Беларусь у малюнках Напалеона Орды

Частка 3



022 - Дабравешчанская царква
г. Віцебск


Выгляд з боку р. Заходняя Дзвіна. З правага боку старажытная царква ХІІ стагоддзя — помнік полацкай школы дойлідства. Зруйнавана ў 1961 г., адноўлена ў 1990-я гг. З левага боку мост праз раку, у глыбіні царква з трыма купаламі.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку, зробленым у 1875—1876 гг., надпіс: "21 чэрвеня. Старое замчышча, Віцебск — царква стараверская старажытная — рака Дзвіна".

023 - Замкавая брама
г. Высокае, Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць


Выгляд з боку р. Пульва мураванай уяздной брамы старажытнага замка Сапегаў. Захаваўся падмурак і абарончыя валы. З левага боку ў глыбіні касцёл Святой Тройцы.

Літаграфія з малюнка 1876 г., на якім надпіс: "Замкавая брама. Высока Літоўск. Губ. Гродзенская. Старажытны прыстанак князёў Сапегаў. Князь Аляксандр Сапега канцлер вялікі літоўскі фундаваў 1785 г. кляштар баніфратаў са шпіталем для хворых. Зараз уласнасць графіні Марыі Патоцкай".




024 - Палац Хадкевічаў
в. Вялікае Мажэйкава, Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'язной дарогі праз заставы. У глыбіні ў парку бачны фрагмент палаца з калонным портыкам; з левага боку аднапавярховая афіцына. Абодва будынкі крыты ламанымі дахамі. Палац пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя ўпераходным стылі ад барока да класіцызму пры ўладарах Хадкевічах, згарэў у 1914 г. Захаваўся рэгулярны парк, закладзены ў 1787 г., і лямус.

Малюнак 1875—1877 гг.





025 - Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі
в. Гайна, Лагойскі раён, Мінская вобласць


Агульны выгляд двухвежавага касцёла з боку ракі Гайна. Пабудаваны з цэглы ў 1781 г. ці 1796 г. у стылі барока па фундацыі князёў Тышкевіча і Цыдзіка, на месцы папярэдняга старажытнага драўлянага храма. Зруйнаваны пад час Вялікай Айчыннай вайны.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Гайна 29 чэрвеня 1876. Адзін з сямі касцёлаў, закладзеных у той правінцыі пры Ягайле. Губ. Менская".




026 - Замак Рымшаў
в. Гайцюнішкі, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць


Выгляд з боку пад'езда. Дом абарончага тыпу пабудаваны ў 1613 г. галандскім архітэктарам П. Нонхартам і інжынерам Ван Дадэнам. Замак захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "28 чэрвеня 1877. Маёмасць калісьці Сакенаў. Рамуальд Рымша; Гайцюнішкі, р. Жыжма. Пахаваны ў касцёле кальвінскім — Пётр Нонхарт, жонка Мрзыглудаўна Шэветава 1614 г. Маёмасць калісьці Сакенаў, зараз Рамуальда Рымшы".






027 - Замак Жабаў і руіны замка Сапегаў
в. Гальшаны, Ашмянскі раён, Гродзенскай вобласці


Замак двухпавярховы з гранёнымі вежамі, справа руіны замка Сапегаў 1-й паловы XVII стагоддзя.

На малюнку надпіс: "18 мая 1876. Мястэчка носіць назву ад князёў Гальшанскіх, якая паходзіць ад Гольшы, сына Трабуса, князя літоўскага. Ганна Гальшанская, жонка Багдана Сапегі ваяводы менскага, унесла Гальшаны ў дом Сапегаў — сын Багдана, Павел, пабудаваў замак. У палове ХVII стагоддзя маёмасць фаміліі Жабаў".




028 - Палац Брахоцкіх
г.п. Гарадзея, Нясвіжскі раён, Мінская вобласць


Выгляд з боку сажалкі. Палац пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў стылі позняга класіцызму: аднапавярховы на высокім падмурку будынак, сярэдняя частка двухпавярховая, якая завершана трохвугольным франтонам. Палац не захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку 1864 -1876 гг. надпіс: "15 ліпеня. Гарадзея Эміліі Брахоцкай. Губ. Менская".




029 - Касцёл св. Ганны і кляштар бернардзінцаў
в. Гарадзішча, Пінскі раён, Брэсцкая вобласць


Барочны касцёл 1774 г. і класічная званіца, акружаныя мураванай агароджай. Кляштар заснаваны ў 1659(62) г. па фундацыі полацкага ваяводы Яна Кароля Копеца, скасаваны ў 1864(5) г. і перададзены дзяржаўнаму казначэйству. Набажэнствы адноўлены ў 1907 г., у 1910 г. адрамантаваны намаганнямі пецярбургскага адваката Алшамоўскага. Кляштар захаваўся.

Літаграфія 1873 - 1883 гг. з малюнка Н. Орды.





030 - Палац Васілеўскіх
в. Гародня, Аршанскі раён, Віцебская вобласць


Пабудаваны ў 1852 г. маршалкам Ігнаціем Васілеўскім у стылі класіцызму. Злева першапачатковы дом яго бацькі, маршалка Капыльскага павета Лявона Васілеўскага. Палац не захаваўся.

На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку надпіс: "Гарадно — Ігнаці Васілеўскі, жонка Цюндзівецкая. Губ. Магілёўская. Уласнасць Ігнація Васілеўскага". Малюнак 1877 г.






031 - Сядзіба Адынцаў
в. Гейстуны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць


Першапачаткова сядзіба належала Радзівілам, потым Іаану Валяну і Ганне з Путкамераў, якія прадалі яе Марыяне Міткевмч са Свентаржэцкіх, жонцы лідскага канюшанага. Пасля сядзіба перайшла да Адынцаў. Тыповы шляхецкі двор сярэдзіны XVIII стагоддзя з рысамі архітэктуры барока. Сядзіба згарэла ў 1895 г.

Літаграфія з малюнка 1875 - 1877 гг.



Обновлен 27 авг 2012. Создан 15 янв 2006



  Комментарии       
Всего 1, последний 2 года назад
Валер Дранчук 01 апр 2015 ответить
Валер Дранчук
Сядзіба Брахоцкіх у Гарадзеі сёння знаходзіцца ў Вялікім Двары (Стаўпецкі раён), палац захаваўся (!) -- тут школа (сярод рэшткаў-руінаў іншых пабудоў). Сажалкі няма, парк нагадвае нечапаныя нерушы-зараснікі, але мясціна выключна маляўнічая, вартая ўвагі і кансервацыі што да муроў.
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter