ВКЛ было незалежным і ў Рэчы Паспалітае. І гэта ня міт

Ведай сваю сапраўдную гісторыю



У 1569 роке ў Любліне Вялікае Княства Літоўскае ды Польшча злучыліся ў Рэч Паспалітую. Але праз 19 рокаў новы Статут ВКЛ скасаваў большасьць палажэньняў Люблінскае уніі.


Што адбылося ў 1569 роке


Акт Люблінскай уніі ў прэамбуле, дзе была выкладзена праграма польскіх магнатаў, абвяшчаў, што Карона Польская ды Вялікае Княства Літоўскае злучаюцца ў “непадзельнае цэлае”. А вось у тэксьце акту былі ўлічаныя пажаданьні беларуска-літоўскае эліты.

Паводле ўмоваў Люблінскай уніі, манарх, заканадаўчы орган (Вальны сойм) і зьнешняя палітыка былі адзінымі, а ўсё астатняе — асобным. Але і гэтае няпоўнае абмежаваньне правоў ВКЛ пратрымалася нядоўга.


Гісторыкі спрачаюцца дагэтуль


Польскія гісторыкі праз усё ХХ стагодзьдзе спрачаліся і спрачаюцца дагэтуль, што ж узьнікла пасьля 1569 року. Нехта называе гэта адзінай дзяржавай, нехта фэдэрацыяй, нехта канфэдэрацый. А, напрыклад, славуты гісторык Станіслаў Закшэўскі лічыў Рэч Паспалітую саюзам незалежных дзяржаў.

Чаму? Таму што Статут 1588 року меўся стаць адаптаванай да Люблінскага акту копіяю Статут 1566 року, а на справе стаў гарантыяй самастойнасьці ВКЛ і шмат у чым умовы Люблінскага акту перакрэсьліў.

“Не касуючы самога Люблінскага акту, новы Статут фактычна пазбаўляў яго юрыдычнай сілы, паколькі не зьмяшчаў ніводнай пастановы аб уніі... Так у Вялікім Княстве набыў сілу галоўнага закону звод новых прававых нормаў, які, па сутнасьці, адмаўляў прынцыпы дзяржаўнай уніі з Каронай”, — пісаў гісторык Генадзь Сагановіч.


Што менавіта Статут перакрэсьліў


Вось найважнейшыя палажэньні Статуту 1588 року ды наступствы яго прыняцьця:

• Пра Люблінскую унію ў Статуце ня згадвалася ні словам;
• ВКЛ захавала Вальны сойм, які стаў называцца Вальным зьездам або канвакацыяй;
• Статут сьцьвярджаў, што найважнейшыя зьнешнепалітычныя пытаньні (вайна ды мір, скліканьне паспалітага рушэньня і іншыя) вырашаюцца толькі Вальным соймам (зьездам) ВКЛ;
• На тэрыторыі ВКЛ Статут скасаваў раўнапраўе польскай шляхты са шляхтай ВКЛ, трактуючы першую як чужаземную;
• Польскай шляхце зноў было забаронена купляць зямлю ў ВКЛ;
• Польская шляхта не магла займаць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ;
• Нават для праходжаньня польскага войска па тэрыторыі ВКЛ патрабавалася згода вялікага князя ды паноў-рады;
• Пасьля прыняцьця Статуту 1588 року абедзьве дзяржавы засталіся сувэрэннымі, захаваўшы свае ўрады, войска, грошы, судовую сыстэму і заканадаўства. Іх аб’ядноўваў толькі супольны манарх і сойм;
• Але і манарх, пасьля абраньня на сойме, павінен быў праходзіць цырымонію паўторнага абраньня ды прысягі ў Вільні як вялікі князь.


Незалежнасьці беларусы хацелі заўжды


Як такое сталася магчымым? Калі адказаць проста — бо нашы людзі хацелі незалежнасьці.

Эліты ВКЛ так моцна цанілі незалежнасьць, што выставілі ўмовай прызнаньня выбранага ў 1587 роке караля Жыгімонта ІІІ Вазы зацьвярджэньне ім новага Статуту. Кароль быў вымушаны Статут падпісаць, нягледзячы на вялікае супраціўленьне палякаў.

У выніку Вялікае Княства Літоўскае захавала дзяржаўную самастойнасьць да апошняга падзелу Рэчы Паспалітае у 1795 роке, а старабеларуская мова пасьля 1588 року яшчэ больш за 100 рокаў заставалася дзяржаўнаю.


Сяргей Абламейка
“Радыё Свабода”, 4 верасьня 2019 р.



Создан 06 сен 2019



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter