Беларуская “Гульня Пасадаў”

Як змагаліся паміж сабою арыстакратычныя дамы ВКЛ



XVIII стагодзьдзе пачыналася з двух пан'эўрапейскіх канфліктаў: вялікія дзяржавы Захаду ўступілі ў сутычку за гішпанскую спадчыну, а ў Скандынавіі ды Ўсходняе Эўропе віравала Вялікая Паўночная вайна. На гэтым фоне ў Вялікім княстве Літоўскім разгарнулася свая вайна за ўладу паміж вядучымі магнацкімі родамі. Яна стала кульмінацыяю шматлікіх канфліктаў паміж вядучымі дамамі, якія скаланалі краіну некалькі стагодзьдзяў.


Старыя дамы


Гісторыя ВКЛ пасьля вялікага князя Казіміра IV Ягеллончыка — гэта гісторыя няўхільнага паслабленьня велікакняжацкае ўлады. Магнаты ўвесь час павялічвалі свае валадарствы, а васпаны не маглі паўнавартасна кіраваць, разьдзіраючыся паміж Польшчаю ды Літвою. Багатыя ды шляхетныя роды ВКЛ атрымалі практычна поўны кантроль над дзяржаўным апаратам, сумяшчаючы мноства пасад (“У Літве адна асоба займае па дзесяць пасад, тым самым схіляючы іншых ад іх выкананьня”, — пісаў Міхалон Літвін). Гэта раздражняла астатнюю эліту, якая стварала кааліцыі супраць чарговага “шчасьліўчыка”.

Пры Жыгімонце Старым у 1508 роке так паступілі з Міхалам Глінскім. Барацьбу супраць багатага ды ўплывовага роду Глінскіх узначаліў гарадзенскі стараста Ян Забярэзінскі. У выніку Глінскі падняў паўстаньне, яго людзі адсеклі галаву Забярэзінскаму, але гэтым ён толькі наладзіў супраць сябе вялікую частку краіны. Параза мяцежнікаў ня толькі ператварыла Глінскага ў выгнаньніка, але й павялічыла статут ды багацьце пераможцаў, якія абрынулі рэпрэсіі на яго прыхільнікаў.

Зараз у ВКЛ усім запраўляў трыюмвірат Гаштольдаў, Радзівілаў ды Астрожскіх. Альбрэхт Гаштольд інтрыгаваў супраць Кастуся Астрожскага, а сутыкненьні людзей Радзівілаў ды Гаштольдаў былі звычайнаю справаю. Гэтыя сем?і ня толькі змагаліся за асабістую ўладу, але й адстойвалі сваё бачаньне палітычнага будучага ВКЛ. Астрожскія традыцыйна абаранялі праваслаўе ды значэньне Русі, Гаштольды — першынство Літвы ды каталіцызму, а Радзівілы некаторы час прасоўвалі Рэфармацыю.

У 30-е рокі XVI стагодзьдзя ў гульню ўступіла Яе Вялікасьць Бона Сфорца, якая дзелавіта будавала сваю зямельную імпэрыю, скупая Кобрын, Пінск, Клецк, Ковель, Млынары ды шматлікія іншыя тэрыторыі. Каралева ўкараняла новыя мэтады вядзеньня гаспадаркі, разьлічваючы на максымальны прыбытак са сваіх валадарстваў. Яе інавацыі ацанілі па добрай якасьці ў маштабах усёй краіны, калі пачалася аграрная рэформа 1557 року.


Старыя ды новыя дамы ў рэальнае палітыцы


Вялікае княства Літоўскае цалкам падыходзіла пад клясычнае вызначэньне алігархіі — кіраваньне замкнёнае кіруючае групы, згуртаванае ўнутранымі інтарэсамі ды кланавымі ўзаемаадносінамі.

“Літоўская саслоўная мадэль адначасова была ўладаю арыстакратычнае алігархіі. Склаўшаеся шляхецкае саслоўе алігархія лічыла сваёю апораю, і сам расклад сацыяльных сіл гэта ёй дазваляў. Шляхта не ўяўляла свайго рэальнага становішча без шляхоцкае гегемоніі, без права магнатаў казаць ад імя ўсяе шляхты. Шэраговыя шляхціцы імкнуліся ў шляхоцкую эліту, гэта эліта — у ніжэйшы пласт магнатаў, апошнія — да вяршыні арыстакратычнае кар'еры”, — піша Эдвардас Гудавічюс.

Старая літоўска-руская шляхта (Гаштольды, Кезгайла, Кішкі, Астрожскія, Остікі, Радзівілы, Алелькавачы, Забярэзінскія) не жадала пускаць чужых у сваё кола, але спыніць цыркуляцыю эліт немагчыма. Калі род Гаштольдаў перапыніўся, у Радзівілаў практычна не засталося сапернікаў са старых дамоў, аднак на авансцэну выйшлі новыя прозьвішчы. Узыходжаньне маладых шляхціцаў праходзіла па стандартнае схеме — руплівая праца на дзяржаўнае службе, спачатку другарадныя, а потым і ключавыя пасады, атрыманьне земляў ды прывілеяў. Натуральна, чым мацней станавіўся род, тым менш ён меў патрэбу ў старых заступніках.

Пад уплывам польскіх палемістаў паўстала ідэя злому сыстэмы ды пераходу да паўнавартаснае шляхоцкае дэмакратыі. Станіслаў Арэхоўскі, мысьляр, публіцыст ды прапаведнік XVI стагодзьдзя, пісаў у трактаце “Піраміда”:

“А захоча Літва з той прыроджанае няволі выйсьці, хай старанна дбае пра зьвяз з Польскім Каралеўствам, настойліва просіць пра гэта вялікага князя, свайго спадчыннага спадара, ды польскага караля”.

Але адна справа юрыдычна зраўняцца ў правах, атрымаць залатыя шляхоцкія вольнасьці ды зусім іншае — здабыць рэальны палітычны ўплыў. З гэтым у літоўскае шляхты былі вялікія праблемы, таму большасьць папросту ўбудоўвалася ў тую ці іншую палітычную кааліцыю, ператвараючыся ў кліентаў магнатаў.

Большага дамагаліся тыя, хто ўмеў быць карысным уладным людзям. Так, напрыклад, прасунуліся Хадкевічы, якія адзін час дапамагалі каралеве Боне ды супрацьстаялі Радзівілам. Гэта не замінала ім аб'ядноўваць высілкі, калі гаворка ішла пра агульныя пытаньні для ўсіх ліцьвінаў. Ян Хадкевіч працягваў лінію Мікалая Радзівіла “Чорнага” падчас цяжкіх перамоў ды дэбатаў на Люблінскім сойме 1569 роке.

Адносіны Радзівілаў ды Хадкевічаў моцна сапсаваліся да 1600 року, калі паўстала пытаньне шлюбу адзінаццацірочнае Соф'і Алелькавіч, якая знаходзілася пад апекаю дому Хадкевічаў. Хадкевічы склалі ўгоду, па якой яны выдавалі Соф'ю за Януша Радзівіла (дзядзьку таго самага Януша Радзівіла — гетмана ВКЛ часоў “Патопу”) у абмен на пагашэньне сваіх абавязкаў, аднак вясельле апынулася на грані зрыву з-за спрэчак пра маёмасьць нявесты ды веравызнаньне будучых дзяцей. Радзівілы сабралі 6 000 жаўнераў дзеля штурму віленскага палацу Хадкевічаў, але, урэшце, справу ўладкавалі новаю дамоваю. Вясельле адбылося, а Слуцак стаў новым цэнтрам валадарстваў Радзівілаў.

Вядучую ролю ў палітыцы ВКЛ тых часоў адыгрываў Леў Сапега, які 34 рока быў канцлерам, а затым віленскім ваяводам ды вялікім гетманам. Менавіта ён падняў свой род на вяршыню палітыкі Рэчы паспалітае. Сапега заставаўся ў добрых адносінах з Радзівіламі — пад іх апекаю прайшла ягоная юнацкасьць, ды й яго другая жонка была дачкою Крыштофа Радзівіла “Пяруна”. Сапегі ды Радзівілы сталі вядучымі прозьвішчамі ВКЛ сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Пасьля сьмерці Льва Сапегі новым канцлерам стаў Альбрэхт Станіслаў Радзівіл, а падканцлерам сын Ільва Сапегі ды Лізаветы Радзівіл Казімір Леў Сапега. Далікатную раўнавагу ў эліце разбурыла вайна 1654—1667 рокаў ды швэдзкі “Патоп”, які падзяліў шляхту на прыхільнікаў ды супернікаў Кейданскае ўніі са Швэцыяю. Януш Радзівіл паставіў на кон палітычную будучыню сваёй краіны ды сям'і, але прайграў ды сканаў у 1655 роке. Павел Сапега, насупраць, узначаліў контрнаступленьне Рэчы паспалітае супраць швэдаў ды маскалёў, хоць да поўнага заканчэньня вайны ён так і не дажыў.

У моманты найвышэйшае магутнасьці Сапег Ружаны былі месцам, дзе чынілася гісторыя краіны. Адзін час там нават захоўвалася дзяржаўная казна.


Гегемонія Пацав


Сьмерць Паўла Сапегі ды сыход Радзівілаў на другі плян адкрылі дарогу іншым родам. У кроку ад вяршыні ўлады ў ВКЛ даўно знаходзіліся Пацы, якія выявілі сябе таленавітымі палітыкамі ды вайскаводамі падчас “Патопу”. Крыштоф Пац стаў канцлерам, яго стрыечны брат Міхал Казімір — вялікім гетманам, а родны брат Мікалай Стэфан — віленскім біскупам. Пацы цьвёрда адстойвалі інтарэсы Вялікага княства, у 1673 роке яны дамагліся рэгулярнага правядзеньня соймаў Рэчы паспалітае ў Горадні “з гэтага року кожны 3-й сойм праходзіў у Горадні; канстытуцыяю караля Міхася места прызначаецца месцам звычайных заканадаўчых генэральных соймаў”.

Гетман Пац варагаваў з каронным гетманам і будучым каралём Янам Сабескім, яго абраньне ён успрыняў як прамую пагрозу сваім пазыцыям ды аўтаноміі ВКЛ. Справа дайшла да таго, што ў 1675 роке літоўскае войска сышло з баявых дзеяньняў супраць асманаў. Маскоўскія амбасадары паведамлялі, што сваім зыходам літвіны давялі караля да “немалога гневу ды смутку” і ён “шматлікую скаргу на гетмана ды на ўсё літоўскае войска піша”.

Як і ўсе манархі Рэчы паспалітае, Ян Сабескі імкнуўся ўзмацніць сваю ўладу ды абмежаваць свавольле магнатаў. Пагаворвалі пра таемны плян Сабескага, які ўключаў адмену “liberum veto”, ліквідацыю самастойнасьці літоўскага войска, стварэньне адзінае вэртыкалі ўлады для Польшчы ды Літвы. Пацы рыхтаваліся да адкрытага супрацьстаяньня з каралём, ведучы кансультацыі з маскоўскім рэзыдэнтам Васілём Тяпкіным ды гетманам левабярэжнага казацтва Самойлавічам. Зрэшты, вайны атрымалася пазьбегнуць — турэцкая пагроза згуртавала эліту Польшчы ды Літвы.


Сапегі зноў ва ўладзе


Да канца 70-х рокаў XVII стагодзьдзя ўсю ўладу ў Літве ўтрымлівалі Пацы, але неўзабаве сытуацыя зьмянілася. Літаральна за 3 рока (1681—1684 рр.) сканалі тры брата, якія займалі вышэйшыя пасты ў краіне. Польскі каралеўскі двор, канкуруючыя магнаты ды шляхта былі рады пазбавіцца ад гэтага сямейства, таму Ян Сабескі падтрымаў вяртаньне Сапег на палітычны Алімп. Казімір Ян Сапега стаў гетманам ды віленскім ваяводам, а яго брат Бэнэдыкт Павел распараджаўся фінансамі княства. Гэта не дапамагло каралю — моцная апазыцыя захоўвалася ў ВКЛ аж да яго сьмерці. Сапегі працягнулі барацьбу з каралём, у якога да таго моманту практычна не было шанцаў на перадачу ўлады свайму сыну Якубу Людвігу.

“Як раней у зьвязе з курфюрстам, так і зараз у зьвязе з Венскім дваром знаходзіліся не прыхільныя да Сабескіх магнаты, пераважна Сапегі — вялікі гетман Казімір ды падскарбі Бэнэдыкт. Яны нават склалі змову, мэтай якой было зрынаньне Сабескага з пасады ды абраньне Карла, прынца Латарынгскага”, — адзначаў польскі гісторык Уладзіслаў Смаленьскі.


Літва набліжалася да грамадзянскае вайны — шляхта стамілася трываць гегемонію магнатаў, а Сапегі забіралі сабе ўсё больш улады. Яны імкнуліся стварыць сучаснае войска ды цэнтралізаваць дзяржаўны апарат. Хадзілі чуткі, што яны жадаюць аднавіць незалежнасьць ВКЛ пад сваім кіраваньнем.

Сапегі не цырымоніліся з іншымі дамамі, таму ў іх было куды больш ворагаў, чым сяброў. Віленскі біскуп Кастусь Казімір Бжастоўскі нават на час адлучыў гетмана Сапегу ад касьцёлу. Антысапегаўскую кааліцыю ўзначаліў жмудзкі стараста Рыгор Агінскі ды Міхал Казімір Коцелл. Апошні быў віцебскім кастэлянам ды аўтарытэтным лідэрам шляхты.

Супернікі Сапег называлі сябе “рэспубліканцамі”, настойваючы на выкананьні “Акту пра раўнаваньне правоў Вялікага княства ды Кароны”, прынятага 25 чэрвеня 1697 року на элекцыйным сойме. Акт прадугледжваў скарачэньне паўнамоцтваў гетмана ВКЛ, соймавы кантроль над дзейнасьцю міністраў, уводзіны польскае мовы для дзяржаўнага справаводзтва на тэрыторыі Княства. Натуральна, Сапегі не зьбіраліся выконваць нормы Акту, які быў відавочна накіраваны супраць іх. Адмысловых надзей на каралеўскае пасярэдніцтва не было — і ў лепшыя часы манархі Рэчы паспалітае насілу ўціхамірвалі ўнутраныя нелады, а ўжо дзеля саксонскага курфюрста Аўгуста II Моцнага гэта стала непасільнаю задачаю.


Грамадзянская вайна супраць Сапег


У 1697 рок Рыгор Агінскі падняў мяцеж супраць гетмана Казіміра Яна Сапегі, але на яго бок перайшла толькі частка войска ВКЛ. У красавіку 1698 року Міхась Казімір Коцелл узначаліў шляхоцкую канфэдэрацыю ды склікаў паспалітае рушэньне супраць Сапег. Кароль паспрабаваў разрадзіць сытуацыю, пад яго кіраўніцтвам прайшлі перамовы, але дасягнуць трывалае дамовы не атрымалася. У 1700 роке Сапегі скарысталі Галоўны трыбунал ВКЛ супраць Коцелла, абвінаваціўшы яго ў фінансавых махінацыях. Шляхта зноў памкнулася на паспалітае рушэньне ды патрэбная была толькі нагода, каб вайна разгарэлася на поўную моц.

Прыдатны выпадак для аднаўленьня канфлікту знайшоўся, калі карэту Казіміра Сапегі абстраляў менскі шляхціц Себасцьян Цедроўскі. Сапега не пацярпеў, але зваротны ўдар не прымусіў доўга чакаць. Найуплывовых князёў Вішнявецкіх паранілі людзі Сапегі, верагодна, пераблытаўшы іх з Коцеллом. Пасьля гэтага род Вішнявецкіх далучыўся да рэспубліканскае кааліцыі, князь Міхась Серваці Вішнявецкі ўзначаліў аб'яднаныя сілы. Да падтрымкі кааліцыі схіляўся і канцлер ВКЛ Караль Станіслаў Радзівіл, зрэшты, ён не любіў унутраных неладоў, за гэта яму далі мянушку “Справядлівы”. На баку Сапег заставалася толькі сталіца, Ковенскі, Вількомірскі, Мазырскі ды Рэчыцкі паветы, астатнюю тэрыторыю ахапілі антысапежніцкія выступы.


Бітва пад Алькенікамі


15 кастрычніка 1700 року Бэнэдыкт Павел Сапега разьбіў шляхоцкае апалчэньне Мсьціслаўскага, Віцебскага, Ашмянскага ды Воршанскага паветаў пад Ашмянамі. Але асноўная бітва была наперадзе — буйныя сілы шляхоцкага апалчэньня ды варагуючых дамоў сышліся ля мястэчка Алькенікі Троцкага ваяводзтва 18 лістападу 1700 року. Сапегі мелі выдатна падрыхтаванае 2-3 тысячнае войска, якое пасьпяхова адбівала напады разрозьненых аддзелаў шляхты ў папярэднія рокі. Але ў гэты раз ім супрацьстаяла шматтысячнае войска канфэдэратаў пад кіраўніцтвам Вішнявецкага, Агінскага ды Коцелла. Лікавая перавага ды зручнае разьмяшчэньне дапамаглі кааліцыі атрымаць верх. Частка войска рэспубліканцаў зайшла ў тыл да Сапегаў, пасьля гэтага Казімір ды Бэнэдыкт Сапега пасьпяшаліся пакінуць поле бою. З жаўнерамі застаўся толькі сын гетмана Міхась Сапега. Ён здаўся пад гарантыі князя Міхася Вішнявецкага ды разам з іншымі палоннымі быў зьмешчаны ў кляштар у Алькеніках. Але п'яная шляхта, якую нацкоўваў віленскі канонік Крыштоф Беллазор, уварвалася ў кляштар ды расправілася з Сапегам і яго людзьмі.

Пасьля паразы пад Алькенікамі Сапегі пазбавіліся ўсіх займаных пасад, былі захоплены іх маёнткі, а Ружанскі палац разбураны. У краіне наступіў хаос, пераможцы сьпешна дзялілі ўладу — Коцелл стаў троцкім ваяводам, Агінскі атрымаў права на прыбыткі ад мытных пошлінаў, Вішнявецкі ўзначаліў узброеныя сілы, Радзівіл кіраваў канфіскаванымі валадарствамі, Беллазор адправіўся ў Варшаву прадстаўляць інтарэсы княства пры двары Аўгуста Моцнага. Супраціў рэспубліканцам працягваўся ў Быхаве — добра ўмацаваным валоданьні Сапег. У жніўні 1702 року места абсадзіла шляхоцкае войска пад началам генэрал-маёру Крыштофа Казіміра Сеніцкага, Быхаў пратрымаўся да кастрычніка, але ў выніку капітуляваў.

“Атрымаўшы перамогу, Алькеніцкая канфэдэрацыя прысудзіла Сапег да ўхіленьня ад пасад, страце гонару ды маёнткаў, а ўсім хаўрусьнікам Сапег пагражала выгнаньнем ды канфіскацыяю маёнткаў. Сапегі, асьцерагаючыся помсты шляхты, атуліліся ў Прусіі, а потым зьвярнуліся да караля зь просьбаю пра дапамогу”, — Уладзіслаў Смаленьскі, “Гісторыя польскага народу”.


Зь Хатняе вайны ў Паўночную


Але кароль не рызыкнуў дапамагаць Сапегам, таму яны шукалі новых хаўрусьнікаў. Ішла Паўночная вайна й новым заступнікам для выгнанага роду стаў швэдзкі кароль Карл XII. Швэдзкае войска прасоўвалася па тэрыторыі Рэчы паспалітае, у Варшаве абвясьцілі пра зрынаньне Аўгуста ды абраньне Станіслава Ляшчынскага новым манархам. Гэта дало Сапегам шанец на вяртаньне згубленых пазыцый, Ляшчынскі аднавіў іх у сваіх пасадах, але гэта быў толькі часовы посьпех, які трэба было бараніць. Ян Казімір Сапега (1672—1730 рр.), прадстаўнік новага пакаленьня роду, стаў вялікім гетманам літоўскім ды разграміў Рыгора Агінскага ў бітве пад Ляхавічамі ў 1709 роке.

Цалкам магчыма, што Сапегі ўзялі б рэванш у сваіх ворагаў, але ў гэтае вайне ўдзельнічалі куды больш магутныя сілы. Маскалёўскае войска ўвайшло ў ВКЛ, каб разграміць швэдаў ды іх хаўрусьнікаў. У бітве пры Лідухаве сілы Яна Казіміра Сапегі саступілі генэрал-фельдмаршалу войска Пятра I Генрыху фон Гольцу. У выніку Ляшчынскі прайграў барацьбу за ўладу, саксонскі курфюрст вярнуў сабе трон, што моцна стукнула па палітычных амбіцыях дому Сапег. Фактычна, яны паўтарылі долю Радзівілаў, якія апынуліся на грані краху пасьля зьвязу са швэдамі падчас “Патопу”. Толькі да 1714 року Сапегі вярнулі канфіскаваныя валадарствы ды пачалі павольна аднаўляць уплыў. Аляксандр Павел Сапега стаў вялікім маршалкам літоўскім, ягоны сын Міхась Антоні даслужыўся да падканцлера, а ў 1775 роке канцлерам стаў Аляксандр Міхась Сапега.

Кааліцыя пераможцаў прадказальна развалілася — у 1710 роке Казімір Дамінік Агінскі абвінаваціў Міхася Коцелла ў фінансавых парушэньнях ды Літоўскі трыбунал прысудзіў яго да сьмяротнага пакараньня. Потым пакараньне адмянілі, але млявапраяўная барацьба за ўладу паміж дамамі працягвалася ажно да падзелу Рэчы паспалітае.


P.S.


Грамадзянская вайна стала ня толькі пачаткам новае эпохі разбурэньняў, але й ярка паказала заняпад Рэчы паспалітае. Польшча ды ВКЛ імкліва гублялі суб'ектнасть, ператвараючыся ў прахадны двор эўрапейскіх войскаў. З гэтага часу кожны ўплывовы дом шукаў вонкавых заступнікаў у Швэцыі, Францыі, Масковіі, Саксоніі, Прусіі, Аўстрыі ды г.д. Але за замежную дапамогу заўсёды даводзіцца дорага плаціць — досыць успомніць узяцьце Канстантынопаля крыжакамі пасьля таго, як дынастыя Анёлаў скарысталася імі дзеля сваіх унутраных разборак. Таму падзелы Рэчы паспалітае сталі заканамерным вынікам безадказных паводзінаў эліты.

Максім Стэфановіч, магістар палітычных навук
“1863x” (пераклад: “Ju.K.”), 30 лістападу 2018 р.
===
Як зьмянялася вопратка да вонкавы выгляд магнатаў ды шляхты ВКЛ ад XIV да XVIII стагодзьдзяў
“Люблінская ўнія”, карціна Яна Матэйкі. На правым боку разьмясьціліся дэлегаты ад ВКЛ, у тым ліку Раман Сангушка (са сьцягам), Мікалай Радзівіл “Руды” (агаліўшы меч) ды Ян Хадкевіч (у чырвоным), што знаходзіцца ў вельмі прыгнечаным стане з-за страты незалежнасьці Айчыны
Парадны ўезд у палац Сапег у Ружанах, сучаснае фота
Бэнэдыкт Павел (леваруч) і Казімір Ян (праваруч) — два браты, якія здолелі засяродзіць уладу ў ВКЛ у руках рода Сапег
Грамадзянская вайна шляхты ВКЛ супраць роду Сапег доўжылася з 1696 па 1702 рок ды ў гістарыяграфіі атрымала назву “Хатняя вайна”. На фота — герб Сапег “Ліс”
Станіслаў Ляшчынскі (1677—1766 рр.) — вечны прэтэндэнт на пасад Рэчы паспалітае, быў стаўленікам Швэцыі. Першы раз яго абвясьцілі каралём і вялікім князем у 1704 роке, другі раз у 1733 роке, але процідзеяньне Масковіі перашкодзіла яму захаваць пасад



Создан 17 авг 2019



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter