам). Абодвум прапаршчыкам пашанцавала. Іх не расстралялі ды не адправілі здабываць руду ў Нерчынск. Яны сышлі ў эміграцыю ды дабраліся да Парыжу.

Барацьба супраць царскага дэспатызму, як відаць, была справаю многіх незалежна ад веры ды сацыяльнага становішча. У паўстанцаў была высокая мэта — вольнасць, дабрабыт для ўсіх. За такія ідэалы свабоды яны і аддавалі свае жыцьці.


Наталля Сінкевіч


“Літвін”, 22 лістапада 2018 р.



Создан 28 июн 2019



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter