Рыгор Барадулін — Абраныя вершы




***
Спартанцы збiралiся на вайну —
Вастрылi мечы,
Прымервалi латы.
З уciмi стаў у шарэнгу адну
Спартанец нягеглы,
Падслепаваты.

— Куды ты, нашто ты
Такi на вайне? —
Спытаўся нехта.
Нябога прызнаўся:
— Як iншай карысцi няма —
Аб мяне
Варожы затупiцца меч
Прынамсі…

I ў днi,
Калi душы падпальвае змрок,
Калi цяжарнее
Жахам калоссе,
Прымаюць смерць
I паэт, i прарок,
Каб меней
У ворага куль засталося!

 


Дым

Хоць дым умее гаварыць,
Не скажа, што яму гарыць.
Агонь гарыць вачмі рудымі.
Дым спавівае небакрай,
Дарогу ў пекла,
Сцежку ў рай.
Цяплей дрыжыцца
Зорцы ў дыме.
Жыццё гарыць, а дым жыве
І ў ногі сцелецца траве.
І пагарэльца мроі прыме,

Хто мог пераканацца ў тым,
Што ўсё на гэтым свеце —
Дым.
І не відаць нічога ў дыме.

 


Моўчкі

Берагамі тугі
Валакуцца вятры талакой,
Цягнуць невад смугі,
I трапечацца ў ім заранка.
На хутар,
Дзе пасвіцца
Знелюдзелы спакой,
Стала моўчкі прасіцца
Душа хутаранка.
Там бакі папралежвалі
Маўчуны валуны.
Без сваяцкай душы
Ім самотна таксама.
Там вартуе дагэтуль
Бясхмарныя сны
I чакае бяссонная зорка —
Мама…

 


Божа, паспагадай усім

Божа, паспагадай усім, —
I магутнаму, і слабому,
I відушчаму, і сляпому,
Каб у згодзе жылося ім.

Божа, паспагадай усім, —
Каб вайной не йшоў
Брат на брата,
Каб ржавела сякера ў ката,
Каб вячэраю пахнуў дым.

Божа, паспагадай усім, —
Каб цяплелі пагляды людзкія,
Каб у старца не кралі кія,
Нічыіх не кралі радзім.

Да любові, да чысціні,
Да святла, да святога ўлоння,
Усявышні, і заўтра і сёння
Заблуканыя душы вярні!

 


25 Сакавіка…

Дваццаць пятага сакавіка —
Годны дзень
Беларускай дзяржавы.
Веснаплынных вятроў талака
Пыл з кароны атрэсла іржавы.

Шматавалі нас досыць арлы
І з адной, і з дзвюма галавамі.
Мы не зь нейкай бязроднай імглы,
Нас вякі як сваіх
Гадавалі.

Мы — ратаі святла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,

Гартны меч у цьвярдое далоні.

Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сьцяга.
Дваццаць пятага сакавіка —
Наша сьвята,
Пароль
І прысяга!

 


Белая яблыня грому

Белая яблыня грому
Чорных cадоў ліхалецця.
Яблык яе нікому
Не пажадаю на свеце.

Голая яблыня грому
Жахам жагнала прысмерк.
Пэўна, што д’яблу самому
Помніцца горкі прысмак.

Светлая яблыня грому
З салаўінае усяночнай.
Ласкавага яблыка стому
Я надкусіў аднойчы.

Ціхая яблыня грому,
Першага мілага гневу.
Позірку маладому
Праглася бачыць Еву.

Добрая яблыня грому,
Радасцю поўні наўколле!
Хай жа ня будзе злому
Голлю твайму ніколі.

Белая яблыня грому,
Клопатам, гаманою
І на апошнюю строму
Светла ўзыдзі са мною.

 


Высока…

І сад пасівеў, ссівярэў і аглох.
У маміным садзе
Мне ўсё пахне Мамай.
І яблык апошні
Высока трымае Бог
Для eйнай душы, як для птушкі
Самотнай самай…

 


Адзін

Няма да каго прыхінуцца душою,
Нікога наўкол няма,
Душа свая часам здаецца чўжою,
Не чуе сябе сама.

Спадаюць дні,
Быццам з дрэва сучча.
Сплываюць ільдзіны дзён і гадзін.
Адзін прыходзіш на свет калючы
I адыходзіш — адзін.

 


Урок беларускае мовы

Вымаўленне,
Як да нябёсаў маленне
Дубровы,
Адкрытае.

З адкрытай душой
Наш люд несуровы,
Мы злосць не трымаем
У прытаі.

У пашане кожная
Літара выбуховая,
Яна адразу
Ад абразы
Сябе ахоўвае.

Радасці цесна ў шыбах —
Выбух!
Вірам глуха ў глыбах —
Выбух!
Паўнагалоссе,
Як тое паўнакалоссе
На ніве веры.

Гаспадары, прымайце дары,
Застоліцы ў гонар мілосці
Агалашайце,
Усіх запрашайце ў госці.
У нас шырокія дзверы!

Мы гакаем,
Як і прашчуры нашыя хакалі,
Калі ляды здрады
Бязлітасна карчавалі
I, небам зорным акрыўшыся,
Начавалі.

Каб чужымі ўрокамі
Душу нашую не ўракалі,
Беларускія словы высокія
Звіняць
Недасяжнымі жаўрукамі.

 


***
Каханне і веру не трэба
Усім выстаўляць напаказ:
Душа толькі чуе і неба.


Ратай!


(Васілю Быкаву на дзевятнаццатае чэрвеня)


Бацькам тваім зямны наклон,
Што ўзгадавалі сына Беларусі!
Усім тваім крыўдзіцелям праклён.
Хто не з табой,
Той з д'яблам у хаўрусе.
Са дна вазёраў памяці званы
Звіняць, каб разбудзіць
Былую славу.
Бог выбавіу цябе з вагню вайны,
Каб ты штодня
Змагаўся за Дзяржаву.
Дзяржава беларуская ў вяках
Закратаваная балючым краццем.
Насіць 6ы
Кожны сказ твой на руках,
А мы цябе, як скарб,
Бяздумна трацім.
Хай ходзіць на шалёнай галаве
Лапцюжнік,
Што дарос да чаравікаў.
Есць беларусы!
Беларусь жыве,
Пакуль жыве
У кожным сэрцы Быкаў.

 


Бацьку

Не выйшаў ты і ў гэты раз
Мяне спаткаць, паднесці рэчы…
Ля весніц, толькі зноў твой вяз
Крануў галінкамі за плечы.

Ты мне не падасі рукі,
Глядзіш удаль з-пад шкла партрэта.
Ці бачыш, вырас сын які?
Скажы хоць слова для прывета.

А я… чакаў з усіх дарог
Цябе ў сорак чацвёртым… летам
Калоны ні адной не мог
Я прапусціць з ахапкам кветак.

Хацелася пачуць: "Сынок…"
Ускрыкнуць радаснае: "Тата!"
Бацькоўскім быў мне кожны крок…
Усё ішлі, ішлі салдаты…

Каторы раз сыходзіў снег…
Дамоў вярнуліся суседзі.
Я кожнаму насустрач бег
І чуў кароткае: "Прыедзе…"

Калі ў крыўдзе мне сябры
Гразіліся бацькамі,
Тады хацелася наўзрыд
Заплакаць шчырымі слязамі.

Не плакаў я — усім на злосць.
Бо ў хаце быў адзін — мужчына.
Не йшоў ты…
Маці маладосць
Глыбей заворвалі маршчыны.

І зараз еду я здалёк,
Чакаю ўсё — зайду, а маці
Мне кажа: "Пазнаеш, сынок?
Вось наша ўся сямейка ў хаце…"

Паверыць цяжка мне таму,
Што больш не прыйдзеш ты дадому.
А шапку я заўжды здыму
Перад магілай невядомай.



Обновлен 19 окт 2016. Создан 19 янв 2006



  Комментарии       
Всего 1, последний 5 лет назад
szlachta 21 окт 2012 ответить
Жыве Беларусь!
Имя или Email


При указании email на него будут отправляться ответы
Как имя будет использована первая часть email до @
Сам email нигде не отображается!
Зарегистрируйтесь, чтобы писать под своим ником

Flag Counter