Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі

Зьбіцьцё, катаваньні, забойствы — звычайны фашызм...



"Мы дамовіліся маўчаць, каб усім хапала паветра"

 

"Радыё Свабода" зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 року. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

 

 

"Раўлі, што нас шпігуюць наркотыкамі, плацяць даляры"


Ігар Крупскі, затрыманы 9 жніўня:

— Я быў незалежным назіральнікам на 83-м участку Маскоўскага раёна Менску. Дырэктар 181-й школы выклікала міліцыю.

Мяне ўзялі пад рукі і павялі ў аўтобус. Абражалі, білі. Потым перасадзілі ў аўтазак. Быў адзін малады амапавец вельмі нізкага росту зь нежывым позіркам. Схапіў мяне за горла і спрабаваў душыць, убачыў белую стужку, закрычаў, маўляў, ты — вырадак ціханоўскі! Пры перасадцы з аўтазаку ў аўтазак білі дубінкамі або ў жывот.

На Акрэсьціна нас сустракала калёна амапаўцаў, зьбівалі дубінкамі. Ужо было незразумела, хто біў, куды біў. Я адчуваў удары і разумеў, што трэба бегчы наперад, каб ня ўпасьці. Тых, хто падаў, наагул дабівалі.

Раўлі, што нас шпігуюць наркотыкамі, плацяць даляры. Казалі: вось ваша Ціханоўская ўжо зваліла, а вы, лохі, тут, а на вуліцах ужо ўсё ціха. Ім у кайф, калі ты крычыш, просіш прабачэньня. Мне нанесьлі дзесьці 15 удараў. Я ног не адчуваў.

Амапаўцы баяліся нас перавозіць у Жодзіна. Разумелі, што ўсякае можа адбыцца. У Жодзіне мне прыляцела некалькі ўдараў у грудзі, па галаве, у жывот. Потым нас загналі ў прагулачную. Я стаяў і ня мог дыхаць. Першую ноч мог спаць толькі на баку і абаранкам. Задыхаўся. Дактароў не даклічасься…

У Жодзіне нас палохалі "маскамі". Гэта калі ў камэру залятаюць людзі ў масках і пачынаюць безупынна біць. Таму ніхто не хацеў залазіць на другі паверх, усе баяліся, што пачнуць сьцягваць з другога паверху, а там мэталічныя абадкі. Але гэта ўсё было запалохваньне.


"9 жніўня ў 17:30 на выбарчы ўчастак прыехаў АМАП. Сказалі: "Пройдемте"


Юлія Галіеўская, дызайнэр, назіральніца на выбарах на ўчастку ў менскай школе №205:

— 9 жніўня ў 17:30 на ўчастак прыехаў АМАП. Прыехалі 20 чалавек, узялі за плячо, сказалі: "Пройдемте". Мяне заштурхалі ў аўтобус да 10 амонаўцаў, і мы прыехалі у ІЧУ на Акрэсьціна.

За што канкрэтна затрымалі, не патлумачылі, не назваліся. У чатырохмясцовай камэры я сядзела разам з 35 сукамэрніцамі.

Там не было паветра, кожны сантымэтар быў заняты. Мы прасілі нас расфармаваць неяк. На гэта адчыняліся дзьверы — і вылівалі вядро вады проста на нас. Нас не кармілі, ніякіх перадач не дазвалялі, ні мэдыкамэнтаў, нічога. Нават банальна не было пракладак.

Увесь час прыніжалі, мацярыліся і раўлі: "Чаго вы дома не сядзелі, чаго катлеты ня смажылі". Па начах мы чулі, як хлопцаў выводзілі з камэраў. Чулі, як іх б’юць, як яны крычаць. А потым, калі нас выводзілі на пастраеньне, я бачыла на сьценах у калідоры кроў.
У мяне было два суды ад розных раёнаў гораду. Чаму так, я ня ведаю. Прычым усе суды былі ў СІЗА. Яны праходзілі зусім ня так, як у звычайным жыцьці. Мяне выклікалі ў кабінэт. У кабінэце была судзьдзя. Яна спытала: "Вы давяраеце суду?" — "Так, давяраю". Спыталася, што я рабіла 9-га ўвечары. Запісала паказаньні. Потым: "Чакайце рашэньня".

Рашэньне агучыў у камэры зусім іншы чалавек — мужчына ў цывільным адзеньні. Усім далі па 15 сутак. Потым быў другі суд. У пратаколе было напісана, што мяне схапілі ў 22:00 на праспэкце Пераможцаў за тое, што я крычала "Жыве Беларусь!" і іншыя лёзунгі.

Я не пагадзілася з пратаколам, і гэты суд мне даў 4 сутак. Многія слухалі рашэньне суду, стоячы тварам да сьцяны і ня маючы магчымасьці увогуле нешта сказаць судзьдзям.

Мяне перавялі ў Жодзінскую турму. Там пасьля Акрэсьціна ўмовы былі лепшыя: 13 чалавек у камэры на 2 ложкі.

У Жодзіне не было ніякай інфармацыі, не было ніякіх дакумэнтаў на людзей увогуле. Таму я пераседзела дзень, бо не маглі разабрацца з дакумэнтамі пра мяне.

Перажыць гэта вельмі цяжка. На Акрэсьціна было проста пекла. Я пакутую ад панічных атак, прымаю таблеткі ад гэтага. Прасіла мэдычнай дапамогі, мне далі нашатыр. Жанчыны прасілі інсулін — ім адмаўлялі. Была проста думка выжыць, перажыць і ня ўпасьці ў адчай. Мы стараліся падтрымліваць адно аднога, каб проста ня ўпасьці духам.


"Мы дамовіліся маўчаць, каб усім хапала паветра"


Яна, творчы работнік:

— 9 жніўня каля 21:00 мы стаялі на скрыжаваньні Машэрава і Незалежнасьці. "Грабень" амона прайшоў міма нас, бо асноўная масоўка была каля Палаца спорту. Потым яны рушылі назад і затрымалі майго знаёмага. Я пайшла за амонам. Мне крычалі: сыдзі, але я вырашыла, што нікуды не пайду. Тады мне адчынілі дзьверы, і я зайшла ў аўтазак. Мужчыны, якія там былі, сустрэлі маё зьяўленьне аплядысмэнтамі.

Аўтазак быў цалкам забіты. Як і ўсіх астатніх затрыманых, мяне адвезьлі на Акрэсьціна ў аўтазаку, які быў падзелены на маленькія камэры — "стаканы". Ужо на Акрэсьціна я сядзела спачатку ў чатырохмясцовай камэры з 19 дзяўчатамі, а потым у 6-мясцовай з 50 сукамэрніцамі. Суд у мяне быў, як і ва ўсіх, — у СІЗА. Я не згадзілася з тым, што было напісана, і атрымала 4 сутак.

З намі сядзела выкладчыца ангельскай мовы, мама пяцярых дзяцей, дызайнэр. Затрымлівалі ўсіх па-рознаму. Напрыклад, да нас патрапіла дзяўчына, якая прыехала чакаць сябра каля Акрэсьціна.

Нас не кармілі, вада для піцьця была з-пад крана. Піць яе немагчыма. Суткі мы трывалі, а пасьля пачалі піць. Спалі мы як маглі. Па чатыры дзяўчыны сядзелі на ложках і наверсе. Нехта пад сталом, нехта на тумбачцы, хтосьці — у тумбачцы ці пад нарамі. Апошняй ноччу перад ад’ездам у Жодзіна, у аўторак, нам кожную гадзіну грукалі ў дзьверы. Абавязкова трэба было ўсім устаць і пашыхавацца.

Паветра не хапала. Мы дамовіліся маўчаць, каб усім хапала паветра. Калі адчынялі "кармушку", станавілася крыху лягчэй. Але яе зачынялі, калі мужчын выводзілі зьбіваць. Мужчын выводзілі ў асноўным ноччу, каб ніхто ня чуў. Але чутно было ўсё выдатна, як і падтрымка людзей за плотам.

Супрацоўніцы Жодзінскай турмы, калі пачулі нашы гісторыі, яны плакалі. Там нас пакармілі першы раз за трое сутак.

У чацьвер ноччу мяне адпусьцілі, я шукала рэчы. Нам сказалі, што хто прыехаў з "Асьвенцыма", таго рэчаў тут няма. У нас тут няма ніякіх чалавечых правоў. Адчуваньне, што яны тут могуць рабіць усё. На трэці дзень у мяне здарылася гістэрыка. Мне стала здавацца, што я застануся тут назаўжды.

Дарэчы, мала хто ведае, што потым давядзецца заплаціць за ежу 13,5 рубля за суткі. Столькі мне налічылі ў ІЧУ места Жодзіна.

 


"Ксенія Ўрублеўская зь Ленінскага суду дала мне 9 сутак"


Давід Гавейновіч, 24 рока, Магілёў:

— 9 жніўня ўвечары вяртаўся з працы зь дзяўчынаю па пешаходнай вуліцы. Сустрэтыя амапаўцы параілі ісьці з вуліцы, бо далей, казалі яны, "людзей забіраюць". Збочылі ў адзін з двароў, каб прайсьці на прыпынак. Раптам пачулі воклічы: "Жыве Беларусь!" — і празь нейкі час на нас выскачылі зь дзясятак экіпіяваных міліцыянтаў без апазнавальных знакаў, у шаломах. Мы кінуліся наўцёкі. Яны за намі. Бегучы, крычалі "Падлюга!", "Хадзі сюды, жывёла!", "Чаму крычаў?!".

Мяне дагналі. Білі на вачах у маёй дзяўчыны. Яна потым расказала, як тое адбывалася. Я запомніў толькі, як заламалі рукі, павалілі, выцялі дручком па носе ды пайшла кроў (дагэтуль шорты ў крыві ляжаць). А затым па галаве. Са словаў дзяўчыны, потым білі нагамі па рэбрах, бо я прыкрываў галаву. Пабіўшы, паставілі на ногі.

Завялі ў аўтазак і кінулі спачатку ў аднамясцовую камэру. Але, паколькі ў мяне прыроджаны парок сэрца і была апэрацыя, то мне стала блага. Пачаў грукаць у дзьверы і патрабаваць, каб мяне адпусьцілі. Перасадзілі ў іншую камэру, на пяцёх. Пры гэтым сказалі, каб я не прыдурваўся.

Аўтазак напоўнілі хлопцамі і дзяўчатамі і прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Там мне стала яшчэ горш. Адняліся рукі, іх наагул не адчуваў, ня мог нават паварушыць. Мне далі нейкую пігулку, ад якой стала лягчэй.

Затрыманых сабралі ў спартовай залі. Забралі тэлефоны і праглядалі іх. У маім разьбілі камэру, каб не здымаў. Калі ўладальнік быў падпісаны на "Нехта", "Белсат", "Голас", то пакідалі ў аддзеле. У каго такіх падпісак не было, адпускалі. Я быў падпісаны на ўсё. Адпраўляў бюлетэнь за Ціханоўскую. Да 7 раніцы наступнага дня нас пратрымалі ў "малпоўні". Пасадзілі ў аўтазакі, каб весьці ў ізалятар, але пратрымалі ў іх яшчэ гадзіны тры.

У самім ізалятары мы правялі таксама гадзіны тры. Нам не давалі тэлефанаваць родным. Рэчы ўсе забралі. Потым зноў завялі ў аўтазак і завезьлі ў турму №4. Для нас у ёй вызвалілі цэлы паверх. У турэмнікаў стаўленьне да нас было нармальным.

У ізалятары я казаў аб праблемах з сэрцам (стаіць штучны кляпан). Мне давалі толькі валідол (пэрыядычна яго сам прымаю, і мне дапамагае), і ўсё. Са мною сядзеў хлопец-астматык. Яму двойчы давалі пігулкі, і ён хадзіў трое сутак з чырвоным тварам. Яму прысудзілі 30 базавых і выпусьцілі.

На трэція суткі ў мяне быў суд. Нас усіх паставілі ў калідоры тварам да сьцяны. З кабінэта судзьдзі выходзіў нейкі начальнік і казаў: хто прызнае віну, таму даюць 6 ці 7 сутак, а калі не, то 15.

Судзіла мяне судзьдзя Ленінскага суду Ксенія Ўрублеўская. Віны я не прызнаў. Тлумачыў, як мяне затрымлівалі. Сказаў, што ішоў з працы зь дзяўчынаю і мяне пабілі. На маю заяву пра сэрца суд не зьвярнуў увагі. Мне далі 9 сутак. На пятыя суткі ўсіх адпусьцілі.

Я ўжо абскардзіў пастанову судзьдзі Ўрублеўскай і напісаў скаргу ў Сьледчы камітэт наконт зьбіваньня і пашкоджаньня тэлефона. Пабоі зьняць не пасьпеў, але сфатаграфаваў іх. Пашкоджаньні былі на локці, калені, носе, бачыне. На рэбрах, пакуль сядзеў, сінякі сышлі.

Сама сытуацыя, у якой я пабываў, жахлівая. Міліцыя павінна берагчы нас. Яны створаныя, каб бараніць простых грамадзян. Але тое, што яны тварылі, гэта як іх з ланцуга спусьцілі. Калі мяне выпусьцілі, я пабачыў, што рабілі на Акрэсьціна. Гэта жахліва, і так не павінна быць.

 


"Моцна зьбілі і маёй рукой паставілі нейкі кручок на пратаколе"


Аляксандар Лук’янскі, 26 рокаў. 11 жніўня вяртаўся дадому з працы на таксі:

— Сеў у машыну, і мы пачалі ехаць, праехалі хвілін 15-20 і трапілі ў паток машын, якія сыгналілі. Нас спынілі супрацоўнікі ДАІ, кіроўца выйшаў для праверкі дакумэнтаў. Мне таксама сказалі выходзіць з машыны. Я спытаў, якая прычына, і зачыніў дзверы.

Супрацоўнікі міліцыі паміж сабой гаварылі па рацыі, камусьці нешта паведамлялі, а празь некалькі хвілін да машыны, дзе я сядзеў, падбеглі чатыры амапаўцы, адчынілі дзьверы сілай і дасталі мяне з машыны.

Мяне пачалі жорстка біць. Білі па галаве, я страціў прытомнасць. Тое, што адбывалася, памятаю эпізодамі. Потым разумею, што мяне цягнуць за рукі, ногі, а калені мае валакуцца па зямлі. І пасьля закінулі ў аўтазак.

У аўтазаку я прабыў некалькі гадзін, туды зноў і зноў закідвалі затрыманых. У нейкі момант дзверы ў "стакан", дзе я знаходзіўся, зноў адчыніліся.

Я падумаў, можа выпускаюць, таму што аўтазак стаяў на месцы і нікуды не ад'яжджаў. Але мяне сталі зноў біць, сказалі: "Гэта табе дабаўка!" Я прыкрываўся, як мог, але ўсё роўна моцна пабілі.

Яшчэ праз гадзіну ці дзьве, калі аўтазак цалкам запоўнілі затрыманымі, спэцтранспарт паехаў у Першамайскі РУУС.

Мяне завялі наверх у кабінет і прымусілі падпісваць пратакол аб удзеле ў акцыі. Натуральна, я яго падпісваць ня стаў. Тады мяне сталі за гэта жорстка біць, а потым узялі маёй рукой і паставілі нейкі кручок на пратаколе. Потым яшчэ білі і сказалі: "Адводзьце гэта гаўно адсюль". Мяне павялі, я не разумеў, куды вядуць, думаў, можа назад у камэру, але мяне адвялі ў спартовую залю. У спартзалі знаходзіліся каля 30 чалавек, усе стаялі на каленях, рукі трымалі за галавой. Мне таксама сказалі прыняць такую позу. Мы стаялі так дзесьці з гадзіны-дзвюх ночы да трох гадзін наступнага дня. Давалі адпачыць — легчы на жывот. Але тым, хто перагаворваўся ці спрабаваў глядзець — супрацоўнік у цывільным аддзеньні падыходзіў і біў з нагі пад жывот, абзываў затрыманых матнымі словамі.

У спартзалі былі міліцыянты ў масках і балаклавах і ў форме. Яны хадзілі пастаянна з дубінкамі. Спачатку затрыманым не давалі ні вады, ні ў прыбіральню схадзіць. Дазволілі зрабіць гэта толькі каля 15 гадзін 12 жніўня, калі па затрыманых падагналі аўтазак.

Называлі прозвішчы, мы забралі рэчы — мой тэлефон быў разьбіты. Нас адвезлі на Акрэсціна ў ЦІП, "выгрузілі", сказалі нікуды не глядзець, тварам у падлогу, рукі за галаву, паставілі на калені на траву на тэрыторыі ЦІП.

Былі чуваць крыкі жаху і болю затрыманых, якія знаходзіліся ў будынку, і іх жорстка білі. Крыкі былі такія гучныя, што станавілася жудасна і страшна: ты ведаеш, што цябе туды павядуць і ты можаш адтуль выйсьці інвалідам; магчыма, цябе нават вынесуць зь цяжкімі траўмамі і ты памрэш. Думкі былі розныя.

У двары ЦІП затрыманых трымалі каля пяці гадзін. Калі прыяжджаў нейкі начальнік, то людзей білі яшчэ больш жорстка, бо трэба было даць справаздачу перад начальствам, як вядуцца работы з затрыманымі.

Калі начальнік зьехаў, стала крыху спакайней, але зьбіваньне працягвалася. Потым нам ужо дазвалялі легчы на траву і сказалі "разьмінайцеся", г.зн. можна было ногі выцягваць, хтосьці мог адціскацца. Але зямля была сырая, было вельмі холадна, ляжаць было дужа некамфортна.

Мне стала дрэнна, я траціў прытомнасьць. Пад'яжджалі брыгады хуткай дапамогі і аглядалі затрыманых, вызначалі, хто мае патрэбу ў шпіталізацыі. Да мяне падышлі і сказалі, што мяне будуць забіраць. Мяне павялі ў машыну хуткай дапамогі, было падазрэньне, што ў мяне зламаныя рэбры і праблема зь лёгкім — было цяжка дыхаць.

Былі яшчэ пацярпелыя, якіх лекары хуткай хацелі забраць, але ім не далі гэтага зрабіць.

Падышла мясцовая лекарка зь ЦІП — жанчына рокаў 40+, цёмныя валасы, кароткая стрыжка — і сказала: "Як на мітынгі вы, сукі, можаце ісьці, а тут усё па "хуткіх" хаваецеся". Таксама падышоў мужчына рокаў 45 у касьцюме і сказаў мэдыкам БХМД, што ў іх ёсць свае лекары і свая мэдыцына.

Крыкі людзей, якіх білі, працягваліся ўвесь гэты час, там было проста нейкае пекла, я ня ведаю, якімі словамі гэта ўсё пераказаць.

Па рацыі сказалі, што трэба аднаго выносіць. Я падумаў, што можа каго забілі, але аказалася, што 18-рочнаму хлопцу дубінкамі зламалі таз. Яго вынеслі на насілках і пагрузілі да нас у машыну "хуткай".

Машына стаяла яшчэ каля гадзіны, пакуль мэдыкам і пацярпелым дазволілі пакінуць тэрыторыю ЦІП.

 


"Хлопец быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні"


Аляксей Шпока, хірург Берасьцейскай гарадзкой лякарні хуткай мэдычнай дапамогі:

— Дзяжурства 10 жніўня я запомню на ўсё жыцьцё. А 10-й вечара пачалі прывозіць пацярпелых, аднаго за адным.

У тую ноч лякарня нагадвала ваенна-палявы шпіталь. Хворых сартавалі паводле "прынцыпу мэдыцыны катастроф" — на тых, каго неадкладна трэба было апэраваць, менш цяжкіх і тых, хто мог чакаць. За суткі ў лякарню па дапамогу зьвярнуліся каля 100 чалавек, 29 зь іх шпіталізавалі. Людзі былі з рознымі траўмамі: параненыя з агнястрэлу, пабітыя, у траўматычным шоку.

Уявіце, прывозяць сіняга чалавека практычна без прытомнасьці. Да нас прывезьлі такога хлопца — кулявых раненьняў у яго не было, але ён быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні.

З параненых вымалі 2 віды куль — плястмасавыя і гумовыя; характар пашкоджаньняў і проста вырваныя кавалкі плоці памерам з кулак сьведчаць пра тое, што стралялі ва ўпор.

Я спрактыкаваны хірург, бачыў за 17 рокаў шмат што, праводзіў багата гадзін запар, стоячы на нагах за апэрацыйным сталом, але ў той момант цяжка было не ад нагрузкі. Цяжка было ад усьведамленьня таго, што гэтыя раненьні маладыя хлопцы атрымалі ў мірны час у сваёй роднай краіне і родным месьце.

Ува ўсіх шпіталізаваных узялі аналіз крыві на наяўнасьць алькаголю, але сярод тых, каму дапамагаў я, п’яных не было. Узрост пацярпелых — ад 17 да 52 рокаў.

Лекары — апалітычны народ. Калі табе прывязуць амапаўца, ты будзеш яго лячыць. Але калі тэлефануюць калегі зь Менску і расказваюць, як там лупцуюць лекараў, пакет на галаву надзяваюць — ці можна заставацца спакойным? Нават немцы такога не рабілі. Я бачыў шмат страшных рэчаў за гэтыя 17 рокаў, але такога яшчэ ня бачыў.

 


"Спытала ў міліцыянтаў, як дабрацца дадому. У адказ пачалі біць"


Ганна, 30 рокаў, вядучы графічны дызайнэр

— 11 жніўня пасьля 23:30 я вярталася дадому. З вуліцы Маскоўскай ішла ў раён Гарадзкога вала. Паднялася на мост паміж Інстытутам культуры і плошчай Незалежнасьці, а калі спускалася, убачыла некалькі супрацоўнікаў міліцыі.

Я падышла да іх і спыталася, як можна дабрацца дадому. Мне сказалі, што альтэрнатыўнага варыянту няма, прапанавалі правесьці. Пакуль ішлі, разгаварыліся, міліцыянты сказалі, што праводзяць мяне для маёй жа бясьпекі. Дайшлі да іх начальніка ў касьцюме "касманаўта", ён сказаў, што правядзе мяне далей. Сказаў, што па дарозе праверыць мае рэчы.

Мы дайшлі да Чырвонага касьцёла, каля якога быў прыпаркаваны аўтобус, вакол яго стаяла шмат АМАПу. Нечакана мяне закінулі ў аўтобус і пачалі біць. Білі нагамі, дубінкамі, адзін раз трапілі па галаве, на лбе адразу вырасла вялікая гематома (яе наступствы і цяпер можна пабачыць). Мне крычалі, што я каардынатарка пратэстаў, патрабавалі прызнацца, хто мне плаціць. Я адказвала, што не разумею, пра што яны гавораць, і за кожны такі адказ мяне зноў білі. Гэта быў самы страшны вечар у маім жыцьці.

Пасьля адправілі ў РУУС Маскоўскага раёну. Там разам зь іншымі людзьмі завялі ў вялікае памяшканьне, на падлозе былі кроў і ваніты, вакол каля 40 чалавек. Кінулі на падлогу; гледзячы на дрэды, сталі казаць, што зараз падстрыгуць.

Пасьля мяне завялі ў кабінэт на допыт. Пасадзілі на крэсла, вакол сядзелі сем супрацоўнікаў міліцыі і патрабавалі расказаць, хто праплаціў маю "падрыўную дзейнасьць". Я зноў спрабавала растлумачыць, што не разумею, пра што гаворка. З-пад мяне выбілі крэсла і сказалі легчы на падлогу. Працягвалі задаваць тыя самыя пытаньні і, калі адказ не задавальняў, білі дубінкамі ніжэй сьпіны.
Адтуль мяне адвялі ў памяшканьне, падобнае на актавую залю, дзе было больш за 40 хлопцаў і дзяўчат. Пасадзілі, ззаду падышоў міліцыянт і намаляваў нешта балёнікам у мяне на байцы.

Пазьней высьветлілася, што гэта быў знак, якім пазначаюць самых актыўных удзельнікаў пратэсту.

Усю ноч мы сядзелі ў гэтай залі, вакол нехта прасіў выклікаць "хуткую", некага ванітавала, але дапамогі нікому не аказвалі.

Раніцай палове прысутных раздалі пратаколы. Калі падпісвалі — адпускалі. Прыехала машына, і частку людзей пачалі пакаваць на Акрэсьціна. Хлопцаў вельмі шчыльна пасадзілі ў агульнае памяшканьне; трох дзяўчат, у тым ліку і мяне, — у "стакан". Усе вокны былі зачыненыя, і людзі хутка пачалі задыхацца.

На Акрэсьціна нас вывелі ў двор і паставілі тварам да сьцяны. Хлопцаў паклалі на зямлю тварам уніз. Усяго было каля 80 чалавек. Дзяўчат пакінулі ў двары, хлопцаў кудысьці павялі.

Усю ноч мы сядзелі ў памяшканьні з бэтоннымі сьценамі бяз даху, многія былі ў майках і шортах і жудасна зьмерзьлі. У гэты час за сьцяной жорстка білі мужчын: мы чулі крыкі, стогны, гукі ўдараў. Дзяўчаты пазнавалі галасы сваіх хлопцаў і калаціліся ад жаху. Так працягвалася ўсю ноч.

Удзень нас пасадзілі ў камэру на чацьвярых, у розны час у ёй сядзелі ад 35 да 40 чалавек. Некаторыя людзі ня елі суткі, некаторыя двое. Было страшна глядзець на жанчыну, якую затрымалі разам з мужам; яна прасіла даць ёй патэлефанаваць, бо дзеці дома засталіся адны.

На трэці дзень з моманту майго затрыманьня мне сказалі, што трэба падпісаць паперу — папярэджаньне пра тое, што калі мяне затрымаюць наступны раз, я буду несьці крымінальную адказнасьць. Я сабрала свае рэчы і выйшла на вуліцу, дзе мяне, як і ўсіх вызваленых, сустрэлі валянтэры.

 


"Мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса"


Павал Сібілёў, 48 рокаў, кіроўца аўтобуса №163, якога паранілі 10 жніўня:

— Звычайны маршрут, ніхто ня думаў, што такое можа здарыцца.

Калі мяне сюды прывезьлі, крычаў ноч і дзень, болі былі пякельныя. Спачатку ляжаў у рэанімацыі, а з 16 жніўня перавялі ў агульную палату. Было ўжо некалькі апэрацыяў, перасадзілі скуру на сьпіну — са сьцягна. Не адчуваю трох пальцаў на левай руцэ, таксама нешта пацэліла — кулі або яшчэ што.

Я выехаў з Сухарава, праца ўжо падыходзіла да канца, заставалася паўтара круга. Але хутка пасьля адпраўленьня пачаліся заторы. Паміж прыпынкамі каля мэтро "Спартыўная" і "Пушкінская" ёсьць вуліца Данілы Сердзіча — там, напэўна, гадзіну стаяў. З узвышэньня бачылі, што ўнізе выбухі, дымавая заслона, страляніна.

Я выходзіў на вуліцу пагаварыць з калегам-тралейбусьнікам. А потым вяртаўся ў свой аўтобус.

Стаў уваходзіць у дзьверы, заставалася толькі нагу падняць на прыступку — і мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса. А потым яшчэ зьверху кулямі... Гарэла кашуля, скура на сьпіне выбухнула. Мяне як быццам паралізавала. Людзі гасілі, выклікалі "хуткую". Крычалі, каб не было гармідару — баяліся, што сілавікі пачнуць страляць.

Пасьля раненьня ў палату прыходзіў сьледчы, распытваў, як і што адбылося.

Я не разумею, на якой падставе пачалі страляць. Людзі выказвалі сваю незадаволенасьць, але яны проста хадзілі, сьмяяліся, ехалі матацыклісты — сьвісьцелі. Абсалютна ніякай сілы супраць іх ня трэба было ўжываць. Пастаялі б, пасыгналілі і разьехаліся. Навошта прымяняць гвалт?

У мяне трое дзяцей. Сям’я з Маладэчна, сам я падчас працы жыў у адным са сталічных інтэрнатаў. Валянтэры ўжо дапамаглі знайсьці кватэру ў Менску, каб на час аднаўленьня блізкія былі побач.

 


"У Партызанскім РУУС прымусілі на каленях сьпяваць гімн РБ і пры гэтым білі дубінкамі"


Кірыл, 21 рок, адміністратар крамы:

— 12 жніўня я пасьля трэніроўкі ехаў на працу. Стаяў на пераходзе на вуліцу Машэрава, да працы заставалася прайсьці 50 мэтраў. Пад’ехаў мікрааўтобус з танаванымі шыбамі, адчыніліся дзьверы. Людзі ў машыне сказалі: "Падыходзь, нічога ня бойся, табе нічога ня будзе". Пасадзілі ў аўтобус, забралі тэлефон і кудысьці павезьлі. У машыне некалькі разоў выцялі па галаве. Прывезьлі да аўтазака.

У аўтазаку амапавец мяне паклаў на падлогу тварам уніз, спытаўся: "Перамен захацелася?" і пачаў біць нагамі. Вакол сядзелі іншыя затрыманыя, чалавек 15. Мяне пасадзілі ў "пэнал" зь яшчэ трыма мужчынамі. Машына яшчэ нейкі час кружляла па горадзе, падабралі яшчэ некалькі чалавек і павезьлі ў РУУС Партызанскага раёну. Вывелі з аўтазака, завялі ва ўнутраны двор міліцыі. У кожнага пыталіся прозьвішча, імя, дату нараджэньня і патрабавалі легчы на падлогу. Пасьля гэтага пачыналі біць нагамі, у тым ліку па твары. Затрыманых было больш за 30 чалавек, білі кожнага па чарзе. Напэўна, якраз у гэты момант мне зламалі нос.

Пасьля нас, чалавек 15, адвялі ў падвал, дзе прымусілі сьпяваць дзяржаўны гімн і білі пры гэтым дубінкамі. Затым павялі на вопіс маёмасьці, якую ў нас забралі, і зноў адправілі ў падвал ляжаць на падлозе. Прайшло паўтары гадзіны, прыйшлі амапаўцы, паставілі на калені і зноў прымусілі сьпяваць гімн. Затым мяне і іншых затрыманых перавялі ў камэры, а праз паўтары гадзіны вывелі адтуль, зноў пабілі і павялі ў аўтазакі.

Затрыманых павезьлі на Акрэсьціна і пасадзілі ў прагулачны двор, усяго там было каля 50 чалавек. Выклікалі па прозьвішчах, кагосьці адпраўлялі ў суд, кагосьці ў Жодзіна.Так працягвалася да 18:00. Пасьля гэтага людзей перавялі ў камэру, разьлічаную на 7-8 месцаў. У яе пасадзілі 36 чалавек.

У такой камэры знаходзіцца было цяжка. Людзі мяняліся кожныя паўтары гадзіны, каб проста пасядзець, паспаць. Было вельмі душна, цяжка дыхаць. Першы раз мяне пакармілі праз суткі, у камэру прынесьлі ежу: па кавалачку хлеба і палавінцы сасіскі на чалавека. На ўсіх не хапіла, давялося дзяліцца. Яшчэ праз паўтары гадзіны далі кашу, агурок і хлеб. З вадой праблем не было, пілі з-пад крана. Гадзіны ў дзьве ночы нас сказалі, што ўсіх вызваляюць.

Перад вызваленьнем прымусілі падпісаць папярэджаньне аб удзеле ў несанкцыянаваных мітынгах. Я спрабаваў растлумачыць, што ніякага дачыненьня да мітынгу ня меў, проста ішоў на працу, але мяне ніхто ня слухаў.

Мае блізкія ўвесь гэты час ня ведалі, дзе я, што са мной адбываецца. Апошні раз я размаўляў з мамай перад трэніроўкай. Яна шукала мяне па знаёмых, лякарнях, турмах. Як высьветлілася пазьней, у пратаколе затрыманьня былі няслушныя зьвесткі, прозьвішча напісалі правільна, а імя — не.

Складана сфармуляваць, што я думаю пра ўсё гэта. Я бачу, што жыву ў краіне, дзе страшна нават праехаць ад дому да працы, могуць загрэбці кожнага. Але баюся я хутчэй не за сябе, а за сваіх родных і блізкіх, якія могуць прапасьці, і ніхто не даведаецца, дзе яны знаходзяцца.

 


"Маёр крычаў, што ўсіх перастраляе, у яго на гэта прамы загад"


Юры, грузчык:

— Гэта было 10 жніўня, каля пяці вечара мы вярталіся з майго дня нараджэньня. Маршрутка спынілася каля Менгарвыканкаму, кіроўца сказаў, што далей не паедзе, праспэкт перакрыты.

Мы з жонкай акуратна дайшлі да цырку, хацелі пайсьці на Нямігу, сесьці на грамадзкі транспарт і паехаць дадому. Каля парку Янкі Купалы чую крык: "Гэтага браць!".

На мяне накінуліся людзі ў форме і заламалі. Жонка спрабавала мяне трымаць, яе білі дубінкай па руцэ. Я крычу: "Маша, ідзі, хутчэй уцякай, дома трое дзяцей, будзе бяда!".

Лупцаваць пачалі адразу, падвёўшы да жоўтага аўтобуса. У аўтобусе былі чалавек дзесяць затрыманых. Сьледам за мной пачалі біць жанчыну, білі па галаве, яна траціла прытомнасьць. Мы патрабавалі выклікаць "хуткую", але ўсіх, хто падаваў голас, жорстка білі, крычалі, што прыбыло "сьвежае мяса". Заштурхалі ў так званыя "стаканы" ў аўтазаку па пяць чалавек.

Нас прывезьлі ў РУУС Савецкага раёну, паставілі ўздоўж сьцяны. Усяго стаялі каля 80 чалавек. Пасьля гэтага мы роўна суткі "віселі на плоце": з рукамі за галавой, тыльным бокам далоняў да патыліцы. Пэрыядычна ў двор выходзіў маёр, крычаў, што ўсіх перастраляе, у яго ёсьць для гэтага прамы загад. Ён праходзіў уздоўж шэрагу людзей і біў іх дубінкай, некаторыя падалі, самлеўшы. Побач са мной стаяў чалавек са зламанай рукой, ніякай дапамогі яму не аказвалі. Ужо ноччу нам часам дазвалялі прысесьці на 15 хвілін, пасьля зноў падымалі.

Але самы кашмар пачаўся на наступны дзень, калі прыехалі аўтазакі развозіць затрыманых па турмах.

Людзей білі сьмяротным боем, кожнага паасобку прымушалі бегчы ўздоўж плота, пакуль чалавек бег, яго білі. На гэтым усё ня скончылася. Нас паклалі на падлогу аўтазака, рукі заломвалі за сьпінай і зацягвалі петлямі так, што немагчыма было паварушыцца.

Побач са мной быў хлопец, які крычаў, што ён журналіст СТВ, прасіў патэлефанаваць начальству, ніхто не рэагаваў. Нас працягвалі зьбіваць, напрыклад за тое, што чалавек падняў галаву. У аўтазаку нас было 26 чалавек. Ужо на пад’езьдзе да турмы ў Жодзіне нас разьвязалі, дазволілі сесьці, далі папіць вады.

У Жодзіне мы прастаялі 2,5 гадзіны, чакалі сваёй чаргі, машын з затрыманымі было вельмі шмат. На прыёме нас сустракалі сілавікі ў зялёнай форме, яны сталі калідорам з 20 чалавек і кожнага затрыманага прапускалі празь яго, б’ючы.

Супрацоўнікі турмы былі ў жаху, пыталіся: "Што ў вас у Менску адбываецца? У нас камэры на 10 чалавек, даводзіцца туды закідваць па 60, людзі вісяць адзін на адным".

Да камэры я не дайшоў. Доктарка, якая мяне аглядала, сказала: "Гэтага ў лякарню". Разам са мной забралі хлопца з раненьнем, падобным на агнястрэльнае, у раёне пахвіны.

Што я магу думаць пра ўсё гэта? Гэта нейкае зьверства… Страшна гэта перажыць, страшна думаць, што нехта можа перажыць гэта ў будучыні“.

 


"Гранаты кідалі проста ў натоўп"


Зьміцер Смаляк, 35 рокаў, сьведка абстрэлу каля мэтро "Пушкінская" ў Менску, паранены сьвятлашумавой гранатай:

— Людзі ў форме са шчытамі, у шаломах перакрылі дарогу з двух бакоў, і я прыпыніўся. Яны пачалі кідаць гранаты. Проста ваенныя дзеяньні пачаліся. Я адразу гэтага не зразумеў, думаў, што гэта пэтарды нейкія. Але зараз, ведаючы, якія наступствы дае кожны выбух, я разумею, што там адбывалася.

Я разьвярнуўся і пайшоў. І ў гэты момант мяне зьбівае з ног. Я падаю і глухну. І бачу, што ў мяне разадраная калашына, вялікая гематома на назе. І нага баліць, я не магу на яе стаць. Падымаюся і на адной назе далей пачынаю скакаць.

Газ пускалі, такі, калі задыхаесься. Выбухі, газ, стрэлы, было адчуваньне, што рэальна ў ваенных нейкіх дзеяньнях удзельнічаеш. Вось яны сталі зьнізу і вось так вось бац гранату. Людзі адышлі. Кідалі гранаты проста ў натоўп. Даскокваю да машыны, першая там стаяла машына зь дзьвюма дзьвярамі. Там сядзелі хлопец і дзяўчына, яны мяне ўпусьцілі — убачылі, што я паранены. Я заскочыў празь сядзеньне кіроўцы на пасажырскае і папрасіў завезьці мяне ў лякарню. Але ў іх не заводзілася машына. Тады я выйшаў і вырашыў далей ісьці. І мяне ўжо падабралі людзі, іншыя, дапамаглі знайсьці машыну, пасадзілі і завезьлі ў чацьвёртую лякарню, на Розы Люксэмбург.

Там ужо аказалі першую дапамогу, зрабілі здымкі, убачылі, што ў мяне шмат пераломаў, і накіравалі ў вайсковы шпіталь. Мяне прывезьлі туды ў пяць раніцы. Пераломаў шмат у ступні, у пятцы, у галёнцы, апёкі, раны выбуховыя, шмат усяго. Вельмі доўгі дыягназ.

У чацьвёртай лякарні лекары ставіліся вельмі добра, моцна падтрымлівалі. Калі прыехаў у вайсковы шпіталь, там спачатку так сабе стаўленьне было. Але гэта ня лекары, гэта ў першую чаргу мэдсёстры так ставіліся. Казалі: "Што, не было чаго рабіць? Пайшоў і атрымаў. Трэба было разьбегчыся і галавой аб сьцяну стукнуцца2. Яны, мабыць, стаміліся, бо гэта другі дзень, вельмі шмат параненых.

На другі дзень мне рабілі рэнтген, і там амаль са сьлязамі на вачах некаторыя лекары дзякавалі, казалі: мы разумеем, што вы гэта робіце дзеля нас усіх. І я не шкадую, што я пайшоў. Гэта прыемна, што людзі, нашы беларусы, ажылі, аб’ядналіся. Пачалі адзін аднаму дапамагаць шчыра. Гэта вельмі каштоўна. І я хацеў бы, каб такое грамадзтва ў нас было заўсёды. Наш абавязак, каб мае дзеці і сам я жылі ў здаровым грамадзтве.

 


"Выкручвалі мне пальцы са словамі: Паглядзім, які ты піяніст цяпер будзеш"


Ашот Баброўскі, піяніст, Менск:

— Так атрымалася, што 11 жніўня я вяртаўся праз вуліцу Бабруйскую ад майго сябра на тралейбусе, і нашы "доблесныя" службоўцы ўбачылі ўва мне пагрозу. Далей была гадзіна ў аўтазаку тварам у падлогу. Потым паездка ў Фрунзэнскае РУУС.

Пасьля прыезду чатыры чалавекі білі мяне дубінкамі і пыталіся пра нейкую рацыю ў маім заплечніку. Адзін зь іх стаяў і глядзеў, і толькі потым, пасьмейваючыся, сказаў: "Гэта была не ягоная рацыя".
Далей адзін зь іх, калі даведаўся пра маю спэцыяльнасьць, стаў выкручваць мне пальцы з словамі: "Паглядзім, які ты піяніст цяпер будзеш". Пасьля гэтага мяне паклалі тварам у падлогу ў спартзалі з кайданкамі за сьпінай. Так я праляжаў, напэўна, гадзіну ці дзьве. Людзей стала вельмі шмат, і нас прымусілі стаць на калені, уткнуцца тварам у сьцяну і ня рухацца. Было вельмі горача, бо нас "ушчыльнялі" вельмі моцна. Хто паварушыцца, той атрымліваў удар дубінкай.

Шчыра кажучы, ня памятаю, колькі было тых удараў. Было ўжо не балюча. Быў і шок, і паніка, і ўсё, што можна сабе ўявіць.

На ўсе мае спробы сказаць, што я год ня быў у краіне і прыехаў, каб убачыць блізкіх, адказ быў адзін: "Вы нясвоечасова прыехалі".

Вельмі непрыемна чуць, як б’юць іншых і яны крычаць. Я ня ведаю, але мне пашанцавала — стала кепска і раніцай мяне адпусьцілі. Напэўна, гэта быў адзін з найлепшых момантаў у жыцьці — ты выходзіш з РУУС і дыхаеш паветрам.

 


"Зь яе здымалі штаны, вадзілі дубінкамі па сьцёгнах, ацэньвалі і пагражалі, што пусьцяць па кругу"


Аляксандар Кухта, сьвятар:

— Я быў там і на свае вочы бачыў зьбітых людзей, якіх білі пры затрыманьні, катавалі ў аўтазаку, катавалі ў турме. Катавалі кулакамі, дубінкамі і электрашокерам. Не кармілі па тры дні запар, трымалі на вуліцы ці ў камэрах 5х6 мэтраў па сорак чалавек (яны спалі стоячы) і пэрыядычна білі. Проста так. Без прычыны. Бо могуць.

О, калі б вы ведалі, колькі спосабаў прынізіць чалавека я цяпер ведаю!

З турмы людзі выходзілі ў стане зомбі. Бяз сувязі, бяз грошай, без ключоў і нават без матузкоў. Пабітыя, запалоханыя, прыніжаныя. А ў вачах боль і пустата.

Іх сустракалі валянтэры (і я дапамагаў, чым мог), кармілі, давалі патэлефанаваць, аказвалі мэдычную дапамогу, шукалі родных, дапамагалі дабрацца дадому. Але я дакладна ведаю, што гэтыя людзі яшчэ вельмі і вельмі доўга будуць лавіць флэшбэкі. Патрэбна армія псыхолягаў, каб хоць неяк загаіць раны.

А яшчэ я бачыў дзяўчынку, якая была як расьліна. Усё, што яна магла, — гэта плакаць. Зь яе (яна казала, і я ёй веру) у турме здымалі штаны, вадзілі дубінкамі па сьцёгнах, ацэньвалі і пагражалі, што пусьцяць па кругу. Я не вялікі экспэрт, але мне здаецца, што гэта ўжо гвалт. Разам зь дзяўчынкай плакалі ўсе, хто быў побач. І я таксама.

Я бачыў вочы маці, бацькаў, жонак, нявестаў і дзяцей, якія па 3-4 дні запар шукаюць сваіх сваякоў, кідаюцца паміж турмамі, але ім не паведамляюць ніякай інфармацыі. Толькі пасылаюць. Іншы раз у непрыстойнай форме.

Людзі ня ведаюць нічога. Ці жывы чалавек? У якім ён стане? Дзе ён? Што зь ім? Уявіце сабе іхны стан.

Я бачыў лекараў хуткай дапамогі, які плакалі не ад віду крыві, а віду гвалту. У "хуткіх", разьлічаных на аднаго пацыента, яны ўмудраліся вывозіць па тры-шэсьць чалавек.

Яшчэ быў хлопец, якому дубінкамі на сьпіне выбілі крыж. Навошта? Чаму? Мяне побач не было, але валянтэры, якія размаўлялі зь ім, так і не зразумелі.

А ў пятніцу раніцай мая жонка забірала тых, каго адпусьцілі, дапамагала ім умыцца (некаторым вельмі цяжка), карміла і везла дадому да сваіх. Бо самі многія даехаць да дому не маглі.

 


"Мала вас у Масковіі б’юць, вы яшчэ і ў Беларусь прыехалі"


Аляксей Абрамаў, 39 рокаў, пецярбурскі праграміст (Масковія), затрыманы ў Горадні:

— Я гуляў. У панядзелак спакойна гуляў. А ў аўторак, 11 жніўня, ужо неспакойна.

Была сьпёка, і я купіў вышыванку, у ёй лягчэй. З сабой у мяне былі бінты і трохі грошай: 200 даляраў і яшчэ недзе 200, якія абмяняў на беларускія. Інтэрнэту не было, плаціць мог толькі гатоўкай.

А потым мяне затрымалі супрацоўнікі ў масках… Так, давайце назавём гэта "затрымалі". Проста я праходзіў міма супрацоўнікаў у масках, і яны мяне за-тры-ма-лі. Вось.

Ведаеце, момант затрыманьня доўжыўся паўхвіліны. Потым пачалося зьбіваньне. Пачнем з таго, што мне шчыльна зацягнулі сьцяжку за сьпінай. У гэтым ужо вялікі дыскамфорт. Мяне білі па розных частках цела. Скажам так, балюча, але акуратна. Да крыві так і не дайшло, напрыклад. Прычым яны былі поўныя рашучасьці біць мяне да таго часу, пакуль не пакажу графічны ключ ад тэлефона. Пасьля гэтага зьбіваньне спынілася. Мне на патыліцу і вышыванку нанесьлі чорную фарбу ў выглядзе крыжа. Думаю, гэта нейкі знак АМАПу, бо далей усе супрацоўнікі ў масках мяне білі. Я пра такое раней ня чуў, каб пазначалі з балёнчыка людзей.

Мяне вазілі па некалькіх месцах. Першае месца я нават не магу назваць. Гэта была проста кансьпірацыя. Я толькі мог ляжаць на падлозе і паварочваць галаву альбо ў падлогу, альбо ўлева, дзе была шафа. Больш нічога. Але пры гэтым мне задавалі пытаньні. Пыталіся пра грошы: сказаў, што на здымнай кватэры ляжаць 4,5 тысячы даляраў — усе грошы я вёз маім дзецям. Затым паехалі ў РУУС. Там, улічваючы тое, што я з Масковіі і ў мяне грошы, ужо былі поўныя рашучасьці здабыць зь мяне прызнальныя паказаньні, маўляў, грошы раздаваў, арганізоўваў несанкцыяваныя масавыя мерапрыемствы.

У РУУС быў нейкі начальнік ў цывільным, які даваў распараджэньні. Ён сказаў: "Што, расеец? Чаго вы сюды прыехалі?" І выцяў па твары некалькі разоў. Пасьля гэтага адвялі ў пакой, назавем яго пакоем для допыту, дзе я ляжаў са зьвязанымі рукамі, і мяне білі па чарзе чатыры чалавекі. Білі ў асноўным гумовай дубінкай і нагамі па азадку, задняй паверхні сьцягна і галаве. Я б сказаў, удары не нявечылі, але яны вельмі балючыя, асабліва калі паўтараюцца.

Усяляк пагражалі… Абсалютна кніжныя пагрозы: што будуць гвалтаваць дубінкай, пілаваць зубы напільнікам, напырскаюць у пакет зь пярцовага балёнчыка і надзенуць на галаву, прастрэляць мне калені і скажуць, што спрабаваў уцячы, адаб’юць усе мазгі, і я забуду, што я праграміст. Не давалі піць і ў туалет. Казалі, што потым на допыце, цытую, "і абасцуся, і абасруся". Канец цытаты.

Калі стала зразумела, што паказаньні пра тое, што я арганізоўваў штосьці і раздаваў грошы, здабыць не атрымалася, вырашылі сабраць фактуру на здымнай кватэры. Перад паездкай туды далі падпісаць пратакол. Сказаў, што хачу яго прачытаць — пачалі біць. Затым усё ж такі далі прачытаць. У пратаколе было практычна ўсё, што я казаў сілавікам, плюс, што мяне затрымалі ня ў 20:40, як гэта было насамрэч, а ў 23:45, нібыта я ўдзельнічаў у мерапрыемствах. Паколькі не было напісана, што раздаваў грошы, я падпісаў, што браў удзел у акцыях пратэсту. Падпісаў, каб пазьбегнуць далейшага зьбіваньня.

Тады мяне зьбітага павялі ў агульны пакой паказваць іншым беларусам; там той галоўны, які мяне спачатку біў па твары, паказваў мяне астатнім і казаў: "Мала вас у Масковіі б’юць, вы яшчэ і ў Беларусь прыехалі". У Масковіі мяне, дарэчы, ніколі ня білі.

У аўтамабілі я стаяў на карачках, быў прыкаваны кайданкамі да аднаго з тых, скажам, хто мяне раней дапытваў. Ну а супрацоўнік у масцы біў мяне дубінкай. Сам ператрус быў незаконны. Мала таго, што не прадстаўляліся, не было ні ордэру, ні панятых, ні санкцый. Проста загрузілі ў машыну і паехалі глядзець, што ў мяне там ёсьць. Абсалютна бандыцкім чынам, я б сказаў. Забралі грошы, ноўтбук, тэлефоны, усе флэшкі. І прапаў ключ ад дома ў Пецярбургу.

Прывезьлі назад, склалі новы пратакол. Напісалі, што 4500 даляраў былі ў мяне пры сабе, калі затрымлівалі. Разумееце? Прымусілі падпісаць пратакол. Казалі, што лёгка абыдуся, будзе штраф. І павезьлі ў СІЗА ў Горадню. Даволі рэжымнае прадпрыемства.

Што ж там? Нас сустракалі так званыя "маскі-шоў": па пэрымэтры сталі супрацоўнікі ў масках. Крычалі, расстаўлялі ногі шырэй, штурхалі па нагах, білі ззаду па тулаве, забаранялі трымацца за краты, каб ня ўпасьці. І ўвесь час пыталіся, каму і колькі даваў і чаго прыехаў, расеец. Ну не расеец, а там нейкімі словамі гэта ўсё было, у тым ліку нецэнзурнымі.

Паколькі я паказаньняў не мяняў, гэта спынілася. І я трапіў у камэру. Я помню гэтую свабоду: піць і хадзіць у туалет. Забаўляўся гэтым усю ноч.

У турме былі добрыя ўмовы, было харчаваньне, нармальнае стаўленьне пэрсаналу… Адзінае, што не давалі — ня ведаю, належыць ці не — Кодэксы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, Грамадзянскі Працэсуальны кодэкс. Пра званок адвакату не магло быць і гаворкі.

Былі і допыты. Ну як допыты… Гэта нават ня допыт формай. Проста заводзілі ў кабінэт, і мужык, якога я першы раз бачыў, задаваў пытаньні ад самага пачатку і запісваў нешта ў сшытачак. Былі і запалохваньні, што сяду на 15 рокаў, бо я арганізатар; казалі, што ўсе паказаньні даюць. "Сядзеш надоўга, адсюль ня выйдзеш, гады ня ўбачыш сваіх дзяцей". Гэта казалі і ў працэсе допыту, і ў працэсе размоваў без пратаколу ўжо ў турме. Прадстаўляліся вельмі невыразна, казалі, што расьсьледуюць крымінальную справу аб арганізацыі масавых "беспарадкаў".

Потым быў сьмешны суд.

Судзьдзя, практычна ня гледзячы на мяне, зачытваў з паперкі пра ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. І нягледзячы на тое, што я даваў тлумачэньні, якія ня ўносіліся ў пратакол, — пра катаваньні, пра тое, што прасіў паказаць пратакол затрыманьня, які ня мог быць праўдзівым, — справа працягвалася сваім ходам. Судзьдзя чытаў нейкі тэкст. І прысудзіў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту. Камусьці даваў пяць, некаму сем, дзесяць сутак, камусьці штраф. Аднаго хлопца, якога адпусьцілі, як і іншых сукамэрнікаў, я прасіў зьвязацца зь людзьмі, якіх ведаю ў Горадні. Яны выйшлі і зьвязаліся.

У нейкі момант ужо была ініцыятыўная група для майго вызваленьня. Яны спрабавалі ў тым ліку зьвязацца з пасольствам Расейскай Фэдэрацыі ў Менску. Там казалі, па-мойму, што было шмат зваротаў, але нейкай канкрэтнай рэакцыі не было.

Адпусьцілі 17 жніўня. Не патлумачылі, чаму. Ніякай паперы няма, ніякай квітанцыі пра аплату няма. Сказалі, што я трошкі адбыў, але можна працягнуць у любы момант.

19 жніўня была камісія. Яна пастанавіла, што за адміністрацыйнае правапарушэньне — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — я павінен пакінуць Беларусь у кароткі тэрмін і не змагу прыехаць сюды цягам пяці гадоў.

Дарэчы, на пастанову пра тое самае адміністрацыйнае правапарушэньне, за якое мяне высылаюць, мы падавалі скаргу. Яна нечакана згубілася.

 


"Дзьверы выламалі і адразу звалілі мяне з ног"


Аляксандар Чыгір, 48-рочны бабруйчанін, былы дэпутат гарсавету:

— 10 жніўня ўвечары я ішоў сустракаць жонку, якая працуе ў аптэцы. Убачыў, як людзі ў чорным затрымліваюць маладога чалавека. Ён сядзеў зь дзяўчынай у кавярні, да яго падышлі, скруцілі рукі і пацягнулі ў бус. Затрыманьне зьняў на відэа. Потым гэтыя людзі ў чорным прыйшлі ў аптэку па мяне.

Пагрукалі ў дзьверы, загадалі адчыняць. Жонка тлумачыла, што ня мае права гэтага рабіць паводле інструкцыі, бо здае касу. Тады дзьверы выламалі. Уварваўшыся, адразу звалілі з ног мяне. Пазьней, калі вызваліўся, я даведаўся, што пацярпела ад іх і жонка. Яе выцялі па твары і адшурхнулі ў бок.

Мяне выцягнулі за ногі па прыступках з аптэкі. Укінулі ў аўтазак. Білі ад аптэкі да самага аддзелу міліцыі дручкамі, нагамі, рукамі па галаве і тулаве. У аддзеле зьбіваньне працягвалася. Як вялі па лесьвіцы, дык падганялі дручкамі. Выдавалі аплявухі. Тыя, хто біў, прыгаворвалі: "Ну што, мянтоў на вілы?" Гэтак, відаць, заводзілі сябе.

Зьбіваньне адбывалася на вачах у бабруйскіх міліцыянтаў. У гэтых людзей, якіх мы штодня бачым у горадзе, быў дужа добры настрой. Ім падабалася, як б’юць людзей, якія ня могуць абараніцца.

Потым мяне кінулі ў "малпоўню" і адразу забылі. Гэта ж як канвэер: адны б’юць, другі афармляюць, а трэція ахоўваюць за кратамі. У мяне балелі тады і цяпер рэбры ды сьпіна. На ёй ёсьць драпіны. Балелі галава і ногі. У міліцыі папрасіў дапамогі, і мне далі болесуцішальную пігулку, а большага ў іх няма. Пагатоў, ні пра якую «хуткую» гаворкі і не было. Завезьлі ў ізалятар. Усе, хто быў са мною ў камэры, прайшлі праз такую экзэкуцыю, і ўсім патрэбна была дапамога. Нас агледзеў тамтэйшы мэдык і праблемаў са здароўем ня выявіў.

Судзілі ў ізалятары. Працэс заняў хвіліну, мо трохі больш. Гэта была фармальнасьць. Судзьдзя была ў масцы і сябе не назвала. Прысуды былі падрыхтаваныя. Чалавек 70 затрыманых трое судзьдзяў прапусьцілі праз канвэер за гадзіну. Мне прысудзілі 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Адседзеў 7 і цяпер свайго статусу ня ведаю. Мяне папярэдзілі: калі затрымаюць, то судзіць будуць паводле Крымінальнага кодэксу. Мяне як забіралі, не тлумачачы, за што, так і выпусьцілі. Прыйшлі ў камэру і сказалі: з рэчамі на выхад.

Па вызваленьні хадзіў у траўмапункт і там зафіксавалі пабоі, якія засталіся.

Тое, што са мною і многімі адбылося — гэта была помста таго, хто ведае, што выбары ён ня выйграў. Тыя людзі, якія захапілі мяне — прафэсійныя забойцы. Безумоўна, супраць мяне ўчынілі гвалт, але перажытае мною ні ў якае параўнаньне не ідзе з забойствам трох чалавек. У мірнай Беларусі пралілася кроў, і гэта самае жахлівае.

 


"Менш бітых мэдыкі мусілі пакідаць на дабіваньне"


Мэдык хуткай дапамогі:

— Людзі, якія былі на Акрэсьціна — гэта сапраўдныя героі. Я хачу папрасіць прабачэньня за сябе і ўсіх нашых калег. Мы сапраўды стараліся, як маглі, але мы не маглі дапамагчы ўсім.

Я бачыў кроў, яе нават не пасаромеліся прыбраць адтуль. Як правіла, усе псыхалягічныя траўмы спалучаліся зь цяжкімі цялеснымі пашкоджаньнямі. Зьверху да нізу магу пайсьці. Гэта былі пабітыя вочы, якія заплылі так, што не відаць было зрэнак. Я калі апісваў аднаго з пацыентаў, я ня мог апісаць велічыню зрэнак, вока проста не было, яно заплыло. Спускаемся ніжэй. Быў чалавек, у якога была проста раздробленая хрыбетка. Там была проста нейкая шчыліна, і чалавек адчуваў дзікі боль. Былі людзі зь велізарнымі гематомамі на сьпіне. Было адчуваньне, што хацелі дубінкамі выбіць нейкія сымбалі. Былі проста траўмы жывата. Нібы там унутры проста куламеса. Сінякі былі не такія, як звычайна, калі ўдарыў руку, і ўсё. А проста чорныя аграмадныя плямы амаль на ўсё цела. У многіх выбілі зубы.

Людзей там дзялілі на чатыры групы. Іх мецілі проста па твары балёнікамі з фарбай, як графіці малююць: чырвоны, жоўты, чорны і бясколерны. Кожны колер, я так разумею, абазначаў, што чалавек учыніў "злачыннае" — як моцна ён адстойваў свой голас, які ў яго скралі. І ад гэтага залежала, як ён будзе праходзіць так званы "калідор". Я так разумею, людзі з жоўтымі меткамі маглі пакінуць Акрэсьціна, у іх былі меншыя траўмы, чым у людзей, у якіх былі чырвоныя меткі. А дзе чорныя меткі, адразу было відаць, іх брыгадам проста не аддавалі. Мэдыкі нешта зь імі рабілі, відаць, абязбольвалі ці нешта яшчэ, і яны заставаліся на Акрэсьціна.

А пасьля адбыўся момант, калі прыехалі аўтазакі і ўсіх, каго "хуткая" палічыла (у сэнсе фэльчары, якія ішлі супраць волі), што яны могуць пратрымацца, іх загрузілі ў аўтазакі гэтыя шэрыя, і яны ехалі, як я разумею, на Жодзіна.

Мы спрабавалі дапамагчы пацыентам. Адразу ж прапаноўвалі сваякам нашы машыны. Дзякуй людзям-валянтэрам, якія набівалі іх ежай. Бо многія казалі, што іх не кармілі па двое сутак. Без вады. І яны проста не маглі есьці. І яны не разумелі, што яны ня зьелі дзьве пячэнькі і што вось так вось можа быць. (Плача)

Адзін з пацыентаў прасіў нават патэлефанаваць сваім блізкім і сказаць, што ён выйшаў, бо баяўся, што ў ягонай маці здарыцца нэрвовы зрыў ці інфаркт. Ты прыяжджаеш на Акрэсьціна, ты ня можаш там спыніцца, сказаць, бо гэта нельга. Ты пакідаеш там паперку, бо людзі бягуць за "хуткай" і пытаюцца, каго на гэты раз вывозіце? І ты або крычыш, або перадаеш паперку. Мы спрабавалі па-хуткаму напісаць, пакуль нам аглядалі машыну, каб мы яшчэ каго лішняга не забралі. Там была яшчэ працэдура вяртаньня відэарэгістратара, то бок у нас глядзелі, каб не было ні тэлефона, ні камэры. І за гэты час ты пасьпяваў нешта зрабіць.

 


"АМАП не даваў нам вывозіць людзей з Акрэсьціна". Мэдык пра працу ў турме


У лякарні хуткай дапамогі доктар, такі ўжо ва ўзросьце, ніколі ня бачыў такога жаху, які мы прывозілі. Ён кажа:

— Божа, адкуль гэта і колькі вы яшчэ прывезяце; вязіце ўсіх, каго можаце.

Траўмы былі шматлікія, спалучаныя. Не было ізаляваных траўмаў, напрыклад проста пералому рукі. Яны білі, білі па чым маглі, куды дацягнуцца дубінкі. Пацыенты расказвалі, што дубінкі былі ў іх розныя. Адны як электрашокеры, гарачыя, ад іх апёкі былі на нагах, на руках. Іншыя гумовыя, якія гнуцца, якія, нам казалі, лепш да цела, як бярозавая галінка. Маўляў вось вам бярозавай кашы, хоць вы заслугоўваеце большага пакараньня.

Дзяўчына, якую мы вывозілі, уся была запэцканая крывёю. Я спытаў, адкуль столькі крыві. Яна сказала, што нават не выпускалі ў туалет па жаночых справах. Сказалі падцірацца сваімі ўласнымі рэчамі, якія былі на іх.

Там ня ўсе былі такія. Самі турэмнікі былі даволі нармальнымі людзьмі. І калі мы прывозілі дзяўчатам банальныя пракладкі… Былі там брыгады, якія стаялі, дазвалялі перадаць. Ці можна было наўпрост гэтым турэмнікам перадаць, толькі каб побач не было АМАПу альбо, як мы іх называем, ціхароў, кадэбэшнікаў. Гэта самыя страшныя людзі, якія там былі. Яны сачылі за тым, каб іншыя якасна выконвалі загад, каб АМАП біў жорстка, а турэмнікі не праяўлялі літасьці. А як толькі яны сыходзілі, і АМАП кудысьці прападаў, і пачыналася такая фаза невялікага, але зацішша.

Людзі глядзелі на нас і спрабавалі знайсьці ў нас чалавечнасьць, бо ня ўсе былі такія літасьцівыя. З расказаў пацыентаў, там была адна жанчына, фэльчар з Акрэсьціна, якая рабіла жахлівыя рэчы. Цяжкіх людзей яна проста выцягвала з машыны і казала, што яны нікуды не паедуць, яны павінны атрымаць па заслугах. Побач стаяла фэльчарка ўжо іншая, добрая. Калі побач не было АМАПу ці кадэбэшнікаў… Мы разам зь ёй аглядалі і разумелі, можна ці не… Дык гэтая жанчына казала, наколькі цяжка і ці зможа яна іх там утрымліваць, працягнуць яны ў камэры суткі ці не.

АМАП біў людзей, менавіта АМАП канкрэтна і чыніў усе гэтыя зьверствы. Я не разумею, што ўвогуле АМАП забыў на Акрэсьціна. Гэта ня людзі, гэта нейкія зьвяры. Расказвалі, што яны клалі шчыт на людзей і білі спачатку па шчыце, каб у вушах зьвінела, а пасьля білі па галовах, па рэбрах, па нагах. Яны не саромеліся нікога. А калі стаялі гэтыя кадэбэшнікі, яны, я так разумею, выслужыцца хацелі і білі яшчэ з большай лютасьцю.

У вачах турэмнікаў чытаўся жах. Яны, відаць, ня бачылі такой жорсткасьці за ўвесь час. Нашы брыгады прывозілі ежу і ваду. І было сказана АМАПам, што калі вы надта міласэрныя… А калі яны даведаліся, што мы практычна ўсіх, каго аглядалі, вывозілі, яны проста нас выгналі. Маўляў, нам такая "хуткая" ня трэба.

Лекары ішлі супраць волі. Яны рабілі ўсё, каб можна было выратаваць хоць кагосьці. Забіраліся ўсе людзі ў крытычным стане. На жаль, даводзілася пакідаць чалавека, які быў менш пабіты, каб ён стаў яшчэ больш бітым. Хто даў ім права штурхаць нас на злачынства? (Плача.) Усіх, хто туды прыяжджаў, штурхалі на злачынства — пакідаць людзей зь менш цяжкімі пашкоджаньнямі на дабіваньне. Людзі вачыма прасілі, каб іх забралі. У вачах чытаўся поўны жах.

 


"Міліцыянты нібы адурманеныя"


Магілёвец Сяргей Шарстабітаў, 32 рока:

— 10 жніўня мяне затрымалі сілавікі ў чорным на плошчы Зорак каля кінатэатру "Радзіма". Я быў зь дзяўчынай і бачыў, як экіпіяваныя міліцыянты "зачышчалі" пляцоўку перад гандлёвым цэнтрам "Атрыюм" і прылеглыя сквэры.

Яны не давалі людзям ісьці на прыпынкі, а цясьнілі іх да кінатэатру, дзе стаялі падрыхтаваныя аўтазакі, якія і запаўнялі людзьмі. Калі схапілі маіх знаёмых, я падбег распытаць прычыну, але тут жа быў павалены. Білі нагамі. На мяне ўпаў міліцыянт, і я ім прыкрываўся, таму ягоным саслужыўцам дручкамі малаціць па мне было нязручна.

Потым закінулі ў аўтазак, і там працягваў біць нагамі ўжо адзін чалавек у чорнай форме. Ён крычаў, каб я лёг на жывот, але я ляжаў на сьпіне і закрываўся рукамі, як мог.

У выніку мне расьсеклі брыво і набілі на ім сіняк. Ззаду на галаве шматлікія абдзерыны ад берцаў. Сінякі па ўсім целе. Галёнка была распухлай і са зьдзёртай скурай.

Наладаваўшы аўтазак, нас завезьлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там мяне ня білі, бо я выконваў загады міліцыянтаў. Мне здалося, што яны былі адурманеныя. Пастаянна крычалі. Адзін камандаваў рукі за сьпіну, а другі — за галаву. Затрыманыя не разумелі, што рабіць.

Нас паставілі ў гаражы ўздоўж сьцяны з расстаўленымі нагамі і закладзенымі за галаву рукамі далонямі вонкі. Я бачыў, як іншых людзей білі. Там стаяла хуткая дапамога, і мэдыкі назіралі і маўчалі. Затым завялі ў актавую залю, дзе сядзелі шмат жанчын у форме, якія міла хіхікалі.

На мяне афармляў справу былы ўчастковы з майго раёну. Ён даводзіў, што злога мне не жадае і мяне не затрымліваў. Усе пратаколы складаліся паводле загадзя падрыхтаванай формы і абвінавачваньня: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сваёй віны я не прызнаў.

Аўтазакам завезьлі ў ізалятар, дзе спыталіся, як сябе адчуваю (да гэтага пра мэдычную дапамогу гаворкі не было). Я папрасіў дапамогі. Мяне агледзелі і на хуткай без канвойных завезьлі ў лякарні. Зрабілі здымкі, супакоілі, што кровазьліцьця няма, і адпусьцілі.

Праз 5 хвілінаў затрымалі ўжо супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі. Яны сказалі: зь лякарні паступіў сыгнал, што я зьбіты, таму мяне дапытаюць і адпусьцяць. Разьбіралася зь відавочнай грэблівасьцю сьледчая, якая не зважала, што ў мяне разьбітая галава і мне можа быць кепска.

У аддзеле прабыў да наступнага дня. Спачатку нас трымалі на калідорах, у даволі камфортных умовах, а потым перавялі ў «малпоўні». Там была кепская вэнтыляцыя і даводзілася ляжаць на падлозе, бо там лягчэй дыхалася.

Потым завезьлі зноў у ізалятар. У ім ужо не было месцаў, таму адправілі ў камэру турмы №4. 20 мэтраў да турмы нас перавозілі хвілінаў сорак. Але гэта дробязі, бо некаторыя правялі ў аўтазаку ўсю ноч.

У камэры нас было 16 чалавек. Я ня еў паўтара дня. Пілі ваду з-пад крана. Там ня білі.

12 жніўня маю справу разгледзела судзьдзя Вольга Краўчанка. Асудзіла на 6 сутак. Суд доўжыўся хвілінаў 10. Пасьля 4 сутак "амніставалі", але папярэдзілі: як затрымаюць яшчэ раз на несанкцыянаваных акцыях, то пасадзяць да 6 рокаў.

 


"У сьледчай Карыны яўна садысцкія схільнасьці"


Віталь Гаршынёў, 35 рокаў, інжынэр:

— Я адзін з тых, хто падаў заяву ў Сьледчы камітэт на міліцыянтаў, якія мяне зьбівалі. І з чым я сутыкнуўся зноў? Мы прыйшлі падаваць заяву ў Фрунзэнскі аддзел Сьледчага камітэту, а сьледчы да нас нават ня выйшаў, заявы прымалі міліцыянты гэтага РУУС. У адным зь міліцыянтаў пазнаў чалавека, які быў у той спартзалі, дзе нас да крыві зьбівалі. Усьміхаецца, кажа: "Ну я ж сам вас ня біў, я ж вам нават вадзічку даваў папіць". Кажу яму: "Так, ты ня біў, але ж стаяў побач, глядзеў на гэтае дзікунства і нікому не дапамог, не пярэчыў". Адказвае: "А што б зьмянілася? Я б загаду начальства не адмяніў. А на мне крэдыт вісіць, хто за мяне будзе выплочваць?".

За час арышту я шмат разоў чуў пра гэты матыў і ад амапаўцаў. Што на іх вісяць нясплочаныя крэдыты, выплачаныя наперад заробкі, ад чаго яны ня могуць адмовіцца выконваць загады. Але як можна аддаваць такія загады, я для сябе адказу дагэтуль ня маю.

Мяне спынілі амапаўцы непадалёк ад Камсамольскага возера. Гэта было 10 жніўня пад вечар. Я сапраўды зьбіраўся пайсьці да стэлы і паглядзець, што там будзе. Абурыўся вынікам выбараў, ведаў, што дзень таму там шмат затрымалі і пабілі людзей. Але мы зь сябрам ішлі мірна, нікога не чапалі і не крычалі. І вось на нас кідаюцца амапаўцы, кладуць на зямлю. Праглядаюць тэлефоны, нічога не знаходзяць, але ўсё роўна крычаць: "Адстрэлю табе яйцы, і мне нічога ня будзе!" Дарэчы, і потым гэта гучала не адзін раз ад розных міліцыянтаў: нешта такое зраблю, заб’ю, і мне нічога ня будзе. Гэтыя людзі нібыта былі кімсьці насычаныя нянавісьцю і перакананьнем, што закон не для іх.

Нас зь сябрам зьбілі і спачатку кінулі ў аўтобус, які стаяў непадалёк. Памятаю, як туды аднаго за адным прыводзілі новых і новых ужо зьбітых людзей. Нават рыбака, які ехаў побач на ровары з вудай. Мужчына сталых гадоў, ён проста сумеўся ад таго, што зь ім робяць, але ўсё роўна яго кінулі да нас.

Потым быў аўтазак, якім мяне і ўжо некалькі дзясяткаў затрыманых даставілі ў Фрунзэнскае РУУС. Спачатку ў двор, потым у спартовую залю, дзе спачатку білі, потым маральна зьнішчалі, а ў канцы бралі паказаньні і прымушалі прызнаць віну. Там было самае пекла.

На ўваходзе ў залю стаяў высокі дужы амапавец, такі здаравяка, задача якога была біць усіх, каго ўводзілі. Як бы ён рабіў нам такі "ўрачысты" прыём — каб было зразумела, куды трапілі. Сваё заданьне ён выконваў з сапраўды садысцкім задавальненьнем: біў куды заўгодна рукамі, нагамі. Яшчэ на нас адразу крычалі: "Ты герой? Навошта ты туды пайшоў?" — і адусюль страшэнныя мацюкі. Потым валілі на падлогу і плястыкавымі хамутамі зьвязвалі на сьпіне рукі. Хто варушыцца, падымае галаву, спрабуе паглядзець — адразу падскоквае амапавец і б’е палкай па галаве ці сьпіне, куды заўгодна. Мне гэтак зламалі дзьве рабрыны.

Акрамя зьбіваньня, усе затрыманыя зазналі шалёны псыхалягічны ціск. У тым ліку іх прымушалі хорам крычаць "Аляксандар Рыгоравіч Лу-кака — самы лепшы прэзыдэнт". Хто спрабаваў адмаўчацца, зноў атрымліваў дручком па сьпіне. Падскокваў міліцыянт: "Ня чую. Мацней", — і сыпаліся новыя ўдары. Усіх, у каго бачылі белыя стужкі на руках, прымушалі іх зьесьці. Ад сваёй стужкі мне ўдалося пазбавіцца яшчэ ў аўтазаку.

Адборныя і самыя пахабныя мацюкі ліліся на затрыманых проста лявінай. А яшчэ ніколі ў жыцьці ня чуў столькі брыдкіх словаў ад жанчын-міліцыянтак.

Там была сьледчая Карына, яна праводзіла апытаньне. Ніколі б не падумаў, што дзяўчына можа ўжываць такі набор лаянкі! Да таго ж у яе яўна былі садысцкія схільнасьці. Сярод затрыманых яна аднаго чалавека пазнала, стала на яго крычаць, што калісьці ён нешта ёй сказаў. Потым паказала на яго амапаўцам, і тыя дадаткова пабілі гэтага чалавека.

Іншыя міліцыянткі, якія праводзілі апытаньне затрыманых, таксама не вызначаліся літасьцю.

Сядзіць вабная дзяўчына рокаў 20, можа, курсантка акадэміі ці толькі скончыла. Вакол крычаць, стогнуць, а яна ўсьміхаецца, жартуе з амапаўцамі. Каву сабе разьліваюць. Да яе падводзяць чарговага затрыманага. А там ня толькі маладыя былі, але і сярэдніх гадоў, нават пажылага веку людзі трапляліся. Карацей, можа, кожны другі ёй гадзіўся ў старэйшыя браты ці бацькі. Адзначу, што ня ўсе адразу пагаджаліся падпісваць іхныя паперы, што быццам "у складзе групы прыйшоў парушаць парадак" (а ўсім пісалі адно і тое ж). Некаторыя трымаліся доўга, нават пасьля зьбіцьця. На гэта яна звонкім голасам падзывала амапаўца: "О, у нас тут герой. Адмаўляецца падпісваць". І чалавека пры ёй адводзілі ўбок, зноў бязьлітасна білі і прыводзілі да яе ўжо паслухмянага. "Ну, цяпер будзем падпісваць? Ясна, будзем", — і задаволена ўсьміхаецца.

Амаль дзень мяне трымалі ў Фрунзэнскім РУУС, адкуль без усякага суду адправілі ў жодзінскі ізалятар. Пасьля спартовай залі там было нармальна. Бывала, што ў камэру набівалі па 20 чалавек, спаў седзячы, але добра, што хоць ня білі.

Людзі, зь якімі сядзеў, былі самых розных прафэсіяў. Праграмісты, інжынэры, рабочы, студэнт. Можа, на 30 чалавек быў адзін хранічны алькаголік, іншыя — зусім прыстойныя. Прычым толькі адзін з усіх прызнаўся, што сьвядома пайшоў на вуліцу, каб пратэставаць, як ён казаў, супраць "вусатага прусака". Большасьць ішлі проста паглядзець на тое, што адбываецца, ці ўвогуле апынуліся ў аўтазаку выпадкова. Адзін выйшаў у сланцах па цыгарэты. Другі прыпаркаваўся на вуліцы Зьмітрака Бядулі, але няўдала — побач з машынай амону. Выйшаў з машыны і пачуў: "А давай забяром". І забралі. Аднаго выцягнулі з машыны на праспэкце, бо не саступіў міліцыянтам дарогу. Шыбу выбілі і выцягнулі. Карацей, як паслухаеш, дык разумееш, што ў нас поўнае свавольства, амону і міліцыянтам у раённых аддзелах далі карт-блянш рабіць што заўгодна. Дык хіба ў такой краіне можна будзе жыць, калі гэта ўсё застанецца?

Я рамантык, які, хоць позна, але стаў рэалістам. З тых, хто ніколі не займаўся палітыкай, але яна мной занялася сама. Стаў прыхільнікам Ціханоўскай пасьля таго, як схадзіў на мітынг на Бангалёр.

Потым бачыў, як у нас на ўчастку за яе ўсе галасавалі — па стужках на руцэ, яшчэ бюлетэні ў скрыні амаль усе былі скручаныя. Гэта было відаць нават праз матавае шкло. І раптам даюць вынік, што 80% за Лу-каку, а за Ціханоўскую менш за 10. Мяне гэта так абурыла, быццам плюнулі ў твар. За каго яны нас усіх трымаюць? Не ўтрымаўся і назаўтра пайшоў у цэнтар места.

Яшчэ раз пераадолеў сябе, калі пайшоў падаваць заяву пра зьбіцьцё ў сьледчы аддзел Фрунзэнскага раёну, а той знаходзіцца ў тым жа будынку Фрунзэнскага РУУС, дзе мяне дзень зьбівалі. Сапраўды было страшна туды ісьці. Не пайшоў бы, калі б не "наіўная вера", што яшчэ можна неяк зьмяніць становішча.

 


"Мужчыну-мэдыку амонаўцы машынкай выстрыглі на галаве крыж"


Дзяніс Карвіга:

— 12 жніўня я ехаў з жонкай на аўтамабілі, і нас а палове на першую ночы на вуліцы Ляшчынскага каля запраўкі "Лукойл", спынілі людзі ў вайсковай форме. Іх увагу прыцягнуў 4-ы рэгіён на нумары машыны. Папрасілі заглушыць рухавік і адчыніць багажнік. На заднім сядзеньні ляжаў заплечнік, яго пачалі аглядаць. У ім знайшлі стэрыльны бінт і хлёргексыдын. Са словамі "О, гэта наш кліент" загадалі легчы на зямлю тварам уніз. Іхны галоўны не паверыў, што я працую ў Менску праграмістам. Ён задаў мне некалькі пытаньняў, зьвязаных з ІТ, я ня змог адказаць, "якая кампанія займаецца ўкараненьнем 1С у Беларусі", і праваліў інтэрвію.

Забягаючы наперад, скажу, што мне вельмі пашанцавала, што мяне затрымлівалі менавіта гэтыя людзі. Апроч незаконнага затрыманьня, прэтэнзіяў у мяне да іх няма. Іх камандзір мне паабяцаў не затрымліваць жонку і сваё абяцаньне выканаў. Казалі ветліва, не абражалі. Хлопцу зь іншай машыны, які сказаў, што ў яго арытмія, дазволілі сесьці. Я бачыў толькі, што адзін з вайскоўцаў прайшоўся нагамі па хлопцу, у якога знайшлі ў багажніку адгазьнік.

У такім становішчы я праляжаў каля гадзіны. За гэты час спынілі, абшукалі і паклалі тварам у зямлю яшчэ чалавек 10-15. Затрымалі, напрыклад, матацыкліста проста таму, што ён матацыкліст, і валянтэраў-мэдыкаў, якія аказвалі дапамогу пацярпелым на акцыі пратэсту (іх грэбліва называлі "сочувствующими").

Па нас пад’ехаў аўтобус з амонам, нас па адным садзілі ў яго. Перад пасадкай мне зьвязалі рукі плястыкавымі сьця?жкамі. Хлопцы, якія сядалі перада мной, атрымлівалі гумовымі палкамі. Мне крыху пашанцавала, бо мне загадалі сесьці на першае сядзеньне, за кіроўцам, і ўдарыць мяне ніхто не пасьпеў. Усяго ў аўтобусе былі 19 затрыманых. Ехалі каля 20-30 хвілін, апусьціўшы галовы на калені. Некаторыя атрымалі дубінкамі ў дарозе, бо "няправільна трымалі рукі за сьпінай".

Выйшаўшы з аўтобуса, мы мусілі прайсьці праз жывы калідор з супрацоўнікаў амону, яны "віталі" нас, б’ючы дубінкамі. Мне папала па сьпіне і галаве. Нам загадвалі галаву не падымаць і глядзець толькі ў дол, крыкамі прымушалі кудысьці бегчы.

У гэтай мітусьні я разгубіўся і ўпаў. Падбег адзін з амонаўцаў, падняў за руку і, б’ючы дубінкай па нагах, зацягнуў мяне да бардзюру на траву, побач зь іншымі людзьмі. Усім давялося сесьці на калені, апусьціць пяты пункт на пяткі, а галаву заціснуць паміж каленяў, рукі за сьпінай (хто са сьцяжкамі) або на патыліцы. Тут у такой паставе ўжо сядзелі некалькі дзясяткаў чалавек. Нехта з амонаўцаў загадаў разьлічыцца на першы-другі. Кожны, хто называў свой парадак, атрымліваў дубінкай па сьпіне. Праз гадзіну-дзьве ўва ўсіх сталі пытацца імя і прозьвішча. Усіх, хто "недастаткова гучна" называў сябе, білі дубінкай па сьпіне.

У такім становішчы мы правялі каля пяці гадзін. Ногі пачалі ацякаць ужо праз паўгадзіны, а праз гадзіну сядзець было ўжо вельмі складана. Я стараўся перамяшчаць вагу з нагі на нагу. Калі заўважалі, што рухаесься, білі дубінкай, але прасьцей было адхапіць удар, чым зусім не варушыцца. Варта заўважыць, што і тут мне пашанцавала. За намі назіраў нехта з адпраўленых на Акрэсьціна супрацоўнікаў міліцыі, праз гадзіны 2,5 ён пачаў дазваляць пачаргова выпростваць ногі, камусьці легчы на бок ці на жывот, папярэджваў, калі падыходзяць амонаўцы, каб селі назад на пяткі.

Цяжэй за ўсё было маральна. Увесь час, седзячы на каленях, мы чулі, як б’юць групы людзей. Іхныя крыкі былі жахлівымі, яны дзіка лямантавалі, плакалі, малілі не чапаць, з кожнай групай такое працягвалася па некалькі хвілін. Іх білі вельмі моцна, гукі былі як у фільмах у часе катаваньняў, толькі крычала шмат людзей адразу. Увесь час я думаў, што так распраўляюцца з усімі, і спрабаваў падрыхтавацца маральна. Галоўным страхам было атрымаць калецтва, цяжкія траўмы і застацца інвалідам.

Пакуль мы сядзелі, амон выводзіў групы па 10 чалавек (я, вядома ж, думаў, што на зьбіцьцё). Калі дайшла чарга да мяне і людзей побач, нам загадалі ўстаць і хутка бегчы ў будынак. Падняцца ўдалося не адразу, ногі моцна зацеклі. І я атрымаў дубінкай па нагах.

У будынку загадалі, седзячы, распрануцца дагала, выдалі чорны сьмецьцевы пакет, у які трэба было скласьці ўсе свае асабістыя рэчы, пярсьцёнкі, матузкі ад абутку. Калі ўсё зрабілі, вярнуліся ў тое самае становішча (галавой у калені).

Пакеты падпісалі, усіх паднялі і паказалі, у якія дзьверы бегчы. Мы выбеглі ў памяшканьне бяз даху. Тут усіх пасадзілі на бэтон галавой у калені, затым загадалі, седзячы, адзецца, пры гэтым апошні атрымае дубінкай па сьпіне.

Амонаўцы называлі ўсіх "тварями", "мразями", "уродами", казалі, што праз нас яны ня бачаць сваіх жонак і дзяцей чатыры дні, што яны хочуць нас абараняць, а мы "всякой херней страдаем", пыталіся, "каких, нахуй, перемен вам надо".

Наша група была адной з апошніх, каго прывялі ў гэтае памяшканьне. Тыя, хто былі першымі, прасядзелі на бэтоннай падлозе некалькі гадзін, а мы хвілін 20-30.

Калі дазволілі ўстаць, мы агледзеліся. На плошчы 75 квадратных мэтраў нас было каля 130 чалавек.

Першы раз ваду, чатыры літры на ўсіх, далі гадзіны праз чатыры. Наглядчыкі на бальконе просьбы даць вады ігнаравалі альбо прапаноўвалі "нассать в рот с балкона". За ўвесь час, што мы там правялі (12-14 гадзін), нам далі каля 16 літраў вады на ўсіх. Была халаднаватая раніца і дзень. Палова людзей былі толькі ў майках, адзін быў без штаноў, бо штаны былі на матузку і іх адабралі. Усе стараліся згуртавацца, каб сагрэцца. Пасьля спрабавалі заснуць і клаліся адзін на аднаго шэрагамі.

Спрабавалі паклікаць лекара мужчыну-дыябэтыку, які дрэнна сябе адчуваў, але гэтыя просьбы ігнараваліся. Хлопцы апавядалі, што самае цяжкое зьбіцьцё было пры затрыманьні амонам і ў аўтазаках: білі нагамі, дубінкамі, без разбору. Хлопцу з дрэдамі нажом зрэзалі валасы. Мужчыну-мэдыку машынкай выстрыглі на галаве крыж. Іншаму хлопцу на целе нажом ці чымсьці вострым надрапалі поле для гульні ў крыжыкі-нулікі, але, мабыць, згуляць не пасьпелі. Яшчэ ў іншага хлопца былі зламаныя два пальцы на руцэ.

Па камэрах разьвялі пасьля 8-9 вечара. У чатырохмясцовай камэры (№19) у першую ноч нас было 32 чалавекі. Вада была толькі з крана і ляжала некалькі боханаў хлеба. Хлопцы, якія сядзелі з 9 жніўня, сказалі, што гэта першая ежа за ўвесь час. Раніцай нам далі вельмі салёную аўсянку, нарэзаны батон і некалькі боханаў чорнага хлеба.

Далей некалькі кароткіх фактаў без храналёгіі.

На хлопца з камэры склалі пратакол за правапарушэньне, якое ён нібыта ўчыніў, калі ўжо быў на Акрэсьціна.

У камэры зь дзяўчатамі ў адной здарылася істэрыка ці зрыў, яна стала кідацца на іншых, крычаць. Наглядчыкі прапанавалі ўсім у камэры разьбірацца самім: "Отпиздите её, вас же больше 30 человек".

У камэры з намі быў 17-рочны хлопец, яго ня мелі права саджаць у камэру.

Слухаючы гісторыі іншых, я зразумеў, што ў параўнаньні зь імі мне пашанцавала і я лёгка адбыў.

Мяне адпусьцілі 14 жніўня а шостай раніцы. Ніякіх дакумэнтаў на мяне пры затрыманьні, у турме і пры выхадзе не складалі, суду не было. У сутнасьці, гэта было не затрыманьне, а выкраданьне і катаваньне. Ля выхаду з турмы было шмат людзей, прапаноўвалі бутэрброды, гарбату, каву, ваду. Хлопец, якога звалі Дзіма, даў патэлефанаваць і адвёз мяне дадому.

Учора я падаў заяву ў Сьледчы камітэт і зафіксаваў пабіцьцё.

 


"Хуткія" разварочвалі каля брамы і нават не пускалі ў гэтую турму"


Наста, 18 рокаў, Стоўпцы:

— Мая гісторыя пачалася ў Менску 9 жніўня. Да выбараў мы зрабілі майкі і прымацавалі чырвоную стужку, каб майка была як сьцяг. Мы схадзілі ў галерэю і шпацыравалі ў бок стэлы, спыніліся каля гатэлю "Менск — места-герой".

Там размаўлялі зь нейкім мужчынам, і за долю сэкунды гэтага мужчыны ня стала, а мяне ўжо вялі людзі ў чорнай форме. Майго хлопца таксама вялі. Нас пасадзілі ў сіні бус без нумароў і з чорнымі шторамі. Паставілі на калені, а каля нас селі трое амапаўцаў, сярод іх была адна жанчына.

Там быў чалавек, які казаў, што ён проста хоча свабоды. І яго сталі штурхаць і казаць: "Хіба ты не свабодны?" На што ён адказаў: "А хіба гэта свабода?" Пасьля гэтага нас завезьлі за музэй Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца за стэлай, і паставілі тварам да аўтазакаў.

Да мяне ставіліся больш-менш нармальна. А майго хлопца адразу пачалі вельмі жорстка штурхаць. Пасьля адабралі тэлефоны і ўсіх пасадзілі ў аўтазак. З аўтазака мы прайшлі праз калёну АМАПу. Хлопцаў білі дубінкамі. Пасьля мы прыйшлі ў аўтазак, які быў цалкам забіты людзьмі. І там ужо стаялі каля 30 хлопцаў. Яны ўсе былі зьбітыя, з акрываўленымі галовамі.

Нас прывезьлі, вывелі з гэтага аўтазака і проста, як быдла, сталі штурхаць, білі, нехта крычаў, лямантаваў. Нас паставілі да сьцяны. Мы стаялі ўтрох, я і яшчэ дзьве дзяўчыны. Нас павялі на подпіс чагосьці, пыталіся: што, дзе, адкуль, хто мы такія. Прымусілі цалкам разьдзецца, прымусілі прысядаць, адціскацца. Зьнялі ўсе каштоўныя рэчы, якія на нас былі. Пасьля гэтага нас завялі ў камэру, штурхаючы ў сьпіну. Кінулі, проста як нейкіх сабачак, у гэтую камэру і зачынілі жалезныя дзьверы.

Я яшчэ не разумела, што са мной адбываецца. У мяне быў проста гістэрычны сьмех. Спачатку мы знаходзіліся ўтрох. Са мной была выкладчыца вышэйшай матэматыкі з акадэміі сувязі ў Менску, была дзяўчына-дызайнэр. Пасьля прывялі яшчэ людзей. Мы сядзелі, размаўлялі, кожны расказваў свае гісторыі. Пасьля да нас засялілі дзьвюх п’яных дзяўчат, якія пачалі бушаваць, біць нагамі ў дзьверы, крычаць. Пасьля падсялілі дзяўчыну, якая сядзела за распаўсюд наркотыкаў. Яна таксама была п’яная, патрабавала цыгарэтаў. Нас рабілася ўсё болей, і стала ўжо 21 чалавек у камэры. А камэра была на васьмярых.

Там былі людзі, назіральнікі на выбарчых участках. У многіх ад нэрваў пачаліся месячныя, яны падкладвалі сабе паперу, шкарпэткі, газэты. Заснуць было немагчыма, бо кожныя дзьве гадзіны да нас заводзілі голых хлопцаў у адных трусах і білі іх па сьпінах. Прыводзілі жынчын, якіх проста за валасы выцягвалі з уласных машын і вялі ў аўтазак.

Другія суткі пачаліся з таго, што я была яшчэ ў гэтай майцы бела-чырвона-белай. Нас вывелі з камэры, паставілі ўздоўж сьцяны, і мы падыходзілі да сьледчага. Гэта быў кшталту сьледчы, папраўдзе гэта быў нейкі азьвярэлы мянцяра, які проста крычаў на нас. Мне пагражалі 30 суткамі арышту. Зь мяне садралі майку і кінулі яе на падлогу. Я засталася ў адным топе. Мяне завялі ў камэру, і я ўжо пачала плакаць.

Чую, як за вокнамі крычыць мая мама: "Наста, Наста, Наста!" І я пачынаю ёй крычаць, але разумею, што за гэта нас могуць проста забіць у гэтай турме. Крычалі ўсе. Крычалі з суседняй камэры: "Выклічце лекара", бо там у хлопца была зламаная нага. Крычалі, каб выклікалі "хуткую". Але "хуткія" разварочвалі каля брамы і нават не пускалі ў гэтую турму. Мы сядзелі другія суткі, але нам не давалі ежы. Прыводзілі новых дзяўчат, і нас стала ўжо 36. Мы спалі на падлозе, нехта на стале, нехта на зэдліку, нехта стоячы.

Там была дзяўчына, зь якой мы пасябравалі, яе таксама завуць Настай, прозьвішча Вінаградава, яе забралі проста ад варот Акрэсьціна, калі яна шукала сваіх сяброў, з машыны, а пятай гадзіне раніцы, і завялі да нас у камэру.

Нам сказалі, што будуць пратаколы ("Вы падпісваеце, што вы згодныя, і мы вас выпускаем"). Натуральна, мы падпісалі. Нам нават не давалі чытаць гэтых пратаколаў, закрывалі рукамі, крычалі, падганялі, я нават ня бачыла, што там напісана. Як высьветлілася, людзей, якія пасьпелі хоць нешта прачытаць, якія не пагадзіліся і спрабавалі нешта там адстойваць, іх проста білі. Хто даведаўся, што напісана ў пратаколе, казалі, што ва ўсіх напісана адно і тое, што ўсіх затрымалі ў 10:40 вечара на праспэкце Пераможцаў, што мы ўдзельнічалі ў мітынгах і крычалі нейкія лёзунгі. Хоць многіх затрымалі ўвогуле ў іншых раёнах.

Пасьля нас перасялілі, бо пачалі заводзіць шмат людзей і камэр проста не хапала. Нас перавялі ў камэру на чатырох, дзе нас было 50. У многіх дзяўчат былі месячныя, і яны не разумелі, што рабіць. Мы не маглі дыхаць і абліваліся вадой, каб хоць неяк ахаладзіцца ў той задусе, якая там стаяла. З намі была жанчына 68 гадоў, сядзелі журналісты "Белсату", айцішнікі, дызайнэры. Пасьля гэтага ад нас вывелі 11 дзяўчат у карцар. Іх аблілі вадой і паклалі на падлогу. 11 чалавек у карцары, разьлічаным на аднаго!

У камэры паўсюль кішаць прусакі, сьмярдзіць туалет.

Судзьдзя, да якога я заходзіла, зачытаў мне пратакол незразумелай мовай і настолькі хутка, што я ўвогуле не разумела, што ён чытае. І пасьля ён пытаецца, ці згодная я. Я кажу, што ня згодная. Ён піша, што дае мне сем сутак і да пабачэньня. Я раўла пасьля гэтага суду, як ніколі раней. Нас завялі назад у камэру.

На чацьвёртыя суткі нам сказалі сабрацца і выйсьці з рэчамі. Нас вывелі на вуліцу. Я была ў адным топіку і рваных джынсах. Было холадна. Бабуля зьняла зь сябе джут і надзела на мяне, бо я калацілася. Нас, 27 дзяўчат, пагрузілі ў аўтазак і сказалі, што павязуць у іншае месца. З намі сядзелі чатыры міліцыянты з закрытымі тварамі. Яны з жахам слухалі нашы гісторыі. Яны казалі, што папраўдзе гэта яны добрыя і мірныя, а мы дрэнныя і проста забіваем іх. Казалі, што ў іх кідалі кактэйлі Молатава, што ў кагосьці знайшлі 50 эўра. Пасьля яны дасталі са сваіх заплечнікаў вафлі і мы на чацьвёртыя суткі зьелі па кавалачку вафлі.

Гісторыя закончылася тым, што нас на чацьвёра сутак перавезьлі ў Жодзіна, дзе мы трапілі проста ў рай. Там ня ведалі, што з намі рабіць, бо сказалі, што ім нават не далі пастановы суду. Пасьля выпуску мы паехалі забіраць рэчы. Але мой тэлефон, які забралі ў аўтазаку, быў згублены.

 


"Што гэтым зьбіцьцём хочуць даказаць? Што так любяць свой народ?"


Доктар Аляксей Пяткевіч:

— Калі я пабачыў, што зрабілі зь людзьмі, якія былі на Акрэсьціна, я пайшоў да галоўнага доктара і падаў заяву, якую мне падпісалі. Я доктар-хірург, я ведаю, што такое раненьне. Вывернуты гумовай куляй навонкі "фарш" будзе вельмі доўга зажываць. Калегі расказвалі, што некаторым разрывала брушную сьценку. Яны сутыкнуліся з крывацёкам брушной паражніны, цяжкімі спалучанымі траўмамі, былі выбітыя вочы. Гэта было нейкае нашэсьце татара-манголаў ці што?

Я доктар і катэгарычна супраць гвалту! Як можна біць і біць, і біць, і біць, і біць? Пашкоджаньне сьцегнавой і падкаленнай артэрыі лічыцца цяжкім цялесным. А пры такіх ударах яны могуць парвацца. Удар у прамежнасьць — гэта ўвогуле за рысай. Дзяўчынцы адбілі грудзі. Траўмы фізычныя загояцца, але што ў іх будзе з псіхікай? А колькіх мы яшчэ ня бачылі і ня бачым? Што гэтым зьбіцьцём хочуць даказаць? Што так любяць свой народ?

Пасьля такіх удараў, калі б’юць у адно месца, можа разарвацца печань, ныркі, селязёнка, можа адарвацца корань лёгкага. Я чытаў пра такое ў Салжаніцына, бачыў у ваенных фільмах. Але я ня думаў, што такое можа здарыцца ў Беларусі, якую больш за 75 гадоў таму фашысты "адпрасавалі" і "паклалі", паводле розных ацэнак, ад траціны да чвэрці насельніцтва. А цяпер складваецца сытуацыя, калі мы зноў можам стаць полем бою. Гэта наша зямля. У нас нічога няма, акрамя людзей, лясоў, рэк і азёр. Мы голыя. Галоўнае багацьце — інтэлект нашых людзей.

Я сышоў і не шкадую.

Я ня плакаў з 2012 року — тады памёр бацька. А гэтым разам было штосьці. Мой народ прынізілі і паразьдзіралі. Такое сапраўды нельга забываць і дараваць, гэта беспакараным застацца не павінна“.

 

Гісторыя Генадзя Шутава, застрэленага вайскоўцам у Берасьці за крык "Жыве Беларусь!"


Наста, дачка Генадзя Шутава, які 11 жніўня быў паранены ў галаву каля Маскоўскага райвыканкаму Берасьця і памёр у вайсковым шпіталі ў Менску 19 жніўня. Меў 44 рока.

— Бацька сказаў, што крыкнуў "Жыве Беларусь!" і а дзясятай вечара патэлефанаваў, што выклікаў таксоўку, каб ехаць дахаты.

У бацьку стралялі са сьпіны ва ўпор. Чалавек, які страляў, быў ззаду яго. Быў вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг, моцны крывацёк, раздрабненьне костак. Страляў вайсковец.

У лякарні ў Берасьці нам сказалі, што кулі не было. Раней была інфармацыя, што рана скразная, а потым у паперах лекары напісалі, што рана агнястрэльная, пранікальная.

Калі яны апынуліся каля гэтых 20-павярховікаў, у іх у руках не было ніякай арматуры, і гэта няпраўда, што ён нібыта душыў нейкага вайскоўца. То бок ён патэлефанаваў, што едзе дахаты, і з таго часу мы яго шукалі два дні і не маглі знайсьці. Яго тэлефон быў недаступны.

У Жабінкаўскім РАУС нам сказалі, што "намякнуць", дзе яго шукаць.

Потым мы самі знайшлі яго ў лякарні, дзе ім спачатку не хацелі паказваць дакумэнты пра яго здароўе. Рэчы забралі сьледчыя. Толькі 14 жніўня сваякам выдалі дакумэнты пра стан здароўя, не засьведчаныя пячаткай, бо галоўны доктар пайшоў у адпачынак. Генадзя Шутава завезьлі спачатку ў абласную лякарню Берасьця і зрабілі там дзьве апэрацыі, а 13 жніўня ў дзесяць гадзін вечара гелікоптэрам даставілі ў менскі вайсковы шпіталь.

У Берасьці 13 жніўня да параненага бацькі пусьцілі старэйшую дачку, а ў Менску нас да яго не пусьцілі, мы яго ня бачылі“.

 


Гісторыя Вольгі Рыбаковай зь Берасьця, па якой стралялі людзі ў чорным


Вольга Рыбакова:

— Увечары 10 жніўня я была дома з сынам. У акцыях пратэсту ня ўдзельнічала, на вуліцу ўвечары не выходзіла.

Калі пад вокнамі мы пачулі крыкі, адчынілі балькон вызірнуць, што там. Мы жывем на набярэжнай, было каля 23:30. Пад вокнамі нашага дому стаялі машыны, і людзі ў шаломах са шчыткамі і ў чорнай форме зьбівалі хлопца, "пакавалі" ў машыну. Крыху далей я ўбачыла дзьвюх дзяўчат. Адна зь іх атрымала моцны ўдар. Я не змагла вытрымаць і стала крычаць: "Што ж вы робіце! Спыніцеся!". Было чуваць і іншыя галасы нашых суседзяў. Чалавек у чорным нешта крыкнуў зь нецэнзурнымі словамі, маўляў, хутка ўсе схаваліся! А далей быў стрэл. Ён біў проста ў мяне. Я бачыла, што ён страляе праз прыцэл.

Другога стрэлу я ня чула — была ў шокавым стане, але ёсьць сьведчаньні, што стрэлаў было два. Калі я ўбачыла, што на мяне ўскінулі зброю, я інстынктыўна павярнулася і, магчыма, таму наступствы не такія жахлівыя, як маглі б быць. Куля прайшла наўскос, выхапіўшы зь мяне кавалак мяса. Я зрабіла пару крокаў у пакой і апусьцілася на калені, боль быў жахлівы. Спачатку падумала: "Нічога сабе гематома! Як жа балюча!" Я лічыла, што ад гумовай кулі застаюцца сінякі. Але потым пабачыла, што кроў бяжыць паміж пальцаў. Адсунула шорты, а там ірваная рана і булькае кроў. Я пачала страчваць прытомнасьць, але зразумела, што мне трэба трымацца з усіх сіл, бо калі буду сьцякаць крывёю, сын мяне ня выратуе, а хуткая можа ехаць доўга. Сын крычаў на ўсю кватэру: ён вырашыў, што мяне застрэлілі. Ён патэлефанаваў у хуткую і пабег па нашатыр да бабулі.

Хуткая прыехала прыблізна праз гадзіну, але ў тым няма віны мэдыкаў — вуліцы былі перакрытыя, а выклікаў, відаць, было шмат. Лекары адразу праверылі, ці не закранутыя ўнутраныя органы, перабінтавалі рану, паставілі кропельніцу і адвезьлі мяне ў лякарню. Аднак і там мне давялося чакаць апэрацыі: я была не адна, хто пацярпеў ад куль.

Цяпер наперадзе доўгае лекаваньне і рэабілітацыя, якая можа зацягнуцца на паўгода.

Лекары кажуць, што вайна даўно закончылася, і яны ведаюць, як лекаваць такія раны ў тэорыі, дый то пасьля звычайнай кулі. А ў мяне рана рваная, якую проста так не зашыць. Кажуць, калі пачне зажываць (месяцы праз два), можна будзе рабіць плястыку, каб яе закрыць.

Мне і страшна і балюча, але маўчаць нельга. Я напісала заяву ў Сьледчы камітэт і раю гэта зрабіць усім-усім-усім, хто пацярпеў ад гэтых бясчынстваў. Ня можа здарыцца ні ў якой краіне сьвету ў 2020 роке такі гвалт над народам.

Я насамрэч ні разу не рэвалюцыянэр і вельмі мірны чалавек, мне вельмі складана ўсё гэта перажыць. Але ўсе гэтыя ахвяры не павінны быць дарэмнымі, а паслужыць чамусьці сьветламу і добраму. Гвалт трэба спыніць! Нельга дапусьціць, каб з табой так абыходзіліся. Мы ж людзі! Я проста плачу паўсутак ад болю і паўсутак ад гонару за тое, што ў нас такі адважны народ, і што я — беларуска.

 


Міліцыя: "А давайце яму дубінку ў жопу засунем"


Магілёвец Вадзім Гулевіч, 35 рокаў:

— Мяне затрымалі 10 жніўня на вуліцы Першамайскай, каля кавярні "Шпаркі лось". Я стаяў з таварышам прыкладна ў 22:40. Каля нас спыніўся аўтобус, зь якога выскачылі людзі ў чорным. Мы кінуліся на ўцёкі ў двор, там разьбегліся.

Схаваўся пад лесьвіцу, але мяне ўгледзелі амапаўцы, накіравалі пісталет і я падняў рукі. У аўтобусе ня білі. Праглядзелі пашпарт і запыталі, што раблю тут "у свае 35". Я адказаў, што прыйшоў у цэнтар места бараніць свае перакананьні.

У Ленінскім аддзеле міліцыі "прымалі" жорстка. Нас аддалі бамбізам, якія затрыманых скруцілі ў "абаранак" і загадалі бегчы па лесьвіцы на трэці паверх. Ім было абыякава, што ў мяне балела нага. Загналі ў спартовую залю, дзе ўжо ляжалі на падлозе можа 30-50 чалавек. Міліцыянты крычалі, каб ніхто не падымаў галовы і ляжалі "пысаю ў падлогу". Таму, хто ня слухаўся, прыціскалі галаву нагой і прыкладваліся дручком.

На мяне чамусьці крычалі, што я "арганізатар". Адвялі ў асобны кабінэт, начапіўшы кайданкі і там былі асноўныя зьдзекі. Паклалі тварам у падлогу ў "позу ластаўкі" (ногі завялі за кайданкі) ды накінулі капялюш. Запыталі "ня дужа ветліва" пін-код ад тэлефону, што я ня змог ім адмовіць. Праглядалі тэлефон і білі. Цьвердзілі, што я арганізатар. Запытвалі, хто плаціць грошы, хто мой каардынатар, ад каго атрымліваю заданьні. Потым даведваўся, што аб гэтым пыталі ў многіх, нібыта, ім убілі гэта ў галаву і далі ўстаноўку — кожнага нармальнага грамадзяніна ператварыць у ворага.

Гвалт супраць мяне быў больш псыхалягічны. Не было ўдараў з размаху. Колькі разоў добра стукнулі толькі. Калі сказаў, што баліць калена, то націскалі на яго так, што заходзіўся ад болю. Пры гэтым, зьдзекаваліся: "Ах у цябе каленка баліць". Прыстаўлялі дручок да задняга праходу і казалі: "А давайце яму дручок у жопу засунем".

Нікога ня мог разгледзець. Усе ў чорным, у масках, як адзін дужыя, "качкі". Бачыў толькі чырвона-белыя красоўкі, якія каля твару хадзілі.
Затым адправілі ў ізалятар. Там ніхто ня зьдзекаваўся. Ахоўнікі паводзілі сябе карэктна. Адзінае — тое, як прыходзіў у ізалятары суд. 17 жніўня толькі даведаўся імя судзьдзі, якая разглядала маю справу — гэта Вольга Драздова. Яна зачытала правы. Я папрасіў абаронцу. Да мяне падышоў "таварыш" і на вуха сказаў: "Абаронцу табе? Мы з табою яшчэ ў спартовай залі пагаворым!". Ня ведаю, ці пачула судзьдзя? Зразумеў, што на абаронцу разьлічваць не выпадае. Судзьдзя запытала, ці прызнаю сябе вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве? "Не прызнаю!". Тады яна агучыла, што мне 15 сутак. Працэс заняў 2-3 хвіліны. З 15 сутак адседзеў 4.

 


"Дастае з кішэні вазэлін і кажа: мы цябе проста згвалтуем"


Аляксандра, 20 рокаў:

— Выпусьцілі мяне з чацьвярга на пятніцу. А затрымалі ў ноч зь 10 на 11-га. Затрымалі і павезьлі ў РУУС. І пасьля прывезьлі сюды, на Акрэсьціна.

Там жанчына на ўваходзе была, якая проста бярэ, б’е па нагах, ну каб самасьцьвердзіцца неяк ці неяк зьнявечыць. І пытаецца: "Як справы, сучка?". Далей ставяць да сьцяны, проста кідаюць у сьцяну, быццам ты нейкая рэч. Прымушаюць распранацца. І калі ты ставіш ногі на шырыню плеч, рукі за сьпіну, як загадалі, яна цябе б’е яшчэ больш, па нагах. Да такой ступені, што ты сядаеш ледзьве не на шпагат. Ты плачаш, бо балюча, у іх абутак грубы. Пасьля гэтага ты ня можаш ні хадзіць, нічога.

Бясконцыя абразы былі, пакуль мяне там вадзілі, афармлялі. Гэта былі абразы і прыніжэньні, што калі ў мяне татуіроўкі, значыць, я зэк. І што я афіцыйна беспрацоўная, таму лепш мне не высоўвацца, бо такіх, як я трэба забіваць. Чаму ты выглядаеш так, калі ты вырадак, ты ганьба гэтай краіны. Хоць я выйшла, наадварот, за краіну, сказаць, што я люблю сваю краіну. А я, аказваецца, ганьба, па-іхнаму. То бок, я не чалавек, нават не жывёла, такіх, як я, трэба забіваць, нявечыць, гвалтаваць, а лепш не нараджаць. Як яны мне казалі ў аўтазаку, каб такіх людзей не нараджалася, трэба рабіць аборты.

Калі я сказала, што я дзяўчына, ён кажа: О, дык ты яшчэ і баба. Калі я ўжо сядзела ў аўтазаку, ён сказаў мне: ногі пад сябе, скласьці вось так локці, галаву паміж ног. Ён адабраў мой тэлефон, прымусіў яго разблякаваць, сеў на мяне і глядзеў, што ў мяне ў галерэі і ўсе мае перапіскі. І калі ён убачыў групу "Чай з малінавым варэньнем"… Дастае вазэлін з кішэні і кажа, ты ведаеш, што мы табой зараз зробім? Мы цябе проста згвалтуем. І гэтыя пагрозы былі на працягу ўсёй дарогі, хвілін 15. "Мы цябе прыкапаем у лесе". І сапраўды быў момант, калі яны спыніліся каля лесу і кажуць: ну што, рыхтуйся. І там аказаўся нейкі хлопец ці мужчына, які сказаў: ды ня трэба, давайце яе завязем проста. І гэта мяне выратавала. Бо я разумею, што мяне цяпер магло ня быць.


У мяне частковы надрыў зьвязак паўсюль, па ўсім целе. Мяне дактары аглядалі і так сказалі. Таму я цяпер чакаю мыліцы, каб яшчэ і другую нагу не даводзіць да такога стану.

 


"Дзеда Сашу завялі ў аўтазак і галавой білі аб дзьвярны касяк"


Алёна Палачанская:

— Сустрэла ўчора гэтага дзядулю і запомню яго на ўсё жыцьцё. Раскажу пра яго ўсім знаёмым, асабліва тым, хто галасаваў за Лу-каку.

"Гэта ня фарба, гэта я ішоў дадому ў сераду позна і мяне затрымаў АМАП. Але, ведаеце, я самы шчасьлівы чалавек у сьвеце", — сказаў дзед Саша.

Дзед Саша паказаў сваё плячо, да мяса прабітае ў некалькіх месцах дубінкамі. Пасьля зьбіцьця яго завялі ў аўтазак і галавой білі аб дзьвярны касяк: патыліца, твар у ранах і сіняках.

Ён усьміхаўся і расказваў пра сваё шчасьце, пра сваіх пяцярых дзяцей, пра любімую ўнучку, пра памерлую любімую жонку і сказаў абавязкова паглядзець мульцік Сьцепанцова "Шчаўкунок" — бо там пра будучыню Беларусі.

Дзед Саша захапляўся беларускай моладзьдзю і тым, што ён бачыць на вуліцах.

АМАП сказаў дзеду Сашу, каб больш ніколі не хадзіў на мітынгі. "Ну вось я і не хаджу", — сьмяецца дзед Саша і патрасае сваім плякатам.

Дзед Саша верыць у нас, і мы павінныя верыць у сябе.

 


"Дзяўчына ў форме грэбліва сказала: "Не запэцкай мяне крывёй"


Магілёвец Віталь Шаталаў, 43 рока

— Мяне ўзялі ў палон 11 жніўня ў восем гадзінаў вечара, калі ішоў ад кінатэатру "Радзіма" да гандлёвага цэнтру "Атрыюм". Людзі ў чорным схапілі пад рукі і завялі ў аўтазак. Там ужо былі затрыманыя хлопцы. Пасьля таго, як міліцыянтам скамандавалі "працуем", пачалі зьбіваць. Дручкамі зьбілі з ног і дабівалі на падлозе.

З усіх бакоў сыпаліся ўдары. Нам крычалі не падымаць вочы. Мяне літаральна тапталі нагамі. Пабачыўшы мае тату з Каліноўскім і надпісам "Жыве Беларусь", біць сталі яшчэ мацней. За белыя стужкі на руках у іншых затрыманых бязьлітасна білі. Прыгаворвалі: "Што вам міліцыя кепская, вы ж нас забіваеце ў Менску, хто вам заплаціў, няўжо вам кепска жывецца, свабоды захацелі".

У аднаго міліцыянта на берцах была ўстаўка з бляхі. Я ўсяляк закрываўся, але ўсё ж галаву мне расьсеклі і пацякла кроў. Пабачыўшы кроў, міліцыянты суняліся. Мяне кінулі ў асобны адсек аўтазаку.

Было дзіка сярод мужчынскага крыку пачуць жаночы голас. Дзяўчына ў масцы назірала за зьбіваньнем і зьдзекавалася. Калі мяне да яе падвялі, дык яна грэбліва прамовіла: "Не запэцкай мяне крывёю".

Наладаваўшы аўтазак палоннымі, нас завезьлі ў Ленінскі раённы аддзел міліцыі. Там загадалі бегчы на трэці паверх у спартовую залю. На кожным лесьвічным пралёце стаялі па два міліцыянты ў цывільным і білі нас дручкамі. У залі паставілі на калені і рукі загадалі закласьці за галаву. Калі нехта не падпарадкоўваўся, моцна білі дручком па баках. Для нетрэнаваных людзей — гэта псыхалягічная траўма на ўсё жыцьцё.

Зь мяне набегла лужына крыві, і "харошы опэр" прапанаваў выклікаць хуткую дапамогу. Вывелі з аддзелу, мэдыкаў я чакаў, седзячы на зямлі. Побач быў пажылы мужчына, якога ванітавала, ды моцна пабіты 18-рочны хлапец.

Мяне завезьлі ў нэўрахірургію лякарні хуткай дапамогі. Міліцыянты ж засталіся пад лякарняй са спадзевам, што мяне адпусьцяць. Мне наклалі тры швы і пакінулі ў стацыянары. Я ад таго, што са мною адбылося, быў у шоку. Ноч прабыў у палаце, а на раніцу, ачуняўшы і непакоячыся, што мэдыкі аддадуць мяне міліцыі, сышоў зь лякарні.

Імаверна, пра маё зьбіцьцё лекары паведамілі ў Сьледчы камітэт, бо да мяне прыходзіла адтуль супрацоўніца, але я ёй дзьверы не адчыніў, бо думаў, што гэта міліцыя. Пазьней да яе хадзіла маці, і ёй яна сказала, што зьбіраюцца зьвесткі, хто зьбіваў людзей. Такіх, як я, шмат, і яны давалі паказаньні. Ачуняю і схаджу.

У мяне дыягнаставалі страсеньне мозгу 2 ступені. Мяне ванітавала чатыры дні. Расьсечана галава. У выпісцы напісана, што гэта "крымінальная траўма". Швы зьнялі 17 жніўня, але знаходжуся пад наглядам лекараў. Пабітыя ногі, сьпіна. Пасьля зьбіцьця я ня мог хадзіць.

Міліцыянты выконвалі злачынны загад з самага верху. Прыкра тое, што так зьдзекаваліся беларусы зь беларусаў. Мне падаецца, што зьбівалі не АМАПаўцы, а апэратыўнікі з раённых аддзелаў міліцыі. Яны былі невысокага росту і дужа азлобленыя.

 


"Рэаніматолягаў таксама забіралі на Акрэсьціна"


Лекар-рэаніматоляг Юры Сіраш, загадчык аддзяленьня рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (для пацыентаў хірургічнага профілю) Менскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі:

— Я дзяжурыў 9 жніўня, быў адказным доктарам па шпіталі. Брыгады хуткай дапамогі пачалі прывозіць увечары траўмаваных сьвятлашумавымі гранатамі. Мы чакалі большай колькасьці пацыентаў, але асноўны ўдар прыняў на сябе вайсковы шпіталь. І гэта правільна, бо мінна-выбуховая траўма, агнястрэлы — гэта іхны профіль. Адзінае, мы разумелі: калі будзе вельмі вялікая колькасьць пацярпелых, вайсковы шпіталь ня зможа ўсіх прыняць. Наш шпіталь усе гэтыя дні адпрацаваў з запасам, з рэзэрвам.

Усю інфармацыю атрымлівалі праз "вуснае радыё", бо афіцыйнай інфармацыі не было — нуль, інтэрнэт вырубаўся, ТВ верыць нельга. Асноўная інфармацыя, якая да нас прыходзіла, — менавіта ад брыгадаў хуткай дапамогі. Прыяжджалі "хуткія", казалі: Цяпер узрываюцца сьвятлашумавыя гранаты, нам трэба рыхтавацца да таго і таго; пусьцілі сьлезацечны газ — да іншага. Я хачу падзякаваць усім сваім калегам. 9-га ўсё аддзяленьне выйшла на працу, у наступныя дні таксама людзі тут начавалі, выходзілі не ў свае зьмены.

Здаецца, 11 жніўня "хуткім" забаранілі прыяжджаць туды. Брыгады маглі выехаць на месца, у асяродкі супраціву, толькі на выклік міліцыі — 102. Іх туды не пускалі! Гэта нас вельмі моцна засмуціла, бо гэта баявая траўма: чым раней ты акажаш дапамогу, тым больш шанцаў пацярпеламу выжыць.

Але адчаю не было. Я ведаю прыклады, як мае калегі-валянтэры проста надзявалі будаўнічыя каскі, матацыклетныя шаломы, бралі выявы чырвоных крыжоў і ішлі "на перадавую". Пакавалі аптэчкі, бралі ўсё з сабой і ішлі дапамагаць проста на поле бою.

Але наступны этап — калі іх таксама ўзялі. Мой знаёмы казаў: "Прабач, але ў мяне людзей не засталося, нашых таксама забралі і адправілі на Акрэсьціна". Дактароў-рэаніматолягаў, мэдсёстраў. У выніку аказалася, што людзі, якія знаходзяцца ў асяродках паражэньня, засталіся без мэдычнай дапамогі.

Паводле сусьветнай практыкі, у такой сытуацыі на дапамогу прыходзіць чырвоны крыж. Людзі падымаюць чырвоны крыж, і іх ніхто не чапае. Яны дапамагаюць абодвум процілеглым бакам. Так, могуць быць канфлікты, але людзей з чырвоным крыжам ніхто ня мае права кранаць. Параненых ніхто ня мае права дабіваць. Афіцыйны Чырвоны Крыж у нас — гэта крыху іншая гісторыя. Але валянтэры стараліся. Яны мне скідвалі здымкі, як проста пакідалі на месцах перакіс вадароду, перавязачны матэрыял, каб людзі маглі дапамагчы сабе ці перавязаць параненага.

 


Валянтэры яшчэ расказвалі, што іх білі амапаўцы. Валянтэраў з чырвоным крыжам!


— "Я аказваю дапамогу" — удар дручком мне ў сьпіну і ўдар па тым чалавеку, якому я дапамагаю, — казаў валянтэр.

Дабіваць параненага — гэта ўжо апошняя стадыя нізасьці. Гэта сапраўды сьведчаньні зь першых вуснаў.

Нават вайскоўцы нашы рэдка з гэтым сутыкаюцца. Гэта няшчасныя выпадкі падчас вучэньняў. Ці пэтарды. Мы, шчыра кажучы, ведаем пра гэта тэарэтычна, але амаль не сутыкаліся на практыцы. Бо, як у гімне пяецца, "Мы, беларусы, мірныя людзі". Калі Масковія заўсёды з кімсьці ваюе — то Каўказ, то Крым, то Сырыя — то для нас гэта адзінкавыя выпадкі.

Калі спыніліся сутычкі на вуліцах, тысячы людзей кінулі за краты. І пачалі везьці людзей з Акрэсьціна, з РУУСаў. На іх было страшна глядзець — людзей тупа "адпрацоўвалі". Калі прывозілі людзей са спалучанымі траўмамі — жывога месца на іх не было, падымаеш майку — а там месіва, усё сіняе, фарш. Спрабуеш хлопца перакласьці з насілак на каталку, а ён раве ад болю.


Мала таго, іх яшчэ пазначалі незмывальнай фарбай — лоб і руку. Навошта, я ня ведаю. Прычым гэта ніякія не бандыты, не наркаманы, не крымінальнікі. Гэта нармальныя маладыя хлопцы. Не было п’яных, забулдыг, алькаголікаў, асацыяльных людзей.


Вось гэта і прымусіла нас падняцца. Гэта ўжо па-за межамі.


У Беларусі акцыі заўсёды былі мірнымі. Скажыце, што перашкаджала дазволіць правесьці 6 жніўня акцыю ў парку Дружбы народаў? Я быў на папярэдняй акцыі на Бангалоры 31 ліпеня, там не было ніводнага хулігана, бандыта. Там былі нармальныя людзі, Я, палітычна нэўтральны чалавек, прыйшоў зь сям’ёй. Там былі прыгожыя людзі. Гэта быў драйв, сіла. Гэта быў момант, калі нараджаецца нацыя. Нам забаранілі зьбірацца мірна, і калі людзі выйшлі на пратэст, улада пачала выкарыстоўваць баявую зброю. Гвалт нараджае гвалт — па-іншаму быць ня можа.

Я не хадзіў на барыкады не таму, што я баюся. Я проста ўсьведамляў, што ў клініцы буду больш карысным.

А на пратэсты мы таксама выходзім. 12 жніўня выходзілі да мэдычнага ўнівэрсытэту на мірную акцыю. Гэта было так узьнёсла! Апошняй кропляй стала затрыманьне нашага калегі, доктара-рэаніматоляга Багдана Шыльнікоўскага, і народ зразумеў, што далей ужо трываць нельга. Бо калі затрымліваюць суседа, знаёмага — гэта адно. Калі сваяка ці калегу — іншае. Як сказаў мне іншы калега, аднакурсьнік і сябра Багдана, "за што затрымліваць гэтага "пяльменя", ён жа найдабрэйшы чалавек!".

Мы зьвярнуліся да галоўнага доктара: трэба тэрмінова яго вызваляць. Галоўны доктар нас зьбіраў, зьвязваўся з намесьнікам міністра і езьдзіў на Акрэсьціна яго шукаць. Але інфармацыя пра тое, што лекар зьбіты, пайшла ўжо па ўсёй сыстэме, і брыгада хуткай дапамогі яго вывезла з Акрэсьціна. У яго ёсьць праблемы са здароўем, не зьвязаныя з траўмай (цукровы дыябэт), і ўдалося яго вывезьці нават раней, чым на Акрэсьціна прыехаў галоўны доктар. Цяпер Багдан знаходзіцца ў нас у стацыянары. Ён ужо бадзёры, нават жартуе.

Але я супраць таго, каб змагацца не паводле прафэсійнай, этнічнай ці яшчэ якой прыкметы. Трэба змагацца за ўсіх. Там яшчэ застаюцца людзі, і многія ў цяжкім стане. Мы павінны патрабаваць вызваліць усіх. Мы не павінны пагаджацца на саступкі: вось вашага калегу выпусьцім, а іншага пакінем. Гэта антыгуманна.

Наступствы застануцца. Любая стрэсавая сытуацыя так проста не праходзіць. Байцоў АМАП, САХР, міліцыянтаў адмыслова трэнуюць, яны прывычныя, гэта іх прафэсія, а мы звычайныя людзі. Бясьсьледна гэта ня пройдзе. Тут, у шпіталі, мусяць працаваць прафэсійныя псыхолягі. А да нас прыходзяць толькі валянтэры-псыхолягі.

Мы не павінны нічога ўтойваць, нічога не павінна замоўчвацца — гэта нашы грамадзяне. Павінны быць сьпісы ўсіх затрыманых і месцы, дзе яны знаходзяцца. А ня так, што валянтэры шукаюць людзей па ўсіх пастарунках і шпіталях. Павінен быць даведачны цэнтар для сваякоў, каб яны маглі апэратыўна атрымаць інфармацыю.

Тыя хлопцы, якія да нас трапілі, першыя суткі-двое проста спалі. Зойдзеш у палату, павітаесься, а яны сьпяць. Пад вечар апрытомнеюць, прачнуцца: "Вітаю, лекар!" А я ўжо разоў 10 туды заходзіў.

Аднаго хлопца прывезьлі з Акрэсьціна на "хуткай". Там яго трое сутак тупа білі. І ён, калі перагружалі ў машыну хуткай дапамогі, пытаўся: "А мяне ня будуць больш біць?" А хлопцу 20 рокаў! За што?

 


"Моцна зьбілі пасьля таго, як заўважылі "Пагоню" на мабільным"


Павал Пагарцаў, 20 рокаў, затрыманы 11 жніўня ў Гомлі:

— Мяне завялі на чацьвёрты паверх Цэнтральнага РАУС, паклалі тварам у падлогу, прымусілі поўзаць, пры гэтым моцна білі дручкамі.

Яны былі ў чорным, твары хавалі пад балаклавамі. Мяне моцна зьбілі пасьля таго, як заўважылі "Пагоню" на мабільным тэлефоне. Нас усіх прымусілі ляжаць тварам у падлогу з закручанымі назад рукамі. Так ляжалі каля 18 гадзін.

Назаўтра тут жа ў аддзеле быў суд. Мне далі 10 сутак. Але 14 жніўня выпусьцілі.

Цяпер Павел у шпіталі, у яго чэрапна-мазгавая траўма, гематомы на ўсім целе.

 


"Міліцыянткі бегаюць па крыві вясёлыя, хіхікаюць і размаўляюць матам"


56-рочны Мікалай, жыхар Жлобіна, схоплены 10 жніўня:

— На мяне наляцеў нейкі міліцыянт, крыкнуў: "Гэта ён, бяром!", тут жа падляцела іхная "газэль", і мяне запакавалі. Круцілі рукі — а ў іх рукі моцна калаціліся, ніяк не маглі кайданкі на мяне надзець. Урэшце атрымалася. У "газэлі" міліцыянт сеў на мяне зьверху, а сам можа сто кіляў важыць, і яшчэ каленам душыў у шыю — як на пратэстах у ЗША. Тое, што міліцыянты мне казалі, я вам не магу пераказаць, бо на 95% там была ненарматыўная лексыка.

Калі мяне прыцягнулі ў дворык аддзелу міліцыі, я страціў прытомнасьць, яны аблілі мяне вадой і пацягнулі ў падвал. Там у іх ці спартовая, ці трэнажэрная заля. Там ужо былі людзі. Калі мяне туды вялі — усе прыступкі былі залітыя крывёй. Шакавала ня тое, што нас там білі, а тое, што прыступкі залітыя крывёй, людзі ляжаць без прытомнасьці, а жанчыны-міліцыянткі ў гэты час бегаюць вясёлыя, хіхікаюць і размаўляць матамі!

Я недзе згубіў акуляры, шлёпанцы, быў там босы. Босы ішоў па прыступках, залітых крывёй. Там білі дручкамі, ставілі людзей на калені, і каб твар быў у падлогу. Адзін хлопец надта абураўся, што яго ўзялі ні за што, і яму далі дручком на галаве — было пяць удараў. І мне заадно — тры ўдары, са словамі: "Маўчы, стары підарс!". Я выкрыкнуў сваё прозьвішча, каб, калі памру, людзі мяне запомнілі. І тады мяне яшчэ раз стукнулі дручком па галаве.

Я казаў, што ў мяне высокі ціск. Прывялі нібыта лекараў. Яны зьбіраліся мне мераць ціск, хоць мае рукі былі ззаду скручаныя кайданкамі! Нарэшце выклікалі "хуткую".

Мікалай трапіў у шпіталь з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай.

 


"Паўсюль валяліся выбітыя зубы"


Дзьмітрыя Лукомскага, актывіста супольнасьці "Страна для жизни", схапілі 11 жніўня:

— Міліцыянты вельмі ўзрадаваліся, калі злавілі мяне. Зацягнулі ў Цэнтральны РАУС Гомля, і там пачаўся проста кашмар. Яны паклалі мяне тварам у падлогу, як усіх затрыманых, і білі жорстка — па галаве, па вушах, па нагах — дубінкай. Падыходзілі па чарзе і білі нагамі ў пахвіну. Гэта былі нашы, гомельскія міліцыянты, з Цэнтральнага. Бо яны мяне ведалі і казалі: "О, Лукомскі!" — і яшчэ ўдар нагой у пахвіну. Яны былі ў масках, нікога не пазнаць. Таксама калолі мяне іголкамі. Навошта? Я не ведаю. Начаплялі на мяне нейкіх значкоў, кшталту апазыцыйных, здымалі гэта на камэру. Зноў білі. Я ляжаў на падлозе і бачыў, як паўсюль валяюцца выбітыя зубы, шмат зубоў. Людзі крычалі вельмі страшна, а міліцыянты крычалі: "Падпісвай, сука, падпісвай!".

У іх у Цэнтральным была такая "забава" — "каруселі". Гэта калі цябе цягнуць па падлозе, а ўсе цябе дубасяць. У мяне спыталіся: "Ці патрэбен табе адвакат?" Кажу, што патрэбен. І адразу наляцелі чалавек дзесяць на мяне аднаго і пачалі біць рукамі і нагамі.

Адразу, як прывезьлі ў аддзел, пагражалі фізычнай расправай. Выйшаў нейкі начальнік і сказаў: "Гэта Лукомскі? У лес яго і кончыць!". Пагражалі згвалціць дубінкай... Ня ведаю, што было б, але якраз гэтых садыстаў недзе тэрмінова выклікалі і яны зьехалі. Патэлефанавала ў аддзел мая сяброўка, прасіла, каб ёй аддалі ключы ад хаты. Яны прапанавалі прыехаць, а самі абрадаваліся: "О! Гэта яго сяброўка! Давай-ка яе сюды!" Добра, што яна забаялася і не паехала. На мяне крычалі, каб я казаў, што я люблю міліцыю. Я кажу: "Вельмі". "Ня чуем, давай мацней крычы", — крычалі яны і білі мяне.

 

"Білі, спрабавалі зрабіць зь мяне "каардынатара"


Максім Новікаў, праграміст з Гомля:

— У Цэнтральным РАУС Гомля мяне білі, быў зь зьвязанымі ззаду рукамі. Білі па твары, па галаве, па нагах, ступаках, па ягадзіцах — дручкамі. Падымалі ў позе "ластаўкі". Я ня ведаю, хто біў. Твараў нельга разглядзець, усе ў чорным, у масках. Яны спрабавалі зрабіць зь мяне "каардынатара", прыносілі нажы, нейкія іншыя рэчы, патрабавалі, каб я прызнаўся, што гэта ўсё маё. Потым прывялі хлопца гадоў 17 і патрабавалі ад яго, каб ён прызнаўся, што я падбухторыў яго ўзяць удзел у мітынгу. Той адмовіўся — яны пачалі яго біць пры мне. Я нічога не падпісваў, за гэта мяне білі яшчэ больш. У мяне пералом двух адросткаў у хрыбце.

Яны былі, як зомбі, зь імі немагчыма было размаўляць, нешта казаць. Судзілі мяне безь ніякіх доказаў, нават час і месца затрыманьня былі няправільнымі. Нейкая "камісія" прымушала падпісаць паперу, што я абяцаю ня ўдзельнічаць у мітынгах, іначай на мяне распачнуць крымінальную справу. Хто яны? Невядома. Я не падпісваў.

Максім зьбіраецца зьвярнуцца ў СК наконт зьбіцьця.

 


"Адзін амапавец сказаў: "Была б мая воля, я б вас усіх спаліў!"


Сяргей Мельянец, вернік-баптыст:

— Мяне ўчора, на другі дзень пасьля выбараў, захапілі амапаўцы. З двума роднымі братамі мы сядзелі ў машыне, прыпаркаванай каля КЗ "Менск". Проста хацелі быць недалёка ад цэнтру гораду і маліцца за сытуацыю ў Беларусі.

Мяне выцягнулі з машыны, аддубасілі дручкамі па галаве, сьпіне, жываце. Я крычаў ім, што я вернік, што я тут для таго, каб маліцца за Беларусь. Яны ня верылі. Размаўлялі толькі матам, пагражалі і білі. Забралі тэлефон.

Потым закінулі ў сіні мікрааўтобус. Загадалі легчы ў праход тварам уніз. Там ужо ляжалі двое. Давялося легчы зьверху. Амапавец пачаў катаваць мяне электрашокерам. Біў токам па сьпіне ў раёне сэрца. Пытаўся, з кім я быў, хто арганізатар. Мае адказы яго не задавальнялі. Калі ён даведаўся, што я баптыст, спытаўся, якія ведаю малітвы. Я сказаў, што малюся сваімі словамі і ведаю "Ойча наш".

Нас прывезьлі ў нейкі закутак, выгрузілі, прымусілі стаяць на расьцяжцы, упершыся галавой у аўтазак. За самы малы рух ці спробу гаварыць білі дубінкамі. Амапавец трымаў маю зламаную руку за сьпінай, хоць у гэтым не было патрэбы. Было вельмі страшна. Адзін амапавец гучна сказаў: "Была б мая воля, я б вас усіх спаліў!".

Потым з матамі і ўдарамі нас загрузілі ў іншы аўтазак, шэрага колеру. Там былі так званыя "стаканы" — каробачкі, у якія зь цяжкасьцю маглі зьмясьціцца седзячы тры чалавекі. Бяз вокнаў і выцяжкі. Толькі маленькая дзірка ўверсе дзьвярэй. Было цяжка дыхаць.

Побач са мной сядзелі студэнт, які вяртаўся дадому, у якога дыябэт і цяжкасьці з дыханьнем, і хлопец, які ехаў на машыне зь сябрам. Ён спыніўся каля міліцыянта і проста спытаў, ці можна павярнуць на праспэкт. Яго схапілі, цягнулі па асфальце і зьдзерлі скуру з каленяў.

Нас прывезьлі на тэрыторыю з высокім плотам пад калючым дротам. Там з матамі выгрузілі ў памяшканьне, падобнае на пусты склад. Толькі бэтонная падлога і сьцены. Паставілі тварам да сьцяны, забаранялі размаўляць.

Так прастаялі дзьве гадзіны. Усіх перапісалі. Потым пачалі закоўваць рукі за сьпінай будаўнічымі сьцяжкамі.

Мне стала рэальна дрэнна. Забалела сэрца, не хапала паветра. У мяне і раней былі праблемы з сэрцам. За гэта нават у армію не ўзялі. Я папрасіў выклікаць хуткую дапамогу. Аказалася, яна ўжо стаіць на тэрыторыі. Мяне адразу агледзелі. Тахікардыя, панічная атака, болі ў сэрцы, сутаргі, зьніжанае колькасьць кіслароду ў крыві… Паўгадзіны я ляжаў у хуткай, падключылі кропельніцу, далі таблеткі. Вырашылі везьці ў лякарню.

Лекары былі абураныя тым, што яны бачылі і што мы ім расказвалі. Але амапаўцам яны нічога не казалі. Некаторыя лекары былі абыякавыя і размаўлялі матамі.

У лякарні чатыры гадзіны мне нясьпешна рабілі аналізы і абсьледаваньне. Пры мне прывозілі шмат зьбітых і траўмаваных людзей. У аднаго чалавека былі вырваныя кавалкі мяса ў трох месцах памерам з кулак — там, куды трапілі гумовыя кулі.

Урэшце прызналі, што мне не патрэбна тэрміновая шпіталізацыя. Месцаў не было. Лякарні забітыя параненымі і зьбітымі людзьмі.

Да трох гадзін ночы мяне выпусьцілі зь лякарні. Тэлефон сеў, і ні капейкі грошай. Паўгадзіны галасаваў на прыпынку. Ніхто не спыняўся. Падышла жанчына, у якой было 10 рублёў. І ёй было са мной у адзін бок. Урэшце мы змаглі знайсьці таксі. Добры чалавек пагадзіўся давезьці нас дадому.

Увесь гэты час я маліўся Богу за людзей, зь якіх зьдзекуюцца і б’юць, за сябе і за сваіх братоў. За нашу краіну. За ўлады, каб Бог расплюшчыў ім вочы і прамовіў да іхнага сумленьня.

Праз два дні нарэшце зьявілася інфармацыя, што мае браты ў турме ў Жодзіне. Праз чатыры дні іх выпусьцілі на свабоду. Іх зьбівалі, але абышлося без сур’ёзных траўмаў. Бог захаваў.

 


Гісторыя гарадзенскага каардынатара штабу Бабарыкі


Маці Ігара Ярмолава, каардынатара штабу Віктара Бабарыкі:

— Двое сутак мы шукалі сына пасьля таго, як ён перастаў выходзіць на сувязь 12 жніўня ўвечары. Раніцай 13-га мы сталі званіць па ўсіх вядомых нам тэлефонах, але нічога не змаглі высьветліць, бо тэлефоны міліцыі і турмаў былі ўвесь дзень або занятыя, або не адказвалі. Падключыліся да пошуку сябры Ігара. Яны сказалі са словаў суседзяў, што яго ўчора забралі з кватэры невядомыя людзі. Мы зьвярнуліся ў міліцыю з заявай, але ніякай інфармацыі ад іх не атрымалі дагэтуль.

Мы жывём у Горадні. 13 жніўня мы паехалі ў Менск шукаць Ігара па аддзелах міліцыі. Але ў сьпісах РУУС ён ня значыўся. Дзе шукаць сына, мы ня ведалі. Сябры Ігара ўсім мірам зьбіралі інфармацыю і падказалі нам шукаць яго на Акрэсьціна. Назаўтра раніцай мы былі там і на свае вочы пабачылі пацярпелых зьбітых людзей, якіх, зь іхных словаў, трымалі горш за быдла ў маленькіх камэрах па 37 чалавек, зьдзекаваліся і білі. Людзі, якія выйшлі з турмы, паказвалі страшныя гематомы. Мы былі ў жаху ад гэтага і ад невядомасьці пра долю Ігара. У сьпісах затрыманых ён ня значыўся ні на Акрэсьціна, ні ў Жодзіне, ні ў Слуцку.

Мы зьвярнуліся да адваката, і ён пазьней паведаміў нам, што Ігар знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Сябры працягвалі шукаць яго ў лякарнях і знайшлі. Пасьля абеду 14 жніўня яго знайшлі ў вайсковым шпіталі № 243 на праспэкце Машэрава, 26. У 17:00 мы былі каля палаты сына ў хірургічным корпусе, у аддзяленьні нэўрахірургіі. Палату ахоўвалі два чалавекі ў цывільным.

Ігар расказаў, што да яго ў кватэру, узламаўшы дзьверы, уварваліся невядомыя бандыты. Яны загадалі яму легчы на падлогу, накінулі на галаву першае, што трапілася пад руку. Гэта былі шорты. І пачалі жорстка зьбіваць нагамі. Бацька спытаўся, ці моцна білі. Ігар сказаў: "Нармальна білі, тата". У гэты момант ахоўнікі выгналі нас з палаты. Больш нічога спытаць мы не пасьпелі. З таго, што мы прынесьлі з сабой для Ігара (садавіну, ёгурт, сок, печыва, ваду) дазволілі пакінуць толькі ваду. Дзякуй хоць за гэта.

Ад дзяжурнага доктара мы даведаліся, што ў Ігара закрытая чэрапна-мазгавая траўма, зламаная рабрына, цяжкі ўдар грудной клеткі. Ён быў у прытомнасьці.

З дапамогай адваката мы зьбіраемся пісаць скаргу ў пракуратуру, Сьледчы камітэт. І яшчэ зьвярнуцца ў праваахоўныя арганізацыі і СМІ.

 


"Мяне палохае ўласная нянавісьць"


Алена Шчарбінская, журналістка тэлеканалу "Белсат":

— Мяне палохае нянавісьць да кожнага супрацоўніка, да сыстэмы, якая нас усіх цяпер забівае і нявечыць. У мяне не засталося ніякіх падзелаў на "злы амапавец" і "лейтэнант з задрыпанага РУУС, які нічога дрэннага не зрабіў". Да кожнага, хто дагэтуль у гэтай сыстэме.

Вялікая ўдзячнасьць да лекараў, якія ўчора правялі вялізны аб’ём дасьледаваньняў за лічаныя гадзіны, абверглі адзін дыягназ, паставілі іншы. І пры гэтым дзякавалі мне за працу, падтрымлівалі кожны раз па-рознаму: словам, кубачкам гарбаты, усьмешкай. І былі на нашым баку, а не на тым. І яны таксама чакаюць зьменаў.

Удзячнасьць да людзей, якія на працягу трох сутак былі побач і рэальна мяне ратавалі. Дзяўчаты з камэры, вашы тэлефоны ў мяне, усіх знайду. Да той, якая гладзіла па галаве, калі я пачынала плакаць, і шаптала: "Усё будзе добра, давай памолімся". Яна спала са мной трое сутак то ў абдымку, то сьпіна да сьпіны. І размаўляла пра патрэбнае, і маўчала, калі было важна. І абяцала смачныя кактэйлі, калі выйдзем (а я нічога не забылася).

Удзячнасьць да незнаёмай жанчыны, якая, пачуўшы ў сваім дамафоне мае словы "Дапамажыце, я журналістка, мяне перасьледуюць", адчыніла дзьверы. Пусьціла ў кватэру, падзялілася вайфаем, прапаноўвала накарміць і перажывала, калі я сыходзіла.

Спачуваньне да ўсіх, хто ў гэтыя дні зьбіты, зьнявечаны, ды й проста ўсё гэта бачыць. Спачуваньне такога ўзроўню, што я плачу зь перапынкамі на паразмаўляць зь лекарамі і праглынуць ежу з таблеткай.

Адчуваньне ўласнае сілы. Мне сто разоў хацелася прызнацца, што я ўдзельнічала ў мітынгу, крычала лёзунгі і размахвала рукамі і "пайсьці дадому" — так абяцалі дзядзі ў цывільным. Потым мне было страшна спрачацца з судом і даказваць, што я не ідыётка. "Алена, заткніся, падпішы ўсё, інакш паедзеш на 15 сутак", — казаў мне адзін з маіх галасоў (у мяне іх некалькі, але шызафрэніі не дыягнаставана). Я паслухала той, за які ня сорамна.

Любоў. Да мужа, які ўсе гэтыя дні ня толькі шукаў мяне, выносіў мазгі маім калегам, трымаў сувязь з усімі РУУС Менску, але і быў з дваімі малодшымі дзецьмі, сабакам і нават маёй мамай. Але самае важнае: ён адзіны з маёй сям’і, які не задаў пытаньня, якое выводзіць з маральнае раўнавагі: "Ну нафіга ты туды паперлася, у цябе ж дзеці!?".

Туга па дзецях. Яна са мной заўсёды, камяком у горле. І разам зь ёй пастаяннае адчуваньне віны: ці зразумеюць яны, чаму мама такая? Можа, трэба проста быць зь імі, без усялякага гэтага вось?

Няёмкасьць. Цяпер многія пішуць словы падтрымкі, зьбіраюцца прыехаць у адведкі, пытаюцца, як дапамагчы, і ставяцца да мяне, быццам я праявіла нейкі гераізм. Мне няёмка ад гэтага, бо я бачу іншых герояў.

Надзея. Можна ж без камэнтароў, так?

З дыягназам "шырокі ўдар брушной паражніны і мачавога пузыра, кровападцёкі (і яшчэ нешта)" я знаходжуся ў лякарні хуткай дапамогі.

 


"У міліцыі з майго сядалішча зрабілі карпaча"


39-рочны магілёвец Дзяніс Крайцаў:

— Мяне зьняволілі ўвечары 11 жніўня каля дыягнастычнага цэнтру (за 200 мэтраў ад гарвыканкаму). Я сядзеў на лаўцы, калі падбеглі чацьвёра экіпіяваных міліцыянтаў, заламалі рукі, "укінулі" ў аўтобус. Там я бачыў толькі падлогу, берцы і чуў пагрозы з мацюкамі.

Яны выкрыквалі: "Табе не падабаецца цяперашняя ўлада і ходзіш пратэставаць?" і сумяшчалі гэта з ударамі дручка. Яны былі засяроджаныя на галаве (ня дужыя) і ў асноўным бязьлітасна малацілі па сядалішчы ды задняй частцы сьцягна. Адбіта там усё. "Карпaча" зроблена. Пасьля таго, як мяне апрацавалі ў аўтобусе, зацягнулі ў аўтазак і кінулі тварам на падлогу.

Міліцыянты дзейнічалі паводле для для іх вызначанага альгарытму, нібыта выбівалі зь неразумнага дзіцяці дур.

Пасьля "апрацоўкі" ўсіх аўтазакам завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі. Там загадалі бегчы на трэці паверх у актавую залю. На лесьвічных пралётах і ў калідоры стаялі міліцыянты і білі дручкамі тых, хто прабягаў паўзь іх. У актавай залі на падлозе ляжалі пад тры дзясяткі чалавек. У ёй ужо ня білі, толькі крычалі. Участковы аформіў дакумэнты, правёў дактыляскапію.

У малпоўні, дзе я перабываў нейкі час, нас сядзела пяцёра. У ёй быў інвалід 2 групы, якога загрэблі і суткі трымалі. Яго неяк адшукаў брат, і брата кінулі ў тую ж камэру. Яшчэ адзін хлопец быў моцна зьбіты. Увесь сіні.

У аддзеле міліцыі блізу 22 гадзіны мне стала кепска і выклікалі хуткую дапамогу. Доктар, аглядаючы, не дэманстравала "асаблівага энтузіязму", каб вызначыць стан пацыента. Хутка агледзела і сказала, што ўсё ў парадку. Я зьвяртаўся да яе сумленьня, але рэакцыі не было. Потым нас завезьлі ў ізалятар. У мяне ўжо не было спадзеву, што мэдыка для мяне выклічуць яшчэ раз. Але падчас агляду супрацоўнік сам прапанаваў. Мэдык, убачыўшы на твары абдзерыны, сказаў, што ёсьць падазрэньне на чэрапнамазгавую траўму. Убачыўшы маё сядалішча, ён быў уражаны. Мяне забралі ў лякарню. Там і дактары зьдзівіліся маім пабоямі, і мяне шпіталізавалі.

Цяпер я ляжу ў лякарні хуткай дапамогі. Тут супрацоўнікі зь Ленінскага аддзелу міліцыі апытвалі мяне пра зьбіцьцё, а сьледчы зь Сьледчага камітэту вазіў на "месца злачынства". Ля дыягнастычнага цэнтру вызначаў ахоп камэраў назіраньня.

У пратаколах і заявах я хадайнічаю аб выняцьці запісаў ня толькі з камэраў вонкавага назіраньня, але і ўнутранага ў аддзеле міліцыі.

Сытуацыю, у якой давялося апынуцца, я не назаву "беззаконьнем", бо гэтае слова не перадае ў поўнай меры тое, што я перажыў.

Гэта нейкі сюррэалізм. Я не магу паверыць, што гэта адбылося ў ХХІ стагодзьдзі ў эўрапейскай краіне.

 

"І яны сказалі: кіньце яго ў падвал, няхай здыхае"


Маці Цімура, 16-рочнага падлетка, якога 12 жніўня ў Менску катавалі амапаўцы:

— Яго зьбілі спачатку ў Фрунзенскім раёне, а пасьля прывезьлі ў Партызанскі. Ён пакуль не прыходзіць у сябе. Яго зьбівалі за тое, што ён быў чорны.

Сястра Цімура:

— Мой брат Цімур пайшоў да сябра а сёмай гадзін вечара, яны зьбіраліся на рыбалку. Папярэдзіў маму пра гэта. А паколькі гэты сябра блізкі да нас, пытаньняў ніякіх ня ўзьнікла. Яго адпусьцілі з начоўкай. Ну і з раніцы ён не прыйшоў дадому. Мы сталі званіць сябру. Сябра сказаў, што яго няма. Мы забілі трывогу, сталі яго паўсюль шукаць, абзвоньваць, але вынікаў ніякіх не было. Пасьля нам пазванілі са школы, сказалі, што Цімур у лякарні, што ім званілі з паліклінікі. Мы адразу паехалі, і ён нам расказаў, што зь ім здарылася. Ён выйшаў з дому, паехаў у бок сябра на Захадзе-3. З аўтобуса выйшлі людзі ў цывільным, пачалі ўсіх біць. Забіралі і жанчын, і мужчын. І брата сталі біць і засунулі ў гэты бус. Яны ляжалі адзін на адным, тыя сядзелі на іх зьверху.

Потым іх завезьлі ў РУУС і яшчэ там зьдзекаваліся зь іх, білі іх. Потым Цімуру засунулі дубінку ў горла. Галаву трымалі і з нагі засоўвалі дубінку ўсярэдзіну. Прымушалі сьпяваць гімн. Сказалі словы, і каб ён ім прасьпяваў, каб забаўляў іх. Ён сказаў, што яму 16 рокаў, што ня могуць так зь ім абыходзіцца, што ён дзіця. Але гэта іх не спыніла. Яны абражалі яго, для іх людзі як быдла проста. Каля яго таксама зьдзекаваліся і зь дзяцей, і з мужчын, і з жанчын.

Калі Цімур пачаў задыхацца, ён пачуў, як нехта з тых, пабачыўшы, што ён на апошнім здыханьні, спытаўся: куды яго? І яны сказалі: кіньце яго ў падвал, няхай здыхае. Ну і адзін зь міліцыянтаў кажа: вы што, звар’яцелі, гэта дзіця. І пачаў неяк яму дапамагаць, выклікаць "хуткую". Яго спрабавалі спыніць, але гэта было бескарысна, бо ў Цімура ўжо канвульсіі пачаліся. Таму ўсё ж выклікалі "хуткую". Прыехала "хуткая". І яго нават у "хуткай" білі. І яны крычалі: мы цябе знойдзем, мы цябе запомнілі.

Цяпер ён у паніцы, у стрэсе. Бо яго і ў "хуткай" білі, і ў міліцыі білі, і на вуліцы білі. А дзіця, гэта факт, у нармальны час проста пайшло да сябра. Цяпер ён быў у коме. Яго штучна ўвялі ў кому, бо ён ня мог дыхаць увогуле. Таму ён быў у коме і на апараце ШВЛ. Пасьля яго сталі выводзіць з мэдыкамэнтознага сну, і ён пачаў патроху прыходзіць у сябе. Яго білі электрашокам па пятах, у яго цяпер вельмі моцна баляць ногі і невядома, якая рэабілітацыя яму спатрэбіцца. У яго на гэты момант ня бачаць вочы. Хутчэй за ўсё, таму, што яны апухлі. Яго дубінкамі білі ў вочы. Таму са зрокам таксама яшчэ незразумела толкам, што там будзе і як. У яго вельмі моцна баліць шыя, патыліца, грудная клетка. Увогуле ў яго баліць усё, бо яны білі без разбору, хто куды пацэліць. А самыя зьверствы прыпадалі на твар.

Цімур знаходзіцца ў 3-й месцкай дзіцячай клінічнай лякарні.

 


"Я разам з маімі дзецьмі бегла ад гранат"


14 жніўня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Падыходы да Дому ўраду ахоўваюць вайскоўцы са шчытамі. Дзяўчаты падыходзяць і абдымаюцца зь імі.

Малады мужчына, ахутаны бел-чырвона-белым сьцягам:

— Людзі паказваюць, што яны мірныя. І хлопцы паказваюць (вайскоўцы). Вы паглядзіце на іх. Гэта ня тыя амапаўцы, якія білі дзьве-тры ночы. Гэта нармальныя людзі. Яны вайскоўцы, яны ня будуць нас біць.

Камандзір вайскоўцаў:

— Давайце вось трошкі адыдзем. Я нэрвавацца пачынаю, калі такая прыгажосьць да мяне падыходзіць. Не нэрвуйцеся, усё будзе добра.

Жанчына сярэдніх рокаў:

— Як мы перажылі? Нам было вельмі балюча. Як можа жанчына дараваць, калі яе дзяцей б’юць, калі яны гінуць. Мне было вельмі балюча. Мы плачам, мы ня сьпім ужо зь нядзелі (9 жніўня). І дзеці мае мяне цягнуць, я баюся… Я разам зь імі бегла ад гранат. Яны разьбягаліся. У выніку я сваіх дзяцей згубіла. А сядзела пад дрэвам зь нейкім хлопчыкам дзесяцігадовым, які, ня ведаю як, аказаўся без бацькоў, у якога дрыжэлі губы. Ягоны твар у мяне дагэтуль перад вачыма. І гэта страшна.

Дзяўчына ў масцы сядзіць, як і многія іншыя, на бруку:

— Ну нарэшце нам далі сабрацца на плошчы Незалежнасьці. Бо мы былі вымушаныя зьбірацца дзе заўгодна. У мяне каля дома мы не маглі выйсьці нават да станцыі мэтро. Проста вось на некалькі крокаў ад дому адышлі, а людзі некаторыя ішлі проста з мэтро, з Грушаўкі, некаторыя на роварах каталіся. Высыпае АМАП, чалавек дзесяць, кладуць людзей, якія на роварах каталіся, проста каталіся…

 


"Белыя кветкі — знак таго, што я мірны чалавек"


12 жніўня жанчыны з кветкамі сталі ў шэраг каля ГЦ "Спэктар" ва Ўруччы ў Менску.

Жанчына сярэдніх рокаў:

— Мы стаім, бо мы супраць гвалту. Мы хочам, каб спыніўся гвалт. Каб былі сумленныя выбары. Каб былі перагледжаныя вынікі. Мы хочам свабоды людзям, якіх затрымалі. Мы хочам, каб нікога ня білі. Белыя кветкі — гэта знак свабоды людзям, якія цяпер пакутуюць у турмах. Людзей у чорнай форме яны ня спыняць, на жаль, але думаю, што нас, можа, ня будуць тут біць сёньня.

На суседняй вуліцы — чарада аўтазакаў, каля якіх ходзяць людзі ў спэцыяльнай амуніцыі. Усе цывільныя машыны сыгналяць.

Маладая жанчына:

— Зараз я хачу быць салідарнай з тым, што адбываецца наогул у Беларусі. І ёсьць такая магчымасьць выйсьці мірна і паказаць, што мы супраць таго, што адбываецца, падтрымаць іншых беларусаў, якія цяпер сядзяць недзе там, дзе яны не павінны знаходзіцца. Кветкі для мяне — знак таго, што я мірны чалавек і не хачу нікому рабіць ніякай крыўды.

 


Гісторыя Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў на пратэстах


Тарайкоўскі загінуў у Менску каля мэтро "Пушкінская" позна ўвечары 10 жніўня. Яму было 34 рока.

Алена, жонка Аляксандра Тарайкоўскага:

— Пра тое, што ён загінуў, я даведалася ад журналістаў увечары 12 жніўня. У тое, што ў яго ў руках узарвалася выбухоўка, я ня веру. Нічога такога пры ім не было, нічога гэтага ён ня ўмее.

10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі. Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там зьбіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў кватэру бацькі, дзе яны рабілі рамонт, у тым раёне. Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт ягоны ў мяне.

Каля 22:30 Саша пазваніў і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту мы ня мелі ніякіх зьвестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых.

Мы афіцыйна не расьпісаныя, маем 3-рочную дачку. Але ў яго ёсьць бацька, сястра. Чаму ім не паведамілі? У яго тэлефон быў, можна ж было ў тэлефоне паглядзець нумары, камусьці пазваніць.

Калі 13 жніўня мы пасьля званка журналістаў зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, нам сказалі, што Аляксандар лічыцца неапазнаным. Але ўжо празь некалькі гадзін пасьля ягонай сьмерці МУС і СК распаўсюдзілі інфармацыю пра ягоную судзімасьць, а значыць, яго апазналі.

Ён быў асуджаны на 7 рокаў за нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія пацягнулі за сабой сьмерць. Адседзеў увесь тэрмін і неўзабаве судзімасьць мусілі зь яго зьняць. Ён заступіўся за маці. Яе зьбіў сужыцель, а ён заступіўся, і вось так. Мы асабліва не гаварылі ніколі пра гэта.

Пры апазнаньні цела я не пабачыла ранаў, якія нагадвалі б выбух прылады. Паводле афіцыйнага заключэньня, ён памёр ад страты крыві. Я так разумею, што калі б яму ў час аказалі дапамогу, ён бы мог выжыць. А яны ж яму ніякай дапамогі не аказвалі, адразу сталі цягнуць.

Я паглядзела відэа яшчэ да апазнаньня, яшчэ быў спадзеў, што гэта ня ён. Я ня ведаю, чаму ён выйшаў наперад, адзін. Напэўна, ня думаў, што будуць страляць. Факт, што яго забілі. Хто будзе пакараны? Цяпер будуць казаць, што ён сам вінаваты? Ён выйшаў бяз зброі, чаму вы не стралялі па нагах, па руках?! У мяне пытаньне: ці будзе заведзеная крымінальная справа, ці будзе хто за гэта пакараны?

Сябра Аляксандра:

— Мы са школы былі ўтраіх. Аднаго я пахаваў, калі Саша быў на зоне за кавалера маці, які зьбіў яе да паўсьмерці, а Саша ў стане афэкту біў яго. Ён заўжды стараўся працаваць не на дзяржаву. Рабіў аўтамабільныя фіранкі. Зрабіў сайт hober.by, адкрыў ІП і спрабаваў пракарміць сям’ю і малую дачку. Заўсёды быў упарты, але вельмі жыцьцярадасны чалавек. Рэальна стараўся жыць, спрабуючы забыць сваё мінулае. Зрабіў рамонт у кватэры. Выплаціў бацькавы даўгі за кватэру і з чыстым сумленьнем пайшоў з жыцьця, змагаючыся за шчасьлівую будучыню беларускага народу.

Вы раскажыце пра яго. Ён мусіў жыць. Ён мусіў падняць малую дачку.

На відэа, дзе зафіксаваны момант сьмерці чалавека, той вельмі падобны да Аляксандра. Але пра выбуховую прыладу — што за трызьненьне?! Ён працуе ў тым раёне. У яго бацька за 150 мэтраў адтуль жыве.

 

Адкрытая траўма чэрапа, прастрэлены жывот, усё цела — суцэльная гематома


Лекар-хірург з 10-га клінічнага шпіталя ў Менску:

— Я дзяжурыў у ноч з 10 на 11 жніўня, гэта была другая ноч пратэстаў. Мяне выклікалі на ўзмацненьне хірургічнай брыгады. За тую ноч да нас прывезьлі прыкладна 7-8 чалавек. Трох зь іх аглядаў я, усіх шпіталізаваў. У дваіх былі чэрапна-мазгавыя траўмы з ранамі галавы і мноства ўдараў мяккіх тканак па ўсім целе, сінякоў.

Людзі апавядалі, што іх жорстка пабілі, каго на Рэвалюцыйнай, каго ў Серабранцы. Аднаго хлопца, зь ягоных словаў, наагул білі ў аўтазаку — з 19 вечара да 2 ночы. Ён прыбыў да нас у суправаджэньні аднаго байца АМАПу, але той зразумеў, што "засьвеціцца" ў шпіталі, і адразу ж зьехаў. Ёсьць хлопец, у якога ўсё цела — суцэльная гематома.

Прывезьлі аднаго 20-рочнага хлопца, у якога была пранікальнае раненьне гумовай куляй у грудную паражніну. І яго экстранна праапэравалі. Ён знаходзіцца ў шпіталі з бацькамі. Да хлопца прыходзілі супрацоўнікі Сьледчага камітэту, але нашы дактары іх не пусьцілі, бо ён быў у цяжкім стане. Цяпер яго перавялі ў аддзяленьне таракальнай хірургіі, стан у яго ўжо стабільны, і ён пастаянна знаходзіцца з бацькамі.

У мае сёньняшняе і пазаўчорашняе дзяжурствы да нас нікога не прывозілі. Але я бачыў чаргу ў афтальмалягічнае аддзяленьне, сядзелі людзі з кулявымі раненьнямі ў павека, вока.

Аляксандра Цітова, траўматоляг з 6-га клінічнага шпіталя ў Менску:

— Да нас у асноўным прыходзілі і прыяжджалі самі. Усіх шпіталізавалі. У нас спэцыялізацыя — траўмы канцавін, таму паступалі з пабітымі і параненымі рукамі-нагамі. Я ведаю, што асноўную масу людзей везьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, таму што там спалучаная траўматалёгія (рукі-ногі і жыцьцёва важныя органы), з траўмамі грудной клеткі везьлі ў 10-ю лякарню.

Было шмат людзей са сьлядамі зьбіцьця міліцэйскімі дручкамі. У асноўным гэта сьляды на руках, на нагах і на сьпіне. Былі людзі з ранамі ад гумовых куль, траўмамі, нанесенымі гумовымі кулямі.

Кулі былі даволі вялікія — круглыя чорныя шарыкі дыямэтрам сантымэтры тры. Адну мы вынялі, другую хлопец прывёз з сабой. Быў хлопец, у якога пад нагамі штосьці выбухнула. Што — ён дакладна патлумачыць ня можа. У яго выбуховая рана ступака. Былі няроўныя краі, відавочна, аскепкі трапілі. Апэрацыя экстраная ў момант паступленьня.

З аскепкавымі раненьнямі раней мы сутыкаліся толькі адзін раз — 11 красавіка 2011 року, калі быў выбух у мэтро“.

Ужо 11 жніўня ад унівэрсама "Рыга" даставілі хлопца з дзьвюма ранамі жывата. Цяпер хлопец у рэанімацыі, але ягоны стан стабільны. У 23:00 з Пушкінскай даставілі хлопца з адкрытым пераломам костак чэрапа. Гэта было 10 жніўня. Правялі апэрацыю на чэрапе. У нас жа не ваенны час, адкуль у нас досьвед лячэньня такіх траўмаў? У хлопца была адкрытая рана чэрапа за вухам, яго ратаваў цэлы калектыў мэдыкаў. Цяпер яго перавялі ў РНПЦ нэўралёгіі і хірургіі.

 


"Мы дагэтуль ня можам пахаваць майго брата"


Вольга Віхор, сястра 25-рочнага Аляксандра, які загінуў на пратэстах у Гомелі:

— Я яшчэ да канца не разумею, што здарылася. Мы дагэтуль ня можам пахаваць майго брата. Ніхто не дае нам заключэньня — чаму наступіла сьмерць. Мы самі езьдзім па лякарнях, размаўляем зь лекарамі, спрабуем сабраць нейкую інфармацыю.

Яму 25 рокаў, малады здаровы хлопец, спартовец, з вышэйшай адукацыяй, эканаміст. Ён ехаў на сустрэчу зь дзяўчынай, трапіў у непатрэбнае месца ў непатрэбны час. Быў суд. У яго былі праблемы з сэрцам, тахікардыя, высокі ціск. Ён пра гэта казаў, але там ніхто ня слухае. Пасьля суду яму стала дрэнна, гэта было ў шэсьць гадзін вечара. Ён задыхаўся, прасіў пра дапамогу. Іх трымалі ў аўтазаках. Ніхто дапамогі не аказаў. І яго прывезьлі, гэта з шасьці вечара, толькі ў дзьве гадзіны ночы ў лякарню. Прычым у псыхіятрычную. Бо ў чалавека ўжо быў перадынсультавы стан, ледзьве там ня кома наступала, ён губляўся ў прасторы. І супрацоўнікі міліцыі палічылі яго паводзіны неадэкватнымі і прывезьлі яго ў вар’ятню. На што псыхіятар сказаў, што вы ня бачыце? Чалавеку дрэнна, яму патрэбная мэдычная дапамога. Што вы вытвараеце? У гэты час у Сашы стала спыняцца сэрца. Выклікалі хуткую, пакуль прыехала хуткая, сэрца спынілася. Яны спрабавалі яго рэанімаваць, сэрца завялі. Але ён ня дыхаў. Яны яго перавезьлі ў рэанімацыю. Ён паступіў туды, як нам сказалі рэаніматолягі, з ацёкам галаўнога мозгу і ў стане клінічнай сьмерці. Яшчэ гадзіну спрабавалі змагацца, але, на жаль, беспасьпяхова.

Нам сказалі, што заключэньне рабілі і, нібыта, адправілі яго ў Менск. Усе пробы, усе аналізы будуць гатовыя толькі празь месяц. Я ня ведаю, як хаваць брата, ня ведаючы прычыны, ня ведаючы наогул, што адбывалася і як адбывалася. Ёсьць факты пра тое, што іх зьбівалі. Факты, вядома, нашымі праваахоўнымі органамі не пацьвердзіліся. Мы самі шукаем сьведкаў і я прашу, каб сьведкі адгукаліся.

Я хачу справядлівасьці. Я хачу ведаць, за што, як і чаму загінуў мой брат. Я заяўляю, што ён не памёр, ён загінуў. Я ня ведаю, як назваць гэта. Самаўпраўства, халатнасьць, перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Ды проста гэта ня людзі. Даць паміраць маладому хлопцу, зьбіваць, калі чалавек просіць пра дапамогу. Чалавек знаходзіўся ў суправаджэньні праваахоўных органаў. Вы прывозілі яго на суд. Гэта адміністрацыйная працэдура. Няўжо вы не маглі элемэнтарна хуткую выклікаць. А вы давялі яго да гібелі.

Ягоная дзяўчына пра ўсё ведае, і ня толькі яна. Я цяпер была ў сьледчым камітэце і па прыезьдзе дадому мы арганізавалі вялікі пікет, Сашавы сябры, аднагрупнікі, аднаклясьнікі, знаёмыя, вельмі шмат людзей нясуць кветкі, ставяць сьвечкі каля вокнаў, павесілі партрэт. Мы гэтага не чакалі.

Мы напісалі заяву ў пракуратуру, патрабуем узбудзіць крымінальную справу, правесьці расьсьледаваньне, што былі зробленыя супрацьпраўныя дзеяньні, што не была аказаная мэдычная дапамога. Што будзе далей, я ня ведаю. Але пахаваць яго, на жаль, пакуль мы ня можам. Дакладней, можам, але тады ўсё застанецца беспакараным і невядомым для нас. І як пасьля з гэтым жыць, я ня ведаю.

Расповед сястры дапаўняе маці Аляксандра:

— У адным з аўтазакаў быў і Саша... Ён ня ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі... І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыі. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу.

У Сашы былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі на чаргу ў СІЗА, яму зрабілася блага.
А ў моргу мне адмовіліся яго паказваць. Я думаю, што ён моцна зьбіты. Я прашу людзей, якія былі разам зь ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў — хай раскажуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына.

 


Ганебна АМАПу гойсаць на "хуткіх"


Больш за 200 мэдычных супрацоўнікаў выйшлі сёньня на акцыю "Мэдыкі з народам" у Менску.

Мужчына 40 рокаў у белым халаце трымае расьцяжку "Спыніце гвалт":

— Вельмі сур’ёзныя паступаюць раненьні. Ужываецца спэцтэхніка, зь якой раней лекары ўвогуле не былі знаёмыя. Я думаю, трэба нешта рабіць, каб гэта спыніць.

Лекарка рокаў 40:

— Гэта не пратэст. Гэта акцыя за мір, за тое, каб мэдыкам далі магчымасьць дапамагаць параненым. Каб не было такога, што ў "хуткіх" катаецца АМАП. Нам, вядома, страшна. Цяпер кожнаму з нас страшна. Але калі мы будзем усе баяцца, што мы тады зьменім?

Малады мужчына ў масцы і лекарскай шапачцы:

— Адчайны крок дзяржавы дастаўляць сваіх вайскоўцаў на месцы пратэстаў на машыне хуткай дапамогі. Гэта проста агідны крок. Проста крывадушны нейкі і ганебны максымальна, таму што заўсёды да службы мэдычнай дапамогі была павага, і ўсе, нават жорсткія акупанты, прапускалі мэдыкаў на месцы. І калі пратэстоўцы прапускалі "хуткія", а ў іх аказваліся ўзброеныя хлопчыкі… Мне здаецца, што гэта было максымальна недапушчальнае з усяго, што адбывалася. Нават дробныя акты гвалту стаяць не на такім узроўні, як гэты нізкі ход.

Сівы мужчына ў белым халаце і з тэчкай папераў сьпяшаецца ўздоўж шэрагу мэдыкаў:

— Мне 75 рокаў. Я патолягаанатам, дарэчы. Я не магу глядзець на гэтае вар’яцтва, таму і прыйшоў. І буду прыходзіць, пакуль не памру.

Міністар аховы здароўя Каранік запрашае мэдыкаў з праспэкта ў будынак мэдунівэрсытэту:

— Хадзем са мной. Калегі, хадземце. Я разумею, што на сёньняшні момант асноўная праблема, каб мы перасталі гаварыць. І вы правакуеце іх не гаварыць. Я іх запрашаю на размову. Я хачу спытаць, што іх падштурхнула выйсьці. Нічога дрэннага ў гэтым няма.

Зусім маладзенькая лекарка:

— Мы бачылі міністра. Ён запрашаў нас зайсьці ўсярэдзіну, але мы адмовіліся. Мы пакуль выказваем сваю думку тут, зь ім будзем размаўляць пазьней трохі. Вельмі баліць душа за тое, што цяпер адбываецца на вуліцах Менску. Гэта трэба неяк мірна вырашаць. І таму я сёньня сюды прыйшла. Выходзіць страшна, але хто, калі ня мы?

Пад’ехаў аўтазак. Некаторыя мэдыкі сышлі. Маладая жанчына з тых, што засталіся:
— Папраўдзе, мне вельмі страшна. Але… Сыходзіць? А навошта? Калі я зьбіраюся кожны дзень выходзіць, рана ці позна мяне ўсё адно забяруць.

Жанчына з плякацікам "Свабоду Андрэю Вітушку":

— Андрэй Вітушка — гэта наш сукурсьнік. Мы вучыліся разам. Вельмі добры доктар. Працуе з малымі дзецьмі ў Цэнтры маці і дзіцяці. Мы вельмі за яго хвалюемся, бо ёсьць зьвесткі, што ён затрыманы.

Малады чалавек у масцы:

— Навошта мы сюды выйшлі? Мы выйшлі паказаць аднаму вядомаму чалавеку, які сказаў, што пратэстуюць толькі тыя, каму няма чым заняцца і каму хочацца крыві. Нам якраз хочацца пазьбегнуць крыві. І нам ёсьць чым заняцца, апроч таго, як адстойваць незалежнасьць сваёй краіны.

 


"Прымушаюць людзей маліцца і малоцяць дубінкамі"


Карэспандэнт маскалёўскага выданьня Znak.com Мікіта Целіжэнка, затрыманы 10 жніўня каля 19:00 у цэнтры Менску, на вуліцы Нямізе:

— Да мяне пад’яжджае мінівэн, зь яго выходзяць цалкам экіпаваныя байцы, яны бачаць, што я пішу нешта ў тэлефоне, а я пісаў sms, але яны палічылі, што я пішу ў Тэлеграме і маю доступ да інтэрнэту. А ўсіх людзей Беларусі, хто калупаецца ў тэлефоне, яны прымаюць за каардынатараў усіх гэтых пратэстаў, як я разумею.

Мяне даставілі ў РУУС — Маскоўскае. Там сілу ўжывалі да ўсіх без выключэньня: любое пытаньне, якое не задавальняла супрацоўнікаў, тут жа абарочвалася зьбіцьцём. Людзі крычалі, людзі ад болю хадзілі пад сябе.

І ўсё гэта праходзіла пры поўным спакоі ўсіх астатніх супрацоўнікаў міліцыі, якія, у сутнасьці, павінны абараняць людзей. Яны ўпіваюцца гэтым. Яны прымушаюць людзей маліцца, калі пачынаюць іх біць. Кажуць: чытай "Ойча наш"! І малоцяць дручкамі, нагамі і ўсім астатнім. Білі па галаве, білі па нагах. Чалавека, якога вялі перада мной, з усяго размаху "дзеля жарту" дзеўбанулі аб дзьвярны вушак.

Усіх звальваюць покатам у актавую залю. І першае, што ты бачыш, — гэта людзі, па якіх ходзяць як самі супрацоўнікі міліцыі, так і тыя самыя затрыманыя: яны таксама вымушаныя ісьці па людзях. Бо наступіць няма куды.

Гвалтоўны разгон, страляніна, сьвятлашумавыя гранаты. Другая ноч пратэсту ў Менску. ФотагалерэяУсе ляжаць пад нагамі, усе крычаць, просяць дапамогі. Дапамога не аказваецца. У лепшым выпадку табе не прыляціць па мазгаўні.

Адразу, калі ты заходзіш, цябе кладуць тварам на падлогу. Ня дай Бог ты павярнуў галаву — табе адразу прылятае зь берца па твары. Ты павінен глядзець у падлогу. Мяне гэта абмінула. Але таварыш, які ляжаў побач, напэўна, пазбавіўся зубоў.

16 гадзін ляжыш у позе, дзе ў цябе галава за сьпінай, разагнуцца нельга, галаву падняць нельга, перасесьці нельга. У прыбіральню з дазволу. Калі ўсё нармальна, то дазволяць, калі не — хадзі пад сябе, і многія так і робяць. Пры мне было каля 150 чалавек затрыманых, толькі ў адным Маскоўскім РУУС.

Усіх людзей, якія раніцай яшчэ застаюцца ў РУУС, спускаюць уніз на першы паверх, дзе знаходзяцца камэры, разьлічаныя на два-тры чалавекі. У іх загружаюць 20-30 чалавек, а там няма ніякай вэнтыляцыі. Людзям забараняюць сядзець, людзям забараняюць паварочвацца. Усё роўна, які ўзрост, які пол. Людзі проста стаяць і марынуюцца.

Кандэнсат ад дыханьня зьяўляецца на сьценах, на столі. Цячэ па столі. Ты рэальна стаіш у вадзе, ня ведаеш, чым дыхаць. Людзі трацяць прытомнасьць ад таго, што дыхаць няма чым.

Там былі людзі з пашкоджаным хрыбетнікам, з разьбітымі рукамі і нагамі, страсеньнем. Нічога нікому.

Максымум — могуць кагосьці вынесьці на насілках цішком, пакуль ты ня бачыш. Жывы чалавек ці мёртвы, ты нават не даведаесься. Калі, ня дай Бог, ты падняў галаву — табе адразу па ёй і прылятае.

Калі ты пратырчаў недзе дзьве гадзіны ў гэтай камэры, прыяжджаюць супрацоўнікі СОБРу, грузяць чалавека ў аўтазак. Прычым грузяць такім чынам, што людзі ляжаць штабэлямі, адзін на адным. І дыхаць тым, хто апынуўся ніжэй, проста робіцца няма чым. Таму атрымліваецца, што калі вы выяжджаеце, людзі зь перабітымі канцавінамі проста крычаць ад болю.

У момант, калі машына паехала, нам усім сказалі ўстаць на кукішкі, рукі за галаву, сагнуць шыю. Проста, атрымліваецца, калі ты едзеш, ты ня можаш на нешта абаперціся. Як толькі ты апускаеш галаву ніжэй, падымаеш яе вышэй — табе тут жа пачынаюць прылятаць удары. Табе абсалютна забаронена на нешта абапірацца. І калі канваірам становіцца сумна, яны проста, гэта самае жудаснае відовішча, калі людзі сядзяць, ня могуць падняць галаву, ім кажуць: "Сьпявайце гімн Беларусі".

Гэта называецца ІЧУ, але наагул, па сутнасьці, гэта турма. Жодзіна, па-мойму, называецца. Цябе заводзяць, пагражаюць табе: "Вы зараз прыедзеце на хату, вас там "петушыць" будуць па чарзе".

Людзі сядзяць, чакаюць, але многія цешацца, што хаця б іх ня б?юць у гэты момант. То бок людзі рэальна радуюцца турме, што там іх не малоцяць.

Далей, пакуль мы чакалі, прыйшоў палкоўнік Ілюшкевіч, сказаў прозьвішча, ты падняў руку, што ты тут, і пайшлі ўзяць твае рэчы.

Вялізны дзякуй работнікам пасольства Масковіі, якія эвакуююць расейцаў. Бо тут ніякай скідкі на тое, што ты грамадзянін Масковіі, на тое, што ты журналіст, ня робіцца. Калі ты папаўся, няважна, куды ты ішоў, ты адграбаеш.


"Радыё Свабода", 24 жніўня 2020 р.

 

 

Білі па сцёгнах, акуналі галавою ва ўнітаз. Гісторыя аднаго затрымання ў Гомлі


Дваццацірочны Ілля (імя змененае на просьбу героя) браў актыўны ўдзел у першых днях супрацьстаяння ў Менску, аднак за краты трапіў у Гомлі. Ён распавёў пра вулічны супраціў, умовы ў гомельскім СІЗА і гвалце з боку міліцыянтаў.

Ілля браў вельмі актыўны ўдзел у самым першым дні пратэстаў. Хлопец адбіваў мірных грамадзянаў ад супрацоўнікаў АМАПу, прарываўся на стэлу "Менск – места герой". Ён добра памятае момант, калі сілавікі пачалі выкарыстоўвацца святлошумавыя гранаты.

— Спачатку склалася ўражанне, што яны страшней гучаць і выглядаюць здалёк, чым калі бяжыш праз іх з закрытымі вушамі, — згадвае ён.

Кажа, што адчуў роспач, калі пабачыў машыны з высокімі рашоткамі і вадамёты.

— Адзінае, што нам заставалася рабіць – крычаць лозунгі. Але словы не ўратуюць ад гвалту, — дзеліцца ўражаннямі хлопец.

У тую ноч, з 9-га на 10-ае жніўня, ён спазнаў сапраўдны жах.

— Я бегаў па дварах зусім адзін, вакол не было анікога, у вокнах нават не было святла, а каля вуліцаў стаялі калонны тэхнікі. Я бачыў, як АМАП забягаў у ва двары, як хапалі людзей, якія стаялі на вуліцы і каля пад’ездаў. Мой прынцып у тыя гадзіны: "Рух — гэта жыццё".

У выніку ён сустрэў іншага хлопца, які быў на машыне. Магчыма, гэта ўратавала яго ад затрымання. Пратэсты 10-га жніўня наш герой апісвае як "святочныя".

— Спявалі песні, мы чулі лозунгі. Я адпачываў і чакаў: адкуль жа могуць зараз прыйсці сілавікі?

З’явіліся амапаўцы нечакана, разам са святлошумавымі гранатамі.

— Яны адарвалі на маіх вачах чалавеку стапу. Тры мужыкі пацягнулі яго да прыпынку, дзе паклалі на лаўку і выклікалі хуткую. Я быў вельмі ўсцешаны, калі даведаўся, што ён выжыў.

АМАП не падпускаў пратэстоўцаў да сябе бліжэй, чым на 50 метраў — усе пастаянна адступалі.

— Мне падавалася, што мы прайгралі, потым яшчэ і пра загінулага стала вядома… — кажа хлопец.

Ілля вырашыў вярнуцца ў свой родны Гомель. Яму падавалася, што там пратэсты яшчэ не загаслі. Адразу ж у аўторак 11 жніўня ён браў удзел у мясцовых акцыях. Кажа, што хадзіў па вул. Савецкай з бел-чырвона-белай стужкаю. Там яго заўважылі міліцыянты.

Хлопца затрымалі недалёка ад цэнтральнай плошчы места. У аўтазаку былі выпадковыя людзі. Пры затрыманні не білі. Адвезлі ў Навабеліцкі РАУС, пры аглядзе знайшлі пярцовы балон.

— Праз гэта мяне адвялі на асаблівы паверх. Адбілі сцёгны, зневажалі: і словамі, і акуналі галавою ва ўнітаз. Калі я адмовіўся ад допыту, білі па целе і галаве.

Навабеліцкі суд 11 жніўня прысудзіў хлопцу 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Гэты тэрмін ён адседжваў у Гомельскім СІЗА. Умовы там былі куды лепей за менскі ЦІП.

— У маёй камеры было 22 чалавекі, не было такога дэфіцыту месцаў як у Менску. Большая частка былі арыштаваныя за ўдзел у акцыях. Прычым яны мэтанакіравана ішлі на пратэсты. Але хапала і выпадковых людзей.

Ніхто не скардзіўся на збіванні пасля РАУСаў. Сукамернікаў Ілля апісвае як "максімальна прыемных людзей". Яны аб’ядноўвалі перадачы. Атрымалася, што папяросаў, каўбасы, печыва і іншых салодасцяў хапіла б на 2 адсідкі па 15 дзён. Арыштанты ляпілі фігуркі для шахмат і нардаў з хлебу.

Калі ў Менску людзям не давалі спаць, то ў Гомлі дазвалялі нават паляжаць у ложку паболей.

— Адбой у беларускіх турмах звычайна ад 22 да 6. Часта пасля 6 гадзіны спаць не дазваляюць, аднак у нас такое не практыкавалася.

Затое штодзень вадзілі групамі па 10 чалавек падпісваць раскаянне. Ілля гэтую паперу падпісаць адмовіўся.

Вызвалілі Іллю ў суботу 15-га жніўня. А ўжо 16-га чысла пайшоў на чарговую акцыю пратэсту. Падаў апеляцыю на рашэнне суда і напісаў заяву ў Следчы камітэт для пачатку крымінальнай справы супраць міліцыянтаў. Хлопец кажа, што добра сябе пачувае. Асаблівых траўмаў у яго затрыманне не пакінула.

— Адзіны момант, калі мне было блага — калі на TUT.by з’явіліся спісы зніклых без звестак. Тады былі нават праблемы са сном. Але ўжо праз пару дзён усё прайшло.

Нягледзячы на затрыманне Ілля будзе працягваць змагацца і надалей.

— Але ці будуць далей пратэставыя настроі? — сумняецца хлопец.


***


У Беларусі ад 9 жніўня па ўсёй краіне цягнуцца пратэсты супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020. Паводле звестак ЦВК на іх ужо ў шосты раз перамог Лу-кака, яго афіцыйны вынік — 80,10%. Асноўная канкурэнтка — Святлана Ціханоўская — паводле ЦВК набрала 10,12%.

Падчас пратэстаў былі затрыманыя каля 7 тысячаў чалавек. Шмат асобаў казала пра жорсткае абыходжанне падчас затрыманняў. Былі зафіксаваныя выпадкі выкарыстоўвання электрашокеру, затрыманых не кармілі і не давалі вады, некаторыя зазналі сэксуальны гвалт.


Ксенія Тарасевіч


"Белсат", 24 жніўня 2020 р.

 

 

"З пары метраў расстралялі. Кішкі былі звонку"


Гісторыя хлопца, у якога прыляцелі дзве кулі ад беларускага АМАП.

Падчас акцый пратэсту 10 жніўня 31-рочны берасцеец Уладзімір Валасюк атрымаў раненні спіны і жывата. Як мяркуецца, гумовымі кулямі. Ён — адзін з цяжка пацярпелых на пратэстах берасцейцаў — пра іх, памятаеце, распавядаў 14 жніўня кіраўнік выканкама Рагачук:

— Два найбольш цяжка пацярпелыя чалавекі знаходзяцца ў вайсковым шпіталі Менска. Аднаго параніла ў жывот з пашкоджаннем кішэчніка і хрыбетніка і другога — у звод чэрапа (гаворка пра памерлага 19 жніўня Генадзя Шутава).

Уладзімір дагэтуль ляжыць у вайсковым шпіталі ў аддзяленні мінна-выбуховых траўмаў, дзякуй Богу, ідзе на папраўку.

10 жніўня берасцеец Уладзімір Валасюк прыехаў са знаёмым па справах у цэнтр места. Маладзёны выйшлі на прыпынку на бульвары Шаўчэнкі і пайшлі ў бок KFC. У гэты момант на скрыжаванні з праспектам Машэрава пачаліся сутычкі з АМАПам.

— Мы назіралі за тым, што адбываецца здалёк. АМАП пачаў ціснуць натоўп да Кобрынскага моста. Там павыходзілі на вуліцу людзі, паглядзець, што адбываецца, і мы разам з імі ішлі па ходніках уздоўж школы №15 за АМАПам, удалечыні ад усёй заварухі. Паволі ішлі, недзе спыняліся, размаўлялі.

Калі асноўную масу дэманстрантаў выціснулі з праезнай часткі праспекта Машэрава, Уладзімір вярнуўся да школы. Дарога была перакрытая.

— Усё было спакойна. Далей мы хацелі прайсці да крамы на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Шаўчэнкі, але нас не пусцілі, сказалі ісці дварамі. Мы пайшлі, выйшлі на бульвар праз былую дыскатэку [цяпер — караоке-бар "Піяна"]. Каля гатэля "Беларусь" сустрэў знаёмага, пастаялі пару хвілін. Акурат калі людзей пачалі адціскаць да моста [на бульвары Шаўчэнкі]. Мы і так збіраліся ўжо дадому ісці — было бліжэй да 23:00.

З успамінаў Уладзіміра, ён ішоў бульварам Шаўчэнкі да моста — і ля праезду паміж дамамі №8 і №10 пачуў шум. Да пешаходнага пераходу пад'ехаў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў і адчыніліся дзверы:

— Я паварочваюся, бачу, як з аўтобуса выбягаюць людзі ў чорнай форме. Я паварочваюся да іх спіной, чую стрэлы — і адчуваю рэзкі боль. Пачынаю падаць, да мяне падбягаюць, крычаць: "Рукі за галаву!". Я кажу: "Пачакайце, падстрэлілі мяне". Прыбіраю рукі і бачу, што ў мяне вантробы вонкі тырчаць. Яны сказалі прыціснуць рукі. Я прыціснуў. Яны выклікалі "хуткую". У мяне ўсё пачало цямнець.

Што адбывалася далей, берасцеец памятае фрагментарна: загрузілі ў бус, перадалі медыкам, прыйшоў у прытомнасць у лякарні.

— Прачнуўся ў рэанімацыі лякарні на Леніна. З жывата і спіны тырчала трубка. Прыехала мама, і мне паведамілі, што перавозяць у менскі шпіталь, бо там ёсць спецыялісты, якія маюць досвед працы з такімі траўмамі.

Першапачаткова Уладзімір меркаваў, што такія раненні яму нанесла адна гумавая куля, але цяпер ведае, што ў яго стралялі двойчы. Адзін раз трапілі ў ніжнюю частку спіны, другі — у вобласць жывата.

Пра траўмы берасцейца ўжо расказваў лекар берасцейскай лякарні СМП, які дзяжурыў у той вечар:

— Калі прывезлі, кішкі былі вонкі. Пранікальнае кулявое раненне жывата з разбітай бакавой сценкі жывата, адрывам вялікага сальніка, пашкоджаннямі тонкай кішкі. Ззаду таксама стрэл — куля з пашкоджаннем разгінальнікаў вялікай цягліцы спіны — затрымалася паміж папярочнымі атожылкамі. Трэба было чысціць атожылкі пазванкоў і даставаць яе.

— Ды зачапіла трохі пазваночнік, кішэчнік, — распавёў Уладзімір. — Не моцна. Жывы, хаджу. Лекар сказаў, што нічога моцна страшнага няма, бывае і горш. Пашанцавала. Таму што сантыметры два ў бок — і не хадзіў бы, і не даехаў бы да лякарні. Мне і так сказалі, што яшчэ хвілін дваццаць — і я б сцёк крывёю.

Дзякуючы намаганням лекараў Уладзімір ідзе на папраўку. Пасля выпіскі ён мае намер звярнуцца з заявай у Следчы камітэт.

— Я не ўдзельнічаў ні ў чым — і з пары метраў расстраляць мяне? Я павярнуўся спіной, у мяне ў руках нічога не было — пачак цыгарэт, запальнічка і тэлефон. Навошта было страляць?

 

 

Спецназавец наўмысна страляў у журналістку "Нашай Нівы" Наталлю Лубнеўскую з 10 метраў


Журналістку "Нашай Нівы" Наталлю Лубнеўскую паранілі гумавай куляй 10 жніўня.

У той вечар на вуліцы Кальварыйскай у Менску, дзе праходзіла мірная акцыя пратэсту, з'явіліся дзясяткі байцоў — меркавана, "Алмаза" (антытэрарыстычнага спецпадраздзялення МУС). У суседніх дварах якраз знаходзіцца база "Алмаза".

Адзін з байцоў спыніўся за 10 метраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках "Прэса" і прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі па Наталлі.

Гэта не быў выпадковы інцыдэнт — як відаць на відэа, якое аказалася ў распараджэнні "Нашай Нівы", баец наўмысна страляў па журналістцы.

Ужо больш за два тыдні Наталля застаецца ў Бальніцы хуткай дапамогі. Ёй ужо правялі адну аперацыю, не выключана, што спатрэбіцца і наступная. Невядома, колькі часу яна будзе вымушаная правесці ў бальніцы.

Наталля Лубнеўская напісала заяву з патрабаваннем завесці крымінальную справу па факце нанясення ёй цялесных пашкоджанняў. Першы раз сілавікі ўзялі ў яе тлумачэнні 12 жніўня, другі раз — 21 жніўня. Рэдакцыя перадала следчым відэа, на якім добра відаць стрэл.

Аднак крымінальная справа не заведзеная да гэтага часу.

— Тэрмін праверкі працягнуты на месяц, — паведамілі Наталлі Лубнеўскай у Фрунзенскім раённым аддзяленні Следчага камітэта.

А работнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія аглядалі рану, заявілі, што канчатковае заключэнне будзе гатова, толькі калі Наталлю выпішуць з лякарні.

"Наша Ніва" заклікае праваахоўныя органы сумленна і адказна падысці да выканання сваіх абавязкаў. Ідэнтыфікаваць чалавека з відэа, які, парушаючы закон, страляў па журналістцы — нескладаная задача для сілавікоў. Яе вырашэнне залежыць толькі ад волі кіраўніцтва Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў і астатніх сілавых структур.

Будзем удзячныя, калі грамадскасць, сведкі, цяперашнія ці былыя байцы сілавых структур дапамогуць ідэнтыфікаваць гэтага чалавека.

Баец, які страляе па мірных грамадзянах, мусіць панесці адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам:

Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, спалучанае з ужываннем зброі, караецца зняволеннем на тэрмін да 10 рокаў.

Наўмыснае нанясенне менш цяжкага цялеснага пашкоджання (якое не ўяўляе небяспеку для жыцця, але выклікала працяглае расстройства здароўя на тэрмін да чатырох месяцаў), здзейсненае агульнанебяспечным спосабам караецца зняволеннем на тэрмін да 5 рокаў.

Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста караецца зняволеннем на тэрмін да 3 рокаў.


"Хартыя'97%", 25 жніўня 2020 р.

 

 

Збітага АМАПам таксіста з Горадні аперавалі ў кайданках


На машыну кіроўцы наляцеў "амапаўскі тыгр".

31-рочны Аляксей з Горадні ў ноч з 11 на 12 жніўня быў збіты супрацоўнікамі АМАПу. Ён адпрацаваў сваю змену ў таксі і ехаў з сябрамі адпачываць. На плошчы Дзекабрыстаў ягоны аўтамабіль заблакавалі сілавікі. Мужчыну выцягнулі з машыны, паклалі на асфальт і пачалі збіваць, паведамляе "Блог Гродна s13".

Аперавалі гарадзенца ў аддзяленні сківічна-тварнай хірургіі абласной лякарні. У заключным дыягназе — пералом сківіцы, гаймаравых пазух, скулавой косткі, носа і шматлікія ўдары. Цяпер у дачыненні да яго распачатая крымінальная справа паводле артыкула 364 КК Беларусі — гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка АУС (да 6 рокаў пазбаўлення волі).

Аляксей Лапа выпісаўся са шпіталя ў панядзелак раніцай. У шпіталі мужчына правёў амаль два тыдні. Першыя тры дні ён быў прывязаны кайданкамі да батарэі. Аперавалі яго таксама ў кайданках.

Журналісты сустрэліся з Аляксеем адразу пасля ягонага візіту ў судмедэкспертызу. Пад сонцаахоўнымі акулярамі — "чырвоныя" вочы ад кровазліцця. Кажа Аляксей ціха і павольна — на зубах у яго ўстаноўленыя шыны пасля аперацыі на сківіцу.

Увечары 11 жніўня, успамінае Аляксей, ён скончыў працу. Хлопец — таксіст. Інтэрнэту ў краіне яшчэ не было, заказаў было мала — надумаў ехаць з сябрамі адпачываць. Выязджаючы з двара, які знаходзіцца недалёка ад крамы "Алмі" на вуліцы Савецкіх памежнікаў, убачыў, што да іх насустрач ляцеў "амапаўскі тыгр".

— Я ўбачыў, што ён бярэцца лявей, і надумаў спыніцца злева, каб прапусціць яго. Усё. Потым панесліся ўдары па машыне. Што гэта было, я не разумеў. Вакол — цемра. Я спалохаўся і рушыў наперад. Выехаў на Савецкіх памежнікаў і павярнуў направа на Паповіча. Ну, а там мяне ўжо затрымалі.

Сам момант затрымання Аляксей памятае цьмяна. Іх з сябрамі дасталі з машыны, паклалі тварам на асфальт, заламалі рукі і білі. Білі дубінкамі і берцамі. Асноўная частка ўдараў прыйшлася на твар, успамінае Аляксей.

Хтосьці праходзіў міма і прапанаваў выклікаць хуткую, на што супрацоўнікі АМАПу адказалі — "абыдземся без лекараў". Ужо пазней, расказвае пацярпелы, прыехаў нехта з "старэйшых" і выклікаў брыгаду лекараў. Да гэтага часу твар Аляксея быў ужо ў лужыне крыві.

— Мяне адвезлі ў БХМД, адтуль — у дзіцячую абласную лякарню на МРТ. Там ужо да мяне прыставілі канваіра. Першыя 72 гадзіны ён увесь час знаходзіўся са мной у лякарні. Мяне прывязалі наручнікамі да батарэі. Адпускалі толькі ў прыбіральню — знаходзіўся я там толькі пры адчыненых дзвярах. І на працэдуры.

На аперацыю Аляксея таксама везлі ў кайданках. Спачатку ён быў прыкаваны да ложка, а ў аперацыйнай — да стала.
Заключных дыягназаў у Аляксея шмат. У эпікрызе яны распісаныя на некалькі радкоў. Сярод іх — шматлікія пераломы, удары, гематомы.

Яшчэ ў лякарні Аляксей даведаўся, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа. Ён падазраецца ў гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Сам жа гарадзенец запэўнівае, што ніякага супраціву пры затрыманні не чыніў.

Пасля размовы з журналістамі Аляксей паехаў у Следчы камітэт пісаць заяву з патрабаваннем правесці праверку паводле факту збіцця яго супрацоўнікамі АМАПу. У сваёй невінаватасці мужчына перакананы і мае намер змагацца да канца.


"Хартыя’97%", 26 жніўня 2020 р.

 

 

З лёгкага мянчука лекары дасталі кулю, сілавікі стралялі ва ўпор


Жыхар Менску Дзмітрый Украінцаў з 11 жніўня ў шпіталі. Лекары дасталі з яго лёгкага гумавую кулю. Сілавікі стралялі ў юнака ва ўпор. Хлопец застаўся жывы толькі таму, што ў аўтазаку, куды яго параненага закінулі амапаўцы, знаходзіўся раней схоплены лекар, які і аказаў Дзмітрыю медычную дапамогу.

Бацька Дзмітрыя Украінцава Ігар распавёў, што яго сын ужо адносна добра сябе пачувае і рыхтуецца да выпіскі са шпіталя. Родныя спадзяюцца, што неўзабаве ён будзе дома.


Выбілі шкло ў аўтамабілі і выцягнулі з салону


— Разам са старшым братам і сябрам Дзмітрый 9 жніўня паехаў на машыне ў раён Каменнай горкі, там дзе крама "Green". Старэйшы сын выставіў з аўтамабіля бел-чырвона-белы сцяг. І вось хлопцы зрабілі два колы ў гэтым раёне. А калі яны збіраліся з’язджаць, то спыніліся насупраць крамы, каб пачакаць машыну сваіх сяброў. І ў гэты момант іх машыну заблакавалі сілавікі, якія былі на мікрааўтобусе. Амапаўцы пачалі біць шкло ў аўтамабілі і стралялі ў хлопцаў, — распавядае Ігар Ураінцаў, бацька параненага хлопца.


Стралялі ва ўпор


— Дзмітрый распавядаў, што калі б не павярнуўся, калі пачалі біць вокны, то загінуў бы. Ён пачуў удары і скочыў з пярэдняга сядзення ў зад машыны і павярнуўся спіной. У гэты момант і адчуў моцны ўдар у спіну. Але гэта быў не ўдар, а стрэл. Прычым стралялі сілавікі ў чалавека без зброі і зусім безабароннага проста ва ўпор.


Параненага з куляй у лёгкіх шпурнулі ў аўтазак


— Сілавікі павыцягвалі пасажыраў машыны і пацягнулі ў аўтазак. Дзмітрый казаў, што людзей закідвалі як мяхі з бульбай. Малодшы сын распавядаў, што адчуў сябе ў пэўны момант вельмі кепска, пачаў губляць свядомасць. І пачаў крычаць. Старэйшы сын таксама падняў паніку, крычаў, што ягонаму брату кепска. І толькі дзякуючы лекару, які быў у гэты момант у аўтазаку, сына выратавалі. Ён аказаў першую дапамогу і настойваў на выкліку хуткай дапамогі (Belsat распавядаў раней пра гэтага медыка). На шчасце побач праязджалі валанцёры — лекары, якія паставілі першую кропельніцу і выклікалі "хуткую".


Лекары дасталі з лёгкіх гумавую кулю


— Сына даставілі ў прыёмнае аддзялення 10-й лякарні. А там ужо лекары пабачылі, што рана ў хлопца вельмі сур’ёзная. І яго адразу ж павезлі на аперацыйны стол. Аперацыя была даволі складаная, бо куля прабіла лёгкае. У дадатак у яго зламанае рабро. Сіла стрэлу была такая, што і нават рабро зламала. Бо стралялі ва ўпор. Аперацыя цягнулася амаль дзве гадзіны.


Цяжкая траўма і доўгая рэабілітацыя


— Некалькі дзён Дзмітрый праляжаў у рэанімацыі, а пазней яго перавялі ў звычайнае аддзяленне. Але медыкі кажуць, што паколькі рана не роўная, не парэз, а з парванымі краямі, таму зажываць будзе даволі доўга. Нам неабходная яшчэ некаторы час застацца ў шпіталі пад назіраннем.


Сілавікі распачалі вайну супраць народа


— Старэйшы сын звязаўся з юрыстам, яны склалі заяву ў Следчы камітэт. Але юрыст парэкамендаваў не ісці самому да следчых, а накіраваць па пошце зварот, паколькі могуць там пасадзіць у кабінет і затрымаць. А гэтага насамрэч не хацелася б. Два разы да Дзмітрыя прыходзілі следчыя і падрабязна апытвалі яго. Але на гэтым закончылася. Таму цяпер проста чакаем рэакцыі з боку СК, не ведам, у які бок яны нахіляцца. Але выглядае, што зразумела ў які бок. Наагул існуе перасцярога, што яшчэ ў гэтай сітуацыі могуць абвінаваціць сына. Ім жа трэба неяк абгрунтаваць прымяненне зброі. Мы ж дарослыя людзі і разумеем сітуацыю. Іх прыкрывае сістэма. Тым больш іх жа ўзнагародзілі ўжо. Можа не іх асабіста, але тым не менш. Грамадству паказалі на чыім баку ўлада. Праўда, адвакат нам распавёў, што гэтыя злачынствы сілавікоў не маюць тэрмінаў даўнасці і справы могуць распачаць у любы момант.

За час мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, паводле звестак МУС, затрымалі каля 7000 чалавек. Шмат хто з іх заяўляе пра збіццё і катаванні. Паводле афіцыйных звестак МУС, у ноч з 9 на 10 жніўня сілавікі затрымалі каля 3000 чалавек, у ноч з 10 на 11 — больш за 2000, у ноч з 11 на 12 — больш за 1000, і яшчэ каля 700 — у ноч з 12 на 13. Затрыманні працягваліся і пазней, але ўжо не былі такімі масавымі. На вечар 18 жніўня заставаліся 44 адміністрацыйна арыштаваных пратэстоўцы.

10 жніўня ў Менску загінуў 34-рочны Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
У Гомлі 11 жніўня памёр 25-рочны Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня.
16 жніўня загінуў 19-рочны Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
19 жніўня у вайсковым шпіталі Менску памёр 43-рочны Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
У Ваўкавыску знайшлі цела 29-рочнага Канстанціна Шышмакова, які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць смерць журналістам.
Мікіта Крыўцоў стаў 6 актывістам, які загінуў у Беларусі з пачатку пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Ён знік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова знайшлі 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску.


Сяргей Ягораў


"Белсат", 27 жніўня 2020 р.

 

 

18-рочнае дзяўчыне АМАПаўцы пашкодзілі шыю. Суд прызнаў яе вінаватай


18-рочная Ліза 10 жніўня трапіла ў рукі АМАПу. Яна са сваім хлопцам гулялі ў цэнтры Гомля. Дзяўчыне пашкодзілі шыйныя хрыбеткі, яна цяпер праходзіць лячэньне. 28 жніўня суд прызнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

— Вечарам 10 жніўня мы з хлопцам пілі каву ў цэнтры, потым курылі ў дазволеным месцы, на скрыжаваньні праспэкту Леніна і вуліцы Інтэрнацыянальнай. Да нас падышоў АМАП; яны крычалі мацюкамі на нас, потым схапілі. Я была ў байцы, яны насунулі мне капюшон на галаву і завязалі шнуркі ад яго. Мне не было чым дыхаць, я скардзілася, тым больш у мяне хворае сэрца, а яны толькі ў адказ лаяліся, — расказала Ліза.

Зьдзекі працягваліся і ў Савецкім РАУС, куды прывезьлі затрыманых.

— У спартовай залі РАУС мяне паставілі на калені і моцна націскалі ўвесь час на шыю. У мяне кружылася галава, балела сэрца. Але ніхто не рэагаваў на скаргі. Два апамаўцы вагой па 100 кіляграмаў насядалі на мяне, увесь час хапалі за шыю, каб я ніжэй схіляла галаву, — дадала жыхарка Гомля.

Супрацоўнікі АМАП перадалі яе жанчынам-міліцыянткам.

— Тыя разьдзелі мяне дагала. Потым узялі мой тэлефон, прымусілі яго разблякаваць, глядзелі мае асабістыя здымкі і выдалялі іх, прычым часта мацюкаліся. Нас называлі "тварямі" і ўсяляк абражалі, — апавяла Ліза.

А трэцяй гадзіне ночы яе адпусьцілі. Дзяўчына зьняла пабоі, прайшла судова-мэдыцынскую экспэртызу і падала заяву ў Сьледчы камітэт. Выніку пакуль няма.

28 жніўня судзьдзя Сяргей Салоўскі (суд Цэнтральнага раёну Гомля) разглядаў пратакол, складзены ў дачыненьні Лізы супрацоўнікамі міліцыі.

— Судзьдзя мне казаў, што мне ня варта было хадзіць у цэнтар гораду, я мусіла гэта ведаць, бо я павінна глядзець тэлевізар, і там такое, маўляў, казалі, папярэджвалі. Таксама судзьдзя казаў, што ўсім, хто ходзіць на акцыі, плацяць грошы, і дзяўчатам, якія стаялі ў ланцугу салідарнасьці, плацілі па 60 рублёў... — прыгадала дзяўчына.

Судзьдзя прызнаў яе вінаватай і вынес папярэджаньне.

У Лізы дагэтуль праблемы са здароўем ад таго, што пашкодзілі шыйныя хрыбеткі. Ёй кружыцца галава, яе часта ванітуе. Таксама яна зьвярнулася па дапамогу да псыхоляга, бо перажыла моцны стрэс.

Зьдзекі перажыў і яе хлопец Станіслаў. Яго ставілі на калені ў РАУС, моцна сьціскалі рукі кайданкамі. Яго дапытвалі, калі ён ляжаў на падлозе, і дазволілі падняцца толькі тады, калі трэба было падпісаць пратакол. У СІЗА, дзе Станіслаў адбываў 10-дзённы арышт, пакармілі толькі на трэція суткі. Таксама да затрыманых у СІЗА прыходзілі, паводле слоў Станіслава, супрацоўнікі КДБ, і прапаноўвалі падпісаць паперу, што яны больш ня будуць удзельнічаць у акцыях.


"Радыё Свабода", 28 жніўня 2020 р.

 

 

"Хлопчыка-інваліда з інваліднага крэсла
 зацягвалі ў аўтазак, сьмяяліся і білі па нагах"


"Радыё Свабода" зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 року. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

 

 

"Хлопчыка-інваліда з інваліднага крэсла зацягвалі ў аўтазак,
сьмяяліся і білі па нагах"


Вольга Бяласіна, Барысаў:

— Мы з мужам 10 жніўня каталіся на матацыклах. Праяжджалі праз плошчу. Там рабілася такое бясчынства, проста на вуліцы людзей зьбівалі, зацягвалі ў машыны. Дзеці плакалі, крычалі. Мы спыніліся, натуральна. Хто праедзе, калі дзеці крычаць. Майго мужа тут жа схапілі і пацягнулі. Натуральна, я за ім. Мяне ніхто не затрымліваў. Я сама пайшла, бо як пакінуць мужа.

Хлопец ехаў на зялёным ровары, рокаў 17-ці. Яго проста шэсьць чалавек падбеглі, сталі зьбіваць, зацягнулі таксама да нас у аўтобус. Потым пад’ехаў аўтазак. Нас грузілі…

Калі зацягвалі ў аўтобус, хлопчыка-інваліда проста з інваліднага крэсла паднялі і запхнулі. Калі зацягвалі ўжо ў аўтазак, яны сьмяяліся і зьбівалі яго так… Сказалі: ты хлусіш… Па нагах. Я пачала крычаць, што ён не адчувае ног, што вы робіце. Ён інвалід. Калі ласка, хаця б усадзіце яго (плача). Бо яны кінулі яго проста на падлогу. Толькі пасьля маіх словаў яны прыслухаліся і хаця б пасадзілі яго.

Нас прывезьлі. Мужчын з машын адразу зьбівалі проста бязьлітасна дубінкамі, укладвалі ў падлогу, у зямлю. Рукі ўгару і ногі на шырыню, якую толькі можаш. Яны зьбівалі іх, яны хадзілі па іх. Сьмяяліся.

Нас паставілі да сьценкі, тварам да сьцяны, мы не павінны былі глядзець. Стаялі жанчыны ад 70 рокаў да дзяўчынкі 15-рочнай. Яна плакала і пыталася: "Вас зьбівалі?" Я кажу: "Не". Яна кажа: "А мяне білі".

Мы стаялі так чатыры гадзіны. Ні папіць, ні туалета, нічога. Калі мы адкрывалі рот ці глядзелі, яны казалі, што будуць укладваць нас таксама, як і мужчын.

У мяне адкрыўся крывацёк, бо ў мяне па-жаноцкаму рак. І я казала сьледчаму: мне патрэбныя пракладкі. А яны сьмяяліся мне ў твар: ты, сука будзеш сядзець 15 сутак, я асабіста распараджуся, каб ты сядзела.

Пракладкі мне ніхто не прынёс, і я такая ў крыві ўся і ляжала, сяк-так падмывалася, вядома. А там жа камэры стаяць, усё гэта запісваецца. Гэта ўсё настолькі прыніжэньне.

Я казала сьледчаму: дзе мой адвакат? Чаму я затрыманая? Ніхто нічога не тлумачыў, ніхто не прадстаўляўся, ні ў кога бэйджыкаў не было. Абсалютнае беззаконьне. Ставяцца як да жывёлаў.

Яшчэ на плошчы жанчыны зь дзецьмі, пажылыя жанчыны ўставалі перад імі на калені і прасілі не ісьці супраць народа. Я таксама думала, што яны могуць, што ў іх ёсьць нешта чалавечае. Не. Яны сьмяяліся ў твар. Проста сьмяяліся і зьбівалі нас.

Народ нічога не рабіў. Ён проста стаяў.

І я вось такая ўся ў крыві, уявіце, у месячных, ва ўсім стаяла перад судом. Мне было настолькі дрэнна, жудасна, прыніжэньне проста страшнае…

То бок, народ, мы можам проста працаваць, плаціць падаткі, штрафы, але нічога ня можам больш. І мы сапраўды "овцы", як кажа наш Лу-кака. Я ня ведаю, што яшчэ павінна адбыцца, каб мы сапраўды прачнуліся і ўсе выйшлі на вуліцу. Ну ўсіх жа не заб’юць і не перасадзяць. Госпадзе, гэта проста бясчынства.

 


"Хрыбетнік зламалі за тое, што "неодобрительно смотрел в сторону милиции"


Павал Сіцянкоў, былы трэнэр нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь у плаваньні, Горадня:

— 11 жніўня ўвечары я выйшаў на прабежку. З сабой ня меў ні тэлефона, ні ключоў. Ужо вяртаўся назад. На кольцы каля філярмоніі "працаваў" АМАП: яны спынялі машыны, разьбівалі шыбы, даставалі адтуль людзей і білі проста на зямлі.

Гэта былі людзі ў чорнай вопратцы, зь зялёным прастакутным шаўронам, унутры якога была лічба 411. Яны былі ў масках, пальчатках, з дубінкамі і шокерамі на поясе.

Пазьней да іх далучыліся так званыя "касманаўты". Яны хапалі хлопцаў, кідалі іх тварам у зямлю, заломвалі рукі. У гэты час я пераходзіў дарогу і пачуў з рацыі: "Зноў гэты спартсмэн!" Ну і мяне адразу ўзялі. Схапілі пад рукі, выбілі ногі, і я ўпаў галавой на асфальт. У мяне адразу зьявілася гематома і дзікі боль у хрыбетніку.

Усіх, хто ляжаў на зямлі, пачалі пакаваць у аўтазак. Загружалі ў машыну "елачкай", ці "ручайком": людзі стаялі ў праходзе на каленях з апушчанай долу галавой, ззаду станавіўся наступны.

У аўтазаку — усё паводле адпрацаванага сцэнару: жорсткае зьбіцьцё, прыніжэньні, абразы і галоўнае пытаньне: колькі плацяць за выхад?

Яны крычалі, што нам плацяць эўрапейцы, а ім плацім мы. Раўлі, каб мы ня рухаліся і не варушыліся, інакш уставяць дубінку ў адно месца. З намі быў хлапчына 17-рочны, яго білі мацней за ўсіх. Бо ў самым пачатку ён пажартаваў, што нам плацяць па 50 рублёў за выхад.

Ва ўнутраным дворыку ІЧУ нас высадзілі, як заўсёды — галавой уніз, рукі за сьпінай. Пакуль ішлі, білі. Там нас падзялілі і ўзяліся шукаць тату (замылены сюжэт для дзяржаўных СМІ). У каго знаходзілі, білі жорстка.

Да гэтага часу боль у хрыбетніку не праходзіў, а толькі ўзмацняўся. Я прасіў мэдычнай дапамогі, але мяне ня чулі. Мы стаялі ў паставе "матылька". Тыя, хто варушыўся, атрымліваў дубінкамі па ўсіх частках цела. Тыя, якія прыяжджалі зь меткамі на целе, іх выводзілі з "адстойніку", і ўжо потым я толькі чуў крыкі і стогны. Чуваць было, білі нават дзяўчаты-амапаўкі. Яны раўлі: "Палучай, с…ка! Будзеш ведаць, як выходзіць з дому!".

У "адстойніку" быў і інвалід другой групы, і астматык. Яны прасілі аб дапамозе, але доктара да іх ніхто ня выклікаў і патрэбных лекаў ня даў. Каля сьценкі я прастаяў дзьве з паловай гадзіны. Потым быў допыт з прыніжэньнямі і складаньне пратаколу.

Мне яшчэ пашанцавала, што з сабой нічога ня меў — я ж на прабежку выйшаў. Уласна, і прад’явіць не было чаго. Мяне адвялі ў камэру ІЧУ, па дарозе традыцыйна далі пару штурхалёў, атрымаў зьняважлівыя словы ў свой адрас. Мяне адвялі ў чатырохмясцовую камэру, спачатку я быў там трэцім. Праз паўтары гадзіны да нас закінулі яшчэ 10 чалавек.

На працягу 19 гадзін, пакуль быў у ІЧУ, я прасіў выклікаць доктара, таму што боль у хрыбетніку скоўваў усё цела, але мае просьбы супрацоўнікі ізалятара ігнаравалі. Дарэчы, пад раніцу крыкі інваліда другой групы ўжо закончыліся, а пажылую жанчыну, якую таксама арыштавалі, вывезьлі на насілках.

Пасьля абеду быў суд у адміністрацыйным корпусе. У пратаколе было напісана: удзельнічаў у беспарадках, выкрыкваў, няўхвальна глядзеў у бок міліцыі пры затрыманьні. Нічога не выкрыкваў, нідзе ня ўдзельнічаў — гэта дакладна. А няўхвальна глядзеў — з гэтым згодны. А як яшчэ глядзець на ўсё гэты было?

Пакаралі штрафам на 5 базавых велічынь. Раніцай мяне адпусьцілі. Каля варот усю ноч мяне чакалі бацькі. Мы зьвярнуліся ў траўмапункт. З дыягназам "пералом чатырох хрыбетак шыйнага аддзелу" я трапіў у лякарню хуткай дапамогі. Наперадзе месяцы лячэньня і аднаўленьня“.

 


"Пратэз грудзей падвязвала хусткай. Сарвалі са словамі: гэта што, сьцяг?"


Наста Машчава, журналістка, фатограф:

— Не магла рашыцца на гэты пост, але трэба. Хацела апісаць літаратурна, але не выходзіць. Таму пішу, як ёсьць, пра тое, што адбывалася з затрыманымі людзьмі. Я б сама адмовілася ў гэта верыць, калі б не пачула гэтыя гісторыі асабіста і не пабачыла чорныя ногі і сьпіны. Пасьля першай паездкі на Акрэсьціна дома я забыла пароль ад тэлефона. Вось такі быў мой стан.

Першую дзікасьць мы пачулі ад маленькай жанчыны рокаў 60. Яе разам з мужам павязалі каля РУУС, калі яны прыйшлі пісаць заяву пра зьнікненьне сына, якога затрымалі напярэдадні. Сядзелі ў пяцімясцовай камэры 50 чалавек. Яе білі, як і іншых жанчын, разьдзявалі, ставілі на калені. У яе пратэз замест грудзей, які яна падвязвала хусткай, дык сарвалі зь сілай, са словамі: гэта што, сьцяг? А пасьля гэтага штурханулі ў шыю. Зьдзекавалася зь іх наглядчыца-жанчына. Каб вы разумелі, пасьля выхаду ў кабеты рукі трэсьліся так, што з бутэрброда, які ёй далі, зьляцела масла. Але яна пра сябе забыла і чакала выхаду сына. Ён хворы на эпілепсію, але знаходзіцца ў працяглай рэмісіі (больш за 20 рокаў), а суткі на Акрэсьціна справакавалі прыступ. І незразумела, ці выйшаў ён сам, ці яго завезьлі ў лякарню.

Дарэчы, першых вызваленых асабіста сустрэць не ўдалося, іх вывезьлі "хуткія". Шэсьць машын за гадзіну, па 3-4 чалавекі ў кожнай. Людзям, у якіх былі пераломы, "хуткую" на суткі не выклікалі. Адзін вызвалены расказваў, што ў камэры быў хлопец са зламанай нагой. І калі ён зразумеў, што доктара яму ніхто ня выкліча, ён костку папраўляў рукамі, каб стаяць было зручней.

Самая жудасьць адбывалася з затрыманымі ў ноч з 10 на 11 жніўня. Іх ня білі, а проста зьнішчалі. Людзі, якіх затрымалі раней, казалі, што стогны ў гэтую ноч і наступны дзень стаялі такія, што ў вушах закладвала. Мужчыны енчылі дзіцячымі галасамі, у іх проста не было сіл. Людзям выбівалі зубы і давалі венікі, каб падмяталі.

Лютае дзікунства — ад адной зь лекарак. Цяпер у лякарні ляжаць дзясяткі мужчын з траўмамі прамой кішкі і разрывамі гартані, іх катавалі дубінкамі, растоптвалі дзетародныя органы. А адна дзяўчына расказвала, што ў РУУС пасьля таго, як іх пабілі, прыбіральніца несла мяшок выкарыстаных прэзэрватываў. З траўмай горла ў лякарні ляжыць 16-гадовы хлопчык, яму яшчэ спрабавалі выціснуць вочы.

Гісторыя ад хлопца-валянтэра, які вырашыў аказаць людзям мэдычную дапамогу і паехаў з аптэчкай на машыне з наклеенымі крыжыкамі. Ён быў упэўнены, што пад раздачу ня трапіць. Але дзе там! Машыну разьбілі, яго выцягнулі і пабілі за тое, што надта чулы, дапамагае не таму, каму трэба. У РУУС яму зрэзалі дрэды, але яму пашанцавала, чыкнулі толькі валасы (іншаму хлопцу з такой самай фрызурай адрэзалі кавалак скальпа). У іх камэры быў хлопец, якога пазначылі, як арганізатара, дык яму раздрабілі таз і перабілі хрыбетнік. Дзе ён цяпер, невядома.

Яшчэ адзін хлопец заляцеў на суткі проста з машыны. Ехалі з братам, калі іх літаральна расстралялі ва ўпор, брату пацэлілі ў артэрыю, таму забіраць ня сталі. А вось хлопец адгроб за дваіх. Сядзець яму было вельмі цяжка, бо ён ня ведаў, ці выжыў ягоны брат. Вельмі шмат людзей атрымалі агнястэльныя раны, былі гэта гумовыя кулі ці нешта іншае, ня ведаю.

У лякарню прыйшоў зьбіты хлопец, казаў, што адчувае сябе цярпіма, а КТ паказала, што зламаны хрыбетнік. Перабілі хрыбетку, але ўдала. Іншым пашанцавала меней, на экспэртызу аднаго хлопца прывезьлі на вазочку, сам ісьці практычна ня мог.

У аўтазаку білі з такой сілай, што некаторыя хадзілі пад сябе. Адзін хлопец абгадзіўся, і яго выкінулі з аўтазака, бо сьмярдзеў. Напэўна, яму пашанцавала.

ЧМТ, вялізныя гематомы, якія маюць від космасу, зламаныя насы — цяпер лічацца лёгкімі траўмамі. Так, у параўнаньні з разарванымі пячонкамі, гэта ня так сур’ёзна.

На адсутнасьць ежы і вады многія нават ня скардзяцца.

Я ня ведаю, як назваць гэта. Я не хачу верыць, што гэта было ў нашай Беларусі. Я баюся даведвацца, што зь людзьмі адбывалася яшчэ. Я вельмі веру, што гэта ніколі не паўторыцца.

 


"Я спытаўся, навошта яны ўсё гэта робяць. Асноўных прычын было тры"


Паша:

— Гэта быў першы дзень жаночай акцыі, калі дзяўчаты выходзілі ў белым і з кветкамі. Сам я ў гэтым са зразумелых прычын удзельнічаць ня мог, але вырашыў падвезьці сваю суседку і пастаяць недзе ў баку. Плюс апошнія пару дзён мая машына была чымсьці накшталт перасоўнага мэдпункту, бо ў выпадку чаго я мог бы яшчэ камусьці аказаць дапамогу.

Дзяўчаты выйшлі з машыны, разьвіталіся і пайшлі ў калёну, а я стаў павольна, з уключанай аварыйкай, езьдзіць па супрацьлеглым баку праспэкта. Гудок у мяне не працаваў, нават калі б хацеў. Адзінае, у нейкі момант у радыё зайграла песьня Another Brick in the Wall, і я на поўную выкруціў ручку гуку.

Раптам аднекуль выскачылі два "ціхары". Відавочна, яны не былі фанатамі Pink Floyd: адзін зь іх падбег, ударыў па машыне і нешта крыкнуў у вакно. Я адразу ж даў па газах, далей ад бяды.

Праз хвіліну насустрач мне выехаў танаваны бусік. Калі я ўбачыў, што ўсярэдзіне сядзяць людзі ў масках і паказваюць на мяне пальцамі, зразумеў, што наўрад ці ўжо далёка зьеду. У нас завязалася кароткая пагоня мэтраў на 300, пасьля чаго я ў жаху выскачыў з машыны, пакінуў адчыненыя дзьверы і не заглушыў рухавіка. Я крычаў: "Памажыце!", але людзей на вуліцы амаль не было, а тыя, хто быў, проста ўпадалі ў ступар ад гэтага і ніяк не дапамагалі.

Ад "людзей у масках" я адарваўся, але ўжо на наступнай вуліцы мяне скруцілі даішнікі. Надзелі кайданкі, пачакалі таго самага амапаўскага буса і закінулі ў сярэдзіну.

Там мяне яшчэ ня білі, але вырашылі на мне павучыць маладых, як правільна зьнерухомліваць затрыманых. "Ды ня так — вось тут прыцісьні!" — і ўсё ў такім духу.

Адзін з даішнікаў аказаўся адэкватным: паслабіў мне кайданкі, сказаў, у які РАУС мяне вязуць. Я высунуў твар у вакенца і шчыра спадзяваўся, што мяне заўважыць хто-небудзь з знаёмых: пагоніцца за аўтобусам, адаб’е ад міліцыі. Ну ці хаця б сфоткае і адпіша маім бацькам, дзе я. Але места было мёртвае.

Мы прыехалі ў РАУС, і амаль адразу мяне пацягнулі на трэці паверх на допыт да нейкага сьледчага. Кінулі перад ім на падлогу і пачалі "мясіць".

Сьледчы зароў: "У цябе ёсьць пяць хвілін, каб усё расказаць, інакш станеш калекам!". Білі ў асноўным па галаве: расьсеклі шчаку, разьбілі нос. Потым яшчэ на сьпіну скакалі. Увесь час пыталіся: "Хто вас каардынуе? Хто плаціць? Хто ўзбройвае?".

Мне здалося, што абсалютная большасьць сілавікоў шчыра ўпэўненыя, што ўсе пратэстоўцы — арганізаваная злачынная група.

Каб я не заліў падлогу крывёй, мне кінулі ручнік. Увесь астатні час у РАУС я правёў усьляпую, з гэтым ручніком на галаве. Яшчэ мне на сьпіне намалявалі лічбу "1" і пэрыядычна кпілі з таго, што я ў іх тут "VIP-пэрсона".

Як я зразумеў, мне спрабавалі спачатку прышыць ролю каардынатара, бо на заднім сядзеньні маёй машыны знайшлі пару матацыклетных шаломаў, шчыткі і пальчаткі. А матацыклістаў яны вельмі не любілі. Я сказаў, што ўзяў гэта ўсё выключна для абароны, — нібыта адсталі.

Урэшце мне ўдалося наладзіць зь імі нейкі мінімальны дыялёг. Я спытаўся, навошта яны ўсё гэта робяць. Асноўных прычын было тры:

1. Яны помсьцяць за сваіх. Іх пераконваюць, што пратэстоўцы ідуць на амапаўцаў са зброяй і сярод асабовага складу сотні пакалечаных.
2. Ім надакучыла за намі бегаць, таму тых, каго злавілі, б'юць максымальна жорстка: каб дакладна зноў не пайшлі на мітынг і ўсе вакол бачылі, гледзячы на іх, што хадзіць лепей ня варта.
3. Гэта іхная праца: у іх загад, і яго трэба выконваць.

Калі мяне вялі ў наступны кабінэт, па дарозе зь мяне зьляцеў адзін з кедаў. Нехта яго падняў і запхнуў мне ў майткі. У нейкім сэнсе гэта мяне пасьля выратавала: у другім кабінэце амапавец спрабаваў запхнуць мне дубінку паміж булак, пакуль я ляжаў на падлозе. І ў гэты момант я шчыра дзякаваў лідзкаму сябру за тое, што прыкрыў мне тылы.

Другі сьледчы сядзеў за сталом і аглядаў мае рэчы. Доўга ня мог ускрыць мой стужкавы фоцік, пакуль я сам не расказаў, як. У выніку яны ўсё адно мне яго зламалі.

Яшчэ шнарыў у маім Telegram, і пэрыядычна мяне перасмыкала, калі ён называў імёны маіх сяброў з кантактаў. Знайшлі пару нейкіх фотак, на якіх, як ім здалося, былі наркотыкі. Далі па нагах. Потым сьледчы прачытаў уголас паведамленьне ад маёй сяброўкі: "Будзьце асьцярожныя, яны ўжо бегаюць пад амфікам". Я сказаў, што гэта памылка друку і, хутчэй за ўсё, яна мела на ўвазе "пад падзікам". Але мяне яшчэ пару разоў стукнулі галавой аб сьцяну.

Мяне спусьцілі ў мясцовы цір. Было адчуваньне, што гэта памяшканьне ў РАУС аддалі спэцыяльна пад катоўню. Антураж быў адпаведны: гумовая падлога, мішэні на сьценах, лямпы гудуць і няспынныя крыкі.

У куце ляжаў тоўсьценькі дзядзя з Wargaming і яго дзяўчына. Вось ім даставалася за траіх: у іх знайшлі пры сабе нейкія грошы і назвалі спонсарамі пратэстаў. Потым мужычку стала ўжо так блага, што давялося ўсё ж такі выклікаць "хуткую".

На дзіва, мяне ў ціры білі ўжо ня моцна — так, хутчэй, штурхалі часам, праходзячы міма. Мянты ўбачылі ў маіх рэчах фотаапарат, і, пакуль я ляжаў тварам у падлогу, у нас завязалася размова пра тое, што лепей: стужка ці лічба. Такі сюр: я ляжу, даказваю, што стужка круцейшая, а за пару мэтраў ад мяне рыдае і стогне нейкі мужык.

Потым яны пачалі разважаць пра вынікі выбараў:

— Ты зразумей, мы ж таксама хочам перамен, але не такім спосабам! Да таго ж ты сам падумай: вось колькі чалавек сёньня выйшла? Тысяч пяцьдзясят? А жыве ў Менску колькі? Вось і думай! Ну окей, можа, ня 80% у Лукашэнкі, але ён жа ўсё адно выйграў, так жа?

Затым нам аддалі рэчы і павезьлі на Акрэсьціна. Жанчыны, якія выдавалі нам нашы пакеты, размаўлялі пра сваё і гучна сьмяяліся — і гэта быў самы страшны і мярзотны гук, які я чуў. Людзей зьбіваюць, усе падлогі ў крыві, а на фоне гэтай карціны — жаночы сьмех.

Далі падпісаць пратакол. Як толькі я пачаў чытаць, што мне інкрымінуюць, амапавец пацягнуўся па дубінку. Я пасьпеў выхапіць вокам слова "адміністрацыйнае": у прынцыпе, мне гэтага было дастаткова.

— Напішыце яшчэ, што ў яго нос зламаны!

Тут я напружыўся, бо пакуль што мой нос зламаны ня быў. Але цяпер мне трэба было перажыць "калідорчык" з амапаўцаў перад загрузкай у аўтазак, так што гэта магло быць лёгка выпраўлена.

На разьвітаньне ў РАУС мне прапісалі з нагі ў жывот, як мае быць. Напэўна, гэта быў самы балючы ўдар за ўвесь час затрыманьня — я нават на калена прысеў.

Бягу ў зак з пакетам рэчаў над галавой, але ўжо хаця б не ў кайданках. З усіх бакоў прылятаюць удары. Гэта такі амапаўскі абрад пасьвячэньня. Пакет рвецца, усе мае рэчы падаюць — мянты сьмяюцца. У аўтазаку жахлівае пекла: людзі стогнуць, трацяць прытомнасьць, грукаюць у дзьверы. Я папрасіў усіх перастаць крычаць, бо так хутка траціцца кісларод.

На Акрэсьціна нас сагналі ў прагулачны дворык і сказалі, што начаваць мы будзем тут. У чатырох бэтонных сьценах нейкім чынам зьмясьцілася 127 чалавек. Стаялі, грэліся адно аб аднаго, слухалі крыкі дзяўчат зь ЦІПа і чакалі сонца.

Было шмат часу падумаць. Ці на волі мае сябры, ці пасьпею я праводзіць дзяўчыну ў Кіеў і іншае — такія пытаньні лезьлі ў галаву. Уяўляў, што я, як крывавы рыцар такі, прыскачу на пэрон у апошні момант і абдыму яе. Я спадзяваўся, яны там ува ўсім разьбяруцца і ўсё ж такі мяне адпусьцяць. Хоць верылася ў гэта слаба.

На наступны дзень быў суд. Натоўп зьняволеных падзялілі на дзьве чаргі. Адна з замежнымі журналістамі — адтуль часта даляталі прысуды кшталту "30 базавых". Я спадзяваўся, што таксама абыдзецца штрафам, хоць у нашай чарзе да мяне давалі толькі суткі. Але мне ж шанцуе: у выніку на маёй чарзе судзьдзя сышоў, і мне сказалі, што суд пераносіцца на заўтра.

Мяне адвялі ў камэру. Людзей шмат, ложкаў усяго чатыры — сьпяць усе па чарзе. Але, што дзіўна, ніхто нікога не падганяе і ня будзіць. Як прачнесься — сам вызваляеш месца, і на яго кладзецца наступны.

Вакол было шмат цікавых пэрсанажаў. Быў зусім малады хлопец, якога ўзялі дома, проста на вачах у бацькоў. Ногі хлопцу адбілі так, што ён ня мог стаяць. Быў мужык, якому прыпісвалі крымінал як арганізатару за тое, што дома знайшлі стары іржавы штых-нож і нейкія страйкбольныя гранаты з гарохам. Але я так стаміўся, што ня змог ні з кім доўга размаўляць — проста споўз уніз па сьценцы і заснуў.

Праз сон пачуў, што нехта крыкнуў маё прозьвішча. Як потым аказалася, гэта былі тыя самыя сьпісы валянтэраў каля Акрэсьціна. Я падышоў да мужычка, які ў нас у камэры быў самы актыўны, і перапытаў. Аказалася, што ён мой аднафамілец. Я ўсьміхнуўся і сказаў, што ніколі раней з маім прозьвішчам нікога не сустракаў. Ён, увесь сіні, стаў рагатаць:

— Дык гэта ты, хлопец, напэўна, проста гарэлкі ня п’еш! Так яшчэ аднаго вельмі вядомага нарколяга завуць!

 


"Лепей бы вы нас закапалі там жыўцом, бо мы ня будзем маўчаць"


Уладзімер Лунёў, апэратар:

— 10 жніўня, прыкладна ў 23:30, калі пачаліся затрыманьні, я знаходзіўся ў Менску на вуліцы Прытыцкага, каля крамы "Спорт-турызм", на мне была камізэлька, і амапаўцы бачылі надпіс "Прэса".

Я папярэдзіў пра тое, што я журналіст, пяцёх супрацоўнікаў у шаломах і з дубінкамі. Але яны зьбілі мяне з ног, пачалі біць, крычалі: "Хацеў рэвалюцыю? Зараз мы табе яе арганізуем!" Яны былі перакананыя, што я нейкі наняты за грошы "рэвалюцыянэр", і лупцавалі па нагах, па руках, па сьпіне, па галаве…

Потым гэтыя пяцёра пабеглі далей, але зьявіліся іншыя трое. Потым яшчэ чацьвёра. Зьбіцьцё і абразы працягваліся, але я ўжо ня мог ня тое што запярэчыць — нават паварушыцца. Адзін з амапаўцаў крычаў, каб я павярнуўся на жывот, другі — каб на сьпіну, трэці загадваў падняцца, чацьвёрты — стаць на калені… Я ўжо ня ведаў, якому загаду падпарадкавацца, і мяне пацягнулі ў аўтазак.

Каля аўтазака ў мяне забралі заплечнік і мабільны тэлефон. Там унутры было ўжо шмат людзей, але міліцыянты ўпіхвалі ў машыну ўсё новых і новых. Супраць аднаго чалавека, які ня мог зьмясьціцца, бо не было куды, ужылі электрашокер і запхнулі сілай.

Ехаць у аўтазаку давялося 30-40 хвілін. Ён спыніўся ў нейкім турэмным двары, дзе затрыманых зноўку білі. Усіх запар, нават грамадзян іншых краін.

Пры мне дапытвалі хлопца ў чырвонай майцы. Побач стаялі дзьве жанчыны-міліцыянткі, два супрацоўнікі ў цывільным і ўзброены вайсковец з аўтаматам. Хлопец сказаў, што ён грамадзянін Украіны і што мае ў Беларусі від на жыхарства. Яго тут жа пачалі біць са словамі: "Цябе да нас заслалі рабіць Майдан. Зараз заб’ем!". Хлопца пабілі так, што ён ня мог падняцца. Потым узяліся за мяне.

Білі і пыталіся, на каго я працую і колькі мне заплацілі. Калі вялі назад, я ўжо ня мог наступаць на адну нагу. Распухла і адна рука, бо рукі падчас допыту былі моцна зьвязаныя.

Завялі ў нейкае памяшканьне, забралі ўсе рэчы з кішэняў, папругу, матузкі. Завялі ў камэру, прыблізна 20 кв. м. Там ужо было вельмі шмат мужчын, ад 20 да 40 рокаў, але былі і старэйшыя. Усіх затрымалі ў розных частках Менску і ўсе былі пабітыя. Тым часам падвозілі ўсё новых затрыманых. У калідоры былі чуваць крыкі і ўдары. Многія людзі прасілі вады, але яе прыносілі вельмі рэдка. Камэра была перапоўненая, сесьці маглі толькі тыя, хто апынуўся каля сьцяны, астатнія стаялі. Каля трох гадзін ночы нас вывелі ў двор, зноў пачалі апытваць, у тым ліку пра тое, чаму ўдзельнічалі ў мітынгу і хто нам заплаціў. Пасьля зноўку завялі ў камэры. Тых, хто абураўся або проста настойліва прасіў вады, выводзілі і зьбівалі. Час ад часу супрацоўнікі крычалі: "Доктара!" — калі бачылі, што чалавеку зусім кепска.

Я пачуў пра затрыманьне калег, у калідоры прыгучала: "Мы здымалі сюжэт з выбарчага ўчастку". Калегаў таксама пабілі. Таксама было чуваць, што аднекуль крычаць: "Выпускай!" Пасьля гэтага некаторых выцягвалі з камэр і зноўку білі.

Усе навокал скардзіліся на боль у нагах — бо ўсіх білі дубінкамі падчас затрыманьня. У кагосьці ў суседняй камэры быў прыступ эпілепсіі, некаторыя трацілі прытомнасьць. Былі сярод затрыманых хворыя на цукровы дыябэт, на гіпэртанію, але мэдычную дапамогу аказвалі ня ўсім і не адразу. Увечары ў камэры стала халодна, людзі ратаваліся тым, што станавіліся сьпінай да сьпіны. У некаторых ад голаду і адсутнасьці сну пачаліся гістэрыкі і нават галюцынацыі.

Праз суткі людзей пачалі пераводзіць зь вялікай у меншыя камэры. У камэры, куды трапіў я, было 16 чалавек. Там можна было хаця б прысесьці ці нават прылегчы. Было чуваць, што кожныя паўгадзіны прывозяць новых зьняволеных, што іх б'юць, катуюць, зь іх зьдзекуюцца.

Каб ня чуць крыкаў, многія закрывалі вушы рукамі. І ўсё гэта працягвалася да раніцы. Потым нам скамандавалі выйсьці ў калідор, пачалі называць асобныя прозьвішчы. Гэтых людзей выводзілі. Куды — не казалі. Астатніх вярнулі назад у камэры. Празь нейкі час зноўку пачалі выкрыкваць прозвішчы, я пачуў сваё. Нас сабралі ў калідоры, ужо было сьветла і на сьценах было добра відаць сьляды крыві.

Затрыманых прывялі ў нейкае памяшканьне, дзе на стале ляжалі пратаколы, а за сталом сядзеў міліцыянт. У пратаколах было адно і тое самае: артыкул 23.34, ч. 1, "браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу, крычаў: "Жыве Беларусь!", "Ганьба!", "Стоп таракан!".

Я напісаў, што ня згодны, што лёзунгаў не выкрыкваў, у мітынгу ня ўдзельнічаў. Перад тым, як выпусціць, нехта зь міліцэйскага начальства нам сказаў, што нас проста зьнішчаць, калі мы пападземся яшчэ раз. Або калі будуць пагрозы супрацоўнікам міліцыі ці іхным сем’ям. Спытаўся, ці зразумелі. Мала хто адказаў, што так.

Увогуле, усе падзеі нагадвалі дакумэнтальныя хронікі пра фашысцкія катаваньні ў часы Другой усясьветнай вайны. Усё было настолькі жорстка і бесчалавечна, што я нават ня верыў, што мы выберамся адтуль жывымі. Яшчэ падумалася: лепей бы вы нас закапалі там жыўцом, бо мы ня будзем маўчаць. І ўвесь сьвет даведаецца пра злачынствы супраць мірных грамадзян Беларусі, якія адстовалі сваё законнае права на выбар.

Ні рэчаў, ні дакумэнтаў мне адразу не аддалі — выпусьцілі, у чым стаяў. Пашпарт вярнулі праз тыдзень — па яго ў Менск давялося ехаць асобна.
Ужо ў Віцебску я зьвярнуўся ў траўмапункт у лякарні хуткай дапамогі. Мэдыкі засведчылі шматлікія гематомы мяккіх тканак і паведамілі пра факт звароту ў Сьледчы камітэт.

Мяне выклікалі на допыт, запісалі паказаньні і далі накіраваньне ў судмэдэкспэртызу. Там зрабілі больш дэталёвае апісаньне цялесных пашкоджаньняў. Вынікаў гэтых сьледчых дзеяньняў я ня ведаю. Як і рашэньня суду, які мусіў адбыцца ў Менску 21 жніўня — так было пазначана ў міліцэйскім пратаколе. Я вырашыў ня ехаць на суд, бо не лічу сябе вінаватым.

29 жніўня адбылося яшчэ адно прыкрае здарэньне: зранку я заўважыў, што замок у дзьвярах маёй кватэры не працуе: нехта ўставіў у адтуліну чужы ключ і зламаў яго, заблякаваўшы нас унутры. Ці зьвязаны гэты інцыдэнт са зваротам у Сьледчы камітэт са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў, адназначна сказаць не магу.

 


"Дзяўчат білі дубінкамі па жываце, каб не маглі нараджаць "ворагаў народу"


Ян:

— Мяне затрымалі, калі я прыйшоў ускласьці кветкі да месца гібелі Тарайкоўскага. Увогуле мяне дзяўчына па малако і каву ў краму паслала, але па дарозе я яшчэ вырашыў і па кветачкі забегчы. Усю мінулую ноч мы чулі на "Пушкінскай" выбухі і стрэлы, выходзіць пабаяліся. Я думаў, што пры сьвятле дня будзе параўнальна бясьпечна.

Карацей, кавы я так і не купіў. Супэрмаркет аказаўся закрытым, і ўсіх, хто адчайна торгаў за ўваходныя дзьверы, затрымалі вайскоўцы. Затрыманьне, дарэчы, было нейкім недарэчным: я даволі высокі, і яны не змаглі нармальна скруціць мяне ў "ластаўку", так што я проста паабяцаў, што пайду побач і ня буду ўцякаць.

Увогуле ў вачах вайскоўцаў чыталася болей страху і зьбянтэжанасьці, чым нянавісьці. Навокал было шмат сьведак і прэсы, так што, падобна, яны моцна саромеліся.

На рукі мне надзелі сьцяжку, і наступныя дзьве гадзіны я проста стаяў каля міліцэйскага аўтобуса. Курыў, размаўляў з журналістамі, быў упэўнены, што ўсё абыдзецца і гэта непаразуменьне.

Спрабаваў размаўляць з вайскоўцамі і нават "качаў правы", маўляў, я проста ў краму ішоў, а вы мяне вяжаце — гэта што за сваволя? Мне адказалі, што ўсё будзе добра, мяне адвязуць на растлумачальную гутарку і адпусьцяць. Я расслабіўся. Сапраўды, што мне зробяць — яшчэ толькі 5 гадзін вечара, мітынгамі нават і ня пахне. Але, як толькі прыехаў аўтазак, мяне заштурхалі ў яго, як кавалак мяса, і я зразумеў, што цяпер пачнецца сапраўдная весялосьць.

Некалькі прафіляктычных удараў па нырках у аўтазаку пад крыкі "Поскудзь, колькі табе плацяць?!" канкрэтна так зьбілі зь мяне пыху. Потым была цёплая сустрэча ў РАУС, дзе трэба было прайсьці праз чатыры паверхі настойлівага дубіначнага масажу. Кожны сустрэты на лесьвіцы сілавік лічыў сваім абавязкам прыкласьціся па табе асабіста і паказаць, наколькі ты ня маеш рацыі.

Потым мяне завялі ў нейкую спартзалю, уперлі тварам у падлогу, і ў такой паставе я правёў наступныя 7 гадзін. Цела дранцьвее і пачынае жахліва балець ужо праз 15 хвілін. Торгаесься — б’юць. Крычыш занадта гучна — б’юць яшчэ мацней. Не крычыш зусім — таксама б’юць.

Увогуле ў кожнага ўладальніка дубінкі свае перавагі ў гэтым пытаньні. Даводзілася ўвесь час падладжвацца: разумееш, які тыпаж цябе лупцуе, і вырашаеш адразу, раўсьці табе ці не раўсьці.

Усе гэтыя сем гадзін я нічога ня бачыў, акрамя берцаў, якімі мяне пэрыядычна білі па галаве. Прычым страшней за ўсё не калі цябе б’юць, а калі, напрыклад, побач з табой пяцёра амапаўцаў малоцяць нейкага мужыка, яго кроў ужо падцякае да тваіх ног і ты разумееш, што ты будзеш наступным.

У туалет не адпускаюць — давялося пару разоў абмачыцца. Хаця не: адной дзяўчыне ўсё ж удалося адпрасіцца, і амапавец павёў яе ў прыбіральню. Вярнуліся яны хвілін праз 20. Дзяўчына была ўся зарумзаная, а гэты мудак прыгаворваў: "Ну ты ж дарослая ўжо, усё разумееш, малая".

Пад вечар прывезьлі нейкага як бэля п’янага мужыка ў вышыванцы. Ён крычаў: "Мужыкі, ня біце, — я саліст групы "Верасы"!". АМАП гэта ня ўразіла: білі яго так моцна, што аж вышыванку дубінкамі парвалі.

А потым высьветлілася, мужык проста вяртаўся дадому з бара. У адной руцэ чакушка, у другой — кола, падыходзіць да пад’езда, і тут яго вяжуць. Тады ў спартзалі яму дасталася, між іншым, мацней за ўсіх. Калі б ён ня быў такі п’яны, магчыма, памёр бы ўжо ад балявога шоку.

Адзін з амапаўцаў прысеў нам на вушы:

— Я праз вас, підарасаў, чацьвёртыя суткі ўжо ня сплю, жонкі ня бачу! Толькі два "ролтаны" зьеў за гэты час!

Абыходзіліся з намі, як з быдлам, вядома ж. Але я заўважыў адну рэч: кожная, нават выпадковая, праява чалавечнасьці ад твайго крыўдзіцеля ў такіх абставінах кранала да глыбіні душы. Аднойчы міма мяне праходзіў амапавец і спатыкнуўся аб маю галаву. Я застагнаў, а ён падышоў, пагладзіў галаву і папрасіў прабачэньня. І на наступныя некалькі гадзін ён стаў богам у маіх вачах.

Потым быў этап на Акрэсьціна: ужо славуты амапаўскі "калідор" і камэра, дзе было градусаў 60 і па сьценах цёк кандэнсат. Мы засоўвалі насы ў кожную дзірку, адкуль, як нам здавалася, дзьме.

Часам людзі пачыналі грукаць у дзьверы і патрабаваць вызваленьня, бо ў іх ужо сканчаліся 72 гадзіны. Раптам адчынілася кармушка і наглядчык сказаў, што зараз пырсьне ў камэру пярцоўкай, калі не заткнёмся. Крыху пазьней ён усё ж зрабіў такі фокус з суседняй камэрай — людзі там кашлялі і задыхаліся наступныя пару гадзін.

Мы чулі, як крычаць дзяўчаты. Кажуць, некаторых зь іх білі дубінкамі па жываце. Наўмысна, каб адбіць мацінец і яны не маглі нараджаць "ворагаў народу". У нейкі момант да нас прыйшоў канвой, прымусіў разьдзецца, устаць на калені і выставіць азадкі.

Зайшлі амапаўцы і пачалі шнарыць па нашых рэчах. Унутры я нават пасьмейваўся: давай-давай, бяры мае штаны — я іх якраз зноў абасцаў перад гэтым. Дубіны нам, дзякуй Богу, нікуды ня пхалі — толькі пагражалі. Потым сказалі адзецца і выгналі на вуліцу.

Начавалі ў прагулачным дворыку. Там я па-сапраўднаму адчуў арыштанцкае братэрства: людзі дапамагалі адзін аднаму з адзеньнем, перавязвалі раны сваімі майкамі. У нейкі момант мы ўсе вырашылі, што адзіны спосаб нам тут нармальна разьмясьціцца і паснуць — сесьці паравозікам. У выніку мы "зьмейкай" запоўнілі ўвесь дворык і спалі адзін на адным.

Нягледзячы на тое, што ўсе былі сінія і змучаныя, мы шмат сьмяяліся ў тую ноч. Я нават помню дагэтуль фразу аднаго з затрыманых: "Я ў турме, і мяне некалькі гадзін білі — чаму я ржу?".

Ня памятаю імя чувака, на якім я спаў, але было цёпла — дзякуй.

Раніцай нас яшчэ раз прафіляктычна зьбілі і загрузілі ў аўтазакі на Слуцак. А, не — да гэтага яшчэ былі пратаколы, але тут ўсё, як ва ўсіх: у судзьдзяў у вачах нібыта і ёсьць нешта, але 10, 15 і 20 сутак яны ўляпілі на аўтамаце і як у лічылцы. Чытаць, што падпісваеш, не даюць: хуткасьць судовага канвэера — 7 хвілін на чалавека.

Па прыезьдзе ў Слуцак нам адразу сказалі, што, як толькі "менскія зьвяры" зьедуць, з намі ўсё будзе добра. Нас адвялі ў казарму, кожнаму адвялі ложак, дазволілі схадзіць у душ і нават далі нейкую адзежу. Там нас першы раз нармальна пакармілі. На вячэру была аўсянка зь вялізнымі такімі кавалкамі доктарскай каўбасы. Мясцовыя кухаркі, відаць, бачылі, якія змучаныя мы прыехалі, і накладвалі, не шкадуючы.

Нам нават кніжкі прынесьлі і далі пакурыць адну цыгарэту на шасьцярых. Па коле і праз кулачок. Увогуле, пасьля Акрэсьціна Слуцкі ІЧУ ужо здаваўся сапраўдным санаторыем.

Так мы і рыхтаваліся даседжваць нашы суткі, але на наступны дзень усіх раптоўна адпусьцілі. Я афігеў, калі ўбачыў, колькі людзей нас сустракае каля варот: з камэраў ІЧУ абсалютна нічога не было чуваць. Гэта пасьля я даведаўся пра валянтэрскі лягер на Акрэсьціна і іншы варушняк. Знутры ўвогуле здаецца, што пра цябе ўсе забылі.

Цяпер я знаходжуся ў Кіеве. Вяртацца ў Беларусь пакуль баюся. Фірма, у якой я працую, неўзабаве плянуе пераяжджаць у Сафію, і, напэўна, я пераеду зь імі. Ці яшчэ куды-небудзь — ужо куча краін прапанавалі прытулак. А з хлопцамі з Акрэсьціна мы стварылі чат у тэлеграме і размаўляем дагэтуль. Назвалі, дарэчы, "Верасы"…

 

"Прыйшла фэльчарка з Акрэсьціна і стала біць людзей"


Ільля, 18 рокаў, Менск:

— Нас затрымалі 11 жніўня каля "Пушкінскай". Нашу машыну спынілі супрацоўнікі АМАПу. Мы замкнуліся, але яны сказалі, калі мы не адчынім, яны разаб'юць шыбы. Я адчыніў дзьверы, супрацоўнік АМАПу адразу пачаў глядзець мой тэлефон. Ён адкрыў тэлеграм і ўбачыў, што там ёсць тэлеграм-каналы і фота зь мітынгаў, зробленыя раней.

Мяне адразу ўдарылі ў жывот і забралі з машыны ў аўтазак, дзе паставілі на калені і сталі абражаць. Там другі супрацоўнік АМАПу забраў мой тэлефон і пачаў аглядаць яго. Зь ягоных словаў, ён знайшоў "шмат цікавага", сказаў, што я "дробны апазыцыянэр" і мне "хана". Першы ўдар ад яго быў у сківіцу, я адчуў, як у мяне адкалоўся кавалачак зуба.

Пакуль нас везьлі, АМАПаўцы па дарозе закідвалі ў аўтазак матацыклістаў, зьбіралі ўсіх. Нас прывезьлі ў РУУС Фрунзэнскага раёну. Там мяне выцягнулі на вуліцу, дзе восем супрацоўнікаў АМАПу пачалі біць мяне ў галаву, у пахвіну, па нырках, увогуле па ўсім целе. Я прасіў іх спыніцца, але гэта іх яшчэ больш заводзіла. І яны далей чынілі фізычны гвалт нада мной. Я страціў прытомнасьць пасьля таго, як атрымаў у левую частку твару, стукнуўшыся галавой аб сьцяну. Ачуўся я ўжо ў фае РУУС Фрунзэнскага раёну ад удару па назе. Ляжаў я прыкладна гадзіну пасьля таго, як ачуўся. Там жорстка білі людзей. Стаялі моцныя крыкі, стогны. Людзі прасілі спыніць гэта, але ўсе супрацоўнікі ігнаравалі.

Потым нас павялі ў спартовую залю. Там было таксама шмат людзей. Вельмі шмат. Стаялі гучныя немыя крыкі. Нас паставілі на калені, рукі ў кайданках, загадалі ўперціся галавой у падлогу. У той момант, калі мы ставалі на калені, нас кожнага 3-4 разы ўдаралі дубінкай па сьпіне, па ягадзіцах, па галаве — хто куды. Людзям у гэтай залі ламалі пальцы, катавалі электрашокерамі, наўмысна білі ў пахвіну, разьбівалі тэлефоны, не шкадавалі нікога.

Пасьля таго, як перапісалі мае зьвесткі, супрацоўнік АМАПу падышоў і пачаў катаваць мяне электрашокерам. Запытваўся, колькі мне заплацілі. Я казаў яму, што ніколькі, мне ніхто не плаціў, я проста ехаў дадому, але катаваньні працягваліся. Потым ён сказаў, што яшчэ дабярэцца да мяне, і пайшоў наступнага катаваць. Калі мы рабілі нейкі рух стоячы, то адразу прылятаў удар. Пасьля мяне павялі ў душавы пакой, дзе стаяў чалавек, які з нас зьдзекаваўся маральна.

Там сядзеў і іншы чалавек і задаваў пытаньні на камэру. Два супрацоўнікі апісвалі рэчы, і мы падпісвалі акты. У мяне былі траўмы твару і адно вока заплыло, а ў другое трапіла кроў, і я нічога ня бачыў. Я папрасіў сказаць, што я падпісваю, але мяне ўдарылі і сказалі: "Якая табе розьніца". Мне давялося падпісаць два пратаколы.

Потым мяне адвялі ў камэру ў РУУС. Там былі чатыры чалавекі, мне адразу хацелі саступіць месца, бо бачылі мой фізычны стан. Я адмовіўся, але тут жа ўпаў на калені. Пад раніцу ў камэры нас ужо было шэсьць чалавек. Усю ноч я і мае сукамэрнікі прасілі дзяжурных, каб мне выклікалі "хуткую" і прынесьлі вядро, бо мяне ванітавала, было галавакружэньне, у мяне ламала ўсё цела. Але ніхто "хуткую" так і ня выклікаў. Пад раніцу нас адвялі ў прыбіральню і дазволілі памыцца. Потым адвялі ў спартзалю, дзе паставілі ў калёны, каб вывозіць кудысьці. Выводзілі па дзесяць чалавек. Пры гэтым усяляк нас абражалі: "Ублюдкі, га…оны, расстрэльваць вас трэба". Нас зьмясьцілі ў аўтазак.

На Акрэсьціна катаваньні працягваліся. Там было вельмі шмат людзей. На некаторых затрыманых ставілі пазнакі, і ім дасталося нясоладка, адрозна ад іншых. Пазначалі тых, у каго знаходзілі біты, каскі, пэтарды, сьцягі, белыя стужачкі…

Людзі прасілі мэдычнай дапамогі. Прыйшла фэльчарка, як я разумею, мясцовая супрацоўніца, і стала біць людзей. Яна сказала: "Я вас зараз вылечу тут, няма чаго хадзіць на плошчы". Потым нейкім цудоўным чынам на тэрыторыі ЦІП зьявілася "хуткая", якая адразу некалькі чалавек забрала. Мы прасілі мэдыкаў, каб нас выцягнулі адтуль. Потым прыехалі дзесьці пяць карэт хуткай дапамогі. Нас, самых скалечаных і пабітых, сталі грузіць у машыны. Мэдыкі былі гатовыя стоячы ехаць, абы пабольш зьмясьціць людзей у гэтыя машыны. Мяне таксама пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі, там мы сядзелі хвілін 30-40. Як выявілася, мы чакалі нейкага начальніка, бо ён хацеў паглядзець на абстаноўку. Калі ён прыйшоў, загадаў усім выйсьці з машыны. Гэты начальнік сказаў: "У нас ёсьць свая фэльчарка на тэрыторыі, і яна будзе вырашаць, хто зьедзе, а хто застанецца".

Урэшце зьехалі тры чалавекі, а астатнія засталіся. Мы стаялі на вуліцы пад сьцяной каля шасьці гадзін. Стаялі галавой у падлогу, і, калі амапаўцы вырашалі, што галава не на тым узроўні, — білі. У самім будынку ЦІП нам загадалі стаць на калені, потым сталі заводзіць па 20 чалавек на калідор.

Там нам загадвалі распрануцца дагала і праводзілі надгляд. Пры гэтым білі. Мы, цалкам голыя, сядзелі на голым бэтоне пад адкрытым небам. Толькі пасьля каманды "адзецца" мы сталі адзявацца. Калі ўсіх надгледзелі, нам ужо дазволілі сесьці адвольна. Мы пачалі класьціся, сядаць "у паравозік", каб было неяк цяплей. З варот вельмі моцна прадзімала. Гэтай жа ноччу нас перавялі ў прагулачны дворык. Там мы чулі, як прывялі іншую партыю. Крыкі стаялі пякельныя. Гэта былі "пазначаныя". Білі кулакамі, дубінкамі, нагамі ў берцах, ужывалі электрашокер.

 


"Узялі бутэльку зь белай фарбай і вылілі мне на галаву"


Стась Дзядоў, Менск:

— Мяне затрымалі 11 жніўня каля парку Дружбы народаў. Мы ішлі зь сяброўкай уздоўж вуліцы Арлоўскай і размаўлялі. Па дарозе нас абагналі два бусы з зацемненымі вокнамі. Выйшаў адзін супрацоўнік у зялёнай форме. Мы спыталі яго, наколькі небясьпечна ісьці наперад далей. Ён сказаў нам ісьці назад.

Мы сабраліся сыходзіць назад, але з буса выйшлі яшчэ некалькі супрацоўнікаў, адзін зь іх са стрэльбай. Яны падышлі да нас, пачалі патрабаваць, каб мы разблякавалі тэлефоны і паказалі відэа і фота, якія ёсьць у нашай галерэі. У маёй сяброўкі на тэлефоне знайшлі відэа з акцыі папярэдняга дня. Пасьля гэтага нас пасадзілі ў бус. Тады яны ўбачылі ў мяне на руцэ белую стужачку. Здаецца, пасьля гэтага быў першы ўдар.

Калі мы праяжджалі раён ГЦ "Рыга", у наш бус трапіла белая фарба. Супрацоўнікі вельмі моцна раззлаваліся. Той, што быў са стрэльбай, папрасіў адчыніць фортку пастраляць. Я ня памятаю дакладна, страляў ён ці не.
Мне загадалі легчы на падлогу. За сьпінай рукі зацягнулі ў зацяжку (магчыма, плястыкавы хамут) — застаўся сьлед на руках ад яе.

У такім становішчы я праляжаў хвілін 20. Пэрыядычна на мяне наступалі. Заўважылі на мне бел-чырвона-белую папругу. Яе, здаецца, зрэзалі. Пасьля нас перавялі з буса ў аўтазак. Што было далей зь сяброўкай, я ня ведаю.

У аўтазаку ўжо ляжаў адзін чалавек. Мяне паклалі побач зь ім, па дарозе трохі білі дубінкамі. Потым мяне адтуль вывелі, узялі бутэльку зь белай фарбай і вылілі мне на галаву. Мяне ўзялі за валасы і выцерлі маёй галавой фарбу на бусе. Пасьля чаго адправілі ў іншы аўтазак, у якім ужо ляжала досыць шмат людзей — яны ляжалі плазам, адзін на адным. Я ляжаў зьнізу.

Ня ведаю, дзе лепш было ляжаць, зьверху ці зьнізу. Зьверху білі дубінкамі, а зьнізу проста не было чым дыхаць.

Я ня ведаю, ці вылівалі фарбу на кагосьці яшчэ. Але мне казалі пра нейкага напарніка, зь якім я нібыта кідаў фарбу. Аднак да фарбы я ня меў ніякага дачыненьня. Мабыць, мяне з кімсьці пераблыталі.

Было яшчэ як мінімум дзьве перасадкі паміж аўтазакамі. На перасадках нас білі. Мяне супрацоўнікі АМАПу пазнавалі па белай фарбе на валасах — гэта была пазнака: трэба з гэтым чалавекам абыходзіцца больш жорстка. Яны самі адкрыта казалі — вось яго "пазначылі".

На адной зь перасадак адзін з супрацоўнікаў сказаў: "Вось гэтага ня біце, хай паўзе". І я поўз на каленях шлях ад аўтазаку да буса. Пад канец таксама пабілі дубінкамі.

Нас адвезьлі на Акрэсьціна (у РУУС мы не заяжджалі). Да гэтага, яшчэ ў аўтазаку, у нас забралі тэлефоны — ніякага вопісу пры гэтым не рабілі.

На Акрэсьціна нас усіх паставілі на калені каля плоту, галавой да зямлі. Вось там больш за ўсё білі. Часта зьвярталі ўвагу на тое, што ў мяне фарба — для іх гэта была лішняя нагода мяне пабіць. Білі ў асноўным па нагах і па сьпіне, і вельмі шмат па ягадзіцах. У асноўным дубінкамі, часам прылятала нагамі і кулаком.

У ЦІПе пратаколы складалі такім чынам: выводзілі ў калідор па некалькі чалавек, задавалі літаральна пару пытаньняў — прозьвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэньня, месца і час, калі затрымалі. Я бачыў "шапку" пратаколу, а ўсё, што ніжэй за яе, засталося пустым. Пратакол мне не прапаноўвалі падпісваць. Я ня ведаю, куды далей пайшла гэтая паперка. Пасьля мяне адправілі ў камэру. Яна разьлічаная на 4 чалавекі, але нас было 28.

Начамі было чуваць крыкі з вуліцы. У ноч 12 на 13 жніўня мы чулі, як людзей прымушалі сьпяваць дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусі. Нас жа з камэры не выводзілі.

Калі нас вызвалялі, нам далі падпісаць папярэджаньне (аб няўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Асабістыя рэчы забраць не далі.

Выпусьцілі мяне 14 жніўня прыкладна ў 6 раніцы.

 


"Калі я ўпаў, яны пачалі біць нагамі"


Артур, Магілёў:

— 11 жніўня з 6 да 7 вечара я знаходзіўся ў цэнтры Магілёва каля гандлёвага цэнтру "Атрыюм". Я проста сядзеў на лаўцы і нікога не чапаў. Да мяне падышлі людзі ў чорнай форме: у масках, касках, бронекамізэльках, яны запатрабавалі прайсьці зь імі.

У аўтобусе, куды мяне прывялі, знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Яны пачалі мяне біць. Каля чатырох супрацоўнікаў міліцыі наносілі мне ўдары рукамі ў жывот, сьпіну, галаву, па баках. Калі я ўпаў, яны пачалі біць нагамі. Пры гэтым яны адабралі мой мабільны тэлефон і патрабавалі, каб я разблякаваў яго.

Пасьля збіваньня ў аўтобусе мяне перасадзілі ў аўтазак і даставілі ў Ленінскі РУУС Магілёва. Разам са мной у аўтазаку ехала яшчэ сямёра затрыманых.

Усіх нас пагналі на трэці паверх. Уздоўж калідораў і лесьвіц стаялі супрацоўнікі ў чорнай форме, у шэрай форме і ў цывільным, усе яны былі ў масках. Яны таксама наносілі мне ўдары рукамі і гумавымі палкамі па галаве, тулаве і канцавінах. На трэцім паверсе мяне завялі ў спартовую залю, дзе былі і іншыя затрыманыя. Там мяне паставілі "тварам у падлогу" — на калені і на локці, рукі на галаве. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі працягвалі біць па сьпіне і баках затрыманых.

У будынку Ленінскага РУУСа мяне апыталі, а затым склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Я пазначыў у пратаколе, што ня згодны з абвінавачаньнем і ні ў якім мітынгу ўдзелу ня браў, а проста адпачываў на лаўцы. Паколькі я адчуваў сябе вельмі дрэнна, мяне вывелі ў двор РУУСа. Там мяне забрала машына хуткай дапамогі і адвезла ў Магілёўскую лякарню хуткай дапамогі.

Ужо раніцай 12 жніўня мяне выпісалі зь лякарні, і я дома праляжаў два дні.

14 жніўня я расказаў гэтую гісторыю ў Сьледчым камітэце, а 17 жніўня прайшоў судова-мэдычную экспэртызу. Агляд ажыцьцяўляўся без выкарыстаньня рэнтгену і УГД. Самая вялікая гематома мае памер 20 на 10 см. Я напісаў заяву аб прычыненьні цялесных пашкоджаньняў і чакаю, што ацэнку дзеяньням міліцыі дасьць сьледзтва.

 

"Мы чулі, як адна жанчына крычала, што цяжарная, а яны білі яшчэ мацней"


Іна, маці 14-рочнага Давіда, Берасьце:

— 10 жніўня мы з Давідам, ягоным айчымам і сябрамі вярталіся дадому праз мост з цэнтру места ў мікрараён Паўднёвы. Проста на мосце АМАП узяў нас у ачапленьне.

У ачапленьні нас паставілі на калені. Па баках уздоўж бардзюра стаялі на каленях мужчыны. Іх білі. Яны там раўлі. Я паказала свае рэчы, нічога не знайшлі, сказалі ісьці, але сына не аддавалі. Ім было ўсё роўна — паўналетні ён ці не. Мяне літаральна вытаўклі ў карак.

Я патэлефанавала ў 102, але ніякіх зьвестак, акрамя крыкаў ад дыспэтчаркі, не пачула. Яна на мяне накрычала. Маўляў, чаго лазіць зь дзіцем. Сказала — ідзіце дадому, заўтра вырашыце ўсё — і кінула трубку.

А 4-й раніцы 11 жніўня мне патэлефанавалі зь незнаёмага нумара і сказалі прыяжджаць забіраць сына, але не сказалі, куды, і зноў кінулі слухаўку. Пасьля высьветлілася, што яны бралі выпадковы тэлефон некага з затрыманах з кучы мабільнікаў, званілі да бацькоў, а пасьля тэлефон зноў кідалі ў кучу.

Я ўсё ж даведалася, дзе ўтрымлівалі Давіда — у казармах вайсковай часткі. Пад будынкам там былі дзясяткі разгубленых бацькоў, якія чакалі выхаду дзяцей. Мне загадалі падпісаць пратакол, дзе было адзначана, што Давід браў удзел у пратэстах.

Яны напісалі, што яго затрымалі на плошчы на мітынгу. Я адмовілася падпісваць і напісала, як было. А дзіця яны так проста не аддавалі. Вывелі ў цёмны тамбур, маўляў, паглядзіце, ці ўсё ў парадку. Там нічога не відаць. Зачыняюць дзверы, даюць лісток, трэба напісаць, што ня маеш прэтэнзіяў. Пасьля ўжо мы пабачылі сьляды ад дручкоў, гематомы, гузы.

Пасьля вызваленьня Давід расказаў, што ў затрыманых нават не пыталіся, хто яны і адкуль, проста білі і зьдзекаваліся. Ва ўсіх забіралі тэлефоны, а калі выпускалі, тэлефон немагчыма было знайсьці, бо мабільных была гара. Без вады і прыбіральні ўсе затрыманыя ляжалі на падлозе. Падымаць галаву не дазвалялі. Калі хтосьці глядзеў убок, яго пачыналі моцна біць.

Сын мне сказаў: "Мама, мне сорамна прызнацца, але я плакаў". Усе плакалі, не шкадавалі нікога. І дарослыя мужыкі раўлі. Амапаўцы казалі: "Вы хацелі справядлівасьці – вось вам справядлівасьць". У яго адранцьвелі рукі і ногі, але баяўся паварушыцца.

Да нядзелі 16 жніўня я ня ведала, дзе знаходзіцца Давідаў айчым Дзяніс. Яго не было ні ў адным са сьпісаў.

Я тэлефанавала і шукала Дзяніса. У аддзяленьні здымалі слухаўку і маўчалі або адкладалі яе, і было чуваць хіхіканьне. У мяне сямёра дзяцей, малодшы — інвалід. Я ўсё жыцьцё хаджу па інстанцыях, і паўсюль хамства, зьнявага і несправядлівасьць.

Дзяніса выпусьцілі ўначы 17 жніўня. Яму прысудзілі 10 сутак. Нягледзячы на стан здароўя, бо ён таксама ўвесь пабіты і шакаваны.

Дзяніс:

— Я шмат што бачыў, але каб зьбівалі жанчын і дзяцей, у гэта я паверыць ня мог. Мы чулі, як адна жанчына крычала, што цяжарная, а яны білі яшчэ мацней. Пасьля выхаду мяне агледзеў доктар, сказаў, што адбілі нырку або паламалі рэбры. Трэба ехаць у шпіталь.

На шчасьце, вярнулі ўсе дакумэнты, акрамя мабільнага і грошай. Тэлефон, сказалі, перададуць у Менск, дзе будуць "вывучаць". Прымушалі сказаць, што ўзяў удзел у несанкцыянаванай акцыі, але сказаў усё, як было.

Іна:

— У Сьледчым камітэце 17 жніўня мы прабылі амаль шэсьць гадзінаў, а скаргу можна падаць толькі цягам пяці дзён пасьля вызваленьня. Са скаргамі ў Сьледчы камітэт стаяць натоўпы.

 


"Я памятаю твары ўсіх катаў на Акрэсьціна"


Марыя:

— Я была назіральніцай на 27 участку ў Каменнай Горцы, у школе №56. У дзень выбараў, 9 жніўня, а 18-й гадзіне прыйшло паведамленьне ад каардынатараў, што па нас, магчыма, зараз прыедзе АМАП — ім трэба зачысьціць сьведак. Праз 15-20 хвілін прыехаў белы бусік на чырвоных нумарах. Зь яго ніхто ня выйшаў. Але мы зразумелі, што гэта ўжо небясьпечна. Не было магчымасьці зьвязацца з суседнімі ўчасткамі: вы ведаеце, што было з інтэрнэтам. Таму мы пайшлі са школы. Выпадкова каля крамы за 100 мэтраў пабачылі грузавы бус, а побач зь ім 4-5 байцоў у чорным адзеньні і берцах. Так мы зразумелі, што пратаколу выбараў чакаць ня будзем.

А 20-й я пайшла на свой участак на Пушкінскай, дзе галасавала. Нас сабралася чалавек 60-70. Каля нас стаяў таварыш маёр і бясконца камусьці тэлефанаваў. Чакаў, мабыць, аўтазака, але яны ж усе былі занятыя. Мы ўсё ж дачакаліся пратаколу праз паўтары гадзіны. Наша старшыня камісіі спужалася такой колькасьці людзей. Уцякалі яны праз чорны ход. Але мы там іх усё роўна сустрэлі і падзякавалі за "плённую працу" воплескамі.

Пасьля гэтага наш натоўп рушыў у бок Фрунзэнскай тэрытарыяльнай камісіі. Па дарозе сустракалі яшчэ людзей, нехта далучаўся. Каля камісіі было ціха і няма дзе стаць — шмат міліцыі. Мы не хацелі, але рушылі ў бок стэлы. Каля "Кароны" на "Маладзёжнай" людзі ў асноўным разышліся. Мы з маімі сябрамі сустрэліся там і вырашылі ісьці ў бок стэлы, хоць там і адбываўся жах. Пішу гэта таму, што, нягледзячы на ўсе катаваньні і гвалт падчас маіх сутак, я не пашкадавала ні хвіліны, што была часткай гэтай дзеі. Такіх прыгожых, сьмелых беларусаў я ня бачыла ніколі. Я некалькі разоў плакала там ад сілы эмоцый.

У замес мы трапілі значна пазьней. Хацелі ўжо ісьці дадому. Але каля парку Міцкевіча трапілі пад гранаты і газ. Пабеглі на Камсамольскую, там схаваліся ў дворыку. Нас знайшлі байцы не АМАПу, а з уруцкай брыгады. Не чапалі, проста крыкнулі, каб выходзілі. Нас было пяць чалавек (у тым ліку яшчэ адна дзяўчына). Ня білі, не прыніжалі. Але, вядома ж, не прадставіліся і не сказалі, за што затрымліваюць. Павялі ў "апорку" на Рэвалюцыйнай. Я пасьпела адправіць паведамленьні дваім сябрам і бацьку. Але толькі тое, што мяне павязалі. У "апорцы" прымусілі вырубіць тэлефон. Там нам зьвязалі рукі, запісалі зьвесткі. Праз 15 хвілін перадалі амапаўцам у аўтазак.

Амапавец, які мяне вёў, надзеў сумку мне на шыю: "Што я, буду тваё г…ўно цягаць?" І за пару хвілін, што вёў да аўтазака, пасьпеў сказаць: "Сама ідзі, я цябе весьці ня буду. За…аўся ўжо сёньня за вамі бегаць. Не сядзелася ж вам, поскудзі, дома? Вас трэба ўсіх пасадзіць на кол і адправіць у космас, каб вы пра сваю пэдэ…стыю там вяшчалі".

У аўтазаку пасадзілі на калені тварам у сядзеньне. Тыцнулі дручком у твар, калі я павярнула галаву ў бок амапаўца. На падлозе сядзелі хлопцы, потныя, бітыя. На іх увесь час раўлі матам, каб трымалі галаву ніжэй. Адзін хлопец паскардзіўся, што вельмі туга зацягнуты хамут — нуль рэакцыі. У мяне таксама было туга, але я маўчала. Другую дзяўчынку пасадзілі на лаўку, хамут зьнялі. Так мы ехалі па месьце доўгі час. Да нас яшчэ дагружалі хлопцаў. У нейкі момант зацяклі ногі. Я папрасіла сесьці. Дазволілі. Разам зь дзяўчынай ехаў у аўтазаку яе муж. Амапавец спытаўся, ці яна прыйшла на плошчу за ідэалёгію ці так, з натоўпам. Яна адказала, што з мужам. Ён спытаў, дзе муж. Яна паказала. Мужа ўдарылі два ці тры разы па твары.

Праз хвілін 20 нас перасадзілі разам зь дзяўчынай у сапраўдны аўтазак зь ячэйкамі. Пасадзілі разам, сказалі тым амапаўцам нас не чапаць. Тыя не хацелі нас браць.

Прыехалі адразу на Акрэсьціна. Далей пачынаюцца два з паловай дні чысьцюткага пекла.

На момант, калі нас прывезьлі (каля трох гадзін ночы), там ужо было шмат людзей. Мяне амаль не аглядалі. Жанчына проста спытала, ці ёсьць нешта ў кішэнях, і адпусьціла. Астатнія, каго затрымлівалі раней, здымалі ўсё адзеньне і прысядалі. У мяне забралі рэчы. У заплечніку былі дакумэнты, тэлефон, усе карткі, правы ад машыны. Вопісу ніякага не зрабілі. Увесь час на нас крычалі матам, казалі, што мы "мрази" і што мы прадажныя, і што наступным разам будзем ведаць, за каго галасаваць.

Мяне адвялі ў камэру разам з той другой дзяўчынай. Калі за намі зачыніліся дзверы, нам сказалі: "Добро пожаловать в страну толерантности, животные". Нас было 12. У камэры на шэсьць чалавек. Амаль усе там былі назіральніцамі на выбарах, якіх затрымалі ў 18-20 гадзін. Ніхто зь іх ня быў на мітынгу. Усе інтэлігентныя і разумныя. Мікрабіёляг, настаўніцы, музыкі. У загадчыцы кафэдры БДУІР узялі сына, мужа і бацьку (72 рока). Яна сама ўлезла за імі ў аўтазак. Адну ўзялі на ўчастку падчас галасаваньня, яна нават не была назіральніцай. Астатнія — на ўчастках. На іх проста выклікалі АМАП старшыні камісій.

У камэры не было туалетнай паперы. Вада з крана, і ўсё. У суседняй камэры была дзяўчына з Масковіі. Мы чулі, як яна патрабавала пасла, казала, што яе затрымалі незаконна. Ёй адказалі: "На х…й тваю Масковію і твайго пасла". Нікога не паклікалі. Яе імя Стогава Алеся Віктараўна, 1986 року нараджэньня. Гуляла з хлопцам каля гатэлю "Вікторыя". Яе білі па твары кожны раз, калі яна прасіла пасла (гэта мы дазналіся потым, калі нас пасадзілі разам). Усю ноч мы чулі, як прыяжджалі аўтазакі. Адзін за адным. Як крычалі на хлопцаў. Чулі, як іх білі дубінкамі.

За ноч да нас прыходзілі разоў восем. Пыталіся, дзе і ў колькі нас затрымлівалі. Я спадзявалася, што гэта для сьпісаў. Але ніякіх сьпісаў не вывешвалі. Мае бацькі дазналіся, дзе я, толькі на трэці ці чацвёрты дзень.

На наступны дзень нас зноў дапытвалі. Кожны раз, калі прыходзіў нехта, на нас крычалі і казалі, каб мы глядзелі ў падлогу. Што лепей бы мы сядзелі дома і пяклі пірагі. На наступны дзень прывялі яшчэ адну дзяўчыну. Узялі падчас мітынгу, але доўга трымалі ў РУУС.

Не кармілі. Паперы не прынесьлі, у некаторых дзяўчат пачаліся месячныя.

Увечары стала зразумела, што зноў мітынгі, мы чулі выбухі на "Фрунзэнскай", лічылі аўтазакі, якія пад’яжджаюць. Налічылі ня менш за сем. Хтосьці з хлопцаў паклікаў доктара, я чула нешта пра "крывацёк адкрыўся". Яму адказалі: "Ды гэта тваё дзіравае а…чко крывавіць, рыхтуйся, я табе туды дубінку засуну або ч…ен. Крывавіць у яго". "Хуткая" прыехала вельмі позна. Ня ведаю, ці яму дапамаглі.

На нас склалі пратаколы. Выклікалі падпісваць. На нас раўлі. Казалі: "Падпішаце, заплоціце штраф і пойдзеце дамоў, а хто не падпіша — будзе сядзець". Што напісана ў пратаколе, давалі чытаць ня ўсім. Закрывалі рукой, крычалі, нічога не тлумачылі. Многія дзяўчаты ўсё падпісалі. А пратакол быў аднолькавы ва ўсіх: "З 22:10 да 22:30 была затрыманая на стэле, крычала "Свабоду Статкевічу!", "Жыве Беларусь!" і "Стоп, таракан!", супраціўлялася пры затрыманьні». Пры тым, што некаторыя дзяўчаты сядзелі ў ЦІПе ўжо з 18 гадзін. Я пратаколу не падпісала, усюды пісала, што ня згодная, і патрабавала адваката. Мне дазволілі прачытаць усё, я пыталася, што за артыкулы там і тут. На што яны не адказвалі, так і пісала.

Потым, мабыць, стала няма дзе разьмяшчаць людзей. За намі прыйшлі і павялі на чацвёрты паверх. Адчынілі дзверы, і я зразумела, што, напэўна, тут і будзе канец. Камэра на чатыры чалавекі. Там ужо сядзелі 23 жанчыны! А нас было 13. Разам стала 36. Паветра не было. Паперы не было. Ежы не было. Да нас пасадзілі дзвюх жанчын-алькагалічак. Ад іх страшна сьмярдзела. На падлозе вада: жанчыны прасілі адчыніць дзверы, у нейкі момант дзьверы адчыніліся і канвойны выліў на падлогу вядро вады і зачыніў дзверы. У вільготным памяшканьні дыхаць увогуле не было чым. У Юлі з нашай папярэдняй камэры пачалася панічная атака. Яе пачало ванітаваць. Потым яшчэ адну. Мы папрасілі доктара. Нуль рэакцыі. Празь некаторы час мы пачалі крычаць. Адчыніліся дзьверы, і на нас вылілі вядро халоднай вады. Але потым гэтыя каты зразумелі, што дзяўчына можа памерці, яны яе вывелі на пару хвілін падыхаць. І запусьцілі зноў. Яна маліла іх, прасіла, адказ: "Не прымушайце нас прымяняць сілу".

Празь некаторы час нас згадзіліся вывесьці на калідор падыхаць (зьмяніліся каты, заступілі новыя на змену). Падчас стаяньня ўпала ў непрытомнасьці дзяўчына. Яна на гармонах, і ўвогуле інвалід 2 ці 3 групы. Яе пасьведчаньне, здаецца, выкінулі. На той момант мы ўжо былі ў камэры некалькі гадзін і паўтара дні бязь ежы. Паклікалі доктара, тая нешта ёй дала. Яе зноў завялі да нас у камэру. Пасьля гэтага выводзілі яшчэ раз і адзін раз проста адчынялі дзверы.

Наша адзінае выратаваньне было адчыненае вакно і кармушка (у якую даюць ежу), яны стваралі мікраскразьняк, але гэта ня вельмі дапамагала. У адзін момант кармушку зачынілі. Мы пачалі крычаць, але праз хвіліну ўсё зразумелі. Мы пачулі, як з камэры насупраць вывелі хлопца і пачалі малаціць дубінай. Было страшна слухаць. Пасьля 3-4 удараў фраза: "А цяпер бяры і выцірай сваё г…ўно. Як табе вось такая ануча?". Я ня ведаю, што там дакладна адбылося. Але чуць гэта было невыносна. У паловы дзяўчат у суседніх камэрах сядзелі іхныя хлопцы, мужчыны і нават бацькі.

Ноччу ў адной з алькагалічак пачаўся панос. 37 чалавек у камэры на 4. Адкрыты туалет. Паперы няма. Аб адным мы не пашкадавалі: ішлі другія суткі безь яды. Бо нас званітавала б там усім.

На наступны дзень пачаліся суды. Маразм быў у тым, што спачатку дзяўчат выклікалі да судзьдзяў Маскоўскага раёну (яны прыехалі да нас), а потым тых жа дзяўчат — да судзьдзяў Фрунзэнскага раёну. У некаторых атрымалася па 2 рашэньні з рознымі зьвесткамі. Мой судзьдзя даў мне 10 сутак, хоць за пяць хвілін да мяне судзьдзя ў адным зь ім кабінэце дала хлопцу, які быў разам са мной, 10 базавых. Я спыталася — чаму? Ён сьцепануў плячыма: "Ня я выносіў рашэньне аб вашым хлопцу". Я цудам пасьпела пагутарыць з гэтым хлопцам у калідоры. Толькі так мае бацькі нарэшце дазналіся, дзе я і што са мной.

90% нашых жанчын далі суткі. Пара чалавек атрымалі — 4-5, асноўная маса — 7, пара — 10, пара — 12, пара — 15.

Разам з намі была сям’я, іх узялі як назіральнікаў. Маці, дзьве сястры і іхны бацька. Дома — два каты. Усім жанчынам — па 10 сутак. Што з бацькам, незразумела. Ці гэта правасудзьдзе? Як гэтая судзьдзя глядзела ім у вочы? За што?

Давалі вельмі вялікія штрафы, ня менш за 20 базавых. Самы жах — большасьць не адпускалі адразу пасьля рашэньня аб штрафе. У нас такіх было двое: маці з дыябэтам і яе дачка, назіральніцы. Пасьля суду іх павялі зноў у камэру, трымалі да раніцы. А на наступны дзень дачка, нягледзячы на паперу ад пракурора, паехала з намі ў Жодзіна. Маці засталася. Ня ведаю, што зь ёй. Але ўвесь час, што яна была з намі, мы прасілі для яе лекі. Ніхто не прынёс. Трох дзяўчат выпусьцілі адразу пасьля суду.

Яшчэ ноч у душагубцы. Нас стала 33. Каля 22 гадзін да нас завялі яшчэ чатырох. Сярод іх жанчына рокаў 50. Яна проста ў свой адзіны выходны выйшла ў краму, каб купіць ежы бацьку-інваліду, і ішла міма школы. Ёй далі 12 сутак. На нашы крыкі быў адказ: "Вы яшчэ пабачыце, што такое шмат людзей". Потым мы дазналіся, што ў іншай камэры на чацьвярых былі 53 жанчыны.

Амаль ня спалі. Душна. Не кармілі. Туалетнай паперы прынесьлі. У алькагалічак — панос. Адна "схапіла белачку" і ўсю ноч хадзіла па галовах людзей, хацела мыцца.

Усю ноч вазілі аўтазакі. Мы налічылі ня менш за дзевяць. Хлопцаў лупцавалі ў двары. Мы ўсё чулі. Білі і адразу адпускалі. Не было месца ў камэрах зусім. Іх адпускалі з крыкам: "Я даю табе 5 хвілін, у…ывай адсюль, рэчы будзеш пытаць у судзе". Мы бачылі праз вакно, як яны бягуць і кульгаюць. Некаторых забірала таксі (валянтэры, думаю).

Асобна пра валянтэраў. Толькі дзякуючы ім мы ведалі, колькі гадзін. І што няма сьпісаў. І хто каго кахае. Гэта была неверагодная падтрымка!

Наступнай раніцай нам прынесьлі хлеб. Першы раз з ночы затрыманьня мы паелі. Нас пашыхтавалі на вуліцы. Некаторыя засталіся ў камэры (тыя, каго не пасьпелі асудзіць). Дзяўчаты проста тварам да сьцяны ў двары. Хлопцы — на каленях тварам у зямлю. Некаторыя толькі ў майтках. Мы бачылі, якія ў іх гематомы на нагах. Некаторыя дзяўчаты плакалі. Некаторым стала блага, адна страціла прытомнасьць. На яе палілі ваду, далі пасядзець, доктара не выклікалі. Усім "слабенькім" далі сесьці.

Пачалі заводзіць у аўтазак. Пры гэтым мы чулі, як галоўны там расказваў, што ва ўсіх нас па 50 эўра ў кішэні, што мы прадажныя. І што мы, бабы, лепей бы сядзелі дома і варылі боршч. Гэта слухаць было немагчыма, мы пачалі абурацца, ён трошкі зьнізіў тэмбар, зразумеў, што 99% жанчын тут выпадкова. Ужо не выступаў.

Калі заганялі хлопцаў у аўтазак, іх прымушалі бегчы. У некаторых былі відавочныя траўмы (мабыць, пераломы) ног. Але іх прымушалі бегчы.

У нашым аўтазаку былі толькі жанчыны. Калі заходзілі, адзін амапавец пачаў крычаць, каб не сядалі на падлогу. Але потым зайшоў другі, добры (наколькі гэты магчыма) амапавец. Дазволіў усім сесьці, накармілі нас хлебам і далі вады. Па дарозе расказваў, што адбываецца, што ён ня верыць ні таму боку, ні другому. І што мы ніколі не дамо рады ў поглядах адзін аднаму.

Пра Жодзіна я не магу сказаць нічога, акрамя таго, што гэта былі самыя добрыя, сумленныя і клапатлівыя людзі за ўвесь час "прыгод". Кармілі, прыносілі паперу, пракладкі нават купілі. Вывесілі сьпісы ўсіх, каго ім прывезьлі. Калі мы не маглі зразумець, ці прыехалі рэчы з Акрэсьціна, вадзілі па ўсіх складах і шукалі рэчы з намі. Мой нізкі паклон адэкватным людзям, якія былі сапраўдным выратаваньнем у гэтыя дні.

У пятніцу вечарам нас усіх выклікалі, далі падпісаць паперу, што мы абяцаем больш ня ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Я не хацела падпісваць. Але праблема ў тым, што паперу падпісаць у любым выпадку прыйшлося б, нават калі б адсядзела ўсе суткі. А я вельмі перажывала за бацькоў. Таму пагадзілася.

Калі выйшла, хацелася плакаць. Не ад таго, што перажыла, а ад цудоўных валянтэраў. Я ганаруся быць зь імі часткай аднаго народу.

Сустракалі мяне сябры. Бацькі былі ў Менску.

Я ня ведаю ніводнага прозьвішча, але я памятаю ўсе твары. Усе да аднаго. Асабіста кожнага з катаў на Акрэсьціна.

Мы будзем пісаць калектыўную скаргу ў пракуратуру, ліст у ААН, праваабарончыя арганізацыі. Бо тое, што адбывалася, — гэта катаваньне і прававы дэфолт.

Цяпер на мне вісіць пяць недаседжаных дзён. Я, хутчэй за ўсё, невыязная. І мне забаронена браць удзел у масавых мерыпрыемствах. Таму што наступнае затрыманьне — крыміналка. Сяджу дома, гляджу ў вакно з Пушкінскай. Пішу гэты тэкст пад няспынныя гудкі машын. Мы вялікі народ, мы выстаім. Усё гэта было недарэмна.

 

 

"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі"


Юрый Панамароў, 23 рока, Менск:

— Увечары 11 жніўня зь сябрамі я ішоў у "Пясочніцу". На скрыжаваньні вуліц Машэрава і Куйбышава на супрацьлеглым баку мы ўбачылі мікрааўтобус з танаванымі шыбамі без нумароў, дзе сядзелі амапаўцы. Мы адразу сталі ўцякаць, яны рэзка паехалі на нас. Усе ўцяклі, акрамя мяне.

Мне прыляцела ў сьпіну дубінка, я ўпаў на зямлю. Кажу: "Хлопцы, я не ўцякаю, не супраціўляюся". Мяне адразу зацягнулі ў сьцяжку, закінулі ў бусік з крыкамі: "Ненавіджу тых, хто ўцякае". Мяне адразу пачалі біць па корпусе і па задніх частках ног. Тры-чатыры ўдары дубінкай прыляцела па лытках, потым па азадку. Мне пашанцавала, што мяне першага ў бусік закінулі. Дзесьці праз хвіліну на мяне зьверху закінулі яшчэ хлопца, білі ўжо яго, а не мяне. Яму разьбілі галаву. Ён на мне ляжаў, крывёю капаў, у мяне кашуля была ў ягонай крыві. Потым яшчэ аднаго закінулі, пыталіся: "Колькі вам плацяць? Хочаце пераменаў?!". Пры гэтым яго адначасова білі.

Зь мікрааўтобуса перавялі ў аўтазак, дзе адразу паклалі ўсіх тварам у падлогу.

У аўтазаку ніхто не прадстаўляўся. Нашыўкі сілавікоў таксама немагчыма было разгледзець. Потым нас закінулі ў клетку аўтазака і сталі ўтрамбоўваць нагамі. Нас утрамбавалі чатырох, хоць клетка разьлічаная на аднаго чалавека. Мы езьдзілі ў гэтым аўтазаку гадзіны дзве-тры. Ездзілі да тых часоў, пакуль цалкам не забілі аўтазак людзьмі. Яшчэ аднаму затрыманаму з разьбітай галавой па дарозе стала дрэнна, ён траціў прытомнасьць, мы грукалі, казалі пра гэта, але яны казалі толькі, што "гэта ж агітатар". Надавалі яму аплявух.

Аднаго хлопца запхалі пад маленькую лаўку са словамі: "Сядзі пад шконкай". Яго туды загналі нагамі і яшчэ зьверху чацьвярых закінулі.

У суседняй клетцы былі дзьве жанчыны. Адна зь іх — мэдык, якая ішла з працы дадому. Калі яна казала тым, хто нас затрымліваў, што яна мэдык, то ёй адказвалі: "Дык ты дапамагаеш гэтым агітатарам, фашыстам! Колькі табе плацяць? Лепш бы нармальным хлопцам дапамагала, а ня гэтым авечкам". Ёй ніхто не паверыў.

Усе рэчы затрыманых аглядалі проста ў аўтазаку. Мае рэчы, партфэль, дзе былі вада, прасьціна і плавальная маска, засталіся ў мікрааўтобусе. У аўтазаку яго ўжо не было. Ён проста зьнік. У жанчыны знайшлі пярцовы балёнік. Той, хто аглядаў рэчы, сказаў: "Я ведаю, для чаго гэта табе". І проста распылілі жанчыне газ тым балёнікам у твар. Гэта дайшло па вэнтыляцыі да нас, і мы таксама сталі задыхацца. Тая жанчына проста дыхаць не магла. Калі даведаліся потым, што яна сапраўды мэдык, то сталі зьвяртацца да яе па дапамогу: "Я вось руку вывіхнуў на мінулых пратэстах". І яна ім дапамагала.

Нас даставілі ў Партызанскі РАУС толькі раніцай на наступны дзень.

Калі нас прывезьлі, то адразу пачалі крычаць: "Тварам у падлогу". Зноў сыпаліся абразы. Ганялі як мячыкаў. Пастаянна крычалі: "Хутчэй, хутчэй, хутчэй!".

Мяне выкінулі з аўтазака, але я ног не адчуваў, казаў, што не магу ўстаць. Адзін мяне падымае, а другі б'е штурхалём. Паколькі рукі завязаныя, я паляцеў проста ў кафлю. Так я разьбіў брыво. Зь яго лілася кроў. Але я ляжаў, каб "не адсьвятляць", гэта значыць, тварам у падлогу, на каленях, ногі накрыж. Потым нас адправілі ў склеп з бэтоннай падлогай. Там нас паклалі тварам у падлогу, і мы ляжалі, пакуль ня сыдзе АМАП.

Мы стаялі бітком з завязанымі рукамі. Было душна. Я ўвесь змакрэў. Хлопец са скрываўленай галавой, які стаяў побач, спытаў, ці можа ён аб мяне кроў выціраць. Аднаму хлопцу там проста раскроілі галаву і білі па ўсім корпусе. Аказалася, яго пераблыталі зь нейкім каардынатарам.

У Партызанскім РАУС супрацоўнікі міліцыі працавалі ў чорным адзеньні і ў балаклавах. Яны зьнялі з нас сьцяжкі. Сказалі, што мы можам сесьці, як хочам, але толькі тварам да сьценкі. Потым нас павялі на стандартныя працэдуры: фатаграфаваньне, тэлескапію, канфіскацыю рэчаў. У туалет нас вадзілі на вуліцу, калі зьбіралася дзесяць чалавек. Потым нават прынесьлі мэталічныя лаўкі, каб тыя, каму дрэнна, маглі прысесьці.

Пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэньні мы не падпісвалі. Ніякіх дакумэнтаў аб затрыманьні нам нават не паказвалі. Прывезьлі ў РАУС каля 12 ночы, а праседзелі мы там да абеду наступнага дня. Потым усіх перавезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна.

Сам канвой, які прыехаў забіраць, ня біў. Проста крычалі: "Хутчэй, хутчэй, хутчэй!". На Акрэсьціна падганялі палкамі, але ня білі моцна. Нас загналі ў блёк памерам 10 на 10 мэтраў. Там былі краты замест даху, бэтонная падлога, бэтонныя сьцены. Туды загналі 70 чалавек. Пад нашай камэрай па-зьверску зьбівалі чалавека. Яны яму казалі: "Крычы, што ты любіш АМАП". Ён крычаў. А яны казалі: "Крычы мацней, мацней". Ён проста ў агоніі крычаў. Потым ён замоўк. І мы зразумелі, што зь ім нешта здарылася. Яны спэцыяльна білі пад нашымі камэрамі, каб мы гэта чулі.

Ноччу таксама крыкі былі, але з больш аддаленых камэр. Начавалі мы ў летніх камэрах. Там дзённая зьмена не давалі нам ні ежы, ні вады, ні схадзіць у туалет. Вячэрняя зьмена была больш ляяльная. Супрацоўнікі вадзілі нас у камэры, дзе сядзелі людзі, дзе былі туалет і вада. Было шмат хлопцаў у лёгкім адзеньні, бо многіх затрымлівалі днём, ім было холадна ноччу. Мы станавіліся ў кругі. У цэнтар станавіўся той, каму больш за ўсё было холадна. Яго абляплялі 4-5 чалавек. Так грэліся. А каб паспаць на бэтоннай падлозе, здымалі красоўкі, падкладалі пад хвасьцец, садзіліся сьпіна да сьпіны, падціснуўшы ногі. І атрымлівалася, што і сьпіна ня мерзьне. Але спаць зусім не атрымлівалася. Драмалі па хвілін 20, потым асільвалі і ўставалі. Паспаць крыху можна было, калі ўставала сонца, ужо цёпла было трохі.

 


"Амапавец спытаў: ці ўмее нехта ўправіць руку?
Калегі адказалі яму, што не, але могуць выбіць другую"


Ягор Скарабагаты, 22 рока, Менск:

— 10 жніўня мы зь сябрам былі ў гандлёвым цэнтры на Нямізе. У гэты дзень гандлёвыя аб’екты зачыняліся раней, чым звычайна. Выйшлі з будынку і пайшлі ў бок трамвайных шляхоў, каб дабрацца дадому на трамваі. На ўваходзе ў парк мы ўбачылі двух амапаўцаў і два мікрааўтобусы, а ззаду ад нас былі аўтазакі з амапаўцамі, якія апраналі рыштунак.

Мы падумалі, што калі пачнём уцякаць назад, то дакладна за намі пабягуць. У той момант проста не ацанілі, што сапраўды трэба было ўцякаць. Але мы падышлі да сілавікоў і спыталі, ці можна тут прайсьці да трамвайных шляхоў. Нам адказалі, што так, вядома. Але запатрабавалі, каб мы паказалі, што ў нас у заплечніках. Мы пачалі паказваць, але ў гэты момант да нас падбеглі два амапаўцы, узялі нас за рукі і павялі за сабою.

Каля мікрааўтобуса амапаўцы пачалі глядзець мой заплечнік, а ў ім быў швэдрык, плястыр, антысэптык і перакіс вадароду. І як толькі амапавец пабачыў перакіс, ён завіс. Потым прагучала кшталту, капец, як ты напакаваны. Пабачылі мой пашпарт і шматзначна намякнулі, што я дабегаўся. Сфатаграфавалі дакумэнт, спыталі, дзе я вучуся. Пры гэтым надгляд і допыт суправаджаўся словамі, маўляў, колькі нам заплацілі, што мы апазыцыянэры і гэтак далей. Нас завялі ў мікрааўтобус і паклалі тварамі ўніз. Адзін з амапаўцаў намаляваў у нас на лбе і на шыі ззаду чорным маркерам 3%. Я толькі сёння, дарэчы, прачытаў, што такім чынам яны пазначалі каго і як біць. Калі чорны колер — моцна, а зялёны — слаба.

Пазьней нас перавялі ў іншы аўтамабіль. Там ужо проста жорстка зьбівалі. Я спрабаваў схаваць галаву паміж сядзеньнямі, але сілавікоў гэта страшна раззлавала. Адзін падняў маю галаву, а другі амапавец нанёс у твар і галаву ці то чатыры, ці то шэсьць удараў кулаком. А вы ведаеце, што яны надзяваюць на рукі адмысловыя пальчаткі. Я моцна атрымаў па сківіцы, носе, пераносіцы. Пасьля гэтага нас, ляжачых у аўтобусе, проста білі па нырках, сьпіне, нагах. Працягвалася гэта некаторы час. Я адчуваў, як па твары капала кроў. Пасьля сілавікі вывелі нас зь мікрааўтобуса, звычайнымі будаўнічымі зацяжкамі скавалі нам рукі за сьпінай і кінулі ў аўтазак. І аўтазак стаяў, пакуль амапаўцы яго не запоўнілі людзьмі.

У аўтазаку тэмпэратура паветра была градусаў 40, мы былі наскрозь мокрыя. Хлопец побач пачаў задыхацца. Відаць, у яго была астма. Але амапаўцы не зьвярталі на яго ўвагі, казалі, што калі ён зьнепрытомнее, то яны хутка яго прывядуць у прытомнасьць, бо маюць аргумэнты. Увесь гэты час сілавікі жорстка білі людзей навокал, махалі дубінкамі.

Мы даволі доўга ехалі ў аўтазаку. Прычым кіроўца ня скідваў хуткасьць на няроўнасьцях дарогі і кожная яміна вельмі балюча адбівалася ў зьбітым целе. Калі машына спынілася, нас усіх вывелі і паклалі на траву галавою ў зямлю. Рукі ўвесь час былі ў сьцяжцы за сьпінаю, і пальцы проста не адчуваліся наагул.

Потым па чарзе падымалі, пыталіся імя і прозьвішча, на відэа запісвалі, пры якіх акалічнасьцях затрымалі. Пасьля гэтага клалі назад на зямлю. Потым адводзілі ў іншае месца, і працэдура адбывалася аналягічным чынам. Я не зразумеў, навошта гэта рабілася. Але так прайшла ноч, на гэтай траве мы правялі каля 16 гадзінаў. За гэты час адбылося некалькі зьменаў сярод сілавікоў. Але толькі некаторыя былі адэкватныя і дазвалялі мяняць пазыцыі, бо ляжаць з рукамі за сьпінай тварам у зямлю было балюча. Побач са мною ляжаў чалавек, у якога пачаўся прыступ эпілепсіі. Яго трэсла ўсяго, ён не рэагаваў на звароты. На працягу гадзіны амапаўцы падыходзілі, тыцкалі ў яго ботам, пыталіся, ці жывы, і адыходзілі. І толькі потым, магчыма, зьлітаваліся і ўзялі яго за рукі і ногі ды аднесьлі ў машыну хуткай дапамогі.

Адзін мужчына прасіў прынесьці яму ягоныя пігулкі. Ён казааў, што толькі-толькі пасьля апэрацыі і можа памерці бязь лекаў. Але на дапамогу яму ніхто не прыйшоў.

Увесь гэты час працягваліся зьбіваньні людзей. Адзін хлопец зьвярнуўся да амапаўца і заклікаў яго зьняць маску, паказаць свой твар, маўляў, што яны баяцца паказаць сябе. Але ў адказ атрымаў страшны ўдар нагою.

Гэтак прайшла самая запамінальная ноч бяз сну ў самым жудасным гатэлі ў маім жыцьці. Толькі бліжэй да раніцы, недзе каля 11 гадзіны, людзей пачалі развозіць на Акрэсьціна і ў СІЗА ў Жодзіне.

Мяне везьлі ўсю дарогу тварам уніз і патрабавалі, каб я, стоячы на каленях, трымаў рукі над галавою. Ногі і рукі былі проста суцэльна сінія. І калі нехта скардзіўся на катаваньні, таго працягвалі біць дубінкамі. Пры гэтым каты казалі, што калі мы думаем, што нам балюча, то папраўдзе яны заўсёды могуць зрабіць нам яшчэ горш.

У СІЗА ў Жодзіне мне запомніўся яшчэ адзін момант. Калі мы стаялі ў чарзе на афармленьне і сядзелі ў аўтазаках, сілавікі выйшлі і паміж сабою размаўлялі. І вось адзін зь іх запытаўся, ці можа нехта з іх управіць чалавеку руку? У адказ жа прагучала, што не, але можна другую выбіць і падраўняць. Гэта выклікала ў іх смех.

Пасьля вызваленьня мне ўдалося прайсьці судова-мэдычную экспэртызу і зафіксаваць пабоі. Але зрабіць гэта ўдалося далёка ня кожнаму, судмэдэкспэрт звычайна адмаўляецца рабіць сваю справу і не прымае скаргаў.

 


"Я падпісаў пратакол.
Спрабаваў у ім нешта прачытаць — але атрымаў за гэта ў твар"


Дзьмітры Хадаровіч, 20 рокаў:

— Увечары 11 жніўня мы разам з маёй дзяўчынай Ліяй ехалі на аўтамабілі праспэктам Пераможцаў у бок стэлы. Некалькі разоў пасыгналілі на знак салідарнасьці з пратэстоўцамі.

Нас спыніў супрацоўнік ДАІ, машыну заблякавалі. Я бачу, як падбягае да машыны некалькі даішнікаў і 3-4 амапаўцы. Мы адразу атрымалі ўдар у шыбу, яны крычалі, каб мы выходзілі. Я папрасіў іх прадставіцца і патлумачыць прычыну прыпыненьня, але яны прапусьцілі мае словы міма вушэй і сталі выбіваць шкло. На мяне навялі драбавік. Я быў шакаваны і ў стане афэкту прыняў рашэньне зьехаць. Пакуль я выкіроўваў, прагучалі 2-3 стрэлы — адзін трапіў мне ў левую ключыцу, астатнія ў машыну.

Паколькі мой аўтамабіль заблякавалі, падчас спробы зьехаць я троху зачапіў машыну ДАІ.

За мной была пагоня да гандлёвага цэнтру "Замак", там была перакрытая дарога. Нас у гэты момант абганяе машына ДАІ. Даішнік высоўваецца ў вакно, дастае табэльную зброю і крычыць: або спыняйся, або агонь на паражэньне. Я спыніўся, падняў рукі, і нас затрымалі.

Спачатку нас кінулі ў бусік. Мяне паклалі на падлогу і білі нагамі на вачах дзяўчыны. Хвілінаў праз 10 бусік спыніўся: Лію вывелі на вуліцу. Я зразумеў, што цяпер са мной правядуць адмысловую выхаваўчую працу. Яны білі мяне, як мяса, яшчэ хвілінаў дзесяць. Менавіта ў гэты момант я, хутчэй за ўсё, атрымаў страсеньне мозгу. Пасьля гэтага апамаўцы зноў пасадзілі дзяўчыну ў бусік, і мы ўсе разам паехалі ў Фрунзэнскі РУУС. Там нас вывелі з бусіка і паклалі тварам у зямлю.

На мяне надзелі некалькі хамутоў (плястыкавыя кайданкі), якія сьцягнулі рукі так моцна, што пашкодзілі косьці, і я цалкам перастаў іх адчуваць. Яны, відаць, убачылі, што ў мяне рукі ўжо сталі чорнымі, і пачалі зразаць нажом, але рэзалі не ад рукі, а па руцэ — трапіла па венах. Але я ўжо маўчаў: рэжуць і рэжуць, галоўнае, каб зьнялі хамуты. А пасьля гэтага надзелі звычайныя кайданкі.

Нас завялі ў будынак Фрунзэнскага РУУС і паставілі ў спэцыяльную позу: апора ідзе на галаву і на калені, якія паступова адсоўваюць назад. Я пад 100 кіляграмаў, у мяне моцны целасклад, але мне было вельмі цяжка так стаяць. А што казаць пра маю дзяўчыну, якая ўдвая за мяне меншая… Дык на яе пасьля гэтага яшчэ сеў вялікі амапавец і сядзеў так хвілінаў пяць.

Мяне вывелі ў асобны пакой, дзе пачалі выбіваць ілжывыя паказаньні. Я мусіў быў сказаць, што зьбіў на машыне двух байцоў АМАП. Хвілінаў 30 я трымаўся, але ўсе маюць сваю мяжу. Пад канец я ўнікліва сказаў, што магчыма, я пры спробе выезду меў намер зрабіць наезд… Сказаў, проста каб пакінулі ў жывых.

Пасьля гэтага мяне павялі ў яшчэ адзін пакой, дзе сядзеў чалавек у балаклаве: цяпер гэтыя паказаньні трэба было паўтарыць на камэру. Але цяпер ужо я расказаў праўду і адмовіўся прызнаць наезд на амапаўцаў. Чалавек у балаклаве ў сваю чаргу выключыў камэру і паклікаў 3-4 байцоў. Мяне зноў пачалі біць.

Потым я кепска памятаю, што было… Калі прыйшоў у сябе, я зразумеў, што еду ў нейкай машыне. Прывезьлі ў Цэнтральны РУУС, завялі на чацьвёрты паверх у пакой і кінулі. Зайшлі два даішнікі, якія былі ў момант затрыманьня. Яны давалі паказаньні сьледчаму супраць мяне. Аднак цяпер яны казалі, што я зьбіраўся зьдзейсьніць наезд на супрацоўнікаў ДАІ.

Мяне пакінулі адзін на адзін са сьледчым з СК, якому я даваў паказаньні. Сьледчы не прымушаў абгаворваць сябе. Мне далі папіць вады і зьмянілі кайданкі на больш прасторныя. Сьледчы паабяцаў, што мяне цяпер проста зьмесьцяць у камэру. Але падмануў.

Лію сапраўды зьмясьцілі ў камэру, а мяне вывелі ва ўнутраны дворык Цэнтральнага РУУС. Там на зямлі ляжалі каля сотні чалавек. Разам з астатнімі затрыманымі я заставаўся на зямлі ў гэтым дворыку да самай раніцы.

Гэтыя сем гадзінаў былі цяжкія. Натуральна, мы ня проста ляжалі. Білі ў пахвіну, па сьпіне, душылі. Рабілі, што хацелі. Білі нават 14-рочнага падлетка. Потым нас паднялі і яшчэ гадзінаў пяць трымалі ля сьцяны. Аблівалі халоднай вадой, білі. У нас толькі два пытаньні было да іх: дазвольце папрысядаць (бо было вельмі-вельмі халодна) і дазвольце выйсьці ў прыбіральню. Мяне пастаянна ванітавала праз страсеньне мозгу.

Затрыманых сталі па адным выклікаць падпісваць пратаколы. Людзям нават не давалі чытаць тых паперак, а за адмову іх падпісваць — зьбівалі.

Калі ты адмаўляесься, цябе б’юць так, што ты падпішаш усё, што заўгодна,толькі б ня білі больш. Разумеючы гэта, я адразу падпісаў пратакол. Спрабаваў нешта прачытаць, але атрымаў за гэта ў твар.

Пасьля гэтага з затрыманых пачалі фармаваць групы, каб развозіць па ізалятарах. Калі прозьвішча затрыманага называлі, ён мусіў хутка бегчы ў аўтазак. Пакуль чалавек бег да аўтазака — яго білі амапаўцы, стараліся паставіць падножку. У аўтазаку я трапіў у "стакан": маленькая камэра памерам з прыбіральню ў самалёце, куды запхнулі 6 чалавек, у тым ліку старога.

Дзядулю мы пасадзілі, а самі, стоячы, абняліся і заснулі (я раней ніколі стоячы ня спаў). Я расплюшчыў вочы гадзіны празь дзве. Паспрабаваў удыхнуць, але ня змог. Я зразумеў, што ў нас фактычна няма кіслароду. Дзед быў жывы, але яму было кепска. Мы крычалі, каб нам пусьцілі кісларод. Хвілін праз 30 сапраўды ўключылі нейкі вэнтылятар. Ня ведаю, як мы выжылі без паветра… І толькі яшчэ праз гадзіну нарэшце завялася машына. То бок увесь гэты час мы нікуды ня ехалі: нас проста пасадзілі ў аўтазак на 4 гадзіны і сышлі.

Агулам у аўтазаку было каля 50 чалавек, нас прывезьлі ў Жодзіна. На нейкі час міліцыянты выйшлі на вуліцу, у машыне заставаўся толькі адзін супрацоўнік. Затрыманыя ўпрасілі яго прачыніць дзьверы і даць вады. Даў літар вады на 50 чалавек — кожны зь вечка палізаў гэтую ваду, і ўсё.

У Жодзіне, як я зразумеў, месца для затрыманых ужо не знайшлося — нас вярнулі ў Менск, завезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна. З аўтазака да камэры людзей праганялі праз строй у позе ластаўкі.

Галаву падымаць нельга, глядзець на іх нельга — гэта адразу сьмяротны прысуд. Перад намі стаялі дзьве калёны супрацоўнікаў АМАПу з дубінкамі, у масках, проста з шалёнымі вачыма. Праз гэтую калёну табе трэба прабегчы ў сваю камеру. Перада мною бег дзед гадоў пад 70. Я спрабаваў яго неяк прыкрыць ад удараў целам.

На Акрэсьціна нас зьмясьцілі ў маленькай камэры пад адкрытым небам з кратамі наверсе. У гэтую камеру 2 на 3 мэтры кінулі больш за 50 чалавек.

Людзі пакутавалі ад смагі і абязводжваньня, некаторыя затрыманыя пачыналі літаральна зьяжджаць з глузду.

Да нас падышлі, адчынілі маленькую шчыліну ў дзвярах і пытаюцца: колькі вас? Мы палічылі — 56. Ага, кажуць, значыць 56 паек і столькі літраў вады, каб кожны мог напіцца… Калі мы гэта пачулі, мы адчулі палёгку: вось, нарэшце, зможам папіць і паесьці пасьля ўсяго гэтага жаху. Але дарма. У чым была розьніца паміж Акрэсьціна і РУУС? На Акрэсьціна білі ня ўвесь час, нас там катавалі псыхалягічна. Вось нам кажуць, што дадуць вады і паесьці, што разьмяркуюць усіх па камэрах. Але праходзіць гадзіна, паўтары і ты разумееш, што нічога нам не дадуць. Потым зноў абяцаюць і зноў нічога не даюць.

Нармальна легчы не было магчымасьці. Затрыманыя разьмясьціліся ялінкай: рассунулі ногі, каб было больш прасторы, і кожны клаўся галавой у ногі суседа. У такім становішчы людзі знаходзіліся прыкладна да 3:30 13 жніўня.

На верхні паверх вывелі групу з 20 чалавек, далі падпісаць нейкі пратакол. Я нават ужо і не спрабаваў чытаць, што падпісваю — у гэты момант думаеш толькі пра тое, каб выйсьці, падпісваеш што заўгодна.

Перад тым, як выпусьціць за тэрыторыю Акрэсьціна, затрыманых у канцы зноў білі. У дворыку ізалятара я бачыў мноства выдраных жаночых валасоў…

Пасьля катаваньняў я быў шпіталізаваны са шматлікім траўмамі: закрытая чэрапна-мазгавая траўма, страсеньне мозгу, пяціпясьцевы пералом, множныя гематомы і пашкоджаньні. Ужо ў лякарні я даведаўся, што супраць мяне распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (гвалт або пагроза гвалту над супрацоўнікаў органаў унутраных справаў).

Паводле пастановы Цэнтральнага РАСК Менску, я аказаў супраціў супрацоўнікам УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму Бабровічу і Піскарову. Фактычна мяне вінавацяць у тым, што, ратуючыся ад нападу АМАПу, я пашкодзіў машыну ДАІ, чым стварыў пагрозу атрыманьня ДАІшнікамі цялесных пашкоджаньняў. Паводле гэтага артыкулу мне пагражае да 5 рокаў зьняволеньня. Лія праходзіць у справе ў якасьці сьведкі. Справу вядзе капітан юстыцыі Глушчанка.

Я шукаю сьведак інцыдэнту на праспэкце Пераможцаў. Важна, каб сьведкі пацьвердзілі, што мы зь дзяўчынай сталіся ахвярамі нематываванага нападу сілавікоў.

 


"Круцілі пальцы. Адзін заганяў мне пад пазногаць шпільку"


Андрэй Шклёда, майстар музычных інструмэнтаў, Пінск:

— 10 жніўня я прыехаў са сваёй вёскі ў Пінскім раёне ў райцэнтар, каб прыкупіць харчоў і наведаць родзічаў. Увечары брат з жонкаю праводзілі мяне на аўтобус, а па дарозе мелі зайсьці яшчэ ў краму ды прыкупіць яшчэ тое-сёе з прадуктаў.

У цэнтры Пінску — на вуліцы Кірава — да нас нечакана пад’ехаў легкавы аўтамабіль, нумары якога былі заклееныя. З машыны выскачылі людзі ў цывільнай вопратцы і, не прадставіўшыся, накінуліся на нас з дручкамі. Павалілі на асфальт, заламалі рукі назад ды скулі кайданкамі.

Я быў у шоку. Думаў, што, можа, якія бандыты, разборкі, і мяне пераблыталі зь некім.

Пасьля гэтага мяне павезьлі ў легкавіку ў аддзел, а брата забрала машына ДАІ.

Білі і абражалі ўвесь час. Мясілі на вуліцы і ў машыне, але гэта былі яшчэ кветачкі. Самае страшнае мяне чакала ў аддзеле. Шкуматалі, трэсьлі, білі рукамі і нагамі, дручкамі, у галаву стукалі нейкай кароткай мэталічнай прыладай, цяжкай, як кувалда. Перавярнулі тварам да падлогі, адзін зь іх заціснуў мне нагамі галаву, а другі біў зьверху — цюк-цюк-цюк — разоў, можа, 20 ці нават 30. Я думаў, гэта ніколі ня скончыцца.

Мяне зьбівалі каля 10 чалавек. Некаторыя былі ў форме АМАПу. Яны паўтаралі: "Гэта за нашых хлопцаў".

Асабліва балюча было, калі білі па кайданках. Жалезьзе ўразалася ў рукі, кроў цякла, боль быў нясьцерпны. Круцілі пальцы. Адзін заганяў мне пад пазногаць шпільку, якой плякаты мацуюць. Але іншы сказаў, каб не займаўся глупствам. Крычалі, што расстраляюць. У пакоі мясілі іншых людзей. Мне цяжка сказаць, колькі, бо ў мяне ў вачах мільгала жоўтае сьвятло, а ў вушах стаяў гул. Юнак 18-рочны плакаў, што яны зараз будуць расстрэльваць. І я таксама шчыра верыў тады ў тое. Пачаў маліцца і рыхтавацца да сьмерці. А яны сьмяяліся. Праўда, удары тады нібыта былі слабейшыя.

У пэўны момант мной авалодала такое магутнае пачуцьцё адчаю і безвыходнасьці, што я быў гатовы да любой разьвязкі. Там такое беззаконьне панавала, што валасы дуба станавіліся. Горш як на бойні, дзе б'юць сьвіней і кароў. У мяне ўсё жыцьцё перад вачыма пракруцілася.

Калі нехта ў пакоі абураўся ці спрабаваў давесьці, што ён невінаваты, то яго білі яшчэ мацней. Я быў увесь акрываўлены. Кроў струменіла зь дзьвюх ноздраў і з барады.

У кабінэце была канапа, дык міліцыянты баяліся, што я ім запэцкаю канапу ды вопратку, — выцягнулі мяне і кінулі на калідоры. Кайданкоў не здымалі. Я ляжаў у лужыне сваёй крыві.

У калідоры адзін з амапаўцаў станавіўся мне нагою на шыю і галаву. Пазьней мяне паднялі, бо я ня быў у стане сам падняцца на ногі, ды пацягнулі ў наступны кабінэт. Там паставілі пры сьцяне ды пачалі правяраць заплечнік.

Яны крычалі мне: бомж ты сьмярдзючы! У мяне ж барада, дык яны, мусіць, падумалі, што я сьвятар. Раўлі на мяне: поп! Я маўчаў, не адмаўляўся, думаў, што мо меней будуць біць.

У мяне пры сабе былі грошы ў далярах, адкладзеныя, каб канчаткова разьлічыцца за дом, куплены сёлета ў вёсцы пад Пінскам.

Міліцыянты як пабачылі грошы, то сталі крычаць, што гэта я вязу даляры на мітынг, каб плаціць людзям за ўдзел у рэвалюцыі.

Потым мяне пацягнулі ў цір — літаральна шпурнулі галавой уперад. Кінулі некалькі вільготных сурвэтак і загадалі: "Выцірай лыч! Добра выцірай". Зьняволеныя таксама прынялі мяне за сьвятара, зашапталіся: "Глядзіце, глядзіце, бацюшку пабілі. Ладна ўжо нас, але за што бацюшку?".

У ціры было вельмі шмат людзей — блізу 200 мужчынаў і жанчын. Пазьней прысутным загадалі сесьці, бо не было месца для новапрыбылых. Гэта былі пераважна выпадковыя людзі, якія ішлі з крамаў ці вярталіся з працы. Побач валяліся батоны, памідоры, каўбаса зь іхных торбаў. На міліцыянтаў нельга было глядзець. Той, хто падымаў вочы, атрымліваў чарговую сэрыю ўдараў.

У ціры штосьці сталася зь дзяўчынаю. Яе вынесьлі самлелую. Пачалася нейкай мітусьня. Яны нават нібы падабрэлі крыху… Міліцыянты казалі потым, што тая дзяўчына ўчыніла самагубства. Я падумаў, што могуць забіць кожнага і сьпісаць на самагубства. Там быў адзін дзед. Міліцыянты думалі, што ён заснуў і храпе ў сьне. А ён быў непрытомны і хрыпеў, бо ня мог дыхаць. Казалі, што ў яго нешта з сэрцам. Што зь імі сталася, я ня ведаю.

Пад раніцу прыйшоў афіцэр, начальнік міліцыі, і сказаў, што 90% затрыманых — гэта нявінныя. Папрасіў прабачэньня і патлумачыў, што гэта была спэцыяльная апэрацыя. Сказаў: "Але мы ня можам вас вызваліць проста так. Такі закон, што прысудзім штрафы. Нам не хапае на амуніцыю. А вас узяць — гэта ж казённая сіла траціцца, трэба хлопцаў пакарміць".

Я ня мог паверыць уласным вушам. За тое, што яны мяне пабілі, то я яшчэ мушу заплаціць? Цудоўныя парадкі!

Мяне прывялі да сьледчага, а той паставіў умову: выпусьцім толькі тады, калі няма прэтэнзіяў. Я хацеў як мага хутчэй вырвацца зь міліцэйскіх засьценкаў, таму пагадзіўся. Мне загадалі падпісаць нейкую паперу, але не дазволілі яе прачытаць.

Пасьля таго, як вярнуўся дадому, два дні не ўставаў з ложка, кожны рух прычыняў боль.

Не магу працаваць рукамі. Ня ведаю, можа, якія нэрвы мне перабілі, не адчуваю двух пальцаў на правай руцэ. Званіў кліент, хацеў зрабіць замову, але я адмовіўся. Я ўвесь перабіты, перакручаны, як фарш.

Не пакідае страх. Міліцыянты ў пастарунку пагражалі расправаю ня толькі мне, але і маёй жонцы і дзіцяці. Я веру, што яны могуць забіць. Яны на ўсё здольныя.

 


"Засталася толькі пятка"


Георгі, 32 рока, Менск:

— 10 жніўня я быў за 200 мэтраў ад майго дома. Побач са мной разарваўся снарад. Мяне аглушыла і адцяла нагу.

Мне дапамаглі дайсьці да таксоўкі выпадковыя мінакі. Я даехаў да станцыі "хуткай". Бачыў, што мезенец і другі палец целяпаюцца. Усё было, як у тумане. Яшчэ спадзяваўся, што абыдзецца толькі ампутацыяй двух пальцаў, але цяпер ступака няма да пяткі.

Цяпер я ў апёкавым аддзяленьні Менскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. Буду тут яшчэ месяц. Напісаў заяву ў Сьледчы камітэт. Днямі да мяне прыходзіў сьледчы. Заяву прынялі, але таксама забралі правяраць тэлефон. Калі чакаць адказу зь ведамства, ня ведаю.

 


"Праз цябе я не бачу сям’ю другі дзень"


Сяргей, Менск:

— 12 жніўня хацеў паглядзець на акцыю, але не пасьпеў, трапіў пад хапун у Зялёным Лузе.

Амапаўцы былі азьвярэлыя. Схапілі мяне на вуліцы, кінулі на падлогу ў бусіку, разьбілі нос нагой. Пасьля селі і паставілі на нас ногі. Адзін зь іх паставіў нагу на галаву і кажа: куды, сука, глядзіш — і пачалі біць. Кроў трапіла аднаму на бронекамізэльку. Ён пачаў крычаць: ты, сука, бронік мне заліў. Зьняў яе і далей біў. Пазьней перагрузілі ў вялікі аўтазак, дзе ставілі пасярэдзіне на карачкі.

Крычалі: "Што табе, с…ка, не падабаецца? Празь цябе я ня бачу сям’і другі дзень".

У аднаго хлопца знайшлі камень у кішэні і пачалі біць. Знайшлі бутэльку з саляркай, азьвярэлі і пачалі нюхаць рукі кожнага і біць. Паветра не хапала, пада мной ляжаў чалавек. Глядзелі мабільны кожнага, шукалі канкрэтныя праграмы, тэлеграм. Усе адразу называлі свае паролі, бо пачыналі па-зьверску зьбіваць. Калі прыходзіў камандзір і гаварыў спыніцца, то яны пераставалі.

У мяне страсеньне, паламаны нос, дваццаць шэсьць гематом на целе. Ногі настолькі пабітыя, што ледзьве хаджу.

 


"Папраломваць бы вам галовы"


Сьвятлана, доктарка-анколяг, Менск:

— 9 жніўня мы ўжо вярталіся дадому, зь сяброўкай засталіся ў машыне, прыпаркаванай на вуліцы Калініна, чакалі яшчэ дзьвюх дзяўчын.

Гэта ня быў эпіцэнтар падзеяў. Да нас пад’яжджае аўтамабіль ДАІ і адразу патрабуюць пашпарты. Мы не супраціўляліся, яны сфатаграфавалі іх, кудысьці пераслалі. Нас нібыта адпусьцілі, але падышлі нашыя знаёмыя. Мы сказалі, што лепш ім не садзіцца ў машыну. Усе сышлі, акрамя нас і яшчэ адной дзяўчыны. Гэта пабачылі работнікі ДАІ. Яны да нас падскочылі, вырвалі тэлефоны, пачалі пагражаць.

Зьнянацку зьявіўся аўтазак, нас адвезлі ў Савецкі РАУС. Да моманту вобшуку ўсё праходзіла больш-менш карэктна.

Ва ўнутраным двары было 60 чалавек. Паставілі ўздоўж сьцен, тварам да сьцяны, рукі на сьцяне. Гэтак нас пратрымалі 12 гадзінаў. Прыехалі аўтазакі з амапаўцамі, і тут пачаўся гвалт і абразы. Яны прыбеглі да нас азьвярэлыя, крычалі, лаяліся, гаварылі, што мы ваенныя злачынцы і нам трэба папраломваць галовы.

Мяне адпусьцілі, але адну сяброўку трымалі 72 гадзіны, сваякі ня ведалі, дзе яна. Аказалася, што была ў жодзінскай турме. Калі выпускалі, моцна ўдарылі дубінкай па галаве, хоць яна кажа, што ёй пашанцавала, бо білі менш, чым іншых.

 


"Вы замбаваныя, мы б вас усіх пазабівалі"


Вольга, Менск:

— Я выходзіла 9 і 10 жніўня на пратэст у якасьці валянтэркі. Затрымалі мяне 11 жніўня каля парку Дружбы народаў.

Мы былі ў белых халатах. Як валянтэры выходзілі дапамагаць параненым. Калі нас затрымлівалі, мы казалі, што мы дактары, але ніхто ня слухаў. Нас затрымлівалі вайскоўцы ў зялёнай форме, завезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну.

Ня білі, але прыніжалі. Казалі: вы замбаваныя, мы б вас усіх пазабівалі.

Мы хацелі дапамагчы параненым і пабітым, але яны крычалі, што мы ня тым пайшлі дапамагаць. Адна дзяўчына не хацела падпісваць пратакол, які быў напісаны пад капірку, ёй пагражалі зьбіцьцём, таму яна падпісала. Я баялася за сваё здароўе, таму таксама вырашыла падпісаць.

 


"Тыцкалі дубінкамі ў раён анусу, сьмяяліся і імітавалі гукі сэксуальнага характару"


Яраслаў Весяловіч, 28 рокаў, фатограф, Ліда:

— Мяне затрымалі 11 жніўня на паркоўцы каля замку. Вяртаўся зь мірнай акцыі пратэсту ў цэнтры места. Тое, што было далей, успамінаць цяжка. Біць пачалі ўжо ў бусіку, працягнулі на тэрыторыі так званай "мыйкі", гаража Лідзкага РАУС.

Затрымлівалі супрацоўнікі ДАІ, потым перадалі іншым. Працавалі чатыры чалавекі: двое закідалі ў бус, двое прымалі ўсярэдзіне. Машына была цёмнага колеру. Гэта ўсё, што я пра яе памятаю.

Майго сябра затрымлівалі з крыкамі: "Стой, с…ка, страляць буду!". Я паспрабаваў уцячы, але не ўдалося. Кажу супрацоўнікам ДАІ: "Спакойна, спакойна!" Ну мяне і перадалі ў бус. Там зацягнулі рукі будаўнічай сьцяжкай і пачалі біць, як толькі зачыніліся дзьверы машыны. Білі рукамі, нагамі, тапталіся па сьпіне, нагах і руках. Ужо ў машыне адабралі тэлефоны і патрабавалі паролі да іх.

Прывезьлі на мыйку. Там было ўжо каля 40 чалавек. Людзей усё прывозілі і прывозілі. Новых білі вельмі жорстка, а потым пераключаліся на тых, хто там быў раней. Нас білі дубінкамі па нагах, азадку, у паставе лежачы, седзячы, стоячы. Потым мы ляжалі тварам у падлогу. Калі нехта варушыўся, то яго білі; нехта стагнаў — таксама білі. Наступалі на голыя ступні — супрацоўнікі былі ў берцах і поўнай амуніцыі. Былі і прыніжэньні: называлі сукамі, підарасамі. Мяне за завушніцу ў вуху — "дзіравым". Майго сябра Сяргея цягнулі за вуха. Тыцкалі дубінкамі ў раён анусу, сьмяяліся і імітавалі гукі сэксуальнага характару. Казалі, што яны "зарабілі на адпачынак, а мы будзем у турме". Казалі ўсё гэта не такой літаратурнай мовай, вядома.

У зьдзеках удзельнічалі амапаўцы і мясцовыя міліцыянты. Я ўжо зьняў пабоі і рыхтую заяву ў СК.

У нас чамусьці ўвесь час пыталіся пра "атрыманыя грошы за ўдзел у мітынгу", сьмяяліся з майго тэлефона. Маўляў, што я на айфон не зарабіў.
Мне і яшчэ двум хлопцам нанесьлі на адзежу нейкія меткі балёнікам: жоўтага і чырвонага колеру. Патыліцу пафарбавалі ў белы колер. Нешта наносілі фарбай і на твар — па-мойму, крыжы. Калі я змог убачыць сябе ў люстэрку, засталіся толькі рэдкія сьляды фарбы.

Я ў нейкі момант быў у дастаткова дрэнным стане — у мяне праблемы з сэрцам. Пачаў траціць прытомнасьць і паспрабаваў сказаць, патлумачыць, што мне дрэнна, але мяне зноў пачалі біць. Папраўдзе, моцна хацелася страціць прытомнасьць, каб проста ня бачыць, не адчуваць, адключыцца — але нас паміж зьбіваньнем аблівалі халоднай вадой. Помню, людзей падымалі на ногі, ставілі ў два шэрагі і білі каленямі ў жывот.

12 жніўня мяне перавялі ў ІЧУ, дзе я быў да мінулай пятніцы, а пасьля выпусьцілі.

 


"Амапаўцы пашкодзілі мне шыйныя хрыбеткі. Кружыцца галава, часта ванітуе"


Ліза, 18 рокаў, Гомель:

— Вечарам 10 жніўня мы з хлопцам пілі каву ў цэнтры, потым курылі ў дазволеным месцы, на скрыжаваньні праспэкту Леніна і вуліцы Інтэрнацыянальнай. Да нас падышоў АМАП; яны крычалі мацюкамі на нас, потым схапілі. Я была ў байцы, яны насунулі мне капюшон на галаву і завязалі шнуркі ад яго. Мне не было чым дыхаць, я скардзілася, тым больш у мяне хворае сэрца, а яны толькі ў адказ лаяліся.

Зьдзекі працягваліся і ў Савецкім РАУС, куды нас прывезьлі.

У спартовай залі РАУС мяне паставілі на калені і моцна націскалі ўвесь час на шыю. У мяне кружылася галава, балела сэрца. Але ніхто не рэагаваў на скаргі. Два апамаўцы вагой па 100 кіляграмаў насядалі на мяне, увесь час хапалі за шыю, каб я ніжэй схіляла галаву.

Супрацоўнікі АМАП перадалі мяне жанчынам-міліцыянткам.

Тыя разьдзелі мяне дагала. Потым узялі мой тэлефон, прымусілі яго разблякаваць, глядзелі мае асабістыя здымкі і выдалялі іх, прычым часта мацюкаліся. Нас называлі "тварямі" і ўсяляк абражалі.

А трэцяй гадзіне ночы мяне адпусьцілі. Я зьняла пабоі, прайшла судова-мэдычную экспэртызу і падала заяву ў Сьледчы камітэт. Выніку пакуль няма.

28 жніўня судзьдзя Сяргей Салоўскі (суд Цэнтральнага раёну Гомля) разглядаў пратакол, складзены на мяне супрацоўнікамі міліцыі.

Судзьдзя мне казаў, што мне ня варта было хадзіць у цэнтар гораду, я мусіла гэта ведаць, бо я павінна глядзець тэлевізар, і там такое, маўляў, казалі, папярэджвалі. Таксама судзьдзя казаў, што ўсім, хто ходзіць на акцыі, плацяць грошы, і дзяўчатам, якія стаялі ў ланцугу салідарнасьці, плацілі па 60 рублёў…

У мяне дагэтуль праблемы са здароўем ад таго, што пашкодзілі шыйныя хрыбеткі. Кружыцца галава, часта ванітую. Таксама я зьвярнулася па дапамогу да псыхоляга, бо перажыла моцны стрэс.

Зьдзекі перажыў і мой хлопец Станіслаў. Яго ставілі на калені ў РАУС, моцна сьціскалі рукі кайданкамі. Яго дапытвалі, калі ён ляжаў на падлозе, і дазволілі падняцца толькі тады, калі трэба было падпісаць пратакол. У СІЗА, дзе Станіслаў адбываў 10-дзённы арышт, пакармілі толькі на трэція суткі. Таксама да затрыманых у СІЗА прыходзілі, паводле слоў Станіслава, супрацоўнікі КДБ, і прапаноўвалі падпісаць паперу, што яны больш ня будуць удзельнічаць у акцыях.

 


"Многія зьбітыя амапаўцамі людзі застануцца інвалідамі"


Анэстэзіёляг-рэаніматоляг менскага шпіталя (імя і кантакты доктара мае рэдакцыя Belsat.eu):

— З 9 да 12 жніўня я працавала ў лякарні. Мела дзяжурства ўдзень і ноччу. У наступныя дні хваля пацярпелых ня зьменшылася. Мы ўсе былі шакаваныя тым, як сілавікі катавалі людзей.

Найбольш частыя звычайныя сінякі і гематомы на ніжніх канцавінах, сьпіне; траўмы галавы, у асноўным лёгкія чэрапна-мазгавыя траўмы. 9 і 10 жніўня ў асноўным паступалі пацыенты з кантузіямі, пашкоджаньнямі вачэй, якія людзі атрымалі ў выніку таго, што сілавікі выкарыстоўвалі сьвятлошумавыя гранаты. Шмат пашкоджаньняў вушэй. Таксама ў выніку выкарыстаньня гумавых куль, якія траплялі ў самыя небясьпечныя месцы, шмат у каго пашкоджаныя вочы. Ведаю адзін выпадак, калі чалавек страціў зрок на адно вока. Ня ведаю, ці цалкам, ці назаўсёды. Кулі траплялі ў трахею, у грудзі, у кішэчнік. Кулі наскрозь прабівалі кішку людзям. У асноўным такое. А вось пасьля 9-10 жніўня сталі паступаць пацыенты з Акрэсьціна, Жодзіна.

У нашым шпіталі цяпер адзін хлопец, якога згвалтавалі дубінкай. Гэта сапраўдны факт, які я магу пацьвердзіць. Ён на лячэньні ў нас цяпер. Гэта дакладная інфармацыя.

Большасьць пацыентаў, якія ў нашым шпіталі, пойдуць на папраўку. Але шмат асобаў у выніку выбухаў і кулявых раненьняў застануцца інвалідамі. Гэта ў асноўным пратэстоўцы 9-10 жніўня. Таксама пацярпелыя маюць псыхалягічныя траўмы. Яны закрываюцца ў сабе, спрабуюць жартаваць. Але мэдыкам бачна, наколькі ім непрыемна ўзгадваць тыя падзеі, яны хочуць як мага хутчэй гэта забыць.

Сілавікоў сярод пацярпелых мы ня бачылі. Яны лечацца ў сваім шпіталі. У звычайныя шпіталі яны не трапляюць. Наколькі я ведаю, нейкіх экстраных і неадкладных выклікаў да сілавікоў не было. Ведаю, што некаторыя журналісты хацелі ўзяць інтэрвію ў пацярпелых сілавікоў, грукалі ў міліцэйскія шпіталі, але не атрымалі адказу і зьвярталіся да нас. Але мы ня маем інфармацыі аб гэтым. Магчыма, што і няма пацярпелых сярод сілавікоў наагул.

Мэдычная супольнасць у нашай краіне ўзбуджаная. Узьнікаюць і канфлікты з кіраўніцтвам, якое супраць таго, што мы выказваем сваю грамадзянскую пазыцыю. Але ў мяне ўсе мае калегі ня могуць заставацца абыякавымі, калі прывозяць такіх людзей. Проста сьлёзы набягаюць. Большасьць з нас не маглі ні спаць, ні есьці гэтыя дні, моцна перажывалі. Нашая грамадзянская пазыцыя рашучая — мы не зьбіраемся маўчаць, як просіць нас кіраўніцтва, мы будзем выходзіць на акцыі. Я, напрыклад, ня бачыла жахлівых траўмаў, як на вайне. Але ўсё роўна шмат цяжкіх выпадкаў як фізычных, так і псыхічных. І калі ты гэта бачыш і разумееш, што ні за што чалавек застанецца пакалечаным, то такога не павінна быць.

Сапраўды, сьледчыя павінны правяраць такія выпадкі. І звычайна яны прыходзяць даволі хутка. Прынамсі, так было раней. Але цяпер я ня бачыла сьледчых. Прыходзіла толькі нейкая адна дзяўчына, якая размаўляла з пацярпелай, у іншым выпадку таксама прыходзіў апэратыўнік, але высьветлілася, што ён прыходзіў толькі дзеля таго, каб забраць яго рэчы, але не размаўляў з пацыентам. Звычайна яны больш актыўныя ў іншых выпадках. Калі нешта адбываецца з нашымі пацыентамі, яны хутка зьяўляюцца, размаўляюць зь лекарамі, з пацыентамі, цікавяцца. А вось гэтым разам ні з кім не размаўлялі. Нікому нецікава і нікога не цікавіць.

 


"Доктар сказаў: калі б ты прыехаў пазьней, была б ампутацыя нагі"


Аляксей Жук, 33 рока:

— Мне трапіла восем удараў па адным месцы. Якраз па сьцягне дасталося. Пасьля паднялі. Адзін спытаў у мяне: "Ты ўсё зразумеў?" Я кажу: "Зразумеў". Яшчэ ўдар пад дых.

Уладзімер Скалік, бацька Аляксея, выступае каля Чырвонага касьцёла (плача):

— Дзіця заўсёды дзіця. Тысячы дзяцей цяпер у лякарнях. У панядзелак трэцюю апэрацыю зрабілі. Ужо хацелі нагу адымаць. Моладзь тут стаіць, а дзе ж вы? Вы дзе, бацькі? Жанчыны тут, вашы жонкі. Вы ж дзе? Трактарны завод. Няўжо вы баязьліўцы?

Аляксей:

— Затрымалі каля мэтро "Пушкінская" 10 жніўня. Сьцяна, як я памятаю, адзін і другі аўтазак. Мы забягаем, а там стаяць чалавек 11, зноў жа з гэтай абрэвіятурай. Шчыты складзеныя ў баку. Яны стаяць з дубінкамі. Паставілі нас да сьцяны, прымусілі прысядаць. Прысядалі, прысядалі, пасьля ўсіх паклалі на дол.

Там было адбіта настолькі, як доктар сказаў, скура ад мяса, ад касьцей…

Уладзімер:

— Вось калі жанчына бярэ адбіўныя робіць малатком, вось так яго білі палкай.

Аляксей:

— Зрабілі тры апэрацыі, наклалі каля 30 швоў. Адразу зрабілі два надрэзы пад мясцовай анэстэзіяй. Доктар сказаў: "Калі б ты прыехаў на пару дзён пазьней, магчыма, была б ампутацыя. Будзем ратаваць нагу". Ён зрабіў павязку, я пахадзіў тры дні. Ён паглядзеў і кажа: "Мала, трэба яшчэ адзін надрэз".

На Акрэсьціна я трапіў у майцы, шортах. Шлёпкі, барсэтка, тэлефон. Ніякіх ні сьцягоў, нічога правакацыйнага ў мяне не было. У раёне "МакДональдса" я спусьціўся. Да мяне падбягаюць чалавек пяць у чорным. Зрываюць зь мяне барсэтку. "Якімі ты камянямі ў нас кідаў?" Вядома, з мацюкамі. Я кажу: "Я іду дадому да дзіцяці, да жонкі". Яны правяраюць барсэтку. У выніку я апынаюся долу тварам у зямлю. Барсэтка ў адным баку, тэлефон у другім баку. Пасьля падымаюць шокерам у раёне нырак.

Загрузілі ў аўтазак, завезьлі на Акрэсьціна. На Акрэсьціна нас зьмясьцілі ні ў якія ня ў камэры, проста адкрытае памяшканьне, зьверху краты. 3 на 6, гэта 18 квадратаў. Мы нават палічыцца не маглі, колькі нас. Толькі на наступныя суткі, калі пачалі выводзіць у туалет (а ў туалет нас выводзілі толькі два разы на суткі, і тое, каб вывелі, трэба было дзьве гадзіны пастаяць, пабарабаніць у дзьверы).

Выводзілі ў туалет па 15 чалавек, давалі на ўсё 10 хвілін. І так мы змаглі падлічыць, што нас сто чалавек. Далі бохан хлеба. Адзін бохан на сто чалавек.

Зьвяртацца нікуды я ня стаў. Яшчэ нават паехаў на працу. Папрацаваў. Пасьля выклікаў "хуткую". Прапісалі лекі, мазі, але на назе ўтварыўся абсцэс, і з паліклінікі мяне накіравалі ў 5-ю лякарню.

Бацька працуе на МТЗ, я на МЗКТ. Бацька моцна расьперажываўся. Кажа, ня бачыў такіх зьнявечаньняў за ўсё сваё жыцьцё.

Уладзімер:

— Ён трапіў на Акрэсьціна. Двое сутак мы яго шукалі. Калі прыйшоў дадому, я кажу: сын, сядзь. Ён кажа: я не магу.

Аляксей:

— Гэта прыгнёт. Проста, мы ніхто як бы, і ўсё. Вы ніхто, вам усім плацяць. Я ня ведаю, мне ніхто яшчэ не заплаціў. Я ішоў па сваіх асабістых, сямейных справах.

Уладзімер:

— Я просты трактарыст з трактарнага заводу Валодзя. Ну нельга так. Я быў на мітынгу кожны дзень і буду. Няхай мяне заб’юць. Але я буду з вамі, хто зноў выходзіць і кажа: Жыве Беларусь!

Аляксей:

— Мне жонка кажа: патэлефануй у "хуткую". Я кажу, мне страшна, бо былі выпадкі, што на "хуткіх" ужо амапаўцы езьдзілі. А калі прыедуць і мяне зноў… Мне страшна.

 

"Сілавікі затрымалі амапаўца. Ён крычаў: "Я свой, я свой!".
Але яму сказалі: "Звольнены!" — і пабілі"


Кірыл Піскароў, 24 рока, Менск:

— Мяне затрымалі ў часе пратэстаў 10 жніўня ўвечары каля цырку. Я спрабаваў уцякаць, але мяне схапілі людзі ў чорным баявым адзеньні.

Яны зацягнулі мяне ў мікрааўтобус "Форд" і там пачалі біць. Хвілін сорак мяне білі рукамі і нагамі. Мне там так ірванулі руку, што яна павісла. Білі мяне дубінкамі па целе, па галаве — я двойчы траціў прытомнасьць, але мяне апрытомнівалі электрашокерам. Зь мікрааўтобуса мяне закінулі ў аўтазак.

Сілавікі затрымалі аднаго амапаўца. Ён крычаў: "Я свой, я свой!". Але яму сказалі "Звольнены!" і пабілі.

У аўтазаку сярод затрыманых быў таксіст, які сыгналіў. Яго таксама моцна пабілі — ён траціў прытомнасьць разоў дзесяць.

Потым нас прывезьлі ў РУУС, дзе пачалося пекла. Двор быў увесь забіты людзьмі. Горы рэчаў. Людзі стаялі каля сьцяны, ляжалі адзін на адным. Мяне двойчы ўдарылі дубінкай на выхадзе з аўтазаку.

Я ішоў павольна, бо рука вісіць, яна ўся сіняя, галава чыгунная, зь яе цячэ кроў. Паставілі да сьценкі і прымусілі зьнямелую руку падняць. Было надта балюча.

Празь нейкі час завялі ў будынак РУУС на першы паверх. Закінулі ў ізалятар. Там былі чалавек 20, усе пабітыя. У суседнім ізалятары-камэры сядзелі дзяўчаты.

Калі на вуліцы пратэстоўцы праходзілі міма Цэнтральнага РУУС, сілавікі выключылі ў будынку сьвятло, паклалі ўсіх на падлогу. Мне да скроні прыставілі зброю.

У РУУСе я некалькі разоў траціў прытомнасьць. Плячо было сіняе. У выніку мне выклікалі хуткую дапамогу, якая адвезла мяне ў 6-ю лякарню.

Прыёмнае аддзяленьне лякарні было перапоўнена — у людзей былі аскепкавыя раны, шмат траўмаў галавы, пераломы рук. Мне ўправілі руку, загіпсавалі, і я паехаў дадому. Потым мне тэлефанаваў сьледчы і патрабаваў, каб я прыйшоў да яго. Я гэтага не зрабіў, бо мне стала дрэнна і я пайшоў у паліклініку.

У выніку я апынуўся ў лякарні хуткай дапамогі, дзе да мяне прыходзіў сьледчы. Мяне выпісалі 14 жніўня. Я атрымаў вывіх правай плечавой косьці, ЧМТ, страсеньне галаўнога мозгу, удар грудной клеткі.

Я напісаў заяву ў Цэнтральны РУУС з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці людзей, якія зьбілі мяне каля парку Янкі Купалы і прычынілі мне цялесныя пашкоджаньні.

 


"У Кастрычніцкім РУУС было, як у кіно пра нацыстаў"


Міхаіл Дарожкін, грамадзянін Масковіі:

— Прыехаў у Менск 8 жніўня. Я даўно жыву ў Санкт-Пецярбургу, працую ў ІТ-сфэры. Родам зь Беларусі, бацькі жывуць у Воршы, брат Павал — у Менску.

Паколькі авія- і чыгуначныя зносіны паміж Масковіяй і Беларусьсю часова прыпынілі, давялося ехаць аўтобусам. Спыніўся ў сяброў. Два дні гуляў па горадзе як турыст, у фэйсбуку пасьпеў выставіць фота і відэа — стаў сьведкам затрыманьня скейтбардыста 8 жніўня каля мэтро "Кастрычніцкая".

Увечары 9 жніўня выправіўся на чыгуначны вакзал, каб даехаць да Воршы.

На пустой вуліцы Ленінградзкай прыкладна ў 21:30 стаяла ачапленьне міліцыі. Я яго сфатаграфаваў. Да мяне падышлі міліцыянты і сказалі, што дарма я гэта зрабіў. Гэта былі курсанты, яны падвялі мяне да мікрааўтобуса цёмна-серабрыстага колеру без нумароў. У ім былі чатыры байцы АМАПу і пару чалавек у цывільным.

Я паказаў дакумэнты, што я грамадзянін Масковіі, што маю квіток да Воршы, паказаў пасьведчаньне аб нараджэньні (нарадзіўся ў Воршы), фота пашпарта бацькі, што ён жыве ў Воршы. Мне сказалі: "Табе вельмі пашанцавала, — выдалі з тэлефона фота і відэа і ідзі на цягнік".

Я пайшоў у бок вакзалу. Але літаральна праз 30 сэкундаў сілавікі схамянуліся і забралі мяне ў той жа бусік, заламалі рукі за сьпіну, надзелі кайданкі і павезьлі ў Кастрычніцкае РУУС. Там склалі два пратаколы: адзін — што я чапляўся да мінакоў, і другі — што аказваў супраціў міліцыі.

Супрацоўнікі міліцыі сказалі мне: "Мы ўсё разумеем, пішы, што ты ня згодны, і далей усё нармальна, будзем разьбірацца. І на судзе дадуць штраф і ўсё".

У двары Кастрычніцкага РУУС было, як у кіно пра нацыстаў: нам вельмі моцна сьцягнулі рукі, нават міліцыянты потым сказалі, каб так не рабілі — бо тры дні не праходзілі сьляды. Потым прывезьлі ў двор ізалятара часовага ўтрыманьня.Там стаялі такія ж хлопцы ў камуфляжы ўнутраных войскаў, у руках — дручкі. Усіх білі.

11 жніўня мяне зь сямю сукамэрнікамі перавялі ў камэру, дзе былі ўжо 25 чалавек. То бок нас у камэры памерам 2,2 на 5,3 мэтра стала 33! А там жа яшчэ тумбачкі, параша, умывальнік. Было вельмі горача, на вокнах вада — лазьня! У камэры насупраць нас чалавек запатрабаваў туалетнай паперы і мыла — яга 12 разоў ударылі дубінкай па сьпіне.

Тры дні арыштантаў наагул не кармілі. Пасьцельнай бялізны спачатку не было, яе выдалі толькі праз 5 дзён, калі людзей пачалі масава выпускаць.

Асабіста мяне амаль ня білі, проста пашанцавала. Але ўва ўсіх чатырох камэрах, празь якія я прайшоў за два тыдні, людзей білі жорстка.

Я асабіста бачыў і чуў, як білі сем соцень чалавек. Прыкладна з другой ночы да шостай раніцы аднаго хлопца ўдарылі 50 разоў гумавай дубінкай па сьпіне. Раніцай людзей і з ІЧУ, і з ЦІП выводзілі ва ўнутраны двор ЦІПу і працягвалі жорстка біць.

Самае страшнае відовішча было на другую ноч: людзі стаялі на каленях, іх прымусілі сьпяваць дзяржаўны гімн Беларусі і жорстка білі — па жываце, па сьпіне, па нагах.

Ані сваякам, ані сябрам не паведамлялі, дзе я знаходжуся. Жонка ў Санкт-Пецярбургу зьвярнулася ў беларускае консульства, бацька — у амбасаду Расейскай Фэдэрацыі ў Менску. Маскалёўскі консул у Менску аб’езьдзіў чатыры ізалятары, езьдзіў у Жодзіна, і паўсюль казалі, што маскаля Дарожкіна там няма.

Я трапіў у нейкую шпіёнскую гісторыю: мяне хавалі ад консулаў. Консулаў, якія прыехалі сёньня па мяне пры вызваленьні, я пабачыў прыкладна на 10-ы дзень. Прычым яны прыходзілі штодня, штодня з ізалятара выводзілі грамадзян Масковіі. Усіх даволі хутка вызвалілі. Я застаўся адзін. І толькі ў мінулы чацьвер, на 10-ы дзень, я сустрэўся з маскалёўскім консулам. Ён наагул думаў, што я ляжу дзесьці ў сутарэньнях зьбіты і мяне баяцца ім паказаць.

Консула дапусьцілі толькі 20 жніўня. Пасьля таго, як брат Павал знайшоў мяне ў сьпісах на Акрэсьціна.

Два першыя пратаколы склалі пры затрыманьні ў Кастрычніцкім РУУС. На Акрэсьціна зьявіўся яшчэ адзін пратакол, нібыта я грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі, але жыву ў Менску.

І ў той жа час, калі я быў затрыманы і знаходзіўся ў Кастрычніцкім РУУС, я, як выявілася, быў на праспэкце Пераможцаў, 93 і крычаў "Стоп, таракан!" і "Свабоду Статкевічу!" Прабачце, але я сапраўды ня ведаю, хто такі Статкевіч. То бок у суме на мяне склалі ажно тры пратаколы. Мне сказалі: падпісвай, што згодны, і празь дзьве гадзіны выйдзеш са штрафам. Гэта было 10 жніўня.

Але 11 жніўня, мабыць, наказ памяняўся, і прайшоў першы суд. У ЦІП на чацьвёрты паверх прыгналі каля дзясятка судзьдзяў — з Маскоўскага, Фрунзэнскага і іншых раёнаў. Судзілі па камэрах, а камэры былі перапоўненыя прыкладна ў 8 разоў. На першым судзе мне прысудзілі 7 сутак арышту.

Другі суд быў 13 жніўня.

Прыехала супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага раёну. Судзіць мяне мусілі паводле двух пратаколаў. Я сказаў судзьдзі, што мяне ўжо адзін раз асудзілі на 7 сутак. Судзьдзя дадала яшчэ 14 сутак. То бок атрымалася за 3 пратаколы па 7 сутак — у суме 21 дзень!

Далей першыя два пратаколы зьніклі. Як яны зьявіліся з паветра, так і зьніклі.

Пасьля другога суду мяне перавялі ў камэру, дзе засталіся 4 чалавекі неасуджаныя, а ўсіх астатніх павезьлі ў Жодзінскую турму. Мяне таксама зьбіраліся перавезьці ў Жодзіна.

Мне пашанцавала: натрапіў на аднаго зь нешматлікіх адэкватных супрацоўнікаў ва ўсім ЦІПе. Я яму патлумачыў, што я грамадзянін Масковіеі. І ён сказаў, каб зь мяне зьнялі два прысуды і перавялі ў камэру зь іншаземцамі.

Там былі хлопцы з Швайцарыі, Турэччыны, Польшчы, Туркмэністану, Таджыкістану, па пары расейцаў і ўкраінцаў з Данбасу. Украінцаў білі вельмі жорстка: нібыта "яны прывезьлі сюды Майдан". У аднаго вока заплыло крывёю, у другога перабітыя ногі і ён 4 дні ня мог стаяць. Ім усім супрацоўніца АГіМ выпісала штрафы па 30 базавых. Іншаземцаў адпусьціцлі. А мне ў пашпарт паставілі штамп аб тэрміновай дэпартацыі.

На наступны дзень зноў зьявілася супрацоўніца АГіМ, якая паведаміла, што мяне выпусьцяць на волю 23 жніўня ў 21:30, а літаральна праз 2,5 гадзіны, апоўначы 24 жніўня, я павінен пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусі. І цягам 5 рокаў ня маю права наведваць сваю радзіму.

З Акрэсьціна мяне сустракалі брат Павал і супрацоўнікі амбасады РФ у Беларусі. Яны адразу ж накіраваліся ў бок мяжы, каб пасьпець да поўначы давезьці мяне да Смаленску.

 


"Гаворка ў амапаўцаў была ня менская. Мне здалося, што яны пад нечым"


Аляксандар Герасімаў:

— 10 жніўня я прачнуўся дома. На выбары не хадзіў, ездзіў на прыроду. Інтэрнэт не працаваў. Хацеў даведацца пра навіны і выйшаў на вуліцу.

Пайшлі зь сябрамі паглядзець, хто перамог. Прыйшлі на Камароўку, узялі па шаўрме, павячэралі, вакол было шмат людзей. Хадзілі задаволеныя, цьвярозыя, ніякіх наркотыкаў.

Дайшлі да "Рыгі"; там будавалі барыкаду, якую потым пачалі штурмаваць сілавікі. Мы сталі з боку "Эўропы", глядзелі на тое, што адбываецца. Барыкаду разбурылі. Спачатку праехалі вадамёты, потым у яе з разгону ўехалі іншыя вайсковыя машыны. Ня ўпэўнены, што яны ведалі, што там няма людзей.

І раптам аднекуль зьявіліся амапаўцы. Я пабег ад іх, заскочыў на нейкі парапэт, няўдала саскочыў зь яго. Бегчы больш ня мог. Яны мяне павязалі. Спрабавалі завязаць рукі — не атрымалася. Білі. Мне кажа: "Стаяць!", я стаю, не магу бегчы, нага зламаная.

Далей паклалі тварам у зямлю, пастрыглі. (Думаў — жах, памыўся — такой бяды!) Паабяцалі дубінкай згвалціць. Крычалі, што мне заплацілі. Гаворка ў іх была ня менская. Мне здалося, што яны пад нечым. Выдавалі паводзіны і шалёныя вочы, нулявыя зрэнкі.

Завезьлі ў Цэнтральнае РУУС. Стаяў на вуліцы, пакуль не паплыў. На ўчастку ўсіх фатаграфавалі, а мяне ня сталі. Вусны былі апухлыя, брыво разьбітае, сіняк пад вокам — фатограф адмовіўся здымаць.

Лекаў не давалі, але да доктара трэба было многім. Мне сказалі падпісаць пратакол. Я ня ведаю, што там было напісана, але падпісаў. Нага моцна ныла, ня мог ні пра што больш думаць. Потым мяне завезьлі ў лякарню. Што тут скажаш — я сам быў у войску і бачыў, як гэта працуе. Магу сабе ўявіць, як іх рыхтуюць. Выпусьцілі, далі волі трохі. Пагулялі пацаны!

 

"Амапавец запхаў мне дубінку ў задні праход"


Дзьмітры:

— 11 жніўня вяртаўся дадому міма стэлы. На пешаходным пераходзе падышлі двое амапаўцаў.

Яны запатрабавалі разблякаваць тэлефон. Я адмовіўся. Тады яны зьнялі мяне з ровара, забралі замок і ключ, ровар кудысьці адагналі, а мяне запхалі ў аўтазак. У аўтазаку былі чатыры ці пяць амапаўцаў. Яны мяне пабілі і запатрабавалі паказаць фатаграфіі. Знайшлі здымкі з разгону пратэсту. Зноў білі дубінкамі, рукамі, нагамі.

На падлозе ўжо ляжалі некалькі хлопцаў. Мяне паклалі пасярэдзіне. Прымушалі сьпяваць гімн і "Перамен". Потым выпхнулі з аўтазака, закінулі ў аўтобус МАЗ. Там быў нейкі ідэоляг, загадалі падпаўзьці да яго. Ён задаваў пытанні: "Хто вам плаціць? Як вы каардынуеце акцыі? Дрэнна жывецца?" Я казаў, што нармальна жывецца, нікуды не хадзіў. Была ня тая сітуацыя, каб "качаць правы".

Потым мяне зноў запхнулі ў аўтазак. Паклалі тварам уніз. Пачалі туды заводзіць людзей, завялі паляка. Пабілі. У хлопца, які быў са мной, знайшлі нож у кішэні. Ён казаў, што займаецца рамяством. Яму разрэзалі нажом шорты і сподняе ззаду, прыгразілі засунуць у задні праход палку. Зноў зьбілі.

Прыйшлі двое амапаўцаў з маім тэлефонам. Хацелі разблякаваць яго. Ад зьбіваньняў я забыў пароль. Мне было вельмі дрэнна. Зноў пабілі, пагражалі закінуць у аўтазак гранату. Потым прыйшоў нейкі галоўны, сеў побач. Спытаў, у каго ёсць прэзэрватыў. Разрэзаў мне сподняе. Надзеў яго на палку і запхаў яе мне ў задні праход. Было вельмі балюча. Ён патрабаваў, каб я разблякаваў тэлефон, — але я ня памятаў паролю. Мяне зноў пабілі, пакінулі ў аўтазаку.

Потым нас закінулі ў міліцэйскі аўтазак. Мы паехалі ў Заводзкае РУУС. На выхадзе нас зноў пабіў АМАП. Паклалі тварам на зямлю, разглядалі тату, здымалі на відэа. Мы ляжалі так гадзін дзесяць. Нас паставілі да сьценкі, часам давалі ваду.

У мяне ў машонцы ўтварылася гематома, я патрабаваў доктара, але мне адмаўлялі. Адзін хлопец страціў прытомнасьць, стукнуўся аб бардзюр, яго забрала "хуткая". Да мяне дактароў не пусьцілі, толькі сьмяяліся. Раніцай сьцягнулі рукі сьцяжкамі. Так мы прастаялі яшчэ дзесяць гадзін. Час ад часу прыносілі ваду. Адчуваньне было, быццам расстраляюць або гранатамі заб'юць. Стаялі на вуліцы. Я быў у майцы, з парэзанымі штанамі. Нейкі хлопец даў мне куртку. Усё вельмі балела. Часам аслаблялі сьцяжкі, давалі разьмяць рукі.

Прывезьлі пратаколы. Там была поўная хлусьня, быццам я ішоў і размахваў рукамі. Прымусілі падпісаць.

Потым нас пагрузілі ў аўтазак і павезьлі на Акрэсьціна. На выхадзе прагналі праз калідор амапаўцаў. Зьбілі дубінкамі, зьнялі сьцяжкі. Загналі 120 чалавек у прагулачны дворык, там мы стаялі гадзін пяць. Хадзілі мясцовыя наглядчыкі. Вады не давалі. Далі болесуцішальныя лекі. Прыехала "хуткая". Мяне павезьлі. Дактары былі ў жаху.

 


"Хлопцаў з дрэдамі прымусілі цалавацца ў аўтазаку"


Яўген Якубец:

— Першы раз мяне забралі 14 ліпеня. Гэта здарылася ў раёне стэлы. Завезьлі ў Першамайскае РУУС. Пасядзеў ноч у спартзалі, потым адпусьцілі. У параўнаньні з ізалятарам на Акрэсьціна там быў санаторый.

Уначы з 11 на 12 жніўня я ехаў зь сябрамі ў бок "Рыгі" з "Манеткі" на Камароўскім рынку. Там стаяў пост ДПС, супрацоўнікі ў чорным аглядалі ўсе аўтамабілі.

Нас выгрузілі ўсіх на асфальт. У аднаго таварыша знайшлі відэа, якое здалося ім недапушчальным. У мяне былі доўгія валасы. Яны пачалі мяне абражаць, маўляў, як дзеўка. Абрэзалі валасы нажом, закінулі ў аўтазак. Там білі па нагах, у таз, жывот, па сьпіне. Крычалі: "Мы праз вас, вырадкі, трэція суткі ня сьпім! Што вы тут хочаце пабудаваць, якую краіну для жыцьця, што вы дома не седзіце? Мы вам устроім!".

Былі два хлопцы з дрэдамі. Ім валасы зрэзалі са скурай. Гэтых жа хлопцаў прымусілі цалавацца ў аўтазаку: "Смакчыцеся, вырадкі, у войска не хадзілі — цяпер смакчыцеся!".

Перасаджвалі ў іншы аўтазак — ішлі па жывым калідоры. Мне прыляцела ботам па твары. Нос апух, з раны цякла кроў.

У аўтазаку распхалі па клетках. Было вельмі душна і горача. Прыехалі на Акрэсьціна, беглі, нас білі. Я бег, груба кажучы, на карачках. А хтосьці падымаў мяне за валасы.

Каля агароджы стаялі на каленях. Потым зьмясьцілі ў прагулачны дворык.

У куце стаяла пяцілітровая бутля, хто хацеў — хадзіў у туалет у яе.

 


"Пагражалі, што завязуць у лес або "апусьцяць" на зоне"


Аляксандар Альхоўскі:

— У ноч на 12 жніўня мяне затрымалі на скрыжаваньні вуліц Гарэцкага і Шаранговіча, побач з гандлёвым цэнтрам "Магніт". У пратэстах я ня ўдзельнічаў.

Спыніўся пагаманіць са знаёмымі, потым раптам пад'ехалі аўтобусы. Мяне схапілі. Атрымаў па нагах. Лёг на зямлю. Скруціўся абаранкам, прыкрыў галаву. Па нагах, па нырках падубасілі. Крычалі: "С…ка, поскудзь, табе пі…ец!" Увесь час пагражалі, што завязуць у лес або "апусьцяць" на зоне.

Закінулі ў мікрааўтобус, тэлефон забралі, разблякавалі, чыталі перапіску. Потым яшчэ дваіх забралі. Мы ляжалі тварам у падлогу, нас каталі па ўсім месьце і білі.

Потым зачынілі ў аўтазаку, прывезьлі ў РУУС. Там хлопцы маладыя працавалі, разьвязалі рукі. Павялі да сьледчага, па дарозе я страціў прытомнасьць. З вушэй цякла кроў. Ногі адбілі. Падчас размовы задавалі правакацыйныя пытаньні, хацелі, каб я прызнаўся, што быў ня толькі каля "Магніта".

Прымусілі падпісаць пратакол, хоць там было ўсё няправільна апісана. Але я пагадзіўся.

 


"Зараз мы табе зробім паўторнае абразаньне"


Аляксандар Фурман, грамадзянін Ізраілю:

— Мы ўжо павінны былі спусьціцца ўніз, перайсьці дарогу — і да сябе дадому. Бо мы ўжо ведалі, што прыблізна зь сямі гадзін вечара пачынаюцца пратэсты. Мы не хацелі ў іх удзельнічаць.

Гэта было 10 жніўня. Пасьля таго, як я прамінуў гэты жоўты аўтобус, адтуль выскачылі шэсьць салдат АМАПу ў чорнай форме і масках, з крыкамі, з мацюкамі, з пагрозамі пачалі цягнуць мяне да гэтага аўтобуса. Я адразу ж падняў рукі і сказаў: "Не-не-не, я не супраціўляюся. Я замежны грамадзянін. Я ізраільцянін". На гэта я пачуў усялякія кпіны і "жарцікі". Адзін быў такі: "Зараз мы табе зробім паўторнае абразаньне".

Я яшчэ быў такі самаўпэўнены і сказаў: "А што, вы антысэміт?" І тут мне ясна далі зразумець, што я нават ня пешка ў гэтай гульні, што я ўвогуле кузурка і мне трэба заткнуцца.

Я ўсё чакаў, што мяне ўрэшце альбо адпусьцяць, ці яны зразумеюць, што грамадзянін Ізраілю, навошта ім гэта трэба. І ўвогуле я быў упэўнены, калі нават ехаў, што, калі што, пашпарт — гэта будзе мая страхоўка ад нейкіх дзеяньняў. Бо я ўжо быў начуты, што лепш не сустракацца зь беларускім АМАПам, асабліва ў гэтыя дні.

Далей падвезьлі аўтазак белага колеру і нас сталі выгружаць. Пагрузка, яна, вядома, была ве-е-ельмі страшнай, таму што білі справа-зьлева дубінкамі. У прынцыпе, гэта, можа быць, ня вельмі прыгожа з майго боку, але я зразумеў, што калі ты будзеш выходзіць апошнім, то рука амапаўца ўжо трошкі стоміцца і ўдар будзе слабейшы. Таму… плюс яшчэ ад двух удараў я змог ухіліцца, але парачка ўдараў мяне насьцігла па дарозе ў аўтазак. Рукі былі за сьпінаю, галава вельмі нізка. Таму я нават ня бачыў, што робіцца. Сыпаліся ўдары.

Мяне закідваюць у аўтазак. У аўтазаку ёсьць такое апошняе аддзяленьне, дзе чатыром, па-мойму, чалавекам максымум сесьці. Нас там было 10.

Выгрузка такая самая, як і пагрузка. Брутальна дубінкамі малоцяць. Ізноў жа я выходжу апошнім. Ізноў жа атрымліваю ўдары.

У аднаго хлопца была зламаная рука ў кісьці, у запясьці. І ў яго яна разьдзьмулася да такіх памераў, што відаць, што гэта пералом. І ён проста ня мог руку ўгору падняць. Дык амапавец падышоў, запатрабаваў, каб ён руку падняў. А той кажа: у мяне зламаная рука, я яе ўвогуле не магу падняць. Дык амонавец груба падняў яе ўгору і стукнуў аб мур. Я так разумею, што яму пасьля выклікалі хуткую дапамогу.

І яшчэ быў хлопец, у якога была проста нейкая рваная рана, адтуль проста хвастала кроў. Такое я бачыў толькі ў сэктары Газа, такія карціны. Ніяк ня думаў, што пабачу такое ў мірным, любімым, родным Менску.

Нас было 62 чалавекі. Сярод нас была жанчына, ёй 51 рок. Яна проста заступілася за свайго мужа, які проста меў сьмеласьць пажартаваць перад амапаўцамі і сказаць: "Чаму туды нельга, што там, каранавірус?" За гэта яго адразу ж затрымалі. Яна заступілася за яго, і таксама была затрыманая. Прычым яна сказала, што і галасавала за Лу-каку. Яна сказала: "Учора ў 11:30 я прагаласавала за нашага "прэзыдэнта", а сёньня я за яго стаю тут". Я ўяўляю, як ёй было ўдвая крыўдна.

Той, хто рухаўся, атрымліваў заўвагі і дубінкі. Але мы стараліся ўсё ж рухацца, калі яны не глядзяць на нас. Усё ж нас ахоўвала два-тры чалавекі, а астатнія сядзелі там, унутры.

Так мы стаялі да чатырох, напэўна, раніцы. Прычым я быў апрануты, як цяпер: кароткая майка і вось гэтыя шорты. А для мяне, ізраільцяніна, 10 градусаў ноччу — гэта ўвогуле неймаверна.

Сярод нас быў хлопец-інвалід, як аказалася, інвалід другой групы. У яго разьвіцьцё шасьцігадовага дзіцяці. Ён пасьля быў са мной у камэры. Ён нават ня ведае, колькі яму рокаў. Як аказалася потым, яму 21 рок. Ён проста не разумеў, дзе ён знаходзіцца. Яму казалі: падымі рукі. Ён падымаў, пасьля апускаў: "Ай, усё, карацей, я стаміўся, ай, не хачу". І яны зьвярэлі, яны білі яго за гэта, зноў яго ставілі. У нейкі момант, калі ён сядзеў-варочаўся (а мы ўсе сядзелі, як мышкі, бо надакучылі ўсе гэтыя зьдзекі), працягваў зь цікавасьцю разглядаць, што робіцца вакол. Тады яму сказалі: давай, станавіся зноў, ён ізноў жа адмовіўся, абсалютна як дзіця. Маё сямірочнае дзіця абсалютна гэтаксама сябе паводзіць, калі ты хочаш яго пакараць. І яны сказалі: тады будзе калектыўнае пакараньне. І ўсіх 62 чалавекі зноў паставілі да плоту.

Але, я так зразумеў, да ўсіх пачало даходзіць, што з хлопцам нешта ня так.

Раніцай нам дазволілі сесьці і абаперціся, там былі турнікеты. Мы пачалі перашэптвацца. Прыехалі аўтазакі. Спачатку загрузілі нейкіх сурганаўскіх. Прычым іх грузілі вельмі брутальна. Я ня бачыў, але я чуў гэтыя крыкі, гэтыя ўдары. І ім абяцалі, што гэта апошні раз яны кудысьці едуць.

Потым пачалі грузіць іншыя аўтазакі, гэта нас 60 чалавек. Спачатку грузілі аўтазак, дзе амапавец гучна камандаваў, што да яго толькі патлатых, толькі татуяваных, да яго толькі з сымболікай Беларусі. Таму што ён ім зараз учыніць апошні заезд і што яны не даедуць да Жодзіна. Так я даведаўся, што мы едзем у Жодзіна.

Пасьля пачалі грузіць нас. Мы гучна казалі імя, прозьвішча і год нараджэньня. Я зноў заявіў, што я грамадзянін Ізраілю. Там было, вось як у школах расказваюць пра цягнікі ў Асьвенцім, ідэнтычная сытуацыя, я проста быў уражаны. Нас кідалі аднаго на аднаго, прымушалі сядзець у такой паставе, што ў цябе каленкі вельмі моцна баляць. Усё гэта з пагрозамі, з матамі-пераматамі, з абвінавачваньнем, што мы нейкія здраднікі краіны, што нам 150 даляраў плацяць, што мы нейкія агенты, што ваша Ціханоўская зьехала ў Літву, што вы цяпер разумееце, якія вы дурні.

Ты нічога ня можаш сказаць. Ты проста ў жорсткім шоку. Я ляжаў на хлопцу, які проста страціў прытомнасьць. Яго пасьля аплявухамі прывялі ў прытомнасьць. Зь левага боку хлопец проста нарабіў у штаны, і пах у аўтазаку стаяў адпаведны. Усю дарогу нас везьлі і мы павінны былі гуляць у караоке. Мы павінны былі сьпяваць песьню "Перамен", песьню Стаса Міхайлава, яшчэ нешта… У гэты час яны нас хаця б ня білі. Калі ж нехта прасіў разьвязаць рукі, бо яны сьсінелі, тыя білі дубінкай і, каб дабрацца да канца аўтазака, яны станавіліся мне на сьпіну, прычым так смачна, па-садысцку ён наступаў і біў гэтых хлопцаў. Мая сьпіна была для яго як пастамэнт.

Усю дарогу нас запалохвалі, што зараз нас пасадзяць да уркаганаў, зараз нас усіх згвалтуюць гомасэксуальным кантактам, прычым гэта ўсё з матамі-пераматамі, зараз нам будзе Жодзіна, а гэта ўсё, Жодзіна — гэта сьмерць. І мы кожны атрымаем пяць гадоў турмы, бо ўчора прынялі новы закон.

Далей цябе выкідваюць з аўтазака. І тут раптам я першы раз адчуваю, што ніхто ня хоча цябе біць. Так, ты знаходзісься на тэрыторыі СІЗА, так, да цябе зьвяртаюцца павышаным тонам, ты рухаесься па камандзе ўнутры там гэтых лябірынтаў, падвалаў, уверх-уніз…

Нас загналі ў такі двор, дзе зьверху толькі сетка. Вызірнуў мужчына ў вайсковай форме і ў масцы і проста чалавечым голасам спытаў, якія ў нас просьбы. Мы папрасілі вядро, каб спаражніцца. Нам прынесьлі вядро. І пасьля ён сказаў: "Мужыкі, патрывайце, зараз мы вас па камэрах расфасуем".

Мы заходзім у камэру. Там чацьвёра сядзяць на лаўках, двое ляжаць на двух’ярусных ложках. Месцаў усяго шэсьць, нас заходзіць 10. Яны на нас глядзяць. Яны на нас глядзяць разгублена, бо мы ўсе пабітыя. Яны не разумеюць. Мы на іх глядзім: мы не разумеем, ці гэта крымінальнікі. Я адразу спытаў, ці яны палітычныя. Яны сказалі: вядома, так. Аказваецца, гэта былі людзі, якіх узялі 8-9 жніўня. Там былі і назіральнікі з выбарчых участкаў і яшчэ нейкія хлопцы, якія проста выйшлі на праспэкт.

Мяне затрымалі 10-га, і толькі 12-га раніцай я першы раз атрымаў ежу, турэмную баланду. Адначасова нас выцягвалі на суды, прычым, калі ты пойдзеш налева, ты атрымаеш 10 сутак, калі направа — 5 сутак. Толькі адзін з нас атрымаў штраф 20 базавых велічынь. Астатнія атрымалі тэрміны, апроч мяне і паляка, які там быў.

У нейкі момант я ў хлопца-кантралёра, які падыходзіў да вакенца, спытаўся: дык што са мной, у мяне яшчэ 2 гадзіны — і будзе 72 гадзіны затрыманьня. Вы павінны мяне паводле закону адпускаць. Хоць які тут закон… Ён кажа: "Слухай, з табой такая гісторыя, твае дакумэнты згубілі". І тут я зразумеў, што няма дакумэнтаў — няма чалавека. Проста выкінуць з турмы, і ўсё.

Тое самае адбылося з палякам. Нас проста выкінулі з турмы. Прычым, калі мы выходзілі, мы павінны былі прайсьці шэсьць пакояў і знайсьці свае рэчы. Пакоі выглядалі, як музэй капітал-шоў "Поле цудаў". Гара тэлефонаў, гара папруг, гара ўсяго. Я прысьвяціў дзьве гадзіны, але я знайшоў усё. Нават кніжкі коміксаў для майго сына. Так у 10 вечара мяне выпусьцілі. Праз 78 гадзін.

 


"Цкавалі гамафобнымі выказваньнямі"


Канстанцін Чарноў, 26 рокаў, Магілёў:

— Затрымалі мяне 9 жніўня а палове на 12-ю ночы ў цэнтры места, на плошчы Арджанікідзэ. Сытуацыя тады ў месьце была жахлівай, бо АМАП літаральна паляваў на людзей. Мы нават тэлефанавалі ў міліцыю і пыталіся, дзе можна хадзіць, каб нас не забралі. У міліцыі на гэта кідалі слухаўку.

Я зь сябрам мэтанакіравана прыйшоў у цэнтар места, каб выказаць сваё стаўленьне да пабачаных пасьля выбараў працэнтаў. Ніхто не чакаў, што настолькі нахабна людзям плюнуць у твар.

У кампаніі знаёмых стаяў на прыпынку, каб ехаць дамоў, калі з буса выскачылі людзі ў чорным. Мы кінуліся наўцёкі. Я забег у двор і думаў, што за мною ніхто не бяжыць. І раптам яны. Ударылі некалькі разоў у твар. Падсечкай павалілі і малацілі дручкамі. Білі па рэбрах, дзе меней за ўсё застаецца сінякоў. Дагэтуль рэбры баляць і ляжаць балюча.

Забралі ў аўтазак. У ім было чалавек дванаццаць. Прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, але там чарга вялікая з аўтазакаў. Павезьлі ў ізалятар. Тыя, хто нас пільнаваў у аўтазаку, былі з крымінальнага вышуку. Казалі, што іх ноччу прымусілі гэтым займацца і яны тут ні пры чым.

У ізалятары прабылі гадзінаў зь пяць. Зноў павезьлі ў аддзел. Завялі ў спартовую залю. Афармляючы, усяляк правакавалі, маўляў, хто перамог на выбарах. Самы трэш пачаўся, калі знайшлі ў маіх рэчах стыкеры ініцыятывы "Новыя рэгіёны" (гуртуе людзей ЛГБТ+). Пачалі цкаваць гамафобнымі выказваньнямі. Супрацоўнік, які абшукваў, расказваў калегам, хто я. Усё гэта псыхалягічна прыгнятала. Калі афармлялі пратакол, то віны я не прызнаў.

У аддзел прыехаў супрацоўнік ізалятара і заявіў, што мяне ня возьме праз праблемы са здароўем. Я прымаю прэпараты ад астмы і антыдэпрэсанты. У аддзеле я прабыў 8 гадзінаў. Быў на мяжы нэрвовага зрыву, бо ўвесь гэты час бачыў адных міліцыянтаў. Ад іх даведаўся, што а 16 гадзіне яны выяжджаюць "паляваць на людзей". Урэшце сам папрасіўся ў ізалятар, бо на той момант псыхалягічна быў выматаны.

Тры дні прабыў у камэры турмы №4 (ізалятар арандаваў у ёй 180 месцаў, бо ў самім не было куды садзіць затрыманых). Як вялі па турме, было жахліва. Канваіры пастаянна крычалі, наганялі страху. Адчуваў сябе тэрарыстам ці забойцам. Але абыходзіліся з намі па-людзку і нават на прагулку вадзілі.

У камэры былі 16 чалавек, усе забраныя падчас зачыстак у горадзе. Мы падтрымлівалі адзін аднаго. Прэпаратаў мне ніхто не прывёз, таму я адчуваў сябе кепска. Стрэсавая сытуацыя адбілася на самаадчуваньні.

Увечары 12 жніўня быў суд у ізалятары. Затрыманых выстраілі каля сьценкі. Заводзілі ў маленькі пакой да судзьдзі. Маю справу разглядала Алена Літвіна зь Ленінскага суду. Я спрабаваў ёй казаць пра адкрытасьць працэсу, права на адваката. Яна адказала, што трэба было з адвакатам ісьці на мітынгі. Упікнуў яе ў тым, што працэс адбываецца, як у 1937 роке. Даводзіў ёй, што мне патрэбны лекі. Мне тады было дужа кепска. У мяне былі адны лекі, дык судзьдзя пералічыла пігулкі, каб даць мне столькі сутак, колькі іх. Урэшце прысудзіла штраф у 30 базавых велічыняў (810 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Яна прыгразіла: як яшчэ раз пападуся, то папярэдзіць ахову, каб да мяне было асаблівае стаўленьне.

Я быў адзіны ў камэры, каго аштрафавалі. У мяне была кніга, дык хлопцы напісалі ў яе нумары тэлефонаў, каб расказаў родзічам, што зь імі і што варта класьці ў перадачы. Старонкі з запісамі на выхадзе выдралі і выкінулі.

Маім бацькам не паведамілі, дзе я, бо ў дадзеных няправільна пазначылі мае ініцыялы. Бацькі абтэлефанавалі ізалятары ў райцэнтрах, куды затрыманых маглі вывезьці.

Я займаўся тайскім боксам, і бывала, што на занятках білі, але каб не нанесьці шкоды. А як затрымлівалі, дык супраць мяне ўчынілі бессэнсоўны гвалт, бо я ж не супраціўляўся. Цяжка было, калі цкавалі гамафобнымі выказваньнямі. Я не з палахлівых людзей, але тады было страшна, што могуць "прышыць" крыміналку. У турме было лягчэй. За тры дні, праведзеныя ў няволі, гэта было "самае прыемнае" месца.

 


"Крычалі, што тварам я падобны да ўкраінца. Адказаў, што я беларус"


Сяргей Міраненка, свабодны мастак, 39 рокаў, Віцебск:

— У ноч з 9 на 10 жніўня сядзеў з малым дзіцём. Пасьля выйшаў прайсьціся.

Мяне адразу затрымалі. Падбеглі ззаду, узялі пад рукі і павялі ў аўтазак. Затрымлівалі чалавек шэсьць. Настолькі я небясьпечна выглядаю. Я спытаў прычыну затрыманьня, мне адказалі, што ўсё патлумачаць.

У РАУСе сказалі, што ў мяне на твары напісана, што я экстрэміст, завадатар натоўпу, таму што я выглядаю так, як выглядаю.

А я ўсё жыцьцё хацеў быць не такім, як усе. Ужо некалькі гадоў мяне пазнаюць у Віцебску ў тым ліку па вонкавым выглядзе — я адзіны чалавек у горадзе, які носіць кілт. Вобраз быў дапоўнены доўгімі валасамі.

Мне падабаецца кілт. У ім я адчуваю сябе свабодна. Мне так падабаецца. Я мастак. У мяне свой погляд на сьвет. Сумбурны. Я раблю над сабой лёгкія пэрформансы. Хтосьці мой вобраз успрымае, хтосьці — не. Часта глядзяць як на дзівака. Але мяне гэта не кранае.

У аўтазаку зь мяне кпілі. Па дарозе стараліся падняць дубінкай кілт і паглядзець, ці сапраўдны я шатляндзец. Ён цяжкі, важыць амаль два кіляграмы, таму падняць яго дубінкай не ўдалося.

У ізалятары мяне паставілі ў калідоры. Прымусілі распрануцца. Я стаяў каля сьцяны, ногі на шырыні плеч, напаўсагнуты. Крычалі, што тварам я падобны да ўкраінца. Адказаў, што я беларус. Але мяне працягвалі пераконваць, што я ўкраінец. Стаяць было нязручна. Сьпіна ў напрузе, а ў мяне дзьве траўмы хрыбетніка. Мяне пачало трэсьці, бо ў такім становішчы я не магу стаяць больш за пяць хвілін. Мне сказалі, што калі ня так, то паставяць у гэткую позу, у якой я ўвогуле не змагу стаяць.

У асобным кабінэце мне задавалі пытаньні пра абставіны затрыманьня. Мне не паверылі. Сказалі, што пры маім выглядзе гэта могуць быць толькі казкі. Таксама міліцыю цікавіла, колькі мне заплацілі, каб я выйшаў на вуліцу.

Кожны імкнуўся мне сказаць, што я вольны шатляндзец, які прыехаў змагацца за свабоду Беларусі. І ўсё, чаго я дабіўся, — гэта арышт.

Далі 10 сутак.

Суд адбыўся толькі са слоў службоўца, якія мяне затрымліваў. Нібыта я ішоў у натоўпе, выкрыкваў лёзунгі і махаў рукамі. Пры гэтым я чалавек апалітычны. Але апраўдвацца бессэнсоўна. Я напісаў, што нязгодны з тым, што мне прад’яўляюць. Адзіная мая віна ў тым, што я быў на вуліцы. І жыву ў цэнтры. Усім, хто згаджаўся з абвінавачаньнем, давалі штрафы. Нязгодным — суткі. Гэта быў маральны ціск. Імкнуліся давесьці, што ўлада пакажа, як сябе трэба паводзіць.

Некалькі дзён пасьля суду я правёў у турме.

З ізалятара ў СІЗА нас вывозілі апоўначы. У камэру я зайшоў а шостай раніцы. Ніколі ня думаў, што апынуся ў такім месцы. Што да цябе будзе стаўленьне, як да злачынцы, асуджанага пажыцьцёва.

У турме — рэжым. Пад’ём а шостай, адбой — а дзясятай. Раніцай і ўвечары — абход. Сьвятло гарыць круглыя суткі. Цэлы дзень сядзіш альбо стаіш. Замкнутая прастора, адсутнасьць навін. Некалькі дзён па радыё гучала Біблія. Усё гэта было вельмі складана вытрымаць.

Я адседзеў пяць сутак. Празь дзень пасьля вызваленьня састрыг валасы.

Цяпер я лысы. Гэта ўнутраны пратэст супраць таго, што я ўбачыў. У мяне рэзка зьмянілася стаўленьне да людзей, якія, як я думаў раней, павінны нас абараняць.

 


"Доктар адразу сказаў, што гэта траўмы крымінальнага характару"


Уладзімер Булаўскі, 31 рок, музыка, гісторык, Віцебск:

— Увечары 9 жніўня пасьля галасаваньня я сустрэўся зь сябрамі ў цэнтры места. У мяне на руцэ быў павязаны стужкай бел-чырвона-белы сьцяг. Мы ўжо ведалі, што ў Віцебску ідуць затрыманьні ў раёне плошчы Перамогі. Мы ішлі па Маскоўскім праспэкце ў бок кавярні Zdoba. Я хацеў у прыбіральню, таму прапанаваў сябрам зайсьці ўсярэдзіну. Мы не дайшлі да кавярні літаральна мэтраў 5–6.

Убачылі бусік і аўтазак. Але мы ішлі абсалютна мірна, нічога не выкрыквалі, я не падымаў сьцяга. Да мяне ззаду падбег мужчына ў міліцэйскай форме. Як кажуць сьведкі, гэта быў маёр. Ён не прадставіўся, сказаў, што я затрыманы, і пачаў душыць мяне дубінкай. Ён паваліў мяне на зямлю, працягваў душыць, пераціснуў мне мачавы пузыр каленам. Ад гэтага я абмачыўся.

Ён пачаў крычаць, каб я ўставаў і ішоў. Пры гэтым утрымліваў мяне на зямлі і ўдарыў па твары. Падбеглі ягоныя калегі і ўтрох пачалі зьбіваць мяне дубінкамі. Я казаў, што пайду сам. Ад болю я ішоў марудна, мяне пастаянна штурхалі. У аўтазак пхнулі так, што я моцна ўдарыўся галавой аб сьценку. У камэры аўтазаку, разьлічанай на дваіх, мы сядзелі ўтрох. Не было чым дыхаць.

Пры затрыманьні мне зламалі акуляры. Пакуль маёр іх не адрамантуе, буду хадзіць бяз дужкі. Хай бачаць.

Пасьля мяне перавялі з аднаго аўтазака ў другі. Некалькі гадзін вазілі па горадзе. У ІЧУ свабодных месцаў не аказалася. Нас павезьлі далей. Куды — ніхто не адказваў. Гэта было падобна да нейкага выкраданьня. Пасьля я даведаўся, што мы былі ў спарткомплексе Дэпартамэнту аховы Першамайскага РАУС.

Нас вывелі з аўтазаку і па адным заводзілі ў спартовую залю. Прымусілі зьняць абутак і шкарпэткі. Усіх паставілі на калені, рукі за галаву. Я сказаў, што ў мяне праблемы з каленам, і мне дазволілі стаць так, як зручна. Унутры былі каля 20 міліцыянтаў у масках. Старшыя па званьні не хавалі сваіх твараў.

Над спартовай заляй быў другі паверх — бальконам. Там стаялі нейкія жанчыны і сьмяяліся з таго, як паводзяць сябе затрыманыя. Нас было 33 чалавекі — хлопцы і адна дзяўчына. Двух хлопцаў пачалі біць, каб застрашыць астатніх. Аднаму зь іх стала дрэнна. Яго забрала "хуткая". У аднаго з мужчын, які быў са мной у аўтазаку, была праблема з прастатай. Яго не выпускалі ў прыбіральню. Проста далі бутэльку. У залі ў яго здарыўся сардэчны прыступ. Пакуль ехала "хуткая", яму не аказвалі дапамогі.

Амаль гадзіну людзей трымалі на каленях. Забаранялі паварочваць галаву, мяняць становішча рук і ног, білі дубінкамі. Пасьля па адным пачалі заводзіць у пакой да супрацоўнікаў. Пратаколаў не складалі. Толькі запісвалі тлумачэньні, пры якіх абставінах затрыманы.

Толькі праз чатыры гадзіны пасьля затрыманьня мне дазволілі зайсьці ў прыбіральню.

Адпусьцілі мяне пасьля трэцяй гадзіны ўначы.

На наступны дзень я пракансультаваўся з праваабаронцамі. Сябар сфатаграфаваў кожную маю траўму. На здымках выставілі дату і час. Я схадзіў у пракуратуру, напісаў заяву, у якой патрабаваў выдаць накіраваньне на судмэдэкспэртызу і прыцягнуць да адказнасьці службоўцаў, якія затрымлівалі мяне без падставы і зьбілі.

У траўмапункце лякарні хуткай мэдычнай дапамогі нэўрахірург і траўматоляг зафіксавалі мае пашкоджаньні, зрабілі рэнтген ступні, РКТ галаўнога мозгу — я перанёс некалькі траўмаў галавы, маю ня вельмі добры дыягназ, з прычыны якога быў вызвалены ад воінскай службы.

У даведцы пазначана: удар правай скроневай вобласьці, кровападцёк твару, мяккай тканкі ў вобласьці левага плечавога сустава, удар левай ступні, пашкоджаньні каленных суставаў.

Доктар адразу сказаў, што гэта траўмы крымінальнага характару. З траўпамункту патэлефанавалі ў міліцыю. Праз гадзіну мне ўжо званілі службоўцы, каб дазнацца, пры якіх абставінах мяне пабілі.

Увечары 10 жніўня мяне затрымалі другі раз, калі я быў на прыпынку недалёка ад плошчы Перамогі. Аўтазак падрэзаў аўтобус, і людзей пачалі "пакаваць". Мяне ня білі. Склалі пратакол, зь якім я не пагадзіўся, і ўначы адпусьцілі.

 

"Мне думаецца, што гэтыя людзі зь нейкімі псыхалягічнымі адхіленьнямі"


Уладзімер, 31 рок, грамадзянін Масковіі:

— Затрымалі ў Магілёве на вуліцы Каралёва (мікрараён Юбілейны) уначы з 11 на 12 жніўня, калі вяртаўся ад сяброў з дня нараджэньня. Я ведаў, што ў цэнтры адбываюцца пратэсты, таму на бяседу ехаў "гародамі". Зразумела, быў нападпітку, але ў меру, бо назаўта трэба было на працу. Мае паводзіны не парушалі грамадзкага парадку і не абражалі мінакоў. Пад’ехаў аўтазак і папрасілі ў яго прайсьці. Тады падумаў, што міліцыя шукае ўдзельнікаў пратэстаў, і мне нічога не пагражае, бо віны за мною няма.

Прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі і на выхадзе з аўтазаку пачалі малаціць дручкамі. Білі са сьпіны да калена, двойчы "прыляцела" ў патыліцу. Неяк быў спатыкнуўся, і тады падбеглі падганяць тыя, хто мяне ўжо ўдарыў. Гналі на трэці паверх у актавую залю. На ўваходзе ў яе разгубіўся, і мяне так ударылі нагой, што я ў гэтую залю ўляцеў.

Скруцілі "ластаўкай". Начапілі кайданкі на рукі і ногі. Ім не спадабаўся бел-чырвона-белы з арнамэнтам пасак на руце. Яго падарыла мне мая дзяўчына, якая не саромецца выказваць свае погляды і ведае, што і я не цураюся сваёй беларускасьці. Пабачыўшы пасак, зьнялі з валасоў гумку і пачалі ёю мяне душыць. Гэта была хутчэй спроба запалохаць, зламаць маральна. Як хацелі б задушыць, то тыя людзі ўмеюць гэта рабіць. Білі за пасак дручком па сьпіне, сядалішчы. Засталіся сінякі на гэтых месцах. Зьбіваючы, выграблі ўсё з кішэняў. Калі пасак сарвалі з рукі, ня памятаю. Знайшоў яго ў сваіх рэчах.

Мяне пераклініла было, і я сказаў міліцыянтам: "Што вы робіце, чэрці, гэта беззаконьне". Тады адразу ўдарылі нагой па лбе. У нейкі момант удары ўжо ня так балюча адчуваліся. Цяжка было бачыць, як б’юць іншых. Нас наўмысна паклалі на падлогу, каб зьбіцьцё іншых было на вачах. Мне цяжка было зразумець матывы людзей, якія білі. Магчыма, думалі, што я грамадзянін Масковіі, мяне могуць дэпартаваць, таму ня буду бараніць сваіх правоў.

Пасьля зьбіцьця нас спусьцілі на першы паверх. Там пакой для агляду і "малпоўні". Я адразу сказаў, што з дня нараджэньня і нападпітку. Мне далі дыхнуць у трубачку. Зафіксавалі 1 праміле алькаголю. Гадзіну мы стаялі ў калідоры на каленях. Кайданкі зь мяне не зьнялі. Ад іх засталіся сьляды на руках. На шыі была і гумка ад валасоў. Калі стаў задыхацца, папрасіў ахоўніка, каб яе зьняў, "калі ён чалавек". Міліцыянт паслухаўся.

Мы правялі ў "малпоўні" ноч. Потым нас ізноў завялі ў залю, дзе білі і паказвалі нашыя рэчы. Адна банкаўская картка зьнікла, а ў дзьвюх былі выдзертыя чыпы. У гаманцы не было візытак, чэкаў з запісамі, а сам ён быў парваны. Грошай было няшмат, але ад іх засталося два рублі дробязьзю.

Судзілі ў ізалятары. Судзьдзя не назвалася. Яна была ў масцы. Разглядалі справу цягам хвіліны. Яе распачалі з паказаньня аднаго апэратыўніка. Ягонае імя таксама не назвалі. Нас асабліва ніхто ня слухаў. Віну ва ўдзеле ў пратэсьце я не прызнаў. Далі 15 сутак. Адседзеў трое і быў "амніставаны". Тым, хто прызнаваў, давалі крыху меней.

Тое, што адбылося ў міліцыі, успрымаю як спробу маральна прынізіць затрыманых. Міліцыянтам проста далі адмашку так рабіць. Іх спэцыяльна гэтаму навучылі. Мне думаецца, што гэтыя людзі зь нейкімі псыхалягічнымі адхіленьнямі, якія для нармальнага чалавека анамальныя, але для дзяржавы ў пэўных мэтах прыдатныя.

 


"Нармальны чалавек ня можа так біць"


Мікола Качурэц, 61 рок, кіроўца-міжнароднік, Віцебск:

— 9 жніўня, калі я выйшаў з дому, чуў, што машыны гудуць. Веры не было, што людзі выйдуць, але вырашыў прайсьціся, паглядзець. Я ўзяў з сабой бел-чырвона-белы сьцяг.

Бліжэй да плошчы мне сказалі, што АМАП разганяе і "круціць" людзей. Я пачаў расчахляць сьцяг. Падняў. Нас ішло разам чалавек 50–60. Так мы дайшлі да "Брыгантыны".

Каля мяне спыніліся бусы. Амапаўцы беглі да маладзейшых. Я схапіў аднаго за руку, і тады пачалася барацьба. Падбег другі. Мяне скруцілі і зацягнулі ў бус. У бусе было ўражаньне, што мяне забіваюць. Білі кулакамі — у галаву. Удары былі моцныя, бачна, што прафэсійна натрэнаваныя.

Адзін зь сілавікоў схапіў мяне за валасы. Крычаў: "А, ты яшчэ валасаты? Хочаш перамен? Трымай!". Біў моцна. Нармальны чалавек ня можа так біць. Гэта зьверства, фашызм. Ён крычаў і дзьвюма рукамі драў валасы.

На мяне пасьвяцілі ліхтарыкам. У мяне было расьсечана каля вока, носам ішла кроў. Мяне білі надалей. Можа, я крыху блытаюся. Запамінаць не хацелася. Хацелася толькі перажыць гэта. Пасьля мяне выцягнулі за каптур і кінулі ў іншы бус.

Потым нас доўга вазілі па месьце. Прывезьлі ў ізалятар. Яшчэ дзьве-тры гадзіны стаялі ў бусе ў двары. Нас не выпускалі ў прыбіральню. Крычалі, як на жывёлу. Толькі а пятай гадзіне раніцай адвялі ў камэру.

За вечаровы шпацыр па месьце мне прысудзілі 15 сутак. Пяць зь іх я адседзеў у камэрах ізалятару і СІЗА, які віцябляне сталі называць канцлягерам.

Нас разьдзявалі, абшуквалі. Былі зьдзекі, грубы тон, абразы. Да нас ставіліся як да злачынцаў і забойцаў. Усе былі ў масках, бяз бэджаў.

Калі нас прывезьлі ў турму, з аўтазаку я выходзіў апошнім, чуў брэх сабак, стук дубінак па сьпінах. Я быў добра пабіты. Вельмі балелі рэбры. Думаў, што пералом. Мяне штурхалі, бо бегчы ня мог. Быў загад глядзець у падлогу. Мы стаялі ўздоўж сьцяны. Людзей зьбівалі. Я сеў на кукішкі, астатнія стаялі на каленях. Побач стаяў віцебскі бізнэсовец, у яго свая крама. Ён казаў, што ў яго дзьве апэрацыі на нагах, ён ня можа стаць на калені. Яго зьбілі. На ўсе загады прымушалі адказваць: "Так точно!". Інакш — дубінка.

Мэдычнай дапамогі не аказвалі. У мяне быў інфаркт. Я сяджу на таблетках. Штодня прымаю лекі для зьбіцьця ціску, разрэджваньня крыві, зьніжэньня халестэрыну. Мая сяброўка даведалася, дзе я. Прынесла лекі, але мне іх не перадалі. Я прасіў штодня. Адну таблетку мне далі раніцай на пятыя содні, калі стаўленьне да нас зьмянілася і людзей пачалі адпускаць.

Мяне баяліся вызваляць, бо вочы былі чорныя, а твар увесь сіні і распухлы. Сукамэрнікі сталі прасіць: "Адпусьці дзеда!" Сябры перадалі мне акуляры і маску. Выходзіў на волю з прыхаваным тварам.

Я пайшоў у траўмапункт. Зрабіў рэнтген, тамаграфію. Рэбры цэлыя. Пашкоджаньні вонкавыя. У галаве, сказалі, гематомы няма. Доктар накіраваў вынікі агляду ў пракуратуру. Сьледчы мяне апытаў.

Першыя дні пасьля вызваленьня лячыўся і сядзеў у інтэрнэце. Плакаў ад таго, што адбываецца. Больш за ўсё я баяўся, калі выйду, даведацца, што ўсе разьбегліся і пахаваліся.

Такой жорсткасьці я ня памятаю. У маладосьці мы біліся, але былі пэўныя прынцыпы. На дзяўчат альбо людзей сталага веку ніхто рукі не падымаў.

 


"Я яму крычу, што ў мяне рука зламаная, а ён заломвае яе за сьпіну"


Дзяніс, 16 рокаў, Пінск:

— 9 жніўня я вырашыў падтрымаць калёну пінчукоў, якая накіравалася ў бок плошчы Леніна. Я ехаў на ровары разам з гараджанамі. На чыгуначным пераезьдзе пад’ехала міліцыя.

У нейкі момант людзі ў форме і са шчытамі пачалі затрымліваць людзей. Адзін з супрацоўнікаў пабег за іншым хлопцам, але не дагнаў. Наблізіўшыся да мяне, штурхануў мяне шчытом. Я страціў раўнавагу, зьляцеў з ровара і перастаў адчуваць руку.

Я яму крычу, што ў мяне рука зламаная, а ён заломвае яе за сьпіну і вядзе. Я папрасіў: пайду сам. Ён сьціснуў мае рукі яшчэ мацней. Мяне павезьлі ў цір на Кірава, 53. Нас было чалавек 7-8. Рабілася ўсё горш.

На мой стан зьвярнуў увагу лекар Віктар Дунька, якога таксама затрымалі на пераезьдзе. Далі пазваніць бацькам, але "хуткую" так і ня выклікалі.

Каля ўваходу ў аддзяленьне мая маці была ўжо празь некалькі хвілін. Але з той прычыны, што "рэжымны аб’ект", усярэдзіну яе не пусьцілі. Толькі праз гадзіну пасьля затрыманьня мне выклікалі "хуткую". Да таго моманту я ўжо ня мог самастойна дайсьці да аўтамабіля, траціў прытомнасьць.

У лякарні я праляжаў 12 дзён. Выявілі закрыты пералом са зрушэньнем. Давялося рабіць апэрацыю. Цяпер у плячы пруткі. Правая рука ня рухаецца, а праз тыдзень у школу.

Яшчэ 11 жніўня мая маці прыходзіла ў ГАУС з заявай. Не прынялі. У пракуратуры памочнік пракурора сказаў, што яны былі абавязаныя гэта зрабіць. 21 жніўня маці падала заяву паўторна. Цяпер зь сям’ёй працуе супрацоўнік Сьледчага камітэту, высьвятляе абставіны здарэньня.

 


"Адзін прыціснуў каленам галаву да падлогі мікрааўтобуса"


Юры Крывашэй, супрацоўнік МНС, Плешчаніцы:

— 11 жніўня мы разам з жонкай і чатырохмесячным дзіцём ехалі на сваёй машыне ў краму ў Лагойску. Нас спынілі супрацоўнікі ДАІ, запатрабавалі выйсьці з машыны і дакумэнты для праверкі. Пакуль дакумэнты зьвяралі з базай дадзеных, у мэтры ад мяне спыніўся мікрааўтобус, адтуль выскачыла некалькі чалавек у чорнай форме без апазнавальных знакаў, у масках і з дубінкамі, заштурхалі мяне ў машыну і павезьлі ў невядомым накірунку. Жонку з дзіцём дадому на сямейным аўто адвёз інспэктар ДАІ. Мяне зьбілі ў машыне і даставілі ў мясцовае аддзяленьне міліцыі.

Наносілі ўдары дубінкамі па ўсіх частках цела. Адзін прыціснуў каленам галаву да падлогі мікрааўтобуса. Мяне прывезьлі на тэрыторыю Лагойскага РАУС. Мне скруцілі рукі, павялі ў склеп і паклалі на плітку. У такім стане, з рукамі за сьпінай, я праляжаў там каля трох гадзін.

Неўзабаве ў РАУС прыбылі супрацоўнікі Менскага месцкага ўпраўленьня МНС, дзе я працаваў, і запатрабавалі падпісаць рапарт аб звальненьні. Мяне азнаёмілі з пратаколам, у якім было сказана, што я адмаўляўся прад?явіць інспэктару ДАІ дакумэнты, супраціўляўся патрабаваньням прайсьці ў Лагойскі РАУС.

Мне не далі азнаёміцца зь іншымі матэрыяламі справы, не патлумачылі мне мае правы і абавязкі... Забралі шнуркі, рэмень і адправілі ў ІЧУ. Праз двое сутак наўпрост туды прыйшла судзьдзя Лагойскага суду... Я атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Я ня ўдзельнічаў у пратэстных акцыях, але мне вядома, што яны праходзілі ў месьце.

Пазьней у Плешчаніцах абураныя дзеяньнямі ўладаў мясцовыя жыхары выйшлі на плошчу, дзе 14 жніўня зь імі размаўляў начальнік РАУС Сяргей Лосіч. Яны таксама выказвалі сваё абурэньне затрыманьнем мяне і задавалі пытаньні аб яго прычынах. Як потым мне распавядалі, людзі паставілі ўльтыматум: калі мяне ня выпусьцяць, то яны пойдуць зь мітынгам да РАУС — патрабаваць майго вызваленьня. У выніку я выйшаў на свабоду датэрмінова: увечары наступнага дня.

Амаль увесь ізалятар Лагойска быў забіты людзьмі. Нехта выйшаў на мітынг, нехта напісаў у "ВКонтакте" заклік прыходзіць на выбары толькі 9 жніўня ўвечары і фатаграфаваць бюлетэні.

Пасьля вызваленьня я напісаў заяву аб зьбіцьці ў Сьледчы камітэт і зафіксаваў атрыманыя траўмы на экспэртызе: сур'ёзныя гематомы на нагах, плячы, руцэ.

 


"Кожнае пытаньне суправаджалася ўдарам"


Станіслаў Макаранка, 29 рокаў, Магілёў:

— Затрымалі ўначы з 11 на 12 жніўня ў мікрараёне Юбілейны, калі вяртаўся зь дня нараджэньня сябра. У гэтым спальным раёне мітынгаў ды пратэстаў не было. Ён у баку ад цэнтру гораду. На прыпынку чакаў таксоўку, калі спыніўся аўтазак. За ім пад’ехала яшчэ дзьве машыны. Міліцыянтам тлумачыў, што нічога супрацьпраўнага не раблю, паказаў тэлефон з выклікам таксоўкі. Тэлефон забралі, а мяне "пагрузілі" ў аўтазак.

Завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі і ўсіх затрыманых адразу пусьцілі праз шыхт супрацоўнікаў, якія сталі адзін ад аднаго за два мэтры. Білі дручкамі па нагах, па сядалішчы, сьпіне. Гналі на трэці паверх у спартовую залю. У ёй працягнулі зьбіваньне. Паклалі на падлогу, крычалі "мордай уніз" і "малацілі" дручкамі. Кожнае пытаньне суправаджалася ўдарам. Выпыталі гвалтам пароль ад тэлефону, а ў ім была падпіска на плятформу "Голас". За яе пачалі біць больш азьвярэла. На лямант ад болю ніякай рэакцыі. Ім было ўсё роўна. Яны нічога ня слухалі. За белыя паскі на руках таксама жорстка білі. У іх была ўстаноўка, за што больш зацята біць.

Ад зьбіваньня засталіся вялікія сінякі на сьпіне, назе і сядалішчы.

Перад тым, як кінуць нас у малпоўню, прымусілі стаяць у калідоры на каленях. У аддзеле прабылі суткі. У мяне забралі ня толькі тэлефон, але і іншыя рэчы. Адразу нічога не апісвалася. Толькі за дзьве гадзіны перад адпраўкай у ізалятар правялі гэтую працэдуру. Таму невядома, дзе рэчы былі цэлыя суткі.

Пры сабе я меў мэдычную кніжку. Зь яе павыдзіралі старонкі з росьпісамі лекараў. Былі яшчэ маскалёўскія грошы, бо я рабіў у Масковіі, дык за іх білі дужа. Яны расцанілі, што гэта плата за мітынгі. У гаманцы ляжала 2 тысячы маскалёўскіх рублёў, а ў мэдкніжцы яшчэ пяць тысяч (гэтыя зьніклі).

У ізалятары пратрымалі больш за двое сутак. Там абыходзіліся па-людзку. Там жа судзілі. Але суду, як такога, не было. Судзьдзя, якая не назвалася, запытала, ці прызнаю віну. Тое, што быў нападпітку прызнаў. У нас жа не сухі закон і ў маіх дзеяньнях не было парушэньня грамадзкага парадку. А абвінавачваньне ва ўдзеле ў мітынгу не прызнаў. Мне далі 15 сутак. Тым, хто прызнаваўся, што ўдзельнічаў у пратэсьце, выпісвалі. Розьніца невялікая.

У ізалятары ачуняў ад шоку, супакоіўся. Наагул я стрэсаўстойлівы чалавек, але мадзейшыя хлопцы, дык ім патрэбная была псыхалягічная дапамога. Яны цяжка перажывалі ўсё гэта.

Родзічы даведаліся, дзе я быў, толькі пасьля таго, як мяне выпусьцілі. Мне не далі ім патэлефанаваць. Пабоі не фіксаваў у экспэртаў, а толькі паведаміў пра зьбіваньне праваабаронцам.

Прызнаюся: калі затрымлівалі, не чакаў, што сутыкнуся з гвалтам у міліцыі. Нас жа ні за што забралі. Але мы жывём у такой дзяржаве, дзе за іншадумства перасьледуюць і, як паказалі падзеі пасьля выбараў, перасьлед гэты жорсткі і гвалтоўны.

 


"Ня торгайся, бо прастрэлім яйцы!"


Юры Шамшур, журналіст агенцтва ТАСС:

— Ноч. 11 жніўня. Унутраныя войскі прасоўваюцца па вуліцы Прытыцкага ў раёне мэтро "Кунцаўшчына", не атрымліваючы ніякага супраціву з боку нешматлікіх удзельнікаў пратэсту, а агулам кажучы, звычайных разявакаў. "Абаронцы канстытуцыйнага ладу" грымяць дубінкамі па шчытах і бадзёра пераступаюць выцягнутыя на праезную частку бэтонныя тумбы для кветнікаў і сьмецьцевых кантэйнэраў. Скопішча людзей перад імі няма, некалькі чалавек стаяць каля пад’езду, прыкладна за 60 мэтраў ад праезнай часткі. Зь імі — акрэдытаваны МЗС Беларусі, абазначаны надпісам PRESS і акрэдытацыйнай карткай на грудзях карэспандэнт, які асьвятляе падзеі ў краіне. Ваякі рынуліся ў двары, зьмятаючы ўсё на сваім шляху.

"Не чапай прэсу!" — крычыць адзін зь пяці сілавікоў, якія набліжаюцца да журналіста.

"Мне по…й! Сука, што ты тут робіш?" — крычаць яго саслужыўцы і абрушваюць шквал удараў дубінкамі па галаве і іншых частках цела. У нейкі момант табе сваімі невялікімі рукамі, якія павялічыліся ў аб’ёме ў некалькі разоў, удаецца закрыць галаву.

Празь некалькі хвілін вяртаецца прытомнасьць, калі цябе пад рукі вядуць двое. Просіш зьвярнуць увагу на акрэдытацыю МЗС, патэлефанаваць прэс-сакратару МУС.

"Ня торгайся, бо прастрэлім яйцы!" — чуваць рогат. Бравыя "рэбята" закідаюць у аўтазак, там прымае "таварыш прапаршчык", які перакідвае з адной рукі ў другую стрэльбу.

"Сардэчна запрашаем у наш авіяляйнэр", — сьмяецца адзін з ваякаў. — "Лысы, на калені! Тварам у падлогу!" — патрабуе, зьняўшы акуляры і выключыўшы тэлефон журналіста.

Побач, утыкнуўшыся ў падлогу, на каленях стаялі двое мужчын. У аднаго з галавы сачылася кроў. Другі — спрабаваў патлумачыць, што трапіў "пад раздачу", калі дабіраўся з тралейбуснага парку пасьля заканчэньня зьмены.

Неўзабаве канвэер хапуна запрацаваў хутчэй. У аўтазак сталі закідаць і зьбіваць мужчын. Дзьвюх дзяўчат не чапалі, але на калені паставілі і іх.

"Сволачы, якіх перамен вы патрабуеце? Чаму, сукі, вам не падабаецца наш прэзыдэнт? Мы не дамо вам, підарасы, разарваць нашу краіну. Чаму мы павінны ночы ня спаць, зьбіраючы вас па вуліцах?" — роў на ўсё горла абаронца парадку. Ягоны саслужывец у гэты час "абшчаўся" зь дзяўчатамі, гуляючы з стрэльбай, дэманстраваў яе памер і намякаў пры гэтым на свае мужчынскія здольнасьці.

"Лысы, што ў цябе боўтаецца на шыі?" — спытаў ён у карэспандэнта. — "Акрэдытацыя МЗС — адказаў журналіст". — "А што такое МЗС?" — спытаўся таварыш прапаршчык.

Хвілін праз 40 пачалася перагрузка ў амонаўскі аўтазак. Затрыманых па чарзе падводзілі да дзьвярэй машыны.

— Дзякуй, што скарысталіся нашымі авіялініямі. Надвор’е за бортам хуёве, — праводзіў затрыманых бравы салдат ударамі дубінкі.

Журналіста гэтая доля прамінула. З амонаўскага аўтазаку чуваць былі ўдары і крыкі.

— Стой побач, пагрузім гэтых свалачэй, потым пойдзеш ты, — сказаў амонавец. У гэты момант падышлі два амонаўцы зь іншай брыгады:

— Прэса, якога… ты тут робіш? — спыталіся яны. Стала зразумела, што трэба нясьпешна сыходзіць. Праз тры-чатыры хвіліны журналіста прытуліў адзін зь цёмных двароў Каменнай Горкі.

 


"Ты жывеш — і раптам трапляеш у кіно пра канцлягер"


Максім Жукаў, 45 рокаў, прадпрымальнік, Віцебск:

— Мяне затрымалі ўвечары 9 жніўня каля выбарчага ўчастку. Мы зь сябрамі прыйшлі ўбачыць вынікі галасаваньня. Каля 40-й школы ў Першамайскім раёне Віцебску былі ня больш за пятнаццаць чалавек. Міліцыя і АМАП, якія зьявіліся неўзабаве, назвалі дзеяньні віцяблян несанкцыянаваным мітынгам і прасілі разысьціся.

Я пачаў гэта здымаць. Праз хвіліну мяне схапілі пад рукі, пасадзілі ў "бобік" і павезьлі ў ізалятар. У камэру адвялі пасьля поўначы. Акрамя мяне, там былі яшчэ сем чалавек.

У ІЧУ амаль усе камэры, як лазьня. У кожным куце ад вільгаці чорная цьвіль. Унітаз стаіць проста ў камэры, безь перагародак. У некаторых людзей забіралі абутак. Яны заставаліся босыя. Бялізны не было. Мы ляжалі на мэталічных пласьцінах. На 20 хвілін задрэмлеш, пасьля пачынае ўсё балець. Затое дазвалялі ляжаць удзень — можна было разьдзецца і хаця б майку пад галаву падкласьці.

На другую ноч затрыманых павезьлі ў аўтазаку ў СІЗА — як сказалі міліцыянты, на "бясплатную экскурсію".

На надглядзе нам загадалі разьдзецца дагала і прымусілі прысядаць. Пасьля разьмеркавалі па камэрах. Выдалі матрацы. Мы некалькі гадзін змаглі паспаць. А шостай — пад’ём разам з гімнам. Пасьцель скруцілі, вынесьлі — і можна альбо сядзець на ложках з жалезнымі пруткамі, альбо стаяць. Кожныя 15 хвілін робіць заўвагі наглядчык.

"Што, паглядзелі, што вас тут чакае, казлы? Жывёлы, будзеце на плошчу хадзіць! — мат і абразы ў наш бок ішлі бесьперапынным фонам.

Закрыты суд прайшоў днём у ізалятары часовага ўтрыманьня. Паводле часткі 1 артыкулу 23.34 — за парушэньне заканадаўства ў арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў далі 15 сутак. Адбываць тэрмін зноў павезьлі ў СІЗА.

Другі раз нас больш жорстка прымалі. У два шэрагі стаяць "пясочнікі" з аўтаматамі, у масках. Бляшаны ангар. Сабакі. Ноч. Выбягаем па адным. Паўсагнуты, вочы долу. Усіх да сьцяны. Цябе штурхаюць, але так, каб не заставалася сьлядоў. Найперш гэта калечыць маральна. Ты жывеш — і тут трапляеш у кіно пра канцлягер. Сюррэалізм нейкі. Людзі ў шокавым стане. Ты нічога не разумееш.

Пасьля бяжыш у бэтонны бокс, адтуль — на надгляд. Зноў разьдзявацца, прысядаць — пад пагрозы, што самае страшнае наперадзе. Бо ўказаньне зьверху было.

Я ня еў амаль чацьвёра сутак. Ім усё роўна, а мне больш для маральнай падтрымкі. Таксама ратаваў гумар, праўда, чорны.

У СІЗА было страшна. Ты ў закрытай прасторы, сярод узброеных людзей, з натрэнаванымі сабакамі. Яны могуць рабіць з табой усё, што захочуць. І ніхто пра гэта не даведаецца. Нам казалі: хутка зьбірайце пасьцель, інакш сабак спусьцім вам у камэру, будзеце скакаць пад столь. І яны маглі гэта зрабіць. І звонку ніхто б не дазнаўся.

Але нам пашанцавала. У параўнаньні зь Менскам у нас быў "пяцізоркавы курорт". Нягледзячы на маральны ціск.

На пятыя суткі стаўленьне да затрыманых зьмянілася. А ўвечары людзей адпускалі міліцыянты "з дрыготкімі рукамі". Я адседзеў пяць дзён зь пятнаццаці. Утрыманьне за кратамі абыдзецца прыблізна ў 70 рублёў.

 


З гісторыі Мікіты Крыўцова, цела якога знайшлі на 10-ы дзень пасьля пратэстаў


Алена Крыўцова, жонка Мікіты:

— 23 жніўня я падала ў Сьледчы камітэт заяву на завядзеньне крымінальнай справы па факце сьмерці мужа: ня веру, што ён мог скончыць жыцьцё самагубствам.

Ён быў вельмі жывы, любіў жыцьцё і па-чалавечы ня быў такім дужым, каб сябе забіць. Яшчэ ён меў вялікі пляны на далейшае жыцьцё, не зьбіраўся яго заканчваць. Гэта зусім на яго не падобна, што ён засіліўся. Гэта ня ён так зрабіў.

Рок два ў нас ужо праблемы ў шлюбе, мы сапраўды абмяркоўвалі будучы развод, але гэта не было для яго стрэсам, мы спакойна пра гэта гаварылі. Мы думалі, што недзе пасьля верасьня падамо заяву, але пэўнай даты не прызначалі. Мікіта працаваў, працягваў захапляцца футболам — жыў паўнавартасным жыцьцём. Пра такі канец ён дакладна ня думаў і мне не казаў.

Да нядаўняга часу я ня ведала, ці ўдзельнічаў ён у акцыях пратэсту. А калі сёньня пабачыла відэа, дзе ён стаіць перад шэрагам АМАПу зь бел-чырвона-белым сьцягам, думаю, што такое бывала і раней.

Ён актыўны, баявы, не баіцца паказаць свае погляды. Гэта так.

Ня ведаю, ці знайду сілы на апазнаньне. Будзе бацька ягоны, гэта дакладна. Нам сказалі, што яшчэ ідзе анатамаваньне, таму нельга пабачыць цела. У выніку пакуль яго ніхто ня бачыў. Ані я, ані бацькі — не паказалі. Мяне апыталі. Магчыма, паведамяць заўтра, дзе і калі будзе апазнаньне.

Пра апазнаньне Алена Крыўцова казала 23 жніўня. А 24-га адвакат паведаміў, што апазнаньня ня будзе.

25 жніўня бацька Мікіты Крыўцова ў прысутнасьці незалежнага судова-мэдычнага экспэрта і адваката агледзеў цела сына ў моргу.

Адвакат Віктар Мацкевіч:

— Паводле нашага экспэрта, трэба дачакацца вынікаў дасьледаваньняў, найперш гісталягічных. Цела за гэты час моцна зьмянілася. Бацьку вельмі цяжка было на гэта глядзець. Экспэрт сказаў, што адбыліся выразныя гніласныя зьмены мяккіх тканак цела, паказаліся косьці.


Хто такі Мікіта Крыўцоў


28-рочны фанат футбольнай каманды "Маладэчна" Мікіта Крыўцоў зьнік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова было знойдзена 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамленьня Сьледчага камітэту, Мікіта Крыўцоў задушыўся, сьлядоў крымінальнага характару на целе не было.

 


"Самы запамінальны ўдар — нагой у вока"


Елісей Федзін, 19 рокаў, Магілёў:

— Арыштавалі нас 12 жніўня далёка ад цэнтру гораду — у двары школы №9. За мною, відаць, сачылі, бо лічылі арганізатарам пратэстаў. У гэты дзень у тэлеграм-чаце я прапанаваў гараджанам сабрацца ў "ланцуг салідарнасьці" каля гандлёвага цэнтру "Арбат", які ў Кастрычніцкім раёне, і каля цэнтральнага ўнівэрмагу ў Ленінскім раёне. Каля "Арбата" сабралася блізу 500 чалавек, а каля ўнівэрмагу нічога не адбылося, бо мяне затрымалі.

На школьным двары сустрэўся з двума хлопцамі. Калі падыходзілі ўжо да выхаду, каля нас спыніліся чатыры шэрыя машыны, выскачылі амапаўцы і людзі ў цывільным. Мы наўцёкі...

Падсечкай зьбілі з ног. Я спрабую ўстаць, але мне "прылятае" кулак у вока. Падаю. На мяне чапляюць кайданкі і дабіваюць. Білі нагамі па грудзіне, нагах і самы запамінальны ўдар — нагой у вока. Я ня мог рухацца, ніякага супраціву не чыніў. Пасадзілі ў машыну. Двух хлопцаў павезьлі ў райаддзел міліцыі, а мяне, "галоўнага", вырашылі ў абласное ўпраўленьне.

Побач сядзеў амапавец. Мае рукі былі за сьпінай, а ягоная рука на маёй шыі, і ён неяк дзіўна пагладжваў мне яе ды выгаворваў: "Лепей бы пайшоў у войска, адслужыў, працаваў, быў нармальным чалавекам, а то як дурань бегаеш па мітынгах". Падсеўшы сьпераду, мужчына ў цывільным адразу пачаў біць кулаком па галаве ды выпытваць: "Хто яшчэ меўся прыйсьці? Выдавай усе кантакты…"

Пакуль ехалі ва ўпраўленьне, я пытаў, навошта яны нас б’юць, бо з нашага боку няма гвалту і мы хочам вырашыць усё мірна. У адказ мне прыгразілі, што паглядзяць, ці біць яшчэ. "Як усё раскажаш, то будзе ўсё добра", — казалі яны.

Ва ўпраўленьні вялі, нахіліўшы галаву ў падлогу. Зьнялі кайданкі і пачалі допыт. Выпытвалі, колькі мне заплацілі ды зь якой краіны. Я тлумачыў, што людзі выходзяць добраахвотна і яны мусяць гэта бачыць. Яны былі нібыта з прамытымі мазгамі. Крычалі: "Што табе не падабаецца ў краіне? Што ты хочаш зьмяніць у 19 рокаў?". Я адказаў, што мне не падабаецца дзейная ўлада.

Супакоіўшыся, далі анучку, каб выцер кроў. Былі яшчэ пытаньні, але я ня мог нармальна адказваць, бо стаў задыхацца, пачалася міжрэберная нэўралгія ад удараў у грудзіну. Яны спалохаліся. Выклікалі дзяжурную хуткую дапамогу, якая месьціцца каля ўпраўленьня. Мэдыкі сказалі, што мяне трэба экстрана шпіталізаваць, і прапанавалі выклікаць транспарт. Міліцыянты заявілі, што самі завязуць.

Дарогаю гразілі, каб не казаў пра зьбіваньне і ня траціў прытомнасьць. Мой стан быў блізкі да гэтага. У прыёмным пакоі лекарка запытала, што здарылася. Я адказаў: "З турніка ўпаў". Яна зразумела, што мяне пабіла міліцыя, бо за мною сталі двое мужчын, якія прызналіся, што міліцыянты.

У асобным кабінэце я сказаў праўду. Патэлефанаваў маці. Мяне шпіталізавалі. Праз дзьве гадзіны прыйшоў супрацоўнік Сьледчага камітэту і сказаў пісаць заяву на тых, хто мяне біў, бо яму "аформілі крымінальную траўму" ды ў картачцы пазначылі "зьбіты супрацоўнікамі міліцыі". Я напісаў заяву пра зьбіцьцё і на крадзеж мабільнага тэлефона.

Праз кароткі час зноў прышоў сьледчы з супрацоўнікам крымінальнага вышуку. Яны прынесьлі мабільны тэлефон. Міліцыянт заявіў, што я сяду на тры гады за абгаворы, бо я абяцаў нікому не расказваць пра зьбіваньне. "Ты паляжы ў бальнічцы, адпачні, а я цябе потым знайду", — казаў ён. Мяне гэта напалохала. Прызнаюся, што не хачу сядзець у турме за праўду і адстойваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.

Да мяне больш ніхто не прыходзіў. Дні праз чатыры мне патэлефанавалі зь Ленінскага аддзелу міліцыі, запыталі, ці хацеў я арганізаваць акцыю, перакрыць транспартны рух. Адказаў, што не. Яны заявілі, калі будзе даказаная віна, то мяне пакараюць за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Больш не турбавалі.

Мэдыкі дыягнаставалі пералом рашэцістай косьці, кантузію лёгкай ступені, выцятыя грудзіну ды галёнку правай наги, разрыў ніжняга павека левага вока.

У мяне адна маці, і яна перажывае, але са мною такіх жа думак. Мы не задаволеныя тым, што адбываецца ў краіне. Мушу адзначыць, што ў Магілёве ўсе пратэсты праходзілі мірна, без сутычак зь міліцыяй. Я прыхільнік такіх акцыяў“.

 



"Перада мной у машыне разьбілі шыбу і выцягнулі чалавека,
затым тое самае здарылася і са мной"


Аляксей Шчытнікаў, 47 рокаў:

— Мяне затрымалі 12 жніўня на праспэкце Дзяржынскага. Перада мной у машыне разьбілі шыбу і выцягнулі чалавека, затым тое самае здарылася і са мной.

Мяне затрымліваў АМАП. Я нават падумаў, што ён не беларускі, чуў, што, маўляў, давай "гасьцей" адпраўляць.

У аўтазаку мяне білі ўсю дарогу. Білі моцна. Яны дзяцей гэтых проста ламалі. 13-га мы прыбылі з Маскоўскага РУУС сюды. На вуліцы практычна былі да вечара. Спачатку на локцях, ракам стаялі. Як параненыя і з траўмамі, так і астатнія. Не давалі хадзіць у туалет, а папіць далі толькі праз суткі. Потым нас усіх паклалі тварам у падлогу ў актавай залі; пасьля саджалі так, што дранцьвела шыя. Пасьля чаго мы ноч правялі ў "стакане" — гэта маленькая камэра, у якой не было як дыхаць.

Перад тым, як выйсьці, я падпісаў "папярэджаньне" пра масавыя беспарадкі. Гэта значыць, што вы, кшталту, на алоўку, калі будзеце ўдзельнічаць, то наступны раз атрымаеце максымум.

 


"Амапавец "жартаваў", маўляў, давайце кінем у аўтазак гранату і зачынім дзьверы"


Вячаслаў Пятроў:

— Уначы на 11 жніўня я ішоў ва ўнівэрсам "Рыга" і ўбачыў барыкады. Сілавікі хапалі ўсіх запар, валілі на зямлю, зьвязвалі рукі плястыкавымі хамутамі.

У нашым аўтазаку было чалавек трыццаць, укладзеныя ў чатыры пласты. Яны залазілі наверх, тапталіся, садзіліся зьверху, каб ніхто ня змог падняцца. Я падняў галаву, каб паглядзець, — пабілі. Адзін зь сілавікоў пажартаваў, маўляў, давайце туды кінем гранату і зачынім дзьверы — няхай ведаюць…

Зьнізу людзі пачалі задыхацца, прасілі, каб іх адтуль дасталі, далі паветра. За гэта верхніх зноў сталі біць. Сказалі перадаць ніжнім, каб больш нічога не прасілі. Я ляжаў трохі на баку, мне далі па рэбрах. Пакуль даехалі, усё адзеньне прамачылася ў крыві.

У ІЧУ на Акрэсьціна мяне ўсю ноч пратрымалі тварам у траву. Быў вобшук. У мяне выпаў тэлефон і ляжаў побач. Амапавец пачаў крычаць, што я здымаю відэа. Мяне пабілі і паабяцалі засунуць у штаны пэтарду. На маіх вачах хлопцу з доўгімі валасамі тры разы абрэзалі валасы. Крычалі на яго: "Ты патлаты!", білі. Іншаземцу крычалі: "Ты, чарнажопы, прыехаў у нашу краіну. Вось табе свабода!" Таксама білі. Я два разы атрымаў у рабрыну, разы тры-чатыры — па сьпіне.

Потым сьледчы патрабаваў ад мяне назваць прозьвішчы тых, хто плаціць. Казаў, што мы адказваем па сцэнары. Абяцаў 12 рокаў пакараньня паводле крымінальнага артыкулу.

 


"Заткні еб…о, с…ка". 55-рочная гарадзенка пры затрыманьні ўкусіла амапаўку.
Яе зьбілі, а цяпер завялі крымінальную справу


Жыхарку Горадні Марыну Палікарпаву затрымалі 9 жніўня і зьбілі супрацоўніцы АМАП. Пазьней на яе завялі крымінальную справу, бо жанчына ўкусіла амапаўку.

Марыне Мікалаеўне 55 рокаў. Працуе правізарам у аптэцы. Увечары 9 жніўня яна з братам пайшла ў цэнтар Горадні пагуляць. У мітынгу ня ўдзельнічала, ня мела пры сабе ніякай сымболікі. Знаходзілася ў сквэры побач з Савецкай плошчай, убаку ад асноўных падзей. За ўдзел у мітынгу атрымала трое сутак. Ніжэй расказ Марыны Палікарпавай пра тое, што адбылося.

— Яны (супрацоўнікі АМАП. — "Р.С.") прыкладна ў гэты час атрымалі каманду. Рэзка ўвесь гэты ланцуг дастаў дручкі і пабеглі на гэтых людзей, біць. Я спужалася. Ззаду стаяў амапавец у шлеме, ён ня бег. Я ў яго запыталася: "Я баюся, нешта пачынае адбывацца. Куды можна прайсьці, куды можна выйсьці? Я тут выпадкова аказалася. Туды цераз сквэр можна прайсьці?" Ён мне: "Не, нельга". — "А куды". Ён паказаў на тралейбусны прыпынак. Я туды пайшла, а там машына стаіць, не аўтазак, а бус.

Мужчына бяз формы адразу мяне забраў у бус, пачаў на мяне гарлаць: "Пашпарт давай! Зараз пратакол на цябе напішам. Атрымаеш 20 базавых або 25". Я збаялася, але без усялякага супраціву села ў бус. Думала, павязе мяне ў міліцыю.

Ён мяне правёз па Савецкай вуліцы, дзе помнік Сакалоўскаму. Там стаяла іншая машына, не міліцэйская, бус. Ён мне сказаў пераходзіць. Я перайшла. Там дзьве дзяўчыны ў цывільным адзеньні, у мэдыцынскіх масках. Сьпераду сядзеў чалавек у міліцэйскай форме.

Цяпер дакладна не ўзгадаю, чаму размова пра пашпарт зайшла. Хіба яна мне сказала: "Ты, пэўна, у Польшчы жывеш". Я кажу: "Вось мой пашпарт, паглядзіце, дзе я жыву. Увогуле мне сказалі пашпарт даваць, бо пратакол будзеце складаць. Даваць пашпарт ці не даваць?" На што яна мне адказвае: "Заткні еб…о, с…ка".

У мяне вочы па пяць капеек. Я кажу: "А гэта як разумець? Вы, дзяўчаты, так сябе паводзіце. Вы, пэўна, на працы знаходзіцеся. Чаму вы так выражаецеся? Я нешта зрабіла?". Ім не спадабалася, што я ім кажу. Пачалі мяне біць рукамі і нагамі. Ударылі першы раз у плячо і ў сьцягно, каб я ўпала ў крэсла.

Я ім тады культурна, ветліва кажу: "Даруйце мне, але калі вы мяне б’яце, то хоць прадстаўцеся, хто мяне б’е. Я заўтра пайду здымаць пабоі, то павінна буду сказаць, хто мяне біў". — "Ха-ха-ха, хі-хі-хі. Я Маша Лу-кака, а я Насьця Лу-кака". — "А пры чым тут Лу-кака?" — "Не заткнесься, мы зараз на цябе кайданкі надзенем". — "Вось, надзявайце кайданкі, калі я такая небясьпечная".

Надзелі кайданкі так, што адзін расшпіліўся. Я вазьмі і бразьні: "Ня можаце нават нармальна кайданкі надзець". — "Ах, табе не падабаецца, што сьпераду кайданкі зашпілілі! Зараз надзенем так, што табе спадабаецца". Яны пачалі ўдваіх мяне мяцеліць, куды трапляла. Твар мне разьбілі. У мяне на твары былі акуляры, была ранка. Потым я старалася твар прыкрыць, бо я працую ў аптэцы. Як я пайду на працу з разьбітым тварам? Я ж ня думала, што мяне на трое сутак пасадзяць.

Мне трэба было рукі за сьпіну заламаць. Яна (супрацоўніца АМАП) пачала мяне душыць. Я галаву апусьціла. Хто ж дасьць сябе душыць? Я яе за руку і ўкусіла. Калі была вочная стаўка, мой адвакат запыталася ў міліцыянткі: "А дзе вашыя пашкоджаньні? Я ніякіх пашкоджаньняў на вас ня бачу. А Марына Мікалаеўна ўся сіняя". Другая сказала, што я ёй падрапала лоб.

Яны ўдваіх спрабавалі мяне скруціць. Усё-такі скруцілі. Паклікалі: "Віця". Ён зьверху мяне па галаве кулаком бабах. Першыя тры дні я шыяй не магла паварушыць. Ён мне зашпіліў кайданкі так, што кроў з рук пайшла. Заколку з валасоў вырвалі. У мяне валасы доўгія, наперад на твар. І ў такім стане мяне на Дубко (РАУС Ленінскага раёну Горадні. — "Р.С.") пратрымалі каля трох гадзін у кайданках.

Там затрыманыя мужыкі пачалі гарлаць: "Мянты, сумленьне згубілі. Здыміце з жанчыны кайданкі". Яны мяне ў такім стане трымалі там".

Палікарпаву затрымалі за нібыта ўдзел у мітынгу. Яна сядзела трое сутак. Двойчы ў РАУС выклікалі "хуткую", вазілі на абсьледаваньне ў шпіталь, бо яе званітавала, кружылася галава, падскочыў ціск, апухла шыя. У шпіталі абверглі страсеньне мозгу, сказалі, што пераломаў няма. Зноў яе вярнулі ў райаддзел.

Гарадзенка сядзела ўвесь час у адзіночнай камэры. З Горадні перавезьлі ў Шчучын. Пакармілі на трэці дзень. У камэры не было вады, прыбіральні. На трэці дзень выдалі матрац, ён сьмярдзеў.

На Марыну завялі крымінальную справу за гвалт у дачыненьні да міліцыянтак (артыкул 364). Паводле пастановы аб затрыманьні, яна ўкусіла за руку прапаршчыка міліцыі Дар’ю Бандарчук і ўдарыла па галаве прапаршчыка міліцыі Марыю Мазуркевіч.

Па словах Палікарпавай, падчас ейнай вочнай стаўкі зь міліцыянткамі на іх пашкоджаньняў не было відаць, а сама Марына Мікалаеўна яшчэ "ўся была сіняя".

Санкцыя 364 крымінальнага артыкула прадугледжвае пакараньне да 6 рокаў пазбаўленьня волі.

— Буду сядзець, калі такія людзі краіне не патрэбныя, — кажа гарадзенка.

Марына Палікарпава падала заяву ў праваахоўныя органы, каб узбудзілі крымінальную справу на міліцыянтак за тое, што яе зьбілі. Амаль праз два тыдні адказу на заяву няма.


"Радыё Свабода", 2 верасьня 2020 р.

 

 

Лекара-ўролага затрымалі 2 верасня — з Акрэсціна павезлі ў лякарню


У Аляксея Беластоцкага пераломам пазванкоў, закрытая ЧМТ, удары груднога аддзела і левай ныркі.

Уролаг 4-й гарадской клінічнай лякарні Менска Аляксей Беластоцкі цяпер стаў пацыентам шпіталя хуткай дапамогі. Туды яго даставілі з ізалятара на Акрэсціна 3 верасня з пераломам пазванкоў, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, ранай левай галёнкі, ударамі груднога аддзела і левай ныркі. Да гэтага ён пабываў у Фрунзенскім РУУС, а затрымалі яго каля станцыі метро "Пушкінская". Паводле яго слоў, яго білі і ў бусе пасля затрымання, і ў самім РУУС.

2 верасня, кажа Аляксей Беластоцкі, ён а 19:00 вечара праязджаў на аўто міма станцыі метро "Пушкінская" і накіроўваўся ў лазню да бацькі.

— Заўважыў, што каля "Пушкінскай" шмат людзей і падумаў, што, можа, там медыцынская дапамога каму патрэбна. Прыпаркаваўся і падышоў, медыцынская дапамога там нікому не была патрэбная, але людзі там спрабавалі ачысціць ад солі мемарыял, я далучыўся. Адзін з супрацоўнікаў у форме пачаў адганяць: патрабаваць дакументы, усяляк запалохваць, маўляў, гэта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, трэба пакінуць месца. Я падышоў спакойна і папрасіў прадставіцца, ён сказаў, што ўжо прадстаўляўся, але я не чуў. Потым папрасіў яго даць дакументы, ён пачаў у сваёй манеры адказваць, я зразумеў, што праўды не даб'юся, і адышоў. Потым ён стаў размаўляць з нейкім хлопцам, я падышоў, каб гэтага хлопца адвесці ад яго, і зноў спытаў у яго, хто ён, папрасіў паказаць дакументы. Затым пад'ехаў нейкі мужчына ў касцюме, папрасіў усіх разысціся, сказаў, што тут вядуцца рамонтныя работы. Я спытаў, а дзе нейкая агароджа і нейкі дакумент. Ён сказаў, што яму дакумент не патрэбны.

Аляксей адзначае, што ў нейкі момант ён пачуў крыкі жанчыны і заўважыў, што ў яго бок набліжаецца прыкладна чалавек дзесяць у цывільным адзенні, кепках, масках.

— Мяне людзі паспрабавалі абступіць, але гэта не дапамагло — мяне выхапілі і павялі ў бус два ў цывільным і мужчына ў форме, якога я прасіў паказаць дакументы. У бусе пачалі збіваць, мне вывернулі футболку на твар, каб я не бачыў, хто б'е, адзін мяне трымаў, другі ўзяў мой тэлефон, і хоць ён быў запаролены, неяк яго разблакаваў і пачаў глядзець, хто мне пісаў, у якіх групах я знаходжуся, а трэці біў мяне. Затым мяне прывезлі ў РУУС, завялі, заламаўшы рукі, у пакой, кінулі на падлогу і ўдарылі злева і справа, потым пачалі апытваць: хто, што, дзе быў і навошта, склалі пратакол. Быў яшчэ супрацоўнік у цывільным, які прыйшоў з рацыяй, пачаў на мяне крычаць, сказаў устаць, ударыў у грудзі — я прысеў. Пратаколаў на мяне было два: адзін з нагоды ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, другі — за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Пакуль складалі ўсе гэтыя пратаколы, мне казалі, што супрацоўнікі паважаюць лекараў, іх праца, і, маўляў, мяне нікуды не павязуць, пару гадзін дзесьці пасяджу і паеду дадому. Але потым мяне з усімі разам, нас было шэсць затрыманых, павезлі на Акрэсціна.

Са слоў Аляксея, у яго балела спіна, было балюча рухацца, і ён паведаміў пра гэта ў ЦІП на Акрэсціна, яму адказалі, што выклікаюць хуткую, затым сказалі, што, можа быць, самі адвязуць у лякарню. У выніку яго адправілі ў камеру. Там ён зноў папрасіў супрацоўнікаў ізалятара ўдакладніць, ці прыедзе хуткая. Ноч ён правёў у камеры, хуткая так і не прыехала.

— 3 верасня з раніцы прыйшла фельчарка, яна мяне агледзела, я агучыў свае скаргі, мне сказалі, што будуць старацца выклікаць хуткую. Потым быў сняданак, а затым я паспрабаваў паспаць, мне стала горш: пачало трэсці, з'явіліся млоснасць і ваніты. Зноў прыйшла фельчарка, зрабіла ўкол абязбольвальнага, мне стала крышку лягчэй, боль прытупіўся, але млоснасць і ваніты ўсё роўна былі. Яна абмовілася, што не могуць выклікаць хуткую, пакуль няма суду. Затым мяне адвялі ў пакой, дзе па відэасувязі пачаўся суд. Копій пратаколаў у мяне не было на руках, бо мне іх не далі яшчэ ў РУУС. Я сказаў суддзю, што хадайнічаю аб пераносе разгляду справы ў сувязі з дрэнным самаадчуваннем, апісаў яму сімптомы. Ён папрасіў выклікаць хуткую і сказаў, што працягнем пасля агляду медыкаў. Хуткая забрала мяне ў лякарню.

Аляксей цяпер у БХМД, кажа, што ў яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма, рана левай галёнкі, удар грудной клеткі, пераломы паяснічных пазванкоў, удар левай ныркі. Суд не адбыўся, медык мяркуе, што яго будуць судзіць ужо пасля выздараўлення.

Аляксей Беластоцкі скончыў Гомельскі медуніверсітэт у 2012 роке, інтэрнатуру праходзіў у Магілёўскай абласной бальніцы, потым два рока па размеркаванні працаваў у Быхаве, затым — уролагам ў месцкім ўралагічным цэнтры ў Магілёве, прайшоў два гады клінічнай ардынатуры ў Гомелі і больш за рок ужо працуе ў Менску.


"Хартыя’97%", 4 верасьня 2020 р.

 


16-рочны хлопец, які патрапіў у лякарню пасля дзеянняў карнікаў
ізноў апынуўся ў рэанімацыі


Ўчора на допыце ў СК у 16-рочнага Цімура здарыўся посттраўматычны прыступ. Зараз ён знаходзіцца ва 2-ой месцкай лякарні Менска пад канвоем. 

Нагадаем што раней хлопец патрапіў у лякарню з чэрапна-мазгавою траўмаю, скалынаньнем мозгу, адкрытым пераломам сківіца-арбітальнага комплексу, сутаргавым сіндромам, параарбітальнае гематомаю справа, множнымі ўдарамі мяккіх тканін і канечнасьцяў, травматычнаю эрозіяю рагавіцы двух вачэй.


Telegram-канал NEXTA Live, 4 верасьня 2020 р.

 

 

"Таго, што не дыхаў, выкінулі з аўтазака". Сведчанні ахвяраў гвалту


Пра безліч выпадкаў паслявыбарчага гвалту ведае кожны з нас. Гэтыя падзеі, бясспрэчна, сталі пераломным момантам у гісторыі Беларусі, хоць перамены не наступілі імгненна. Паводле факту забойстваў у выніку паслявыбарчых пратэстаў не распачата ніводнай крымінальнай справы, але існуюць відэадоказы злачынных дзеянняў людзей у форме і балаклавах.


Смяротныя выпадкі старанна хаваюць?


Аляксандр Будніцкі загінуў 11 жніўня побач з менскім універсамам "Рыга", дзе адбываліся жорсткія сілавыя разгоны дэманстрантаў. Хоць праваахоўныя органы адразу ж атрымалі асабістыя звесткі гэтага чалавека, сваякам пра гэта чамусьці не паведамілі, а цела аддалі ў дзень пахавання. Журналісты праграмы "Кожны з нас" трапілі на жалобную цырымонію, дзе брат загінулага паведаміў, што пакет з парэшткамі не раскрывалі, бо адчувалі, што цела ўжо ператварылася ў жэле.

— Хоць і напісалі заяву паводле факту знікнення чалавека, ніводзін аператыўнік ці ўчастковы не прыехаў па месцы жыхарства і нас не дапытаў. Хоць яны ведалі ўсю паднаготную, — разважае Сяргей Боршч, сусед Аляксандра Будніцкага ў менскім інтэрнаце. — Следства ніяк не працавала. Сваякам паведамілі пра смерць Аляксандра толькі тады, калі выпадкам шчыльна заняліся журналісты.

А вось што ў студыі прыгадвае Аляксандр Наскоў, якога брутальна затрымалі 11 жніўня на выхадзе з універсаму "Рыга":

— У аўтазаку я ў пятым шэрагу зверху ляжаў. Хтосьці знізу пачаў крычаць, што людзі задыхаюцца, а нехта ўжо не рухаецца. Яны пачалі па нас бегаць, раскідаць ў розныя бакі і даставаць чалавека, які не дыхае. Яго проста выкінулі, паклалі каля аўтазака, і куды яго, што — без паняцця.


"Жанчыну згвалцілі міліцэйскай дубінкай"


Апісанні адмысловых збівання і катаванняў дагэтуль шакуюць шараговых беларусаў.

Крысціна Вітушка тры дні правяла ў менскім ізалятары на Акрэсціна. Жанчына ледзь не загінула праз неаказанне медычнай дапамогі.

— Бачыць, хай сабе і краем вока, голым майго мужа на каленях каля сцяны… І потым нас ставяць туды ж на калені, і там кроў і валяюцца прэзерватывы — гэта ўжо было бесчалавечна, — апісвае пабачанае Крысціна.

Юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Павел Сапелка паведамляе, што лічба затрыманых пасля выбараў па ўсёй краіне — у межах 7500–8000 чалавек. Пераважная большасць сутыкнулася з нялюдскім стаўленнем. Што датычыць выпадкаў сексуальнага гвалту, то ахвяры пасля перажытага не імкнуцца паведамляць пра падобнае публічна. Вядомы выпадак, калі жанчыну згвалцілі міліцэйскай дубінкай.

— Мы ведаем пра гэты выпадак, ён існуе. Але мы не застаемся ў кантакце з ахвярай. З гэтай ахвярай кантактуюць іншыя людзі, — кажа Сапелка.


Як жывуць беларусы, якія атрымалі калецтвы і цяжкія траўмы?


У межах выдання гучаць гісторыі людзей, якія трапілі літаральна ў эпіцэнтр баявых дзеянняў і якім пашчасціла ацалець. Гэтак, мянчук Зміцер Смаляк атрымаў шэсць пераломаў нагі пасля выбуху нібыта несмяротнай святлошумавой гранаты. Георгій Сайкоўскі ў такой жа сітуацыі страціў частку ступака, а Раман Зайцаў цудам выжыў пасля атакі сілавікоў і дае інтэрв’ю пасля дзясятка аперацыяў у вайсковым шпіталі.

Як дайшло да такога, што тысячы сілавікоў пачалі калечыць сваіх землякоў-беларусаў? Як гэта змяніць, і ці адбудзецца ў Беларусі люстрацыя?


"Белсат", 10 верасьня 2020 р.

 

 

Пытки ОМОНа


Невозможно перечислить все зверства и издевательства карателей над протестующими. Мы выбрали 10 фактов жестокого и недопустимого обращения с людьми. Вот чем занимаются "невиновные" каратели.

1. Изнасилование мужчины резиновой дубинкой;
2. Силовики наступали на сломанную ногу и пинали по ней;
3. Разрезали сзади шорты и угрожали, что засунут в задний проход гранату;
4. Переломы, выбитые зубы, рассечения мягких тканей и ожоги от электрошокера, а также черепно-мозговые травмы различной степени тяжести;
5. Избивали кулаками, ногами и дубинками, часами заставляли стоять, находиться на коленях или лежать в стрессовых позах и сутками держали в переполненных сверх всякой меры камерах;
6. Журналист из Городни предъявил свою пресс-карту, но его всё равно забрали, и при этом омоновец сломал ему оба запястья;
7. Омоновец выстрелил в упор в человека резиновой пулей и потребовалась операция, чтобы извлечь пулю из лёгких;
8. У человека, оставленного без инсулина на момент перевода в больницу наступила клиническая смерть;
9. Задержанному омоновцы отрезали дреды;
10. Поставили на колени лицом к спине следующего задержанного и стянули руки сзади пластиковой стяжкой. Стяжка была настолько тугая, что кровоточили запястья.

"Задокументированные нами пытки и недозволенное обращение нарушают целый ряд международных обязательств, которые Беларусь несёт, в частности, как участник Международного пакта о гражданских и политических правах и Конвенции ООН против пыток, а также как член ОБСЕ", — пишет HWR.

Ничто не будет забыто.


Telegram-канал NEXTA Live, 16 верасьня 2020 р.

 

 

"Што, дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа"


"Радыё Свабода" зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-верасьні 2020 рокуу. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.


"Што, дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа"


Студэнт менскай ВНУ, 21 рок:

— 12 верасьня каля паловы шостай я стаяў каля мэтро "Плошча Перамогі" і глядзеў на тэлефоне карту, бо зьбіраўся ісьці да сяброў. У гэты час побач было шмат журналістаў. Як я потым даведаўся, у горадзе якраз скончыўся марш. І ў момант, калі я падняў галаву ад тэлефона, да мяне падбеглі людзі ў аліўкавай форме і балаклавах і ўдарылі ў нос. У бус без нумароў мяне пацягнулі з пабітым носам, ішла кроў.

Мяне, як толькі паклалі на падлогу ў бусе, пачалі біць нагамі. Некалькі ўдараў было кулакамі ў твар. Адразу сказалі: "Усё, мы пра цябе ўсё ведаем, ты каардынатар з Польшчы". Гаварылі нейкімі агульнымі фразамі. Было відаць, што спрабуюць запалохаць. Нічога канкрэтнага не прад’яўлялі, казалі, што яны нібыта даўно высочвалі мяне. Настойвалі, каб я ў чымсьці прызнаўся. Спрабавалі запалохаць мяне псыхалягічна, каб я прызнаў, што я нейкі каардынатар. Пры гэтым білі ў нагу, у твар, па галаве, па сьпіне. Хоць я ўжо ня памятаю, як мяне білі па сьпіне, толькі потым знайшоў сінякі ў сябе. Не адчуваў гэтага ад болю і шоку, напэўна.

У аўтобусе мяне паклалі на падлогу паміж сядзеньнямі. З затрыманых я быў там толькі адзін, а сілавікоў пяць. Тэлефон, які заставаўся ў мяне ў правай руцэ, я выключыў і закінуў пад сядзеньне. Яны потым знайшлі яго і сказалі: "Глядзі, які хітры, думаў, ня знойдзем?", і зноў білі. Сказалі, што я "добра падрыхтаваны", раз выключыў тэлефон. Потым пачалі "выбіваць" пароль. Патрабавалі пагрозамі і запалохваньнем. Я не называў пароль ад тэлефона, на што яны адказвалі, што я нібыта "наркаман пад дозай". Білі ўвесь час, я крычаў ад болю, стараліся зламаць нагу. Спрабавалі разблякаваць тэлефон маім адбіткам пальца. Тыцкалі мой палец у мэталічную штучку на чахле тэлефона, прызначаную для магніта ў аўтамабілі. Калі яны зразумелі, што гэта ня «сканэр пальцаў», то пачалі тыцкаць мае пальцы ў камэру.

Потым у нейкі момант "галоўны", які сеў сьпераду буса, дастаў дубінку і сказаў: "Ведаеш, куды табе яе зараз засунем, калі ты ня скажаш пароль? І ў горла, і згвалцім. Ну давайце, пацаны, пачынаем". У гэты час іншыя сілавікі пачалі сьцягваць зь мяне шорты і трусы. Я адбіваўся, як мог. Спадзяваўся, што яны перастануць. Так і адбылося. Усё абышлося запалохваньнямі. Было страшна і непрыемна, але я спрабаваў трымаць сябе ў руках, наколькі гэта магчыма ў такой сытуацыі.

Палохалі крымінальнай справай і тэрмінам на пяць рокаў. Пыталіся: "Ну што, кепска табе жылося да гэтага?" Я ім спрабаваў давесьці, што я ня ўдзельнічаў у мітынгах, не выкрыкваў лёзунгаў, што пацьвярджае месца майго затрыманьня. Аднак, чым больш аргумэнтавана я спрабаваў растлумачыць ім сваю невінаватасьць, тым больш яны злаваліся і білі мяне.

У нейкі момант надзелі на рукі сьцяжку і зацягвалі ўсё больш і больш. Ад пастаяннага біцьця мне стала кепска. У бусе я ўжо быў страціў прытомнасьць ці быў блізкі да гэтага. Мяне адразу палілі вадой. Я пачуў: "Хлопцы, хлопцы, ня біце пакуль, пачакайце". Мабыць, у іх усё ж нейкія межы ёсьць. Хоць ня ўпэўнены, ці можна назваць гэта межамі з маім дыягназам і іншымі гісторыямі выкраданьняў. Ніяк, акрамя як выкраданьні, гэта не назавеш, гэта грубае парушэньне правоў чалавека.

У нейкі момант аўтобусік спыніўся. Я пачуў: "Пацаны, вытрыце яго". Увесь гэты час у мяне кроў з носу лілася. Яны выціралі мяне маёй жа кофтай, палівалі вадой. Потым пасадзілі мяне на край парога выхаду з буса. У гэты час да мяне падышоў супрацоўнік з камэрай і пачаў задаваць пытаньні: "Што ты каардынаваў? Давай прызнавайся!" На што я сказаў, што я нічога не каардынаваў, я проста ішоў.

Потым вярнуліся ў машыну і зноў пачалі езьдзіць па горадзе. Кіроўца мне сказаў: "Ты ж разумееш, што мы можам так езьдзіць колькі заўгодна?" Зьбіваньне, запалохваньне, пагрозы пры гэтым працягваліся. Напрыклад, казалі: "Такія пачвары, як вы, будзеце рэзаць потым нашых дзяцей". Яны скардзіліся, што на іх ідзе вялікі ціск.

Быў момант, калі я спрабаваў зь імі пагаварыць па-чалавечы, на што яны адрэагавалі ўсе адназначна: "Ты што, с..ка, нас запісваеш?" Пачалі біць, распранаць і шукаць нейкі мікрафон, на які я іх нібыта запісваў. Казалі, што калі я ўсё ж іх запісваў, то яны мяне знойдуць. Яны вельмі баяцца, каб іх ніхто ніяк не запісаў.

Чыталі навіны ў тэлефоне, абмяркоўвалі, сьмяяліся: "Чулі, пацаны, нам застаўся тыдзень, каб звольніцца зь сілавых структур, інакш нам канец". Усе пасьмяяліся. Відаць, што яны шчыра вераць у дзяржаўную прапаганду пра "каардынатараў зь Літвы і Польшчы".

Пыталіся, ці ёсьць у мяне дзяўчына. Калі я сказаў, што няма, то пачалі называць "заднепрывадным". Зноў пачалі пагражаць згвалтаваньнем. Сказалі: "А давайце яго безь дзяцей пакінем!" Пачалі біць... Добра, што білі не туды.

На мне быў электронны гадзіньнік Samsung. Сілавікі зьнялі яго і сталі глядзець кантакты. Пыталіся пра некаторыя кантакты, чаму так захаваныя. Калі ўбачылі нумар адваката, то зноў пачалі вінаваціць мяне, што я "падрыхтаваны, быў гатовы да гэтага, каардынатар".

Мяне даставілі ў РУУС Першамайскага раёну. Калі я ішоў у будынак, то кульгаў, таму што сілавікі адбілі мне нагу. Яны крычалі, каб я не кульгаў. Сілавікі сказалі мне, што гэта я сам упаў, калі яны затрымлівалі мяне. У РУУС у іх спыталі, ці супраціўляўся я, на што яны сказалі, што сам зваліўся спачатку.

Супрацоўнікі міліцыі ў аддзяленьні таксама пагражалі мне. Адзін зь іх сказаў: "Што, пацаны, пароль ад тэлефона не гаворыць? А дубінка не дапамагае? Нічога, паяльнік у зад дапаможа". У самім аддзяленьні сілавікі асьцярожнічаюць у сваіх дзеяньнях. Магчыма, таму, што камэры там вісяць. Пагрозы шапталі на вуха. Напрыклад: "Калі ня скажаш пароль, то ты адсюль ня выйдзеш". Часта на ногі мне там наступалі. Але, калі хапалі за валасы і білі ў патыліцу, то спынялі адзін аднаго: "Цішэй, тут ня бі".

Калі тэлефанавалі дзяжурнаму на тэлефон і, мабыць, пыталіся, ці дастаўлялі кагосьці ў Першамайскае, ён адказваў: "Сюды нікога не прывозілі, нікога не дастаўлялі". Пры гэтым там было дакладна дзьве дзяўчыны, якіх таксама абвінавачвалі ва ўдзеле ў мітынгу. Але іх сілавікі не чапалі: наадварот, жартавалі і заляцаліся да іх.

Калі мяне павёў адзін з супрацоўнікаў у прыбіральню, то спытаў: "Цябе калі-небудзь мачалі ва ўнітаз галавой? А хочаш?" Мне так рукі сьціснулі сьцяжкай тады, што я ня мог нават зрабіць іх "лодачкай", каб памыцца. Я ня мог рукі сагнуць, зь іх пастаянна выцякала вада. Мяне выціралі капюшонам маёй жа кофты. Спробы запалохваньня былі пастаянна. Я часта прасіў лекара, часта казаў, што мне дрэнна. На гэта яны адказвалі: "Скажы пароль – будзе лекар". Гулялі ў "добрага і дрэннага міліцыянта", прычым гэта мог быць адзін і той жа чалавек: спачатку біць, а потым запэўніваць, што ўсё добра.

У той час, як мяне сілавікі білі, запалохвалі, пагражалі, на ногі наступалі, за валасы трымалі, міліцыянты зь Першамайскага РУУС нават не глядзелі ў мой бок і не падыходзілі. Яны проста бязьдзейнічалі.

У РУУС сілавікі і міліцыянты спрабавалі даведацца мой пароль ад тэлефона. Былі фразы: "Вось у нас вельмі добрыя хакеры, яны твой тэлефон узламаюць, так што, калі ты ня скажаш цяпер па-добраму, то будзе па-дрэннаму".

Сілавікі абмяркоўвалі пры мне, што можна мне "прыпісаць" артыкул 205 Крымінальнага кодэксу ("Крадзеж"), што я нібыта скраў у аднаго зь іх свой жа электронны гадзіньнік і тэлефон, раз я пароль не называю, то магчыма, гэта ня мой тэлефон. Магчыма, гэта быў жарт, але ўспрымаў гэта я тады не як жарт. Казалі, што я абколаты, наркаман нейкі, у стане алькагольнага ап'яненьня.

Калі "зялёныя чалавечкі" пакідалі РУУС, то сказалі міліцыянтам не выклікаць мне хуткую дапамогу, бо я нібыта сымулянт. У прытомнасьць мяне прыводзілі антысэптыкам: пырскалі на рукі, на ватку і на скроні. У бусе і ў міліцыі яшчэ ціснулі на сківіцу, каб я апрытомнеў. У РУУС прынесьлі мне шалік, прамочаны чымсьці, казалі: "Дыхай, дыхай". Але я ўсё слабей і слабей успрымаў інфармацыю звонку. "Хуткую" ўсё ж такі выклікалі пасьля таго, як убачылі, што я ўжо ледзь сяджу на крэсьле, звальваюся.

Папрасілі, каб "хуткая" ехала хутчэй і зь мігалкамі, а мяне ў гэты час трымалі, каб я ня ўпаў. Калі выклікалі "хуткую", то мяне паклалі на падлогу і глядзелі, каб са мной нармальна было ўсё.

Калі прыехала "хуткая", то міліцыянтаў цікавіла, ці не сымулюю я. Лекары сказалі, што трэба забіраць мяне. Міліцыянты ў гэты час спрабавалі датэлефанавацца свайму начальніку, каб спытаць у яго, ці забіраць мой тэлефон. Потым супрацоўнікі міліцыі сказалі, што калі цяпер не скажу пароль, то потым мне давядзецца вяртацца ў гэтае аддзяленьне. Аднак адказаць у мяне не было сіл, я проста ляжаў паўпрытомны. У выніку мне кінулі мой парваны заплечнік, увесь у крыві, і тэлефон.

Цяпер я ў лякарні. Мне паставілі дыягназ: чэрапна-мазгавая траўма, кровазьліцьцё ў мозг сярэдняй ступені цяжкасьці, пералом носа, множныя гематомы і пашкоджаньні на целе.


"У амапаўскім мікрааўтобусе я раптам пазнала свайго ўчастковага"


Ніна, 47 рокаў, Менск:

— 10 жніўня ў вялікім натоўпе я стаяла каля станцыі мэтро "Пушкінская". Падчас разгону пратэстоўцаў забавілася і мяне схапілі амапаўцы.

Заштурхалі ў мікрааўтобус, у якім я раптам убачыла свайго ўчастковага. Ён быў у шаломе, але бяз маскі, так што я яго адразу пазнала. І ўзрадавалася. Мы зь ім даўно знаёмыя, ён мяне добра ведае. Вось, думаю, ён мяне зараз адпусьціць. Я ж нічога такога не рабіла. Але не адпусьціў. Наогул, мне здалося, што гэта ўжо нейкі іншы чалавек. Кажа, паедзеце з усімі, адказвайце за свае справы.

Мяне прывезьлі ў Фрунзэнскае РУУС. Пункт збору затрыманых зрабілі ў спартовай залі. Мне, як і ўсім, начапілі за сьпінай кайданкі, паставілі каля сьценкі на калені і тыцнулі тварам у падлогу. Я ўжо потым, калі вызвалілася, паспрабавала прыняць дома такую позу — ня выйшла. Больш за іншых мне запомнілася супрацоўніца органаў Крысьціна.

Побач са мной стаяў на каленях хлопец. Падымаць галаву было нельга, але я старалася паглядзець. У мяне сын там, на "Пушкінскай", быў, дваццаць шэсьць гадоў, і я баялася ўбачыць яго тут. Дык вось гэтая Крысьціна біла хлопца палкай. Па галаве, па нагах, па руках. Ён крычаў. Потым ён перастаў крычаць. Напэўна, болевы шок або страціў прытомнасьць. Я чую, за сьпінай хтосьці кажа: "Ён усё, адкінуўся". А другі: "Давай дабівай, і выцягваем". Яна зноў пачынае біць гэтае нежывое цела, потым яго выцягваюць.

Калі мне сказалі: "Давай на допыт", я ўстаць не змагла. Спачатку мяне штурхалі нагамі, потым усё ж такі паднялі і падвялі да стала. Першае пытаньне было: "Колькі вам заплацілі?" Кажу: "Мне ніхто нічога не плаціў". Я цяпер разумею: калі ім усе так адказвалі, яны яшчэ больш лютавалі, шалелі. "Ну ты, б..ь, сука, скаціна, — яны з намі не размаўлялі нармальна, там быў роў на ўсю гэтую спартзалю, — Ты што, не зразумела, што ў цябе пытаюцца?! Колькі табе заплацілі?".

І тут я зразумела, што трэба заткнуцца, проста замаўчаць. Яны ўзялі мой тэлефон. "На якія каналы падпісаная?" Вядома, на ўсё. Праштудзіравалі ўвесь мой тэлефон. На мітынгах была, усё здымала. Кампрамату цэлая куча. Потым ім спатрэбіліся нечага мае SIM-карткі. Але, каб адкрыць мой тэлефон, патрэбен такі ключык. У мяне яго не было. І тут гэтая Крысьціна пачала біць тэлефон дубінкай, пакуль ён не разваліўся. Дасталі дзьве сімкі і флэшку.

Потым яна мне кажа: "Так, здымай станік". Поўна АМАПу, спартзаля... Я стаю ў кайданках, рукі ззаду. "Гадаўка, здымай станік!" Я спрабую ззаду пад кашулю залезьці і разумею, што рукі сшэрхлі, я не магу іх падняць. "Здыміце ёй кайданкі!" І зноў: "С..а, здымай!" Разумееце, у мяне шокавы стан! Я не разумею, што мне рабіць. І яна сама залазіць мне пад кашулю, праз рукаў выцягвае станік, шпурляе на стол.

Ва ўсіх жанчын, з кім я ў камэры потым сядзела, станікаў не было. Ці то яны баяліся, каб мы на іх не павесіліся, ці то проста прыніжэньне такое... Дзяўчаты, якія прыяжджалі потым на Акрэсьціна зь іншых РУУС — зь імі такога не было.

Потым нас кінулі ў камэру. Сярод нас былі дзьве жанчыны з Бараўлянаў, зь дзіцячага анкалягічнага цэнтру. Абедзьве ў водпуску, ехалі дапамагаць, надзелі белыя майкі з чырвонымі крыжамі сьпераду і ззаду, узялі мэдыкамэнты. Іх выцягнулі з машыны — "Вы едзеце дапамагаць бандытам!".

Яшчэ адна жанчына ехала з працы на сваёй машыне, наогул ні ў чым ня ўдзельнічала. Заехала ў супэрмаркет купіць прадукты, спынілася на сьвятлафоры. Пайшоў АМАП, потым мітынгоўцы. Я, кажа, спынілася, каб іх прапусьціць. І раптам, кажа, бачу — да мяне ляцяць чорныя. Я ад страху заблякавала дзьверы. Яны разьбілі ўсю яе машыну, выцягнулі саму. Яна паказвала нам у камэры — уся сіняя, на галаве гематомы, яе білі аб асфальт галавой. Яе потым звадзілі на суд на Акрэсьціна, далі 15 сутак за непадпарадкаваньне патрабаваньням.

І ў РУУС, і потым на Акрэсьціна былі людзі з розных падразьдзяленьняў. Калі мне цяпер кажуць: гэта быў АМАП або гэта быў "Алмаз", "нашы мясцовыя так не рабілі", я адказваю: "Хлопцы, калі б я там не была…" Я бачыла там звычайную нашу міліцыю, я магу адрозьніць, не дурная.

Назаўтра нас сабралі зноў у той самай спартовай залі. Я сярод затрыманых была шостая ў чарзе, і ўжо да 12-й гадзіны мяне адвялі ў камэру. А што рабілася потым ноччу — гэта быў проста жах. Усе сьцены і падлога былі раніцой залітыя крывёю. Нам: "Хутка-хутка, рукі на плечы!" і сказалі, што павязуць у Жодзіна. Але адвезьлі на Акрэсьціна. З аднаго пекла ў другое. Таму што тым, хто трапіў у Жодзіна, пашанцавала, да іх ставіліся паблажліва.

На Акрэсьціна нас, жанчын, было 60 чалавек. Хлопцаў было нашмат больш. Іх білі так, што проста перадаць не магу. Іх прымушалі сьпяваць гімн. Іх прымушалі крычаць "Я люблю АМАП!". Твары ў хлопцаў былі апухлыя, у крыві. Іх кудысьці групамі адводзілі, як мы здагадаліся — на суд. Таму што проста туды, на Акрэсьціна, прыяжджалі судзьдзі. Мы думалі, будуць даваць штрафы. Але не, давалі суткі, ад 8 і больш.

Гадзін да адзінаццаці вечара мы стаялі ў двары. Хлопцаў кудысьці адводзілі, а мы стаялі, замярзалі. Я была ў адной кашулі, і ўсе так. А ў адзінаццаць нам зноў сказалі: "Хутка, рукі на плечы, бягом-бягом", дубінкамі падганялі, завялі ў дворык. Цяпер я разумею, што гэта дворык для выгулу зьняволеных, такая вялікая круглая камэра, уверсе сетка замест даху, люк унізе для туалету, і ўсё. Мала таго, што мы дзень мерзьлі ў двары, тут нас яшчэ на бэтон кінулі. Мы проста клаліся адна на адну, каб сагрэцца. Некаторыя дзяўчаты пачалі стукаць, прасіць вады. Прыйшоў адзін, сказаў: "Сьціхніце. Калі яшчэ якая б...дзь пастукае, кінем гранату". Мы, дарослыя жанчыны, пачалі прасіць дзяўчатак: "Давайце трываць, будзе толькі горш".

Але пачалося іншае пекла. Усю ноч празь верх (неба ж адкрытае) мы чулі, як білі хлопцаў. Іх проста забівалі. Мы чулі лясканьне дубінак і лямант, крыкі. Мяне пытаюцца, ці моцна хлопцаў нашых білі. Я адказваю: іх ня білі — іх проста забівалі. Там было шмат маладых жанчын і дзяўчат — па васямнаццаць-трыццаць гадоў. Мне ўжо пад пяцьдзясят, псыхіка ўстаялася. Але і ў мяне проста ехаў дах. Я рыдала, заціскала вушы: гэта было немагчыма трываць.

Потым пад раніцу, ужо пачынала днець, прыйшоў нейкі мужчына, адчыніў дзьверы і зноў "бегма-бегма", падганяючы, нас разьвялі па камэрах. Потым я даведалася, што замест нас туды на бэтон завялі 160 мужчын, якіх прывезьлі з розных РУУС места.

Я спачатку не баялася. Гаварыла пад дыктафон і пад камэру, называла сябе адкрыта. Але цяпер страх вярнуўся. Вось тая жанчына, якую з машыны выцягнулі, яна стала скаргі падаваць. Трое сутак зь пятнаццаці яна адседзела, потым ёй да пяці скінулі. Мы, з кім сядзелі, цяпер стварылі групу, маем зносіны. Я таксама адразу напісала тры заявы са скаргамі: ў Фрунзэнскае РУУС, у Сьледчы камітэт і ў Генпракуратуру. Але не падала іх, інтуіцыя падказала. Дачка мне кажа: "Мама, ты чаму не адносіш скаргі?" Ды таму, што бачым: усе заявы пацярпелых вяртаюцца ў Сьледчы камітэт! Тыя выдзіраюць потым кожнага пацярпелага, хто падаў заявы, пачынаюць шукаць на яго ўсялякі кампрамат і заводзяць крымінальныя справы паводле 93-га артыкулу, ад 5 да 15 рокаў. Я не хачу сесьці на восем рокаў!


"У аўтазаку яны сабе надзелі адгазьнікі, а нам пусьцілі газ"


Аляксей Новік, праграміст, Менск:

— 9 жніўня ў раёне 6-7 вечара я выехаў з Уручча, дзе жыву, на адрас, дзе я зарэгістраваны, у раёне Інстытуту культуры, каб прагаласаваць. Я прыехаў на ўчастак №54 на вуліцы Артылерыстаў, гэта інтэрнат пэдагагічнага ўнівэрсытэту). Я прагаласаваў і чакаў выніковага пратаколу. Недзе каля 9 вечара яго вывесілі і я сфатаграфаваў. Там была перамога дзейнага прэзыдэнта зь вялікай перавагай. Хоць на маім участку я бачыў, што ўся шкляная тумба была проста засыпаная бюлетэнямі, складзенымі гармонікам. Мяне гэта моцна ўразіла: як так можа быць?

У пачатку 10-й я рушыў дадому. Выйшаў на плошчу Мясьнікова, там дзе Дом фота. На вуліцы Савецкай стаяла вайсковая тэхніка, грузавікі, у якіх сядзелі салдаты. Калі я выйшаў на Гарадзкі Вал, Раманаўскую Слабаду, я там убачыў нешта накшталт ваенных дзеяньняў. Уяўлялася, што ідзе нейкі захоп, спэцапэрацыя дзеля захопу, я ня ведаю, бандфармаваньняў ці нечага такога.

А на самым скрыжаваньні стаяў АМАП са шчытамі. І, калі шчыты рассоўваліся пасярэдзіне, адтуль выбягалі іншыя амапаўцы, ужо ня так моцна экіпаваныя, і за тры мэтры ад сваёй шчытавой загароды раскладвалі свае ці то гранаты, ці то фаервэркі. Тыя шумелі, круціліся, сьвяціліся і потым выбухалі. І была такая дымавуха. Дыму рабілася ўсё больш і больш. Людзі скандавалі, і я ня бачыў, каб нехта там кідаўся камянямі, выкочваў сьметніцы. То бок ніякіх барыкад з боку мітынгоўцаў не было.

Празь нейкі час АМАП стаў ужо не выкладваць гэтыя гранаты, а кідаць у натоўп. Яны сталі ўзрывацца проста пасярод мітынгоўцаў. Было вельмі шмат дыму, таму мой кругагляд складаў 20-40 мэтраў. І я ўбачыў людзей, якія ляжаць на траве. Адзін мужчына гадоў 45-50 ляжаў на траве, і ў яго была цалкам разарваная майка ці кашуля, і рваныя раны былі на грудзях, яны крывавілі. І людзі зьбегліся, рвалі зь сябе майкі, каб накрыць гэтыя раны.

А за тры мэтры ляжала яшчэ дзяўчына, яна не падавала ніякіх прыкметаў жыцьця. Можа быць, яна страціла прытомнасьць ад гэтага шуму. У яе былі разарваныя джынсы, штаніна, і відаць былі рваныя раны, кроў. Твары ў людзей былі разьбітыя, мабыць, траплялі аскепкі ад гэтага ўсяго. І я толькі сёньня, празь нейкі час, стаў усьведамляць, што мне, відаць, вельмі пашанцавала, бо мяне нішто не закранула.

Далей вайскоўцы станавіліся на адно калена, бралі вінтоўкі, прыкладвалі іх да пляча і пачалі страляць у людзей. Людзі пабеглі ў сквэр Адама Міцкевіча хавацца. І было відаць, што вось трапляе куля ў чалавека, яна яго зьбівае з ног. Чалавек падае і спрабуе далей адпаўзаць.

Пазьней я даведаўся, што ўжываць гумовыя кулі дазволена толькі па нагах, руках. Але яны мэтанакіравана… Ужо на Акрэсьціна я бачыў кулі ў сьпінах, у жыватах, і я разумеў, што гэта рабілася сьвядома.

Ад сполаху я зразумеў, што ісьці назад на плошчу Мясьнікова я не магу, бо спыніліся гэтыя бусы, мікрааўтобусы. І атрымліваецца, што за мной таксама – гэты сквэр Адама Міцкевіча. І я забег, а там сьцены, вельмі высокія, Валадарка. Я бачыў, як людзі ад моцнага страху спрабавалі залезьці на сьцяну, бо ня ведалі, як схавацца.

А чаму я стаў хавацца — бо запусьцілі пярцовы газ і я адчуў, што пачынаю задыхацца і траціць прытомнасьць.

Я проста ўпаў у траву, адпоўз у бэзавы куст, скруціўся абаранкам. Я разумеў, што тут два варыянты: знойдуць ці ня знойдуць.

Празь нейкі час тыя вайскоўцы ўзялі ліхтарыкі. Гэта нагадвала нешта зь фільмаў пра Другую сусьветную вайну, як працавала гестапа, СС і падобныя. Яны пайшлі ўсярэдзіну сквэру. Гэта была жудасная карціна, бо яны зь ліхтарыкамі выгледжвалі і вылоўлівалі людзей, якія там схаваліся.

Я ляжаў у траве і чуў, як білі чалавека, вельмі моцна білі. І пасьля, я так разумею, ён ужо ня мог ісьці і яны яго валаклі. Берцы, я ляжу ў траве, і берцы за паўтара мэтра ідуць міма мяне, і ногі чалавека проста цягнуцца. Яны крычалі: "Мы вас пераб’ём, усіх змагароў!".

Мінуў нейкі час, і наступіла цішыня. І я стаў бачыць, што нейкія цені мільгаюць. Значыць, апроч мяне, былі яшчэ людзі, якія змаглі неяк схавацца. Бо гэта жудасная карціна была. Недзе ламіліся ў дзьверы кавярні, недзе званілі ў дамафон — усё, каб неяк схавацца.

Я вырашыў, што буду заставацца да самай раніцы. Але людзі сказалі, што тыя вернуцца і будуць рабіць зачысткі. Таму трэба сыходзіць. Я набраўся сьмеласьці, устаў, абтрос усю вопратку.

Крыкі мітынгоўцаў былі чуваць з боку Нямігі. Таму я не адважыўся туды ісьці і вырашыў ісьці вуліцаю Валадарскага наверх, да праспэкта. Якое было маё зьдзіўленьне, калі я выйшаў да галоўпаштамту, а там яшчэ разоў у дзесяць болей АМАПу. Я ад страху палез у заплечнік, дастаў нейкія дакумэнты, паперы свае і зрабіў выгляд, што я іх разглядаю. Зьняў зь сябе байку, каб не даваць ніякага сыгналу, што ў мяне прыкрыты твар ці нешта яшчэ. Я, наадварот, пастараўся цалкам разьняволіцца. Я нават наўмысна падышоў да міліцэйскага патруля і спытаўся, як мне быць у гэтай сытуацыі, ці магу я неяк выехаць у бок Уручча. Ён мне сказаў: рухайцеся ўздоўж праспэкта і там зможаце недзе ўзяць таксі.

І я спакойна рухаўся ад галоўпаштамта да самага цырка. Я іду ўздоўж праспэкта, вельмі шмат аўтазакаў туды-сюды езьдзіць. Увесь праспэкт быў разрэзаны на такія кавалкі — праз кожныя 200 мэтраў стаяў АМАП, ад аднаго боку пераразаў праспэкт да другога. І я праходзіў празь іх. Яны расступаліся, і я ішоў далей. І вось ужо калі я спусьціўся да скрыжаваньня Янкі Купалы і Незалежнасьці, там стаяў жоўты грамадзкі аўтобус і таксама была амапаўская загарода, я падышоў да міліцыянта і сказаў, што мне трэба ехаць у бок Уручча, не магу злавіць таксі, інтэрнэту няма. На што ён мне сказаў, што табе далей ужо нікуды ехаць ня трэба. І ўсё. Мяне пасадзілі ў жоўты аўтобус.

Там былі яшчэ іншыя людзі, у іх былі зьвязаныя рукі. Мне рук ня зьвязвалі. Яны пыталіся, ці ёсьць іншаземцы? І я асабіста чуў, што быў грамадзянін Турэччыны, грамадзянін Швайцарыі і яшчэ адзін Расейскай Фэдэрацыі.

Быў я там усяго пяць хвілін, бо да жоўтага аўтобуса пад’ехаў аўтазак. І яны сказалі: перабягайце ў аўтазак, прычым хутка. Бо кожная замінка — і адразу пачыналася дубіна. Я зразумеў, што ўжо ніхто ня будзе тлумачыць, пры якіх абставінах затрымалі. Размаўляць ня варта ўвогуле. Я зразумеў, што трэба выконваць тое, што табе кажуць. Таму я хутка забег у аўтазак. Яны спрабавалі мяне закінуць, але я пастараўся самастойна забегчы. Аўтазак уяўляў зь сябе, як многія ведаюць, вось гэтыя "стаканы". Мяне кінулі ў адзін са "стаканаў", нас было чатыры чалавекі, два хлопцы і грамадзянін Турцыі. Сесьці там усім немагчыма, таму адзін сядзеў, а трое стаялі.

Нядоўга стаяў аўтазак. Ён пачаў рухацца празь пяць-дзесяць хвілін. У праходзе аўтазака ляжала дзяўчына, бо я чуў жаночыя галасы. Яны яе білі нагамі і казалі такія рэчы, што "мы там пусьцім па кругу". Пасьля яны сказалі, што мы цяпер будзем забаўляцца, гэта было чуваць. Яны самі надзелі адгазьнікі, я так разумею, і пусьцілі газ.

Аўтазак паехаў, мы пачалі задыхацца. А са мной у гэтым "стакане" ехаў хлопец, у яго былі зламаныя рукі. Таму ён ня мог ні стаяць, ні неяк трымацца. Таму мы яго бралі за плечы, каб неяк зафіксаваць, бо аўтазак машына вялікая і, калі там на дарозе "ляжачы паліцэйскі", яна моцна трасецца.

Мы пачалі шукаць нейкія шчылінкі, дзірачкі, бо машына едзе і вецер, мы яго хапалі, каб хоць неяк дыхаць.

Ехалі мы нядоўга, напэўна, 30-40 хвілін. Я ніколі ня быў на Акрэсьціна і ня ведаў, як яно выглядае. Таму, нават трапіўшы туды, я ня ведаў, дзе я. Калі мы прыехалі, адчыніўся аўтазак і пражэктары такія яркія-яркія былі. І яны зрабілі калідор з амапаўцаў і сабак ад аўтазака да сьцяны. Сабакі брахалі вельмі моцна і станавіліся на заднія лапы. Нам трэба было нахіліцца, рукі за сьпінай, і бегчы да гэтай сьцяны.

Прыблізна гэта 20-30 мэтраў. І вось калі ты бяжыш, бачыш гэтае лясканьне зубоў, і праз аднаго ляцяць дубінкі, цябе б’юць у гэты момант. Да сьцяны трэба было вельмі хутка ўстаць на калені. Зь мяне зьдзерлі байку. Байку кінулі ў такі вазок, як у крамах, туды згружалі ўсе рэчы.

Мы сталі на калені, рукі трэба было падняць угору. Яны адразу спыталі, ці ёсьць іншаземцы? І вось гэтага турка, ён стаяў справа ад мяне, яны яго за каршэнь і адцягнулі.

Кожныя 10-15 хвілін прыяжджалі машыны, выгружалі людзей. Таму нам трэба было рухацца ўздоўж сьцяны вельмі хутка. У мужчыны зьлева ад мяне пачалася гістэрыка, ён плакаў, ня мог супакоіцца, і за гэта яго білі. Многія гублялі сланцы, і відаць было, што людзі там хто без абутку, хто бяз майкі, хто ў адных трусах стаялі. І калі мы рухаліся ўздоўж гэтай сьцяны, на сьцяне відаць былі плямы крыві. У людзей былі расьсечаныя галовы, насы.

Я стопрацэнтна сьцьвярджаю, што ўся гэтая жорсткасьць, якая была, яна плянавалася. Бо калі мы стаялі каля сьцяны, нам крычалі, што Ціханоўская зьехала, Цапкала зьехала. "Наглядзеліся сваіх тэлеграмаў? Мала свабоды? Мы вам гэтую свабоду пакажам". А я шчыра кажу, што тэлеграм-канал "Нехта" я ня ведаў. Даведаўся, толькі ўжо выйшаўшы з Жодзіна.

Я сам заканчваў юрыдычны факультэт БДУ, магістратуру і сам пісаў дысэртацыю на юрфаку і прадбачыў сваю добрую будучыню. Дысэртацыю пісаў пры навукова-дасьледчым цэнтры пракуратуры і хацеў далей ісьці ў пракуратуру, працаваць. Але заўсёды задаваўся пытаньнем, чаму на першым курсе ў першы сэмэстар паставілі канстытуцыйнае права. Мы яшчэ такія, ну разумееце — 11 кляса і першы курс адразу, яшчэ і не студэнты, так скажам. Ужо ў магістратуры я зразумеў, што самыя такія пытаньні, як аб’яўленьне імпічмэнту, перавыбраньне, перагляд, як уладкаваная судовая сыстэма, заканадаўчая, выканаўчая — гэта трэба "праехаць" вельмі хутка, каб не запаміналася, не высьпявала і гэтак далей. І з 2005 року ў мяне пазыцыя: я ня веру дзейнай уладзе, і так, праваахоўныя органы так дзейнічаюць і дзейнічалі заўсёды.

З майго курсу, з майго патоку я ня ведаю ніводнага, хто працуе ў праваахоўных органах. Сваякі ёсьць. Але лёс аднаго сваяка закончыўся тым, што спачатку яму павесілі мэдаль у Палацы Незалежнасьці, а пасьля пасадзілі на два гады хатняга арышту. Ён у сьледчых працаваў.

Праведзена вялікая праца начальствам праваахоўных органаў. Бо ад АМАПу было толькі адно пытаньне: “Колькі вам заплацілі, на каго вы працуеце?” Адзін сказаў: "Нам яшчэ трэба вылавіць тры тысячы ўкраінцаў, якія бегаюць недзе там па лясах, па балотах". Гэта значыць, праваахоўныя органы і дзейная ўлада былі гатовыя, што выбары ідуць не паводле іх сцэнару. Улада разумела, што яна прайграе на гэтых выбарах, і таму рыхтаваліся ад самага пачатку да жорсткага задушэньня гэтых мітынгаў. Гэта цяпер у інфармацыйных крыніцах мы чытаем, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў расказваюць, што яшчэ ў чэрвені іх рыхтавалі, расказвалі, што "прыйдуць новыя — і вас усіх павесяць на дрэвах". Вывозілі ў палі, падпальвалі пакрышкі, дзялілі на сваіх і на мітынгоўцаў і адпрацоўвалі гэта ўсё. Адпаведна, да 9–11 жніўня яны былі гатовыя.

Ці гатовы я дараваць? Павінны ўва мне быць нейкія трыгеры, каб я мог дараваць. Але я не знаходжу гэтага ў сабе. І калі я скажу, што гатовы дараваць, то я падману самога сябе. Я за тое, каб быў справядлівы суд; каб гэта не было масава, каб гэта было вельмі дыфэрэнцавана і тонка. Чаму? Бо калі нас перавозілі зь ЦІП на Акрэсьціна ў Жодзіна, адзін з амапаўцаў заступіўся за мяне. Таму што калі іншы амапавец даведаўся, што я праграміст (я, шчыра кажучы, не разумею, чаму яны ад гэтага зьвярэюць), ён мяне схапіў за шыю, пачаў біць у жывот, па вушах, па галаве. І другі амапавец яго адцягнуў.


"Яны абрэзалі мне валасы і загадалі іх жэрці"


Аляксей Курачоў, 20 рокаў, студэнт:

— 12 жніўня я быў дома ў бацькоў дзяўчыны і ў пэўны час вырашыў вяртацца дадому. Бачу — ідзе працэсія пратэстоўцаў. Я падумаў, што не магу не паглядзець на такую выдатную праяву.

Пайшоў зь імі. Мы прайшлі недалёка ад Камароўкі, павярнулі, абышлі раён. Акцыя насіла выключна мірны характар, і ўсё, што там было — песьні, анэкдоты — карацей, весялосьць рознага пляну бязь нейкай шкоды дзяржаве або каму-небудзь зь людзей. У нейкі момант прыяжджае раварыст, таксама з гэтай працэсіі, і кажа, што сюды едуць аўтазакі. Людзі паціху пачынаюць разыходзіцца хто куды.

Я таксама вырашыў канчаткова на сёньня — я вельмі стаміўся тады — што пайду дадому. Ну, і ў нейкі момант бачу: бяжыць калёна людзей праз гэтыя двары, і за імі ідзе нейкая дзяўчынка. Я некалькі разоў спытаў у дзяўчынкі: "Там міліцыя?" Яна маўчыць. І тут ззаду на мяне накідваецца нейкі чалавек. Адзінае, што я пра яго памятаю, гэта яго шэрая кофта. Ён быў досыць моцны, загадаў мне: "Рукі за сьпіну". Я заклаў рукі за сьпіну, ён перацягнуў мне рукі, нагнуў нізка і вядзе. З-за дома, які побач, выбеглі тры цалкам экіпаваныя амапаўцы, мне прыляцела па твары берцамі. Потым астатнія двое пачалі мяне біць дубінамі. Я кажу: "Хлопцы, я не супраціўляюся". Яшчэ пару ўдараў яны нанесьлі, падхапілі пад рукі. З дамоў крычаць: Што вы робіце? Амапаўцы адказваюць: Ды яны хутка будуць вам "кактэйлі Молатава" ў вокны кідаць. А людзі кажуць: Пра што гаворка, якія "кактэйлі Молатава"? Але яны бачаць мой целасклад і бачаць цалкам экіпаваных агрэсіўных амапаўцаў — ну, вядома, гэта досыць маляўніча ілюстравала абсурднасьць іх словаў.

Карацей, мяне закінулі ў аўтазак. Там 8–10 чалавек сядзіць цалкам экіпаваных амапаўцаў, мяне называюць "підарам" і садзяць на калені. Адразаюць мне валасы ці то брытвай, ці то нажом, я ня ведаю, але гэта было па адчуваньнях: нацягнулі валасы і нечым іх адрэзалі. Сказалі: "Мордай у падлогу". Я лёг, мяне пачынаюць біць ужо па азадку, па нагах. Кажуць: "Жары валасы". Я маўчу, яны кажуць: "Жары валасы", я маўчу. Яны кажуць: "Складай валасы ў кішэню". Я склаў валасы ў кішэню. Яны забіраюць у мяне тэлефон, працягваюць мяне біць. Я спрабую закрывацца, але яны рукі мае фіксуюць, проста б’юць і б’юць па тых самых месцах. Задаюць пытаньні нейкія, кшталту: "Хто табе заплаціў?" Я кажу: "Мне ніхто не заплаціў". Яны кажуць: "Хто твой каардынатар?" Я кажу: "У мяне наогул няма ніякага каардынатара, я толькі чытаю тэлеграм-каналы".

Адзін з гэтых амапаўцаў у гэты час гартае мой тэлефон — я ня ведаю, як ён яго разблякаваў, як ён разблякаваў мой тэлеграм, але ён нейкім чынам гэта зрабіў і кажа: "Ты мяне ўсё больш і больш злуеш". Я пытаю: "Чаму?" Ён кажа: "Ты чаму пішаш свайму сябру такое паведамленьне підарскае?" А я яму напісаў: "Дабранач, братка". Адзін з гэтых супрацоўнікаў дастаў дубіну і зафіксаваў яе ў мяне паміж ягадзіцамі, кажа: "Хочаш, мы зь цябе зараз пеўніка зробім?" Я кажу: "Не хачу". Іншыя б’юць. Гэта чаргуецца з падобнымі пытаньнямі пра тое, колькі мне заплацілі — гэта ў іх самая галоўная такая ідэя, што мне нехта заплаціў грошы.

Потым яны ў мяне спыталі, дзе я вучуся, дзе працую, што скончыў. Я ім усё гэта расказаў. Яны задаюць пытаньні, потым пачынаюць біць. Б’юць-б’юць-б’юць, потым у нейкі момант спыняюцца, задаюць пытаньні, адказваю, б’юць-б’юць-б’юць. Сказалі прасьпяваць гімн рэспублікі. Я прасьпяваў. Выявілася, што я ня ведаю другі куплет. У нас рэжым мала хто любіць, чалавек у гэтай ідэалёгіі ня ўдзельнічае, то бок дзяржава для многіх чыста фармальная. Многія перастаюць неяк сябе зь ёю асацыяваць, я сябе абсалютна зь ёю не асацыюю. Але я дакладна ведаю, што мая радзіма — гэта Беларусь, але канкрэтна з дадзеным рэжымам, дзяржавай я сябе ніколькі не асацыюю. І ў сувязі з гэтым не лічу патрэбным зьвяртаць увагу на такія атрыбуты, як гімн. Ім вельмі гэта не спадабалася, і яны за гэта мне асобна выдалі як сьлед. І яны б’юць па тых самых месцах, яны ведаюць, па якіх месцах ужо білі, гэта вельмі балюча, проста невыносна балюча. Ну, паралельна неяк зьдзекуюцца — нагамі твар прыціскаюць — усякае такое. Мы прыблізна хвілін 40 вандравалі ў аўтазаку ў такім рэжыме.

Мы кудысьці прыяжджаем. У аўтазак заходзіць чалавек у балаклаве, кажа: "Расказвай усю праўду, усё як ёсьць. Калі будзеш нешта хлусіць, я цябе пакіну сам-насам з гэтымі джэнтльмэнамі. Хто табе заплаціў грошы? Хто твой каардынатар?" Я кажу: "Мне ніхто грошай ніякіх не плаціў. Я чытаю тэлеграм-каналы, каардынатара ў мяне такога, якога я магу расказаць, наогул няма. Такіх каардынатараў не існуе ў прыродзе".

Пасьля гэтага мяне з аўтазака выкінулі і падхапілі адзін спэцназавец і адзін амапавец. Тое, што гэта спэцназавец, я зразумеў, калі расказваў гэта свайму адвакату. Я яму апісаў яго форму, ён сказаў, што гэта спэцназ быў. Гэты спэцназавец мне даў у вуха, ён мне сказаў, што мяне расстраляюць. Я першы раз яму нічога не адказаў, і пасьля гэтага ён мне празь нейкі час даў у вуха, і пасьля гэтага ў мяне маўленьне парушылася. Я пачаў мармытаць. Я спрабаваў нешта сказаць, у мяне не выходзіла нічога. Я вымаўляў словы, але неяк вось так, у такім духу.

Гэтыя двое мяне падвялі да афiцэраў, тыя пытаюцца: "Расказвай усё ад свайго нараджэньня, што рабіў, як тут апынуўся". Я ім кажу: "Я вам раскажу ад сёньняшняга вечара". Апісаў ім усю тую самую гісторыю, як апынуўся тут. Яны пытаюцца: "Ён што, пад наркатой?" А амапавец кажа: "Так, ён пад наркатой, нейкія вочы ў яго, калі мы яго злавілі, былі шкляныя". Хоць пра гэта ніякай гаворкі не ішло дагэтуль. Яны адзін у адным падтрымліваюць вось гэтую ідэю, што яны ловяць наркаманаў, праплачаных. Яны адзін у адным, ня ведаю, сьвядома ці несьвядома, але падтрымліваюць гэтую ідэю — салідарныя ў тым, што сапраўды ўсе там наркаманы. Хоць я так нешта мармытаў пасьля таго ўдару спэцназаўца ў вуха.

Далей мяне зноў яны падхапілі, спэцназавец і амапавец, якія мяне туды прывялі. І спэцназавец загаварыў гэтую сваю любімую пагрозу, што мяне расстраляюць. Я кажу: "Не расстрэльвайце мяне". Ён кажа: "Цябе па законе расстраляюць, мы цябе расстрэльваць ня будзем". Пасьля гэтага амапавец сказаў, што гэта былі яшчэ кветачкі — тое, што ў мяне было ў аўтазаку. Але гэта кветачкамі цяжка назваць.

Уздоўж дарогі стаяў аўтазак, таксама крыху перад ім — іншы аўтазак, а ўздоўж іх — гэта значыць паміж мордай аднаго аўтазака і задам другога — яшчэ аўтазак, ён дзьвярыма стаіць. І мне амапавец кажа: "Табе зараз дастанецца, як гэтаму тоўстаму". Я чую адтуль крыкі чалавека. Яны мяне закідваюць у гэты аўтазак, там мяне піхаюць у канец аўтазака, а ў гэтым часе некалькі цалкам экіпаваных амапаўцаў зьбіваюць гэтага чалавека. Яму прыблізна рока 22, напэўна, можа, 20. Яго б’юць-б’юць-б’юць, проста малоцяць, часам задаюць пытаньні кшталту: "Які пароль ад тэлефона?" Потым б’юць, пытаюцца: "Дзе ты працуеш?" Ён кажа: "Працую там і там". Яго месяць-месяць-месяць. І ён празь нейкі час гэтага зьбіцьця кажа: "Мужыкі, я ўжо крычаць не магу". А яму кажуць: "Не крычы, значыць". І працягваюць яго біць. Я ня ведаю, нейкі час яго яшчэ ў такім рэжыме зьбівалі, потым выкінулі з аўтазака. Пасьля чаго да мяне падыходзіць амапавец, б’е мне берцамі па твары, загадвае: "Мордай у падлогу".

Я так зразумеў, што гэта быў катавальны аўтазак. У гэтым аўтазаку ад мяне ўжо нічога не хацелі — ні даведацца, дзе мой каардынатар, ні храна. Яны менавіта проста зьбівалі. Ну проста паклалі мяне і пачалі некалькі чалавек мяне біць па тых самых месцах, па якіх мяне білі яшчэ ў першым аўтазаку. Боль невыносны, я пачаў крычаць, пачаў выгінацца. Ну і паралельна мой крык перадражніваў адзін малады амапавец, тыпу: "Так-так". Гэта сьведчыць аб тым, што чалавек чагосьці не разумее, адназначна чагосьці не разумее. Ну і мяне так зьбіваюць нейкі час, я крычу. Ніякага дыялёгу, нічога ім ужо ад мяне ня трэба, гэта значыць было чыстае катаваньне. Проста катаваньне, я ня ведаю, зь якой мэтай. Але гэта мэтанакіравана стаяў катавальны аўтазак, па яго разьмяшчэньні, па тым, што там рабілася, можна было зразумець, што ён менавіта для гэтых мэтаў — для катаваньняў і зьбіцьця.

Цяпер я разумею, што яны ў прынцыпе і забіць могуць. Яны могуць выпадкова забіць. Мяне перасталі біць, калі я ўжо перастаў крычаць: я сэкундаў 10, можа, не крычаў, яны мяне працягвалі зьбіваць. І я чуў гісторыю, калі яны дубінамі па галаве білі некалькі разоў. Іх ніхто не кантралюе, а іх дурасьці і злосьці хопіць для таго, каб чалавека забіць.


"Граната трапіла ў грудзі, аскепак прайшоў празь лёгкае"


Аліна, жонка 30-рочнага Рамана Зайцава:

— 9 жніўня ён пайшоў на мітынг са сваімі сябрамі, а раніцай апынуўся ў рэанімацыі. Проста ў грудзі прыляцела сьвятлашумавая граната, а яе аскепак працяў скуру і моцна зачапіў лёгкае. На шчасьце, цяпер Раман ужо ачуўся і настроены на папраўку.

Усе папярэднія дні я была побач з мужам у Менску. Цяпер прыйшлося на некалькі дзён зьехаць дадому, у Горкі. Тое, што Раман прыйшоў у прытомнасьць, лекары называюць цудам.

Са словаў мэдыкаў, яго стан здавальняючы. Рома ўжо можа есьці, крыху гаворыць і сядзіць. Нам давалі мінімальны шанец на ачуньваньне.

Мы жывем у Горках, але ў сталіцы Рома зарэгістраваны як ІП, тут ён працуе. Таму цалкам лягічна, што ён мог апынуцца на вячэрнім мітынгу ў Менску. Разам зь сябрамі ён вырашыў выйсьці на мірны пратэст і паглядзець, што адбываецца на вуліцах.

Ён быў далёка ў натоўпе — дакладна не наперадзе ўсіх. Калі да людзей пачалі падвозіць вадамёты, ён зразумеў, што пара сыходзіць. Рушыў наперад, каб забраць сваіх таварышаў. У гэты момант яму ў грудзі прыляцела сьвятлашумавая граната.

Рому экстрана шпіталізавалі, зрабілі апэрацыю і паклалі на ШВЛ. Да таго ж аказалася, што яму разарвала фалангі двух пальцаў на руцэ, а сам ён атрымаў чэрапна-мазгавую траўму другой ступені.

Ірваныя раны яму ўжо зашылі, апёкі загояцца — ёсьць магчымасьць усё гэта выправіць хірургічна. Самае балючае пытаньне датычыцца лёгкага: яго вельмі моцна закранула. Цяпер на грудзях у Ромы дзіркі, яны не зарастуць, яму давядзецца рабіць перасадку скуры.

Пра тое, што ён паранены і знаходзіцца ў вайсковым шпіталі, я даведалася ад сястры з Чэхіі. Інтэрнэт у Беларусі не працаваў, і мне расказалі па тэлефоне. Сястра ўбачыла фатаздымак Ромы ў сацсетках. Яна да канца не была ўпэўненая, што гэта ён, — спадзявалася, што на здымку нехта іншы. Спытала ў мяне, дзе Рома. Я сказала, што ён плянаваў быць дома. Яна ж дадала, што ў камэнтарах ужо пачалі пісаць: на фота — Раман Зайцаў. Пад фота былі згаданыя кантакты лякарні. Я набрала нумар — і мне пацьвердзілі: муж знаходзіцца на апэрацыі.

Пакуль Раман быў у рэанімацыі, нікога са сваякоў да яго не пускалі. У мяне быў абсалютны шок і нявера ў тое, што адбылося.

Разумееце, у нас двое дзяцей: сыну пяць, а дачцэ няма і годзіка, і ў мяне нават не было сіл імі займацца. Я ня бачыла ўсе гэтыя фатаздымкі і не магла паверыць, што гэта адбылося з намі. Незнаёмыя людзі адразу сталі прапаноўваць нам збор грошай, а я проста хацела, каб нас не чапалі, пакуль ня высьветліцца сытуацыя. Мне здавалася, што сьвет паваліўся і сэнсу існаваць ужо няма. Так, нават нягледзячы на тое, што ў мяне двое дзяцей.

Калі Раману стала лепш і ён змог расплюшчыць вочы, яго перавялі ў хірургію. На наступны дзень ён папрасіў тэлефон і сам патэлефанаваў мне. Ён вельмі ціха і слаба казаў. Сказаў: "Здароў, гэта я". Вельмі перажывае за нас, паўтарае, што вельмі нас любіць. Ну ён жа не вінаваты, што ўсё так атрымалася... Рома пайшоў, як і іншыя людзі, на мірны мітынг — пасьвяціць ліхтарыкам і выказаць сваю пазыцыю. Ніхто ня ведаў, што гэта акалічнасьць пераверне ўсё наша жыцьцё.

Пакуль лекары не даюць ніякіх прагнозаў наконт будучыні Рамана. "Жыць будзе, калекам не застанецца", — вось іх словы, якія дораць мне вялікую надзею.

Сёньня я стэлефанавалася з доктарам, які яго лечыць, але мне нічога выразнага не паведамілі. Людзі працягваюць зьбіраць нам грошы на рэабілітацыю. Зразумела, што пад гэтым словам маюцца на ўвазе ня простыя фізпрацэдуры. У нас будзе вельмі доўгі шлях аднаўленьня — хлопец малады, яму трэба жыць і ўтрымліваць сям'ю. Разумееце, я сем гадоў проста жыла "за мужам" — нават самыя элемэнтарныя пытаньні вырашаў ён.

Дагэтуль не разумею, чаму супраць натоўпу было вырашана ўжыць сьвятлашумавыя гранаты. Так робяць толькі ў вайну: "Ну падумаеш, пару чалавек пацярпелі". А як далей будзе жыць гэты чалавек і яго сям'я, нікога не хвалюе. Але ж так быць не павінна! Калі я вяртаюся дадому з палаты Рамана, мяне вельмі моцна накрывае. Я плачу, зьбіраю волю ў кулак і іду далей. А што яшчэ мне застаецца рабіць?


"Між сабой яны выхваляліся, што для іх забава — гвалціць затрыманых дзяўчат"


Алег Сьвістун, 46 рокаў, генэральны дырэктар швэдзкай кампаніі Silver energy (Вялікі Камень), Менск:

— Хачу паказаць вам фрагмэнт майго цела. Гэта тое, што засталося ад пабояў, учыненых з 9 да 10 жніўня, на дзясяты дзень (сёньня 20 жніўня).

Каля Палацу спорту мы сутыкнуліся з АМАПам і ўнутранымі войскамі. Нас тады ўжо разагналі і частка людзей перамясьцілася ў раён вуліцы Багдановіча, была ўжо поўнач. Яны пашыхавалася: калёна спэцвойскаў, бранятэхнікі, вадамётаў, ужывалі ўдушлівы, паралітычны газ, разрыўныя сьветлавыя гранаты, магутныя шумавыя гранаты і пачалі ўжываць агрэсію да мірных людзей.

Калі здарылася замірэньне так званае, я выйшаў да гэтых шчытоў абсалютна адзін, падняўшы рукі ўгору, паказваючы, што ня маю ніякай агрэсіі, проста хацеў спыніць усё гэтае бясчынства. І кажу: "Вы проста паглядзіце, што адбываецца перад вамі. Вашы дзеці, бацькі, сёстры, браты… Вы нявечыце мірны народ, такі, як і вы". І папрасіў, каб выйшаў іхны камандзір.

Пасьля гэтага недзе праз хвіліну шчыты расступіліся і група захопу з чатырох чалавек мяне схапіла і зацягнула да сябе туды ў тыл. Пасьля гэтага пяць ці восем амапаўцаў павалілі мяне на дол і пачалі біць. Недзе на працягу пяці хвілін зьбівалі дубінкамі, ботамі па галаве, па целе. Далей закінулі ў аўтазак, дзе два амапаўцы дубінкамі сваю справу давяршылі.

Нас прывезьлі на Акрэсьціна. І калі мы выходзілі, ужо стаяў шэраг з двух радоў амапаўцаў з дубінкамі, і нас праганялі праз гэты шэраг. І кожны стараўся як мага больш балюча ўдарыць, прычым не шкадавалі ні дзяўчат, ні хлопцаў.

У камэры нас было 23 чалавекі прыкладна на 16і мэтрах. Празь пяць хвілін адчыняецца невялікае вакно ў дзьвярах для прыёму ежы, і празь яго нам упырскваюць удушлівы газ. Маючы пэўны досьвед, я сказаў людзям, каб хутка мачылі кашулі, майкі і затулялі твар. Ты задыхаесься, ванітуе, і такое адчуваньне, што ўсе вантробы праз рот выскачаць. Гэта ўсё працягвалася дзьве гадзіны. Пік быў, калі нас у камэры было 43 чалавекі. І прыпадкі эпілепсіі, і страты прытомнасьці. Вельмі шмат людзей не вытрымлівалі такога жорсткага абыходжаньня. Былі там і мэдыкі, у гэтым ІЧУ, якія пасьля нам казалі, што хацелі аказаць нам дапамогу, але ім проста не давалі гэтага зрабіць.

Асабіста я бачыў мяхі цёмныя, якія выносілі. Я не магу сьцьвярджаць, бо ня бачыў зьмесьціва гэтых мяхоў, але вельмі было падобна, што там маглі быць палеглыя. І тыя калецтвы, што я бачыў, яны былі надзвычай цяжкія, гэта было відаць адразу.

Я там прабыў чатыры дні, і на пяты дзень адчыняюцца дзьверы, нас выводзяць у калідор, заходзіць мужчына, які прадстаўляецца намесьнікам міністра ўнутраных справаў Барсуковым і грае нейкі свой спэктакль: дае слова афіцэра, што празь дзьве гадзіны нас выпусьцяць.

З 10 на 11 я знаходзіўся ў камэры над гэтым карным дворыкам, куды з аўтазакаў прыводзілі людзей, дзе іх ставілі на калені і білі доўгі час, пасьля зьмяшчалі ў прагулачныя дворыкі ІВС. Дык тая жорсткасьць, зь якой амапаўцы білі гэтых людзей, абыякавасьць супрацоўнікаў, якія ўсё гэта бачылі і сьмяяліся з гэтага, — гэта ўсё проста ўражвала. Было адчуваньне, што я ўвогуле на нейкай іншай плянэце, у нейкім вельмі злым сьвеце. Пра Беларусь я ўвогуле ня мог падумаць, што ў нас такое магчымае. Тое, што яны ў калідоры размаўлялі, не саромеліся, што для іх было забавай гвалтаваць затрыманых дзяўчат, гэта, вядома, жахліва.

Два дні людзі былі без харчаваньня. На трэці дзень бохан хлеба на 20-30 чалавек — гэта лічылася нормай.

У дворыку на 30 квадратных мэтрах умудраліся ўтрымліваць да 140 чалавек на працягу 24-27 гадзін. Не давалі ні вады, ні схадзіць у прыбіральні. Выдавалі плястыкавыя бутэлькі для таго, каб чалавек мог справіць патрэбу.


"Радыё Свабода", 17 верасьня 2020 р.

 

 

"Я думаў, што трапіў у нейкую паралельную рэальнасьць"


"Там былі 4-5 чалавек, — успамінае 34-рочны праграміст Юры Медніс. — Яны пачалі мяне штурхаць, наносіць удары. Я ляжаў на падлозе; білі дубінкамі, нагамі. Затым адзін з гэтых людзей запатрабаваў, каб я перавярнуўся на сьпіну, зьняў зь мяне левую красоўку. Мяне трымалі за нагу і наносілі ўдары па левай костачцы. Я ня ведаў, што костачка можа так ацякаць. У мяне, напэўна, разы ў два нага ацякла. Я думаў, што трапіў у нейкую паралельную рэальнасьць.

Затым у мяне спыталі, кім я працую. Я сказаў: "Праграмістам". Мне сказалі, каб я выцягнуў левую руку. Яе паклалі на падлогу, зафіксавалі і пачалі наносіць удары па левай кісьці".


"Радыё Свабода", 1 кастрычніка 2020 р.

 

 

"Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні".
Пяць гісторый палітвязняў "Пінскай справы"


Праваабаронцам "Вясны" вядома, што пасля акцый пратэсту 9-10 жніўня ў Пінску былі распачатыя крымінальныя справы аб масавых беспарадках мінімум на 13 чалавек.   

У матэрыялах крымінальных справаў фігурантаў, так званай "Пінскай справы", адзначаецца, што "у перыяд часу з 20 гадзін 9 жніўня да 3 гадзін 10 жніўня, знаходзячыся на тэрыторыі горада Пінска, у тым ліку паблізу адміністрацыйнага будынка Пінскага гарвыканкама, дзейнічаючы наўмысна ў групе з Раманам Багноўцам, Станіславам Міхайлавым, Артурам Халімончыкам, Вячаславам Рагашчуком, Аленай Маўшук, Алегам Рубцом, Даніілам Богнатам, Рыгорам Гунько, Вячаславам Шаляметам, Канстанцінам Шырокіх, Сяргеем Ляжэнка, Андрэем Мацуком, Ігарам Салаўём [13 чалавек] і іншымі неўстаноўленымі асобамі, удзельнічалі ў масавых беспарадках, якія суправаджаліся пагромамі, знішчэннем маёмасці, гвалтам над асобай, якія выявілася ў прычыненні цялесных пашкоджанняў і нанясенні пашкоджанняў супрацоўнікам органаў унутраных справаў, гэта значыць злачынства, прадугледжанае часткай 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса".

Практычна ўсе фігуранты гэтай справы ўзятыя пад варту і змешчаны ў баранавіцкае СІЗА. 9 кастрычніка змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе Канстанціну Шырокіх, яго выпусцілі на волю. Дзевяць фігурантаў "Пінскай справы" прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі.

"Вясна" сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Мы пагутарылі з імі і нам удалося даведацца гісторыі пяці палітычных зняволеных пінчукоў. З чаго пачалася "Пінская справа", як яе фігурантамі сталі Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат, што яны пішуць у сваіх лістах — чытайце ў нашым матэрыяле.


Кароткая даведка "Вясны" пра палітвязняў:


Вячаслаў Рагашчук — затрыманы 10 жніўня, яго збівалі на працягу трох дзён, з першага дня пасля збіцця і да гэтага часу ў яго ў галаве шум і звон, у СІЗА яму не аказваецца медыцынская дапамога з гэтай нагоды;
Сябры-фанаты ФК "Волна" Алег Рубец і Данііл Богнат — затрыманыя 10 жніўня, іх збівалі на працягу трох дзён;
Алена Маўшук — затрыманая 10 жніўня, пасля затрымання ў камеры апынулася голай і збітай, у СІЗА стаіць на ўліку як схільная "да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў";
Станіслаў Міхайлаў — затрыманы 9 жніўня ў кавярні за кубкам кавы, збівалі пры затрыманні, больш інфармацыі няма.


Што адбылося ў ноч з 9 на 10 жніўня каля Пінскага гарвыканкама?


Як распавядаюць пінчукі, вечарам 9 жніўня людзі пачалі збірацца каля сваіх выбарчых участкаў, каб даведацца вынікі выбараў па сваіх раёнах. Аднак там іх пачалі адпраўляць да Пінскага гарадскога выканаўчага камітэту. Сябры выбарчых камісіяў тлумачылі гэта тым, што ўсе дадзеныя ўжо перададзеныя ў гарвыканкам. Яны казалі, што людзям там скажуць вынікі.

— Атрымліваецца, што яны самі сабралі людзей каля гарвыканкама, — распавядаюць сваякі палітвязняў. — Людзей завабілі туды падманам і сабралі такім шляхам каля гарвыканкама, а потым яшчэ і справакавалі на агрэсію.

Калі ўвечары 9 жніўня каля гарвыканкама сабралася каля тысячы чалавек, да іх выйшаў з мегафонам начальнік Пінскага ГАУС Дзмітрый Каравякоўскі і чыноўнік. Было прапанавана вылучыць ад людзей пяць дэлегатаў, якія змогуць пагутарыць з кіраўніцтвам горада. Па словах пінчукоў, людзі проста хацелі даведацца вынікі выбараў. Калі пяць чалавек увайшлі ў будынак гарвыканкама, начальнік міліцыі сказаў усім чакаць. Каля будынка гарвыканкама яны прачакалі каля дзвюх гадзін, але сваіх пяці дэлегатаў у той вечар яны так і не дачакаліся.

— Людзі спакойна чакалі іх: яны размаўлялі, спявалі песні, пляскалі, смяяліся. Яны паводзілі сябе мірна, ніхто ніякай агрэсіі не выказваў. Побач стаялі мясцовыя супрацоўнікі міліцыі са шчытамі, але да іх ніхто нават не падыходзіў. Казалі, што прысутныя на плошчы перагаворваліся з імі. Атрымалася, што адзін насупраць аднаго стаялі кумы, суседзі. Яны нават "вітанкі" адзін аднаму перадавалі.

Але, як аказалася, улады проста цягнулі час. За гэтыя дзве гадзіны ў горад прыбыла падмацаванне сілавікоў. Людзей сталі акружаць. Апынуўшыся ў такой сітуацыі, людзі, вядома, пачалі прарывацца з "кола". "А што рабіць?"

Па словах мясцовых, далей пачаліся сутыкненні з АМАПам: сілавікоў пачалі адціскаць.

— Таксама кажуць, што, акрамя гэтага, была правакацыя з боку сілавікоў з кіданнем бутэлек. Напэўна, гэта былі, так званыя, "ціхары". Кідаліся амаль пустыя пластмасавыя бутэлькі, якія не могуць нанесці ніякай шкоды.

Але потым і сілавікі пачалі ўжо "лютаваць", пачаліся масавыя жорсткія затрыманні. Ноччу ў горадзе выключылі святло, места было пагружанае ў апраметную цемру. І ў гэты час шмат людзей затрымлівалі: моладзь, якая гуляла, людзей, якія вярталіся з начных змен, тых, хто проста выходзіў у краму. Была гісторыя, калі хлопцы, прыехаўшы з рыбалкі, зразумелі, што дома няма ежы, і яны спусціліся па хлеб. Але апынуліся ў аўтазаку. Потым гэты батон з хлебам валяўся ў куце ў ціры [там з-за адсутнасці месцаў у ізалятары ўтрымлівалі затрыманых пасля выбараў]. У гэтыя дні адбываліся проста зверствы.

Палітвязні Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат былі затрыманыя 9 і 10 жніўня. Нягледзячы на тое, што ў матэрыялах справаў пазначаецца, што "яны дзейнічалі наўмысна ў групе", з гэтых пяці чалавек паміж сабой знаёмыя толькі Алег і Данііл.


"З-за гэтага відэа сядзяць вашыя дзеці і мая жонка!"


Як распавядаюць пінчукі, многія сталі фігурантамі крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса з-за відэа, на якім супрацоўнікі міліцыі пачалі апазнаваць іх.

— Некаторых людзей сталі затрымліваць пазней, калі пачалі ў інтэрнэце з'яўляцца відэа. А некаторых затрымалі, апазнаўшы па відэа, якія захоўваліся на тэлефонах затрыманых, якія ў іх вынялі.

Як распавядае Сяргей Маўшук, муж палітвязніцы Алены, многіх фігурантаў "Пінскай справы" затрымалі з-за аднаго відэа. На многіх пасля затрымання прыносілі раздрукоўкі скрыншотаў з гэтага відэа.

— Яно вельмі дакладнае. Па сутнасці, з-за гэтага відэа сядзяць вашыя дзеці і мая жонка! — кажа іншым сваякам палітвязняў Сяргей.

Тры тыдні таму быў узяты пад варту ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 КК 27-рочны пінчук Сяргей Ляжэнка. Яго першы раз затрымалі 28 жніўня, апазнаўшы яго па відэа з пратэсту, якое з'явілася ў інтэрнэце. Да 23 верасня ён быў пад хатнім арыштам, але яму змянілі меру стрымання нібыта з-за "парушэння рэжыму і намераў схавацца за мяжу".


Пяць гісторый палітычных зняволеных пінчукоў


Вячаслаў Мікалаевіч Рагашчук, 35 рокаў, таксіст


Як распавядае сястра Вячаслава Кацярына, 9 жніўня да вечара ён працаваў.

— Як так атрымалася, што ён апынуўся там [каля гарвыканкама] — мы не ведаем, таму што нас там не было.

Па словах маці і сястры Вячаслава, ён быў затрыманы на наступны дзень.

— Увечары 10 жніўня ён зноў пайшоў на нейкія зборы, але не дайшоў да плошчы. Я Славе патэлефанавала, калі ён быў у іншым канцы горада ад плошчы. Я паклікала яго да сябе дадому, я жыла недалёка ад месца, дзе ён быў. Ён пагадзіўся і сказаў, каб я выйшла яго сустрэць. Я сама пабаялася выходзіць з хаты, было ўжо палова адзінаццатай, — узяла з сабой 12-рочнага сына. Мы сустрэлі Славіка на вуліцы, ён узяў майго сына за руку з аднаго боку, а я — з другога. Тут ззаду падлятаюць пяць супрацоўнікаў міліцыі па форме і давай яго "круціць". Я пачала крычаць: "Што тут адбываецца? Што вы робіце?" А яны мне: "Ты хто?" Я сказала, што я яго жонка, а побач наш сын. Але яны мяне з сынам адштурхнулі і сказалі: "Вядзі дадому сына, не траўмуй яго". Славу пасадзілі ў машыну накшталт ахоўнай, гэта была не міліцэйская машына. Я спытала яшчэ, куды яны вязуць Славіка, яны мне адказалі, што на Кірава, 53 [па гэтым адрасе знаходзіцца Пінскае ГАУС]. Я пабегла дадому і пачала тэлефанаваць туды. Са мной размаўлялі, як са свіннёй. Я пытаюся: "На якой падставе вы яго забралі?" Яны адказалі, што для высвятлення асобы. Я ім кажу: "Дык давайце я вам пашпарт яго прывязу!" На што мне адказалі ў аддзяленні міліцыі: "Дзяўчына, у нас такая кантора!" Потым накрычалі, што я нібыта займаю лінію дзяжурнай часткі і сказалі, каб я больш не тэлефанавала. Я папрасіла іншы нумар, каб даведацца інфармацыю пра брата, але мне толькі адказалі: "Шукай адваката!".

У той жа вечар я знайшла адваката. На наступны дзень [11 жніўня] да Славы на аператыўныя мерапрыемствы патрапіў адвакат, — распавядае сястра Вячаслава.


"Быў збіты больш за ўсіх у камеры, проста нечалавечна збіты"


Як распавядае маці Вячаслава Рагашчука, калі яна вярнулася дадому 11 жніўня, у дзвярах яе чакала запіска ад сукамерніка яе сына. Ён пакінуў свой нумар тэлефона і напісаў, што ён быў з Вячаславам у ІЧУ.

— Мабыць, яго так моцна збівалі там, што ён, напэўна, падумаў, што ўжо адтуль і не выйдзе, — кажа маці Вячаслава.

— Мы сустрэліся з гэтым хлопцам, і ён распавёў, што Слава вельмі моцна збіты. У яго была вельмі вялікая вісячая гематома за вухам, тры рассечаны на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі. Яго сукамернік сказаў, што ён быў збіты больш за ўсіх у камеры, проста нечалавечна збіты.

Гэты хлопец, якога затрымалі 7 жніўня за збор подпісаў, распавёў, што 10-11 [жніўня] у ізалятары стаяла страшнае чалавечае выццё. Яны пачалі крычаць і стукаць: "Што адбываецца?" Міліцыянты сказалі: "Зараз ўбачыце!" і пачалі ўсіх закідваць у камеры. Яны проста аслупянелі. Кажа, што ў калідорах стаялі лужыны крыві. Нават следчыя ў кабінетах казалі: "Не біце тут, нам кроў у кабінеце не патрэбная", — перадаюць аповед сукамерніка Вячаслава ягоная маці і сястра.

"Як білі на Кірава [у Пінскім ГАУС] — такога я яшчэ не бачыў. Хто яны..?" — напісаў у адным з лістоў Вячаслаў.

"Яго збівалі тры дні. Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні. Гэта самыя сапраўдныя катаванні. Як распавядаў яго сукамернік, калі Слава распранаўся і мяняў кашулі ў камеры, то ўсё "ахалі" проста. Ён быў збіты мацней за ўсіх!

Калі яны думаюць, што схаваюць гэтыя пабоі, то не выйдзе, людзі бачылі ўсе, яны распавялі ўсё", — кажа маці Вячаслава.


Намеснік пракурора: Ніхто нікога там не біў


Родным Вячаслава вядома, што ў СІЗА ён праходзіў судмедэкспертызу з нагоды збіцця, але больш інфармацыі яны не ведаюць, бо адвакат Вячаслава знаходзіцца на падпісцы аб неразгалошванні

Сястра і маці Вячаслава Рагашчука напісалі тры заявы з нагоды яго збіцця: у пракуратуру, Следчы камітэт і Пінскі ГАУС. Іх выклікалі на допыт, аднак тое, што яны заяўлялі, што могуць прывесці сведак збіцця Святаслава Рагашчука, не было прынята пад увагу. Праз некаторы час яны сказалі сваякам, што справа адпраўлена ў Брэст, там будуць разбірацца. Іншых адказаў з ведамстваў дагэтуль яны не атрымлівалі.

12 жніўня родныя Вячаслава хадзілі на прыём да намесніка Пінскага міжраённага пракурора Аляксандра Плескацэвіча.

— Мы кажам, што ён збіты, а ён нам: "Вы што, я вас запэўніваю, я вам слова даю, я там усю ноч быў: ніхто нікога не біў. Вы разумееце, у міліцыі ёсць такая структура, іх кайданкамі прыкоўваюць і на падлогу кладуць. Вось ён, напэўна, калі клаўся — упаў. Ён жа галаву сабе не зберажэ". Я кажу: "У яго гематома за вухам! Тут ён упаў, а потым перавярнуўся і пачаў біць сябе ў іншым месцы? — распавядае сястра Кацярына пра прыём у пракуратуру.


Шум у галаве да гэтага часу


Як распавядаюць родныя Вячаслава, з першага дня пасля збіцця і да гэтага часу ў яго ў галаве шум і звон. 6 кастрычніка ў лісце Вячаслаў напісаў, што да яго ў першых чыслах прыходзіла лекар:

"Цытую: "Ну гэта можа быць кровазліццё або сатрасенне, або траўма галавы", карацей, неяк так. Ну нічога страшнага, прарвуся! Вось цяпер таблеткі п'ю, яшчэ 3 дні засталося, але шум застаецца ў галаве", — піша Вячаслаў у лісце сястры.

Сястра Вячаслава распавядае, што яшчэ ў адным лісце ён напісаў, што яму неяк дыягнаставалі "мікраінсульт".

— Мы ўчора тэлефанавалі ў СІЗА і размаўлялі з ягоным лекарам. Мы ў яе пытаем: як мы можам яму дапамагчы, што нам зрабіць, каб яго на абследаванне галавы адправілі? На што яна нам сказала, што "ў яго ніякіх хваляванняў няма, адчувае ён сябе добра". Таксама яна сказала: "Вы не хвалюйцеся, у яго са здароўем усё нармальна. Адзінае, што вы можаце перадаць — гэта таблеткі "Бэтагісцін", — распавядаюць родныя Вячаслава.

У інструкцыі па ўжыванні пазначана, што гэтыя лекавыя сродкі прызначаюцца пры "галавакружэнні рознага паходжання, галаўнога болю, шуме ў вушах, прагрэсавальным зніжэнні слыху, млоснасці і рвоты, хваробы або сіндроме Меньера" [паражэнне ўнутранага вуха, пры якім узнікае галавакружэнне].

Таксама сястра Вячаслава кажа, што за два месяцы ён прапіў два курсы антыбіётыкаў, з-за гэтага ў яго цяпер адзначаюцца праблемы яшчэ і з падстраўнікавай. Аднак родныя не ведаюць, па якой прычыне яму выпісалі столькі антыбіётыкаў: ці то з-за нейкай прастуды, ці то з-за збіцця, ці то з-за праблем з галавой.

Сястра і мама Вячаслава распавядаюць, што яны перадавалі яму перадачы 13 і 14 жніўня ў Пінскае ІЧУ, але да яго яны так і не дайшлі.

— Мы здагадваліся, што яго могуць павезці кудысьці, таму мы сабралі яму пакет з усім неабходным, сярод якіх былі і гумовыя сланцы. А цяпер ён піша ў лісце жонцы: "Вы хоць мне сланцы перадайце". Мы зразумелі, што перадачу яму тую не перадалі. І вось цяпер зноў купілі і прывезлі яму сланцы, — распавядаюць родныя Вячаслава.

У Вячаслава трое непаўналетніх дзяцей: шасці, сямі і дзевяці рокаў.


Алег Рубец і Данііл Богнат, 18 і 19 рокаў,
пасля ліцэя на "адпрацоўцы", фанаты Пінскага ФК "Волна"


Па словах родных Алега і Данііла, хлопцы сябруюць даўно: "Яны па жыцці сябры. Разам у ліцэі ў адной групе вучыліся. Яны разам усюды гулялі, тусаваліся, вось і па гэты дзень разам…"

Хлопцы адвучыліся ў мясцовым ліцэі і атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Уладкаваліся трактарыстамі на "адпрацоўку". На ёй паспелі папрацаваць менш двух тыдняў. Таксама родныя Алега і Данііла распавядаюць, што хлопцы заўзелі за Пінскі футбольны клуб "Волна".

Алега і Данііла затрымалі ўвечары 10 жніўня на вуліцы горада. Іх сваякі не ведаюць, як менавіта і пры якіх абставінах гэта адбывалася. Усю наступную інфармацыю пра Алега і Данііла яны атрымлівалі толькі ад сукамернікаў і адвакатаў.

— 10 жніўня пасля працы Алег зайшоў дадому, а потым пайшоў гуляць у места. У месце ўжо трохі пачалі даведвацца пра падзеі папярэдняй ночы. Але мы не ведалі ўсю карціну, таму што адсутнічаў інтэрнэт. З таго вечара Алега мы больш не бачылі.

Гэта былі першыя выбары ў жыцці, яму толькі споўнілася 18 гадоў. Ён галасаваў, але напэўна, ён быў не згодны з вынікамі выбараў і разам з усімі 9 жніўня прыйшоў на плошчу. Напэўна, ён зрабіў свае высновы ў той сітуацыі. І тое, што ён зрабіў, — гэта яго выбар. Мы ганарымся сынам, — расказваюць бацька Алега Віктар і яго жонка Таццяна.


Збівалі на працягу трох дзён


Блізкім і родным Алега і Данііла людзі, якія ўтрымліваліся разам з імі, распавялі, што іх збівалі, прыніжалі, пагражалі на працягу трох дзён з 10 па 13 жніўня.

— Людзей у Пінску ў тыя дні затрымлівалі вельмі шмат. Не хапала месца, таму затрыманых трымалі ў актавай зале і "падвале", так званым, ціры. Іх там сотнямі трымалі. Наогул Пінскі ІЧУ праславіўся сваёй антысанітарыяй па ўсёй Беларусі. Там былі блашчыцы, вошы, усе былі пакусаныя.

Затрыманым такой спякотай не давалі вады. Не пускалі ў прыбіральні. Выцягвалі з камер і збівалі іх за любую дробязь: за слова, за няправільны погляд, за ўсё. У актавай зале, распавядалі, цэлыя суткі трымалі затрыманых на кукішках і з рукамі за галавой. Калі хтосьці варушыўся — адразу прылятала дубінкай па галаве, па спіне. Адтуль выходзілі практычна ўсе збітыя: і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Дзяўчынак распраналі да бюстгальтараў, пагрозы згвалтаваннем былі.

Калі мы гэта ўсё даведаліся, то былі вельмі абураныя і абражаныя, але дагэтуль не можам дамагчыся праўды, — распавядае Таццяна, мачыха Алега.

Сваякі Алега Рубца і Данііла Богната сцвярджаюць, што як мінімум трое чалавек гатовыя выступіць сведкамі па справе аб збіцці хлопцаў супрацоўнікамі міліцыі, калі справа дойдзе да суда. Па словах Таццяны, гэтыя трое хлопцаў самі пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў.

— Самае крыўднае, што білі свае ж, мясцовыя міліцыянты. Супрацоўнікі з Пінскага ГАУС так над імі здзекаваліся, — дадае маці Данііла.

Хлопец, які быў з Алегам, распавёў, што адразу пры затрыманні ноччу 10 жніўня супрацоўнікі міліцыі хацелі скласці на іх адміністрацыйныя пратаколы і адпусціць.

— Іх потым завялі ў кабінет, там збілі. І тут зайшоў следчы з раздрукоўкамі з відэа, дзе Алег і Данік, і сказаў, што яны затрыманыя, — пераказала словы відавочцы маці Данііла.


"На Дзень нараджэння ў камеры зрабілі торт з печыва і згушчонкі"


У лістах бацькам Алег піша, што ў яго ўсё добра, падтрымлівае іх. Алег перажывае за сваю маці, якая цяпер сур'ёзна хварэе, і за сваю 6-гадовую сястру.

Данііл Богнат сваё 19-рочча адзначыў у камеры ў баранавіцкім СІЗА.

— Напісаў, што на Дзень нараджэння ў камеры зрабілі торт з печыва і згушчонкі. Піша ў лістах, што святло перашкаджае спаць і шумна пастаянна: радыё вельмі гучна працуе, — распавядае маці Данііла.

Бацькі Алега і Данііла распавядаюць, што спрабавалі дамагчыся з імі спаткання, але ім гэтага не ўдалося.

— Я ўжо тры разы спрабавала выбіць спатканне праз адваката, але следчы адмаўляе. Цяпер сама асабіста напісала следчаму ўжо. Чакаю, — кажа маці Данііла.


Алена Уладзіміраўна Маўшук, 44 рока,
кухонная працаўніца ў лякарне


Увечары 10 жніўня яна пайшла з мужам Сяргеем прагуляцца на плошчу Леніна. Па словах Сяргея, яны ўбачылі, што збіраецца шмат людзей і пачынаюць крычаць лозунгі накшталт "Ганьба!", "Сыходзь!". Са слоў Сяргея, раней на мітынгі з жонкай не хадзілі, часам глядзелі відэа блогераў.

— Мы ўбачылі, што раптам на людзей пайшлі "шчыты" [сілавікі са шчытамі]. Мы пачалі выбірацца адтуль, але нас цалкам атачылі сілавікі. Была толькі маленькая вулачка для выхаду. Мы з яшчэ 15-20 людзьмі пабеглі туды. Але мы ўперліся ў гаражы з калючым дротам. Я заскочыў на гаражы, а жонка не змагла. Я застаўся з ёй. Мяне адразу заламалі сілавікі: тварам у асфальт, рукі за спіну. Мяне закінулі аўтазак, а Лену проста завялі, — распавядае Сяргей Маўшук.

Мужа і жонку даставілі ў Пінскае ГАУС. Там супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі па відэа, якое пазней з'явілася ў інтэрнэце, што "Алена прымала ўдзел у масавых беспарадках". Сяргею сказалі, што яго жонку "закрылі". Затрыманых падчас пратэстных акцый мужчын у Пінску ўтрымлівалі ў ціры. Сяргея Маўшука пратрымалі там каля 17 гадзін.

— У ноч з 10 на 11 жніўня ў ціры "прайшло" 175 чалавек. Раніцай, калі заставалася шэсць чалавек, прыехаў следчы і, паказваючы на некаторых пальцам, гаварыў: "Закрыты, закрыты, закрыты". На мяне гэтак жа паказаў пальцам. Калі міліцыянты сказалі, што ў мяне дзеці, следчы адказаў: "А мне нас*аць, што ў яго дзеці". І сышоў. Праз хвілін дваццаць прыйшоў іншы міліцыянт і сказаў мне: "Лічы ты выйграў латарэйны білет". Траіх вывелі і павялі налева, а мяне з яшчэ двума мужчынамі — направа. Аформілі пратаколы і адпусцілі.


"Голая, босая, збітая"


Сяргей выйшаў таксама збіты. Распавядае, што ў ціры супрацоўнікі міліцыі збівалі затрыманых:

— У мяне быў фінгал, разбілі губу, і ўсе ягадзіцы чорныя былі. У ціры білі прапаршчыкі, сяржанты. Пры мне са словамі "Ты вырашыў нас здымаць?" ударылі з нагі аператара "Медыя-Палесся" Яўгена Нікалаевіча.

Сяргея Маўшука асудзілі па арт 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) на 10 базавых велічынь (27,5 рублёў).

Да 14 жніўня ў Сяргея не было інфармацыі аб сваёй жонцы. З ім звязалася сукамэрніца, якая распавяла, што Алена знаходзіцца ў камеры "голая, босая, збітая".

— Са слоў гэтай жанчыны Лена была ўся ў сіняках.


Дачку Алены забралі ў сацыяльны прытулак


У Алены Мовшук трое дачок: адна — паўналетняя, дзве — малалетнія. 10-рочную Ангеліну 17 верасня са школы забралі ў сацыяльны прытулак, таму што Сяргей з'яўляецца яе айчымам.

— У нас дома ёсць усе прадукты, грошы, дзеці чыстыя, дома парадак. Ангеліне мы купілі ўсё неабходнае да школы.

Па словах Сяргея, цяпер вырашаецца пытанне аб пераводзе Ангеліны ў іншы прытулак, які знаходзіцца ў 25 кіламетрах ад Пінска. Пяцігадовая Карына жыве са сваім бацькам Сяргеем Маўшуком.


Палітвязніца Алена ў лістах: Мяне ў СІЗА на нейкі ўлік паставілі


Па словах Сяргея, у лістах Алена піша, што ежу немагчыма есці: "вылівае ў туалет", што яна вельмі схуднела і хварэе, "ногі адымаюцца". Сяргей паказаў "Вясне" лісты Алены, і вось, што піша палітзняволеная:

— Тут у СІЗА мяне на нейкі ўлік паставілі, што я схільная да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праявы агрэсіі, і павінна казаць гэта кожны дзень. Жах! Я плачу кожны дзень. Гэта трызненне нейкае. Я больш не магу, я нават і казаць не магу…

Я сяджу, а следчы мяне нікуды не тузае, і справы няма, і я не ведаю, што адбываецца. Я ўжо 2 месяцы тут, і следчы не выклікае. Можа гэта звязана з гэтым, што я не разумею, што гэта за людзі. Ты ведаеш, што я хачу справядлівасці, і я буду адказваць за тое, што я зрабіла, а не за нейкіх людзей, якіх мне прыпісваюць 12 чалавек. Я ведаць іх не ведаю, і змовы ў мяне няма з імі. Я ведаць не ведаю ніякіх людзей.


Станіслаў Міхайлаў, 43 рока,
перад затрыманнем адвучыўся на дальнабойшчыка


Станіслаў быў затрыманы ўвечары 9 жніўня ў мясцовай кавярні ў цэнтры Пінска. Гаспадыня кавярні распавяла маме Станіслава, што яе сына затрымалі, калі ён піў каву.

— Як яна распавяла, у кавярні сядзелі мужчына з жанчынай, яшчэ адзін мужчына, потым туды зайшоў Стас, замовіў каву. Праз некаторы час туды ўварваліся сілавікі і сталі хапаць мужчын.

Паводле яе словаў, затрымалі Станіслава і яшчэ аднаго мужчыну. Гаспадыня кавярні чула, як затрыманых збівалі пасля таго, як іх выцягнулі на вуліцу. Пра тое, што Станіслава збівалі, распавяла і адвакатка Станіслава, якая бачыла на мужчыне траўмы ад збіцця.

Іншай інфармацыі аб затрыманні свайго сына і падрабязнасцях крымінальнай справы маме Станіслава атрымаць не ўдалося. Яна распавяла, што цяпер падтрымлівае з ім сувязь праз лісты. Атрымлівае ад Станіслава лісты адзін-два разы на тыдзень:

— Ён асабліва ў лістах не скардзіцца. Можа, не хоча мяне хваляваць, беражэ. Піша, што ўсё нармальна, ён вытрымае. Просіць, каб я не перажывала і не хвалявалася.

У адным лісце ён напісаў мне: "Прабач, так атрымалася". Ён дарослы чалавек, і, мабыць, не хоча мяне траўмаваць. Супакойвае і спадзяецца на лепшае.

Ён утрымліваецца, як і іншыя фігуранты "Пінскай справы", у СІЗА-6 у Баранавічах. 


ПЦ "Вясна", 15 кастрычніка 2020 р.

 

 

"Я думала, что умру"


Беларуска рассказала о жестоком изнасиловании лукашенковскими карателями, чтобы её услышал мир.

С августа каратели продолжают пытать беларусов, а власти это отрицать. Уже известно несколько сотен историй жёстких избиений и других издевательств, которым подверглись беларусы со стороны карателей за последние 4 месяца. Шведское издание ETC опубликовало историю беларуски, которую жестоко изнасиловали дубинкой в изоляторе — героиня предоставила редакции медицинские документы, подтверждающие правдивость её истории. Издание не называет реального имени девушки, даты случившегося и конкретного места, но из рассказа ясно, что это произошло уже после 9-11 августа, в период воскресных маршей. Героиня подчёркивает, что рассказывает свою историю, чтобы её услышал весь мир. The Village Беларусь публикует её перевод.

Кристина попросила меня написать этот текст. Это её показания, рассказ о том, чему она подверглась в тюрьме в Менске, Беларусь, после того как её отвели в камеру трое карателей ОМОНа диктатора Лукашки.

Она рассказала мне о том, как её изнасиловали. Детали её истории настолько суровы, настолько сюрреалистичны, настолько запутаны, что я был вынужден попросить её показать медицинскую карту. Неужели это правда? Она прислала, я перевел документы, и обнаружил, что в её истории нет никаких приукрашиваний.

На самом деле всё это правда.

Гинеколог, специализирующийся на восстановлении повреждённых гениталий, говорит мне, что такие травмы, которые получила Кристина, обычно наблюдаются у женщин из зон конфликта, где сексуальное насилие используется для террора гражданских лиц, например, в Демократической Республике Конго.

Кристине потребуется срочная операция, за которой последует длительный период реабилитации. Она не может контролировать свой кишечник, всё просто вытекает из неё. Она не знает, сможет ли когда-нибудь иметь детей. У неё осталось всего пять зубов.

Вот что сделали с ней каратели Лукашки.

Кристина хочет рассказать всему миру, что произошло, говорит она. Она надеется, что это шанс растормошить общественность, которая упокоилась и стала достаточно пассивной после высказанного осуждения международным сообществом и введенных санкций.

Она хочет рассказать свою историю, даже если это означает, что ей придётся пережить всё заново, ведь она все равно это делает и когда бодрствует, и когда пытается заснуть. Перед её глазами постоянно стоит потертый стол, на который её положили. Сначала на живот, потом на спину. Она также видит их пустые глаза сквозь чёрные балаклавы.

— Они выглядели так, будто просто ждали автобуса, — говорит она.

Кристина — одна из многих, кто поднял свой голос против попытки Лукашки украсть недавние президентские выборы в стране. Она не раздумывая присоединилась к протестам и не остановилась, когда стало ясно, что карателям было приказано подавить мирное восстание любыми возможными способами. Она знала, что это может навлечь на неё неприятности, но не колебалась.

— Я думала, что есть риск, что на меня могут напасть, — говорит Кристина, которая вынуждена говорить медленно, чтобы собеседник мог разобрать ее слова. В конце концов, голос человека меняется после того, как ему дубинкой раздавили 25 зубов, несколько раз забив её в рот со всей силы.

Её задержали и заперли вместе с двумя подругами в одном из автозаков ОМОНа. Другие к тому моменту уже сидели в этих клетках. Её несколько раз ударили руками, а других — ногами. Что для неё было вполне ожидаемо. Кристине было страшно, но она чувствовала себя спокойнее, зная, что она не одна, что вокруг есть другие протестующие, которые видят и слышат, что происходит.

Она говорит, что это было похоже на ритуал. Способ преподать им урок. Она ожидала, что нужно будет перетерпеть всего несколько часов жестокого обращения, а потом, когда раны и синяки заживут, в выходной они снова выйдут на улицы. Но всё произошло не так.

Её подруги легко отделались по сравнению с Кристиной, в том смысле, что смогли выйти оттуда целыми и невредимыми. Кристина же вышла из тюрьмы с внутренним кровотечением и такой сильной болью, которой, по её словам, не испытывала раньше никогда.

Почему её выделили?

Кристина не знает. Она не организатор, она не активна ни в одной политической группе, она просто кто-то, никто. Может быть, поэтому, говорит она. Потому что, если это может случиться с кем угодно, это означает, что каждый должен принимать во внимание такой риск.

Кристина убеждена, что каратели следовали плану.

— Они были совершенно спокойны, когда пришли за мной в коридор, они позволили мне сказать несколько слов моим друзьям. Они лишь слегка держали меня за руку, когда вели в камеру. Они были тихими, но не агрессивными. Я думал, они везут меня туда, чтобы просто задать несколько вопросов.

Она помнит, что камера или комната для допросов была примерно пять на пять метров, на потолке горели люминесцентные лампы. Окон не было.

Как только дверь закрылась, они начали методичное изнасилование.

Анус, влагалище, рот. Они пустили в ход дубинки. Сначала она подумала, что они собираются бить её по спине, а может быть, и по ногам. Но вместо этого они стянули с неё штаны.

Она кричала и умоляла. Рассказала, где родилась, что училась в университете и за какую футбольную команду болеет — всё, что могла придумать, чтобы найти общий язык с одним из мужчин.

Но они продолжали, не говоря ни слова, даже друг другу.

— Я думала, что умру. Я чувствовал, что то, что они делают со мной, убьёт меня, никто не может пережить что-то подобное. Они были похожи на машины, а не на людей.

Она то теряла сознание, то приходила в себя, но очнулась, когда каратели сломали ей зубы, заталкивая дубинку в рот. Она увидела их на полу — белые пятна в красной луже крови.

Кристину вытащили из тюрьмы. Она попыталась идти, но упала. Гражданские отвезли её в больницу, где ей сделали срочную операцию и переливание крови. В конце концов её забрали родители. Она и сейчас с ними, в основном прикованная к постели, обессилившая от сильных болеутоляющих.

Настоящее имя Кристины — не Кристина.

— Они не смогут меня опознать. Вряд ли я единственная женщина, которую изнасиловал ОМОН или даже обычная полиция. Люди, которые издевались надо мной, делали то же самое и раньше.

Похоже, это действительно так. Human Rights Watch задокументировала систематические злоупотребления и пытки, а также изнасилования, которым, по словам как мужчин, так и женщин, угрожали и — по крайней мере в одном случае — подвергали каратели беларусов.

— Я могу со всей ответственностью заявить, что не было установлено ни одного факта изнасилования сотрудниками милиции, — заявил первый заместитель министра внутренних дел Беларуси.

Кристина знает правду.

Жизнь, которая у нее была, теперь разрушена.

Она говорит, что хочет сделать все, что в ее силах, чтобы способствовать падению режима Лукашки. Она любит свою страну, любит Беларусь и называет себя патриоткой. Но она хочет бежать, как можно дальше. Подальше от Лукашки, подальше от Менска, подальше от этой камеры.

— Мне нужно уехать из страны. Я не могу получить здесь необходимую мне медицинскую помощь и боюсь, что они вернутся за мной.

Я спрашиваю её, как она хочет закончить своё послание миру.

— Помогите нам избавиться от того, кто насилует свой собственный народ.


"Хартыя'97%", 3 сьнежня 2020 р.



Обновлен 03 дек 2020. Создан 24 авг 2020



  Комментарии       
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter